Видео реклама

 

Паданне

Наваградская крэпасць

Наваградская крэпасць

Аблога Наваградка шведамі цягнулася ўжо месяц. Было бачна: крэпасць не здасца. Навагрудскі кашталян быў вопытным ваеначальнікам: ён вёў вельмi ўмелую абарону і аказаўся цвёрдым і непадкупным. Аднак аднойчы шведскi пасланец перадаў яму пiсьмо…
Няма ў свеце сілы, якой не была б уласціва слабасць. Непрыступную каменную скалу падточваюць нікчэмныя мурашкі, а для самага моцнага з людзей існуе нешта, што пазбаўляе яго волі, робіць безабаронным.
Ён быў вельмі маладым. «Узрост пажа», – жартавалі пры польскім двары паненкі, якія таемна марылі далучыць да сваёй калекцыі разбітых сэрцаў яшчэ і сэрца юнага князя-літвіна. Але выхаванне будучага наваградскага князя было больш суровае і аскетычнае, чым яго распешчаных польскіх равеснікаў. Ён падаваўся няздольным на каханне.
Князя, як рок, чакала адзінае, сапраўднае, пакутлівае, як хвароба, пачуццё. Віноўніцай была маладзенькая Сігрыд, пляменніца шведскай каралевы. Яна з’явілася пры польскім двары нечакана для ўсіх, каб гэтак жа нечакана знікнуць праз месяц.
Сігрыд была сапраўднай прынцэсай нават з выгляду. Ніводнае футра не было ёй гэтак да твару, як футра каралёў – гарнастай, такі ж белы, як яе скура, і амаль такі ж, як валасы. Гэтак жа, як на белай каралеўскай мантыі вылучаюцца чорныя плямы з кончыкаў хваста гарнастая, на яе твары вылучаліся вялікія вочы і густыя прыгожыя бровы.
Князь закахаўся адразу і назаўсёды ў яе ўсмешку, тонкія доўгія кісці рук, лёгкую паходку, голас, падобны на звон ільдзінак, у яе зграбную постаць і імя, якое нагадвала яму мяккі серабрысты пад месячным святлом снег.
Сігрыд не магла адказаць на яго каханне. Яна была нявестай фаварыта шведскага караля.
Князю думалася, што ён можа забыцца пра сваё першае каханне. Але мінула амаль пятнаццаць гадоў, а ён так і не абраў сабе жонку. Для яго не існуе іншай жанчыны, акрамя Сігрыд. I вось ён трымае пiсьмо ад яе…
***
«Мой мілы каханы! – пісала Сігрыд. – Я доўга сумнявалася, ці варта пісаць табе, калі прайшло так шмат гадоў. А потым зразумела: трэба. Мноства тваіх пісьмаў, якія на працягу ўсіх гэтых гадоў ты пісаў мне, заставаліся без адказу, бо іх перахопліваў мой муж. Аднак цяпер ён памёр. Ты не забыўся пра мяне, кахаеш па-ранейшаму. І я цяпер свабодная! Ці гэта не шчасце?! Але ёсць перашкода – воля караля Карла, які не можа аддаць блізкую сваячку замуж за ворага. І таму ён прапануе табе сяброўства. Я магу стаць тваёй толькі ў тым выпадку, калі брамы Навагрудка адчыняцца перад Карлам. Табе няма чаго баяцца. Крэпасці не пагражае разбурэнне. Кароль – рыцар, і ён у маёй прысутнасці пакляўся сваім гонарам, што не дапусціць пагібелі замка і яго жыхароў у выпадку дабраахвотнай здачы. Карл не мае намераў пакідаць у Навагрудку сваіх воінаў. Яго Вялікасць – славалюб. Таму ён жадае выйсці з гонарам са становішча, даволі непрыемнага. Ён абяцаў аддаць Навагрудак мне ў якасці шлюбнага падарунка. Гэта будзе наш горад, каханы. Што значыць доўг, клятва васальнай вернасці ў параўнанні з сапраўдным каханнем? Ты яшчэ не рашыўся? Тады я скажу табе, што твая Сігрыд стала яшчэ больш прыгожай. Бо нічога так не красіць, як спадзяванне на магчымасць шчасця…»
***
Першым пачуццём кашталяна было жаданне з абурэннем адрынуць умовы, знойдзеныя Сігрыд для таго, каб быць разам з ім. Ён, канешне ж, адмовіцца ад яе, той, якую кахаў усё жыццё. Ён мусіць гэта зрабіць дзеля свайго гонару. Аднак гора перапоўніла князя. Ён кідаўся па сваім пакоі ў замку, быццам паранены звер…
Раніцай нечакана для ўсіх брама была адчынена… Шведы з радаснымі крыкамі кінуліся ў крэпасць. Тыя, хто спрабаваў супраціўляцца іх шалёнаму націску, былі забіты. Потым смерць спасцігла астатніх.
Страшэнным, поўным непаразумення позіркам глядзеў на знішчэнне сваіх людзей і рабаванне замка князь. Здавалася, што толькі яго аднаго ворагі мелі намер пакінуць жывым. Шведскі салдат, які прабягаў міма, моцна штурхнуў кашталяна, і той, выхапіўшы з рук загінуўшага воіна ружжо, стрэліў у яго. Імгненна князя акружылі чужынцы і патрабавалi здаць зброю, прызнаць сябе палонным.
Князь засмяяўся і кінуў ружжо на зямлю. У руках яго заблішчэў кінжал. Спалоханыя ворагi адхіснулiся ад кашталяна, але той ударыў клінком сабе ў сэрца…


На другі дзень абрабаваная мёртвая крэпасць была ўзарвана.*

***
Шведская каралева гуляла з маленькім сынам. На хвіліну адарваўшыся ад свайго занятку, яна са здзіўленнем заўважыла, што яе стац-дама, сумна схіліўшы галаву, стаіць ля вакна.
– Сігрыд! Я вамі не задаволена! – вымавіла каралева. – Вы заўжды былі самай вясёлай сярод нас. Што здарылася?
– Мая каралева, я думаю пра таго, каму не так даўно напісала пісьмо ў Наваградак. Я адчуваю, што яго больш няма, – адказала прыгожая жанчына ў белым.
– Памятаю, Сігрыд, вы казалі мне, што ніколі не кахалі гэтага чалавека.
– Так. Але ён шчыра кахаў, і мяне мучыць думка, што я падманула таго, хто мне даверыўся. Гэта ж вялікі грэх.
Каралева ўсміхнулася:
– Мая мілая! Тое, што робіцца дзеля караля і Швецыі, не можа быць грахоўным, бо кароль – абранец Божы. Вы дапамаглі каралю, вы дапамаглі Швецыі, і гэтак выканалі волю Усявышняга. Ганіце прэч ваш дрэнны настрой!
Але твар Сігрыд па-ранейшаму заставаўся сумным. Яна моўчкі глядзела ўдалечыню праз вакно, і яе тонкія пальцы нядбайна перабіралі гарнастаева футра, якім была абшыта яе атласная сукенка.

 

 
Rambler's Top100Размещение рекламы на сайтеПроизводство сайта - Студия Компас
Использование материалов с сайта возможно только при условии размещения активной ссылки на сайт.