Видео реклама

 

Асоба

Чорная княгіня Гальшка Астрожская

Будучае абяцала ёй жыцце светлае, без пакут і трагедый. Для гэтага ў яе было ўсё — і прыгажосць, і багацце, і высакароднае паходжанне…
Гальшка Астрожская з’явілася на свет 19 лістапада 1539 года, роўна праз тры месяцы пасля смерці бацькі. Яе бацька, князь Ілля Астрожскі, з’яўляўся прадстаўніком аднаго з наймагутнейшых магнацкіх родаў Вялікага княства Літоўскага. А маці, Беата Касцялецкая, была пазашлюбнай дачкой караля Польскага, вялікага князя Літоўскага Сігізмунда І Старога. Гальшка аказалася адзіным дзіцем у сям’i, і таму мела ўсе правы на велізарную спадчыну. Але да паўналецця князёўны ўсімі багаццямі мусіла распараджацца яе маці. І Беата з радасцю ўсклала на сябе гэткі прыемны абавязак. Аднак у 1551 годзе кароль, даведаўшыся, што ўдава бессаромна прамотвае спадчыну дачкі, адмяніў яе права апекі і правёў паміж дачкой і маці падзел маёмасці.
Князёўне ўжо споўнілася чатырнаццаць гадоў. Па тых часах гэта быў шлюбны ўзрост. Юная Астрожская, прыгожая, сціплая, казачна багатая, стала вельмі жаданай нявестай. Да яе пачалі сватацца многія магнаты Каралеўства Польскага і Вялікага княства Літоўскага. Палякі і літвіны, католікі і праваслаўныя гатовы былі ўчапіцца адзін аднаму ў віхры за права далучыць да сваіх уладанняў землі і маёнткі рода Астрожскіх. Аднак маці не спяшалася выдаваць Гальшку замуж. Яна выхавала дачку ў пакорнасці і паслушэнстве. Таму разлічвала, што, нягледзячы на забарону караля, будзе, як і раней, карыстацца прыбыткамі не толькі ад сваіх маёнткаў, але і ад маёнткаў Гальшкі.
А бліжэйшыя сваякі князя Астрожскага жадалі як мага хутчэй вырашыць лёс Гальшкі. І першым сярод іх быў малодшы брат нябожчыка, дзядзька князёўны Канстанцін Васіль Астрожскі. І быў сярод юнакоў, закаханых у Гальшку, малады і гожы праваслаўны рыцар, князь Дзмітрый Сангушка. Толькі яму лагодна ўсміхалася юная князёўна. Дзмітрый сватаўся, але Беата адмовіла яму. Адрынутага жаніха падтрымаў Канстанцін Васіль, якому было крыўдна бачыць, як багацці яго брата, завешчаныя Гальшцы, разбазарваюцца лёгкадумнай Беатай і як губіць вясёлая ўдава сваю дачку.
Аднойчы Дзмітрый Сангушка і Канстанцін Васіль Астрожскі з узброенымі шляхцічамі ўварваліся ў палац Астрожскіх. Княгіня Беата кідалася ў істэрыцы, пагражаючы ўсімі зямнымі і нябеснымі карамі. Тым часам закаханы князь Дзмітрый вёў размову з Гальшкай. Ён змог даказаць дзяўчыне моц свайго кахання і ўгаварыць яе абвянчацца з ім насуперак волі маці.
…Закаханых перахапілі амаль ля мяжы ў невялічкім мястэчку Лыса. Дзмітрый і Гальшка толькі размясціліся на ноч у мясцовай карчме, калі пасланцы Беаты ўварваліся туды. Князь адчайна супраціўляўся, аднак яго ўрэшце скруцілі і пасля жорсткіх здзекаў на вачах у спалоханай Гальшкі пакаралі смерцю. Няшчаснаму Сангушку пераламалі хрыбет. Асабліва лютаваў ваявода Збароўскі, які разлічваў ажаніць з Елізаветай Астрожскай свайго сына, – гэта яму ўрачыста абяцала княгіня Беата.
