Видео реклама

 

Сведкi часу

Песня песняў

Песня песняў

490 гадоў назад у Празе намаганнямі Францыска Скарыны была выдадзена кніга «Песня песняў» – самая паэтычная частка Бібліі.
Распавядаючы пра эпоху Адраджэння, італьянцы прыгадваюць Мікеланджэла і Дантэ, англічане – Шэкспіра. Французскае Адраджэнне пранізана вясёлым смехам Рабле. Да нас жа яно прыйшло ў асобе вялікага асветніка – палачаніна Францыска Скарыны.
Упоперак меркаванню пра тое, што ў біяграфіях выдатных асоб не можа быць белых плям, у Скарыны амаль усё, што тычыць яго асабістага жыцця, засталося таямніцай нават для самых старанных даследчыкаў. І толькі некалькі намёкаў на моцную, прыгожую страсць да жанчыны па імені Маргарыта...
Яна была жонкай аднаго з бліжэйшых сяброў Францыска, віленскага купца Юрыя Адверніка. Адвернік разам з двума іншымі віленскімі мецэнатамі Якубам Бабічам і Багданам Онькавым даў грошы Скарыне для стварэння ў 1517 годзе першай друкарні ў Празе.
Менавіта ў гэтай пражскай друкарні наканавана было з’явіцца на свет бессмяротнай, самай славутай працы асветніка – Бібліі на яго роднай мове. Дасканалыя пераклад i каментарыі, дасканалыя тэхнічнае выкананне друкарскай працы і ілюстратыўнае аздабленне. Як і належыць тытану Адраджэння, Скарына быў адначасова філосафам, літаратарам, вынаходнікам і мастаком. Гравюры, выкананыя ім для «Бібліі рускай», уражваюць свежасцю мастацкага рашэня, смеласцю ракурса, вытанчанасцю і адначасова прастатой. Кожны біблейскі герой, намаляваны доктарам Скарынай, мае яркую і вельмі індывідуяльную знешнасць. Нельга забыць ці зблытаць з іншымі твары Майсея, Давыда, Саламона, Эсфіры, Руфі. Але адзін пляняльны жаночы лік гравёр беражліва пераносіць з адной працы ў другую.
Пра гэты персанаж ні слова не сказана ў Бібліі. Мастак дастае гэты вобраз з глыбінь сваёй памяці і ўпарта прымушае ўдзельнічаць у самых драматычных біблейскіх падзеях, робячы безыменную гераіню, апранутую ў сціплае адзенне беларускай гараджанкі, наперсніцай самых вялікіх з біблейскіх жанок. На правах даверанай дамы са світы царыцы Эсфіры яна падтрымлівае яе шлейф. Разам з дачкой фараона назірае за тым, як з Ніла рабы вылаўліваюць карзінку з немаўлём Майсеем. Па волі Скарыны яна становіцца саўдзельніцай вялікага дзеяння мужнай удавы Юдзіфі, якая забіла грознага Алаферна, палкаводца, што пакляўся заваяваць і скарыць яе радзіму.
Наўрад ці выпадкова доктар Скарына змяшчае выяву той жа таямнічай незнаёмкі на гравюру, якая ілюструе самую паэтычную частку Бібліі – «Песню песняў» цара Саламона. Менавіта яе схіленую галоўку вянчае тут зіхатлівай каронай прамудрасці сам Гасподзь. Ля ног незнаёмкі – славуты герб Францыска Скарыны, прыдуманы ім самім: сонца, якое цалуецца з месяцам.
Гэтая дзіўