Видео реклама

 

Асоба

Каханне, вышэйшае за зоркі

Каханне, вышэйшае за зоркі

Адзінаццаць жанчын… Дзекабрысткі… Аб’ядноўвае іх адно: самаахвярнае, трагічнае каханне. Тры францужанкі, дзве ўкраінкі, полька, астатнія – рускія. І ніводнай беларускі. A ў спісках дзекабрыстаў нашы землякі ёсць. Няўжо высокародныя, поўныя годнасці беларусы ўсе да аднаго звязалі свае лёсы з нявартымі іх жанчынамі?
Каб абвергнуць такое меркаванне, з глыбіні чалавечай памяці, з архіўнага пылу і стосу пажаўцелых папер усплылі імёны – Карнелія і Ксаверыя, беларускія прыгажуні, сёстры Рукевіч. Тое, што зрабілі гэтыя юныя жанчыны дзеля кахання, міжволі расцэньваеш вышэй за подзвіг тых адзінаццаці дзекабрыстак, пра якіх так прыгожа расказваюць кнігі і кінафільмы, песні і карціны. Бо гэтыя дзве беларускі былі непасрэднымі ўдзельніцамі паўстання. Выпрабаванне, якое выпала на іх долю, было больш цяжкім, а пакаранне – занадта жорсткім...
У той час, калі ў цэнтральных губернiях Расійскай імперыі і на Украіне ажыццяўлялі сваю дзейнасць Паўднёвае і Паўночнае дзекабрысцкія таварыствы, на беларускай зямлі было створана блізкае ім па духу Таварыства ваенных сяброў. Яго члены падтрымлівалі цесныя сувязі з аднадумцамі ў Расіі і планавалі сумеснае выступленне. На чале таварыства стаялі стрыечныя браты, афіцэры Літоўскага піянернага батальёна, які размяшчаўся ў Беластоку, – капітан Канстанцін Ігельстром і паручнік Аляксандр Вягелін. Яшчэ адным з арганізатараў таемнага аб’яднання быў мясцовы шляхціц Міхал Рукевіч. Найлепшым месцам для сходаў сяброў таварыства стаў дом, які належаў не толькі Міхалу, але і яго малодшым незамужнім сёстрам – Карнеліі і Ксаверыі.
Маладыя прыгажуні хутка даведаліся, для чаго збіраюцца афіцэры. Сябры брата выглядалі сапраўднымі рыцарамі, абаронцамі ўсіх пакрыўджаных і абяздоленых. Неўзабаве падабенства поглядаў на рэчаіснасць і роднасць памкненняў прывялі да глыбокіх пачуццяў. Хутка адбыліся заручыны Канстанціна з Карнеліяй і Аляксандра з Ксаверыяй. Аднак двум вяселлям перашкодзілі абставіны.
Выступленне дзекабрыстаў было падаўлена. Не зважаючы на гэта, члены Таварыства ваенных сяброў пачалі дзейнічаць. 23 снежня Ігельстром займаўся прапагандай сярод салдат першай роты, камандзірам якой ён быў. Вягелін агітаваў падначаленых яму салдат трэцяй роты. У выніку на наступны дзень абедзве роты адмовіліся прысягаць Мікалаю І. Аднак 25 снежня салдат усё ж прымусілі прысягнуць цару. У батальёне пачала дзейнічаць следчая камісія. 26 снежня быў арыштаваны Вягелін, 27-га – Ігельстром.
Следчая камісія распачала справу аб змове. Урэшце выйшлі на Міхала Рукевіча. Даведаліся, што змоўшчыкі часта збіраліся ў яго доме. 8 студзеня 1826 года Міхал быў арыштаваны. Але, на вялікае шкадаванне следчых, высветлiлася, што ніякіх дакументаў пра дзейнасць таварыства няма. Справа ў тым, што перад самым арыштам Канстанцін Ігельстром здолеў перадаць усе дакументы сястры сваёй нявесты – Ксаверыі, якая іх адразу ж спаліла.
Гэты крок, безумоўна, выратаваў бы змоўшчыкаў. Аднак здарылася непрадбачанае. Слуга Ігельстрома Павел Першаў, які па загаду гаспадара адвозіў дакументы да Ксаверыі, на допыце прызнаўся ў сваім «злачынстве». Змест дакументаў яму быў невядомы. А вось тое, што яны былі «вельмі небяспечнымі» і што Ксаверыя іх спаліла, ён падцвердзіў пад прысягай. Пракурор учапіўся за гэтае прызнанне. 14 красавіка 1826 года Ксаверыю Рукевіч арыштавалі і на час следства змясцілі ў беластоцкі кляштар сясцёр міласэрнасці. Адсюль яе пад канвоем вадзілі на судовыя пасяджэнні. Ксаверыя абвяргала паказанні слугі, сцвярджаючы, што паліла любоўныя пісьмы свайго жаніха Вягеліна, бо баялася, каб яны не былі пад час суда зачытаны прылюдна.
Часу судовых паседжанняў Ксаверыя чакала з хваляваннем і нецярпеннем, бо толькі тут магла бачыцца з каханым і ўпотай, позіркамі, перамовіцца з ім. Горыч сціскала сэрца дзяўчыны, бо яе словам ніхто не верыў, і пракурор ужо патрабаваў для змоўшчыкаў смяротнага пакарання.
Нечакана ў справу ўмяшалася Карнелія Рукевіч, якую спалоханыя сваякі ледзь адпусцілі з Гродна ў Беласток. Яна заявіла, што ніякага таемнага таварыства не было, ніякай змовы – таксама, бо яе жаніх усе свае думкі давяраў ёй, і яна б ведала, калі б ён штосьці загадзя задумваў супраць цара. Ілжэсведку хутка выкрылі. Яна зусім не ўмела маніць, чырванела і збівалася. Скончылася тым, што Карнелія, гэтак жа, як і яе сястра, была прыцягнута да адказнасці.
Судовыя разборы цягнуліся амаль год. Урэшце быў абвешчаны прысуд. Капітан Ігельстром, паручнік Вягелін і Міхал Рукевіч былі прыгавараны да смерці. Ксаверыя і Карнелія – да пазбаўлення дваранскага звання і высылкі ў Сібір. Але Мікалай І вырашыў «змягчыць» прысуд. Смяротнае пакаранне было заменена дзесяцігадовымі катаржнымі работамі з далейшым пажыццёвым пасяленнем у Сібіры. Сёстрам Рукевіч прысудзілі адной гадавы, другой паўгадавы тэрмін зняволення ў гродзенскім манастыры брыгітак.
Пасля абвяшчэння прысуду Карнелія і Ксаверыя ніколі больш не бачылі ні брата, ні сваіх жаніхоў.
У хуткім часе пасля таго, як жанчыны выйшлі з манастыра, да іх сваякоў прыйшло пісьмо ад дзекабрысткі Марыі Валконскай. Тая пісала ім з Сібіры, як цяжка даводзіцца на катарзе вязням. Паведамляла, што некалькі жонак і дзве нявесты дзекабрыстаў змаглі дамагчыся ад цара дазволу паехаць да сваіх мужоў і жаніхоў. Сёстры адразу ж звярнуліся да Мікалая І з прашэннем аб дазволе выехаць да жаніхоў. Адказ атрымалі надзвычайна хутка. Але радасці ён не прынёс. Імператар пісаў, што дазволіў выехаць у Сібір толькі жонкам да мужоў. Што тычыцца нявест, дык іх было ўсяго толькі дзве. Францужанкі. Забараніць жанчынам, якія не з’яўляюцца расійскімі грамадзянкамі, ехаць да жаніхоў ніхто не можа. Нашы ж зямлячкі з’яўляюцца грамадзянкамі Расійскай імперыі, таму ён мае права не дазваляць ім тое, чаго яны жадаюць.
Ціха і самотна Карнелія і Ксаверыя жылі ў Гродне пад наглядам улад і апекай роднага дзядзькі. Яшчэ некалькі разоў рашучая Ксаверыя пісала прашэнні аб дазволе абвянчацца ў Сібіры з Вягеліным. Як сапраўдная каталічка яна не магла парушыць слова, дадзенае жаніху ў касцёле пад час заручын. Усе яе прашэнні засталіся без адказу. Пяшчотная Карнелія аднойчы спрабавала таемна пакінуць Гродна і дабрацца да Сібіры. Пільныя жандары перахапілі яе адразу за горадам і вярнулі назад.
Як і калі скончыліся пакуты верных сэрцаў, дакладна невядома. Затое добра вядомы лёсы мужчын, каханне да якіх было першапрычынай няшчасцяў сясцёр Рукевіч. Аляксандр Вягелін і Канстанцін Ігельстром пяць гадоў правялі на катарзе, пасля чаго былі залічаны на службу ў каўказскі корпус. Ігельстром у 1842 годзе ажаніўся з нейкай мяшчанкай па прозвішчу Бор. У 1843 годзе ён выйшаў у адстаўку і атрымаў дазвол пасяліцца ў Гродзенскай альбо Харкаўскай губерніі. Выбраў апошнюю. Ці не з-за таго, што ў Гродна яго праследвалі б горкія ўспаміны пра першае, страчанае назаўжды каханне? Памёр Ігельстром у 1851 годзе. Вягелін перажыў яго на дзевяць гадоў. Ён пайшоў з жыцця нежанатым і бяздзетным.
Яны пайшлі ў нябыт, і тыя, хто гнаў і мучыў іх, зрабілі ўсё магчымае, каб мы забыліся нават пра іх існаванне. Аднак шчымлівая, як спеў самотнай флейты, гісторыя мужнасці і высакародства праступіла праз стос пажоўклых судовых паперын, каб услед за Дантэ мы маглі ўзрушана сказаць: вось каханнне, вышэйшае за зоркі!

Теги: архив  асоба  
 

 
Rambler's Top100Размещение рекламы на сайтеПроизводство сайта - Студия Компас
Использование материалов с сайта возможно только при условии размещения активной ссылки на сайт.