Расправа над князем Дзмітрыем выклікала ўсеагульнае абурэнне магнатаў і шляхты не толькі Вялікага княства Літоўскага, але і Польшчы. Усе вінавацілі жорсткага Збароўскага, а ўдава Астрожская нават радавалася гэтаму. У яе з’явіўся слушны повад адмовіць і ваяводу, бо яна зусім не збіралася аддаваць сваю дачку за яго сына. Супраць гэтага шлюба, дарэчы, выступаў і кароль. Збароўскаму адмовілі. Але пытанне аб тым, хто будзе мужам Гальшкі Астрожскай, працягвала хваляваць магнатаў.
Граф Лукаш Горка, католік, паляк, паказаўся каралю найлепшай кандыдатурай для спадчынніцы велізарных уладанняў. Дзіўна, але выбар манарха не задаволіў не толькі няшчасную Гальшку, але і яе маці. Адразу пасля заключэння гвалтоўнага шлюбу ў прысутнасці караля пані Беата вывела дачку з замка і патаемна вывезла ў Львоў, дзе схавалася з ёю ў мясцовым мужчынскім дамініканскім манастыры.
Лукаш Горка доўга не мог высветліць месцазнаходжання сваёй жонкі, з якою не здолеў правесці нават шлюбнай ночы. Ён стаў усеагульным пасмешышчам пры двары. Так працягвалася амаль два гады. Толькі ў 1559 годзе яму выпадкова стала вядома, дзе хаваюцца бяглянкі. Горка з’явіўся ў Львове з цэлым войскам, аднак захапіць манастыр не змог. Дамініканцы мужна трымалі абарону. Тады раз’юшаны муж аблажыў абіцель. Аднак Беата яшчэ да гэтых падзей паспела спісацца са слуцкім князем Сямёнам Алелькавічам, прапанаваўшы яму стаць мужам Гальшкі. Пры гэтым яна спасылалася на закон, паводле якога дзяўчатак-сірот дазвалялася выдаваць замуж толькі са згоды іх бліжэйшых сваякоў. Маці сцвярджала, што кароль парушыў гэты закон, даказвала, што шлюб можна лічыць незаконным і несапраўдным.
І вось ужо новы прэтэндэнт на руку юнай Астрожскай з’яўляецца ў Львове. Верныя людзі праз таемны лаз праводзяць яго ў кляштар. Разам з ім у каталіцкую абіцель прыходзіць адчайна смелы праваслаўны святар, які і выконвае абрад вянчання князя Алелькавіча і князёўны Астрожскай. Жаніх застаецца ў абіцелі толькі на адну ноч, каб фактычна ператварыцца ў мужа Гальшкі.
Вывезці маладую жонку з манастыра князю Алелькавічу не ўдалося. Усе выезды з горада кантраляваліся людзьмі Лукаша Горкі. Алелькавіч пакінуў горад адзін, мяркуючы вярнуцца з войскам, здольным аказаць супраціўленне войску Горкі. Але хутка пасля гэтага ў абложаных скончылася вада, і манахі пад пагрозай смерці ад смагі вымушаны былі скласці зброю. Гальшку, нягледзячы на адчайныя пратэсты маці, перадалі львоўскаму старасту Пятру Барскаму. Ён павінен быў утрымліваць князёўну ля сябе да таго часу, пакуль кароль не вырашыць, якому з мужоў яе аддаць.
Не жадаючы стаць для сваіх падданых каралём, які не трымае слова, Сігізмунд Аўгуст прысудзіў Елізавету Астрожскую графу Горцы. Але ў таго ў сэрцы гарэла нянавісць да «нявернай жонкі». Ён зачыніў Гальшку ў адным са сваіх замкаў у мястэчку Шаматулы Познаньскага ваяводства і патрабаваў дакументы для ўступлення ў правы ўласнасці ў адносінах да маёнткаў Астрожскіх. Аднак Гальшка заставалася непаўналетняй, і для ўступлення ў правы спадчыннасці неабходны быў подпіс яе маці.
Сямён Алелькавіч заставаўся адзіным спадзяваннем Гальшкі. Ён рабіў усё магчымае, каб вызваліць яе. Заручыўся падтрымкай уплывовых землякоў і нават канцлера Вялікага княства Літоўскага князя Мікалая Радзівіла Чорнага. Беата Астрожская таксама заставалася на яго баку. Менавіта князю Алелькавічу дала яна тую грамату, якой дамагаўся Лукаш Горка. Жорсткае супрацьстаянне нечакана скончылася ў 1560 годзе, калi раптоўна памёр Сямён Алелькавіч.
Увесь гэты час Лукаш Горка завальваў суды скаргамі, у якіх патрабаваў перадаць яму маёмасць жонкі. Аднак дабіцца нічога не змог, бо цешча не збіралася здавацца і дапускаць непажаданага зяця да багаццяў. У сваёй нянавісці пані Беата пайшла на самыя крайнія меры. Яна выйшла замуж за рыцара Альбрэхта Ласкага, які быў маладзейшы за яе на дваццаць адзін год, і пасля вяселля перапісала на яго ўсе свае маёнткі і маёнткі няшчаснай дачкі. Аднак пан Альбрэхт не стаў абаронцам правоў Беаты – амаль адразу пасля атрымання каштоўных дакументаў ён зняволіў састарэлую жонку ў адным са сваіх замкаў і трымаў там да самай яе смерці.
У зняволенні магло б скончыцца таксама і жыццё Гальшкі, калі б граф Горка не пайшоў з жыцця раней за яе.
У 1573 годзе трыццацічатырохгадовая князёўна выйшла на волю. Лёсам яе выклікаўся заняцца дзядзька Канстанцін Васіль Астрожскі. Першае, што ён зрабіў, – праз суд аспрэчыў правы пана Ласкага на маёнткі Гальшкі.
Калі судовы працэс быў выйграны, Канстанцін Васіль перавёз няшчасную ў Дубну, у радавы маёнтак яе бацькі. Разам дзядзька і пляменніца фундавалі славутую грэка-лацінскую акадэмію ў Астрогу, якая стала першай вышэйшай навучальнай ўстановай на тэрыторыі Усходняй Еўропы. Таксама Гальшка вылучыла грошы на будаўніцтва манастыра св. Спаса пад Астрогам і шпіталь. Больш замуж яна не выйшла і, згодна царкоўнаму паданню, апошнія гады жыцця правяла ў Астрожскім манастыры, куды пастрыглася пад імем Еўдакія.


Падзея
Самая неспасціжная
75 год назад 23  мая операй Бізэ «Кармэн» адкрыўся Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Беларусі. Гэта быў дэбют Ларысы Александроўскай.
Ах, якой жа спакусліва-пляняльнай яна была, гэтая самая Кармэн! Зала зачаравана сачыла за тым, як прыгажуня-цыганка таньчыла сегідылью, раскідвала карты на «шчасце і смерць», дзёрзка даказвала сваё права на вольнае каханне. Многія мінчане ўпершыню тады наведалі оперу, і гэты від мастацтва іх уразіў. Аказваецца, гісторыю кахання, здрады і смерці можна расказаць не толькі звычайнымі словамі! Яе можна праспяваць! Натхнёна і шчыра, як рабіла гэта прывабная маладая артыстка Александроўская з такім звычайным імем Ларыса і такім нямодным імем па бацьку – Пампееўна.
Толькі нямногія ведалі, што Ларыса Пампееўна паходзіць з амаль забароненага ў 20–30 гады духоўнага саслоўя. Дзед яе меў прыход у Мінску, аднак бацька «здрадзіў» сямейнай традыцыі. Тым не менш імя яго, дадзенае строга па царкоўнаму іменніку, усё роўна выдавала паповіча. Была і яшчэ адна родавая спадчына – зайздросная, дзіўная. Голас. У святарскай сям’і ўсе цудоўна спявалі, галасы былі прыгожыя, шырокага дыяпазону. Ларыса Александроўская аднолькава лёгка брала высокія сапранавыя ноты і купалась у аксаміце нізкіх грудных гукаў. Чалавек, які спявае, – вельмі паважаны ў прыходзе. Першай аўдыторыяй, якая па заслугах ацаніла талент Ларысы, былі вернікі. Яна спявала ў царкоўным хоры. Аднак з дзяцінства марыла пра іншы шлях, грахоўны з пункту гледжання дзеда-святара – артыстычны.
У 1920 годзе мара юнай Александроўскай пачала збывацца – ёй прапанавалі працу ў гэтак званай украінскай трупе. Невядома, чаму на Беларусі ў гэты час украінскія творы мастацтва былі такімі папулярнымі. Аднак попыт нараджае прапанову. Для «украінаманаў» быў створаны спецыяльны тэатрык, дзе можна было адпачыць душою, назіраючы, як ажываюць на сцэне страшныя казкі М. В. Гогаля – «Майская ноч», «Сарачынскі кірмаш», «Вій», або ад душы пасмяяцца над дасціпнымі героямі камічных опер «Наталка-Палтаўка» і «Запрожац за Дунаем». Супрацоўніцтва з трупай давала шмат карыснага – у першую чаргу маладая спявачка атрымлівала жывы вопыт узаемадзеяння з залай. Але для развіцця талента гэтага было мала. У таленавітай дзяўчыны не было акадэмічнай школы. І калі драматычнаму мастацтву ў Мінску было каму навучаць моладзь, вучыцца спевам трэба было ў Расіі. А Ларыса марыла менавіта пра музычныя спектаклі.
У 1923 годзе адкрыўся музычны тэхнікум, і Александроўская аказалася сярод навучэнак опернага класа. Выкладчыкі вакалу не хавалі сваёй радасці – яны атрымалі сапраўдны алмаз, які трэба было толькі адшліфаваць. Унікальны голас, настолькі рэдкі ў прыродзе, што з’яўляецца нават не кожнае стагоддзе. Дыяпазон – неабмежаваны, лёгкасць і чыстата – зайздросныя, тэмбр – незвычайна прыгожы. І да ўсяго гэтага далучалiся знешняя прывабнасць і драматычныя здольнасці!
Ці трэба здзіўляцца, што цудоўная Ларыса ўжо ў 1927 годзе была вылучана для першага ў гісторыі Савецкага Саюза выезда артыстаў за мяжу. Менавіта ёй выпаў гонар азнаёміць нямецкіх і шведскіх слухачоў з беларускай народнай песняй. І ёй апладыравалі стоячы!
У 1928 годзе Ларыса Пампееўна атрымала дыплом аб заканчэнні музычнага тэхнікума. Аднак ісці пасля гэтага зноў на драматычную сцэну і зрэдку падпяваць у камічных спектаклях ёй ужо было нецікава. На шчасце, у 1930 годзе на базе опернага і балетнага класаў тэхнікума адкрылася Дзяржаўная студыя оперы і балета. Там меркавалася ставіць спектаклі. Безумоўна, Ларыса, якая надта ж запомнілася выкладчыкам, была прынята без конкурсу. Першай яе роляй на студыйнай сцэне стала Маргарыта ў оперы «Фауст» Ш. Гуно. Гэта была вельмі рамантычная, адухоўленая, нерэальна-празрыстая Маргарыта. Спявачка адразу набыла славу выканаўцы лірычнага сапранавага рэпертуара.
Хто мог уявіць, што наступнай партыяй гэтай спявачкі стане яркая жыццесцвярджальная мецца-сапранавая Кармэн? У 1933 годзе на аснове студыі ў Мінску быў створаны Беларускі дзяржаўны тэатр оперы і балета – першы стацыянарны музычны тэатр. Адкрыццё тэатра планавалася быць шырока асветленым, бо і сапраўды гэта мусіла быць Падзея. Безумоўна, самы першы спектакль дзяржаўнага тэатра павінен быў быць старанна адабраным. Класіка, але не такая, дзе б дзейнічалі на сцэне графы, князі ды прынцы. «Кармэн» Бізэ па сацыяльным паказчыкам падыходзіла як нішто іншае. Да таго ж там была такая музыка! Запамінальная, дэмакратычная, яркая! Александроўская з яе ўнікальным голасам цудоўна ўпісалася ў свята музычнага Мінска.
Яна стала светлай легендай тэатра. З 1952 года была галоўным рэжысёрам. І гэта наклала характэрны адбітак на рэпертуар, у якім з’явілася камічная опера С. Гулак-Арцемоўскага «Запарожац за Дунаем» – даніна настальгічнай памяці спявачкі аб гадах, праведзеных ва ўкраінскай трупе. Паставіла яна таксама рэдкую оперу Чайкоўскага «Мазепа» і «Страшны двор» амаль ужо забытага на радзіме вялікага мінчаніна С. Манюшкі. Стаўшы рэжысёрам, Александроўская не пераставала радаваць меламанаў сваім голасам. Дату 23 мая – дзень прэм’еры сваёй «Кармэн» – спявачка вылучала сярод іншых кожны год. Яна і з жыцця пайшла ў гэты дзень – 23 мая 1980 года.

***
Людзі любяць прыгожыя паданні і дзіўныя супадзенні лічбаў. Магчыма, менавіта таму даводзіцца чуць пра прывідны голас, што гучыць іншы раз сярод начной цішыні ў памяшканнях старога опернага тэатра. Незвычайна прыгожы голас, які спявае «Хабанэру» з оперы «Кармэн». Прывід мінскай оперы – не злоснае, пачварнае стварэнне, а светлая постаць артысткі, якую ўсе любілі...


Сведкі часу
Крыж Лазара Богшы
Усе, каму даводзілася бачыць гэты крыж, сыходзіліся ў ацэнцы – проста цуд!
Самая прыгожая пара года на Беларусі – канец вясны, калі белымі карункамі кветак пакрыты сады, паветра насычана пьянкім водарам маладой зеляніны i абмытай майскімі навальніцамі зямлі. Менавіта ў гэтыя дні праваслаўныя беларусы кожны год на працягу васьмі стагоддзяў ушаноўваюць нябесную заступніцу свайго края – Еўфрасінню Полацкую. На большасці ікон святая намалявана з зіхатлівым шасціканцовым крыжам у руках. Гэтая свяшчэнная рэліквія была выканана па яе заказу найлепшым з айчынных ювеліраў – Лазарам Богшай.
Шасціканцовы, кіпарысавы, на пярэдняй і адваротнай плоскасцях – па 11 залатых пласцін, аздобленых каляровымі эмалямі з выявамі святых, арнаментальнымі кампазіцыямі і каштоўнымі камянямі. І надпіс: «У лета 6669 (1161) кладзе Еўфрасіння святы крыж у сваім манастыры, у царкве святога Спаса. Дрэва святое, бясцэннае, акова ж яго з золата і срэбра, і камяні і перлы на 100 грыўняў». Майстар падпісаў сваю працу: «Гасподзь, дапамажы рабу свайму Лазару, названаму Богшам, які зрабіў крыж гэты царкве Спаса і Еўфрасінні».
Пра талент і майстэрства ювеліра сведчыць узровень выканання эмаляў – іконак. З такой тэхнікай была знаёмая толькі вельмі нязначная колькасць майстроў на Русі. Але ўсе іншыя вядомыя ювелірныя працы з эмалямі гэтага перыяду значна саступаюць Богшавай. Мяркуючы па надпісу, крыж ювелір выконваў без дапамогі іншых майстроў. Калі гэтак, то Богша – ювелір-універсал. Зразумела, чаму менавіта яго абрала для выканання галоўнага свайго заказа святая Еўфрасіння!
Нават у эпоху ваяўнічага атэізму крыж Лазара Богшы ацэньваўся як адзін з самых значных артэфактаў ранняга сярэднявечча. Хаця казалі тады пра яго выключна як пра твор мастацтва. Аднак больш каштоўным уяўлялася тое, што мусіў захоўваць у сабе гэты выраб: кропля крыві Ісуса Хрыста, частачка ад Труны Госпада, камень ад Труны Прасвятой Багародзіцы, кроў святога Дзмітрыя, частачкі мошчаў святых Стэфана і Панцеляймона. Гэтыя святыні мусілі аберагаць Белую Русь ад козняў дыявальскіх, войн, мора ды ўчынкаў гардыні і глупства людскога.
Безумоўна, ігумення, што прыняла на сябе клопат пра далейшы лёс землякоў, мусіла падумаць і пра захаванне крыжа. Бо шмат хто мог бы спакусіцца атрымаць яго дзеля гэтых магутных святыняў. Аднак яна добра ведала: ніякая ахова не можа быць надзейнай. Крыж мусіў абараніць сябе сам. Не выпадкова з’явілася на ім перасцярога святой: «І хай не выносяць яго (крыж. – Аўт.) з манастыра ніколі і не прадаюць, не аддаюць. Калі ж не паслухаецца хто і вынясе з манастыра, хай не дапаможа яму святы крыж ні ў жыцці гэтым, ні ў будучым, хай пракляты будзе ён святой жыватворнаю Тройцаю ды святымі айцамі… і хай напаткае яго доля Іуды, які прадаў Хрыста. Хто ж насмеліцца ўчыніць такое… валадар або князь, або епіскап ці ігумення, або іншы які чалавек, хай будзе на ім гэты праклён. Еўфрасіння ж, раба Хрыстова, што справіла гэты крыж, здабудзе вечнае жыццё з усімі святымі»…
Аднак да крыжа цягнуліся сквапныя рукі. На пачатку ХІІІ стагоддзя яго захапілі нахабныя смаленскія князі. Смаленску нічога добрага ад таго, безумоўна, не было, а ў 1514 годзе яго заваяваў Вялікі князь Маскоўскі Васілій ІІІ. На жаль, маскоўскі ўладар таксама спакусіўся бляскам каштоўных каменняў ды велічнасцю святыняў крыжа. Ён змясціў трафей ва ўласнай скарбніцы і вельмі ганарыўся ім, выкарыстоўваючы толькі падчас самых вялікіх царкоўных святаў.
Васілій Ш памёр у страшэнных пакутах. Аднойчы знайшоў на назе невялічкую язвачку, якая праз некалькі гадзін выклікала ліхаманку. Адчуваючы за сабою нейкі страшэнны грэх, князь маліў святароў хутчэй пастрыгчы яго ў манахі. І абяцаў, што нават калі будзе цудам вылечаны, застанецца схімнікам. Аднак праклён святой Еўфрасінні, пэўна, быў надта ж моцным…
Не жадаючы паўтарыць лёс бацькі, сын Васілія III, першы рускі цар Іван ІV Грозны, вырашыў вярнуць святыню ў Полацк. Ён зрабіў гэта падчас Лівонскай вайны, у лютым 1564 года. Лічыцца, што менавіта крыж дапамог цару ўвайсці пераможцам у горад Еўфрасінні. Аднак, можа, гэта толькі легенда.
У 1579 годзе кароль Рэчы Паспалітай Стэфан Баторый адваяваў Полацк і хутка перадаў Спаскі манастыр іезуітам. Калі новыя ўладары пачалі аглядаць уладанні, высветлілася, што крыж Лазара Богшы адсутнічае. Усе іх пошукі былі марнымі, бо манахіні загадзя надзейна схавалі святыню ў Сафійскім саборы. Крыж знайшлі ўніяты пасля таго, як сабор быў перададзены ім. Яны трымалі рэліквію ў вялікай пашане і ўсяляк аберагалі ад памкненняў католікаў-іезуітаў атрымаць яе.
Крыж перажыў і падзеі Паўночнай вайны, калі Сафія была ўзарвана, і нашэсце Напалеона. Ён бясследна знік у часы другой сусветнай вайны. Доўгі час меркавалася, што яго маглі вывезці гітлераўцы. Аднак рассакрэчанне многіх спецхранаўскіх матэрыялаў дае повад думаць, што да знікнення святыні прыклаў руку сам Лаўрэнцій Берыя. Калі каштоўнасць адпраўлялася эшалонам у эвакуацыю, ён усё не мог адарваць ад крыжа прагных вачэй… Дзе мог схаваць чорны Берыя святыню – загадка. Аднак з таго самага моманту, як задумаў ён нядобрае, лёс яго мусіў быць вырашаны. Берыя загінуў, як і прадказвала святая Еўфрасіння, «як Іуда, што прадаў Хрыста». І пасля смерці зямля не прымае яго. Па Маскве, кажуць, ездзіць прывідная машына, якая працягвае вазіць па сонных вуліцах сталіцы непрыкаяную душу ліхадзея…
Вернікі ж ведаюць: дзе б ні быў крыж Лазара Богшы, ён абавязкова калі-небудзь вернецца на радзіму. А пакуль мы схіляем калені свае перад крыжам, адноўленым па ўзоры зніклага, і молім святую Еўфрасінню аб добрадаці для нашай зямлі.


Паданне

Графскі садоўнік

Селянін Станіслаў нарадзіўся калекам – адна яго нага была нашмат карацейшая за другую. Але ў хлопца адкрыліся здольнасці садоўніка, i граф Чапскі ўзяў яго да сябе ў маёнтак...
Стас саромеўся свайго калецтва і таму выконваў работу ціха і непрыкметна. Гэтак было да тых часін, пакуль аднойчы ён не сустрэўся позіркам з маладой гаспадыняй… Быццам веснавы вечар, лёгкі і п’янкі, уварвалася яна ў жыццё беднага садоўніка. І пачаў заўважаць Стас: ён – мужчына…
Аднойчы вясной Стас абвясціў пану Чапскаму, што жадае ўпрыгожыць сядзібу трыма незвычайнымi кампазіцыямі з дрэў, жывымі скульптурамі, алегорыямі Веры, Надзеі і Любові. Граф даў згоду.
У клопаце прайшлі вясна і большая частка лета. Урэшце Стас абвясціў, што работа скончана. Чапскі паспяшаўся запрасіць гасцей. Надышоў дзень раскрыцця таямніцы. Упалі покрывы, за якімі хаваліся цудоўныя жывыя скульптуры. І на імгненне змоўклі ўражаныя госці.
Першае дрэва нагадвала чалавека, які ў захапленні і падзяцы ўзняў рукі да неба. Здавалася, быццам у працягнутыя насустрач Богу рукі-галіны з нябёсаў сыплецца залаціста-зялёны дождж Боскай ласкі, створаны з жывой лістоты.
Скульптура, якая адпавядала Надзеі, – згорблены чалавек з кульбай у зялёным доўгім плашчы. Ён узнімае ўгору галаву, чакаючы, што хтосьці моцны, добры працягне яму адтуль руку дапамогі.
Трэцяе дрэва не мела падабенства з чалавечай постаццю, але расло яно дагары карэннямі. Як удалося садоўніку зрабіць такое дзіва – невядома, толькі выглядала ўсё так, нібыта вырвалі дрэва з глебы і ўтыркнулі вершалінай у зямлю. Падпарадкоўваючыся нейкай невядомай сіле, карэнні, якія трапілі ў нябёсы, выпусцілі лісты.
Доўга ўглядалася ў гэтую апошнюю работу маладая графіня. І неўзабаве адкрылася ёй яшчэ больш вялікая таямніца – тонкая, нервова-хваравітая, добрая, прыгожая душа чалавека, што стварыў гэткае дзіва.
«Хіба не падобны мы ўсе ў час кахання, – падумала пані Альжбэта, – на гэтае дрэва? Хіба не пераварочвае вялікае пачуццё існасць нашу, ставячы ўсё з ног на галаву? Самае недарэчнае, самае незразумелае і тым не менш самае трывалае на свеце пачуццё – каханне! Але якое ж сэрца павінен мець чалавек, якому прыйшло ў галаву такое параўнанне!».
Упершыню зірнула гападыня на халопа з даверам і разуменнем. І сустрэўся погляд гэты з сур’ёзным, насцярожаным поглядам маладога мужчыны. І не вытрымала графіня. Кінулася яна, ахопленая незразумелым парывам, і на вачах ва ўсіх пацалавала садоўніка…
***
...Зорнай ноччу да вялікага валуна, дзе быў прыкаваны Стас, кутаючыся ў шырокі плашч, наблізілася графіня Чапская.
І зноў вочы гаспадыні сустрэліся з вачыма халопа. Толькі гэта была ўжо зусім іншая сустрэча. Не бедны, забіты, прыніжаны ўласным калецтвам раб глядзеў на пані Альжбэту, а мужчына, поўны чалавечай годнасці і на дзіва спакойны, быццам не катавалі яго бізунамі, быццам не было ланцугоў на яго руках.
– Прабач, – прашаптала графіня, – гэта я ва ўсім вінаватая.
– Не трэба, пані, – перарваў яе Стас. – Я ўдзячны вам, бо вы дапамаглі мне ўпэўніцца, што я – таксама чалавек.
– Муж мой вырашыў загубіць цябе, Станіслаў, – памаўчаўшы, загаварыла зноў маладая жанчына. – Ён страціў розум ад рэўнасці. Але я не магу дапусціць тваёй гібелі. Вось ключ ад тваіх ланцугоў. Вызваляй сабе і ідзі са Станькава. Ты варты свабоды.
– Куды ж ісці мне, прыгожая пані? Ваш муж паўсюль дастане мяне помстай сваёй, – горка ўсміхнуўся Стас.
– Не, Станіслаў, не ўсё падуладна яму. Ёсць неабсяжная Сібір, ёсць Амерыка. Бяжы туды! – прамовіла яна.
– Што ж, хай будзе так, як хочаце вы, – уздыхнуў Стас.
Ён пакідаў хуткімі крокамі парк Чапскіх, і пані Альжбэта здзіўлена заўважыла, што ён амаль не кульгае…
***
Мінула шмат гадоў. Пайшлі з жыцця графы Чапскія, заняпала сядзіба. Згарэла падчас другой сусветнай вайны дрэва – алегорыя Веры. Вывезена фашыстамі ў Германію як рэдкі экзэмпляр Надзея. І толькі дрэва Любоў доўгі час стаяла пасярод здзічэлага парка як помнік незвычайным пачуццям незвачайнага чалавека. Яно загінула ад невядомай хваробы толькі ў 1994 годзе.

Теги: архив  асоба  
 

 
Rambler's Top100Размещение рекламы на сайтеПроизводство сайта - Студия Компас
Использование материалов с сайта возможно только при условии размещения активной ссылки на сайт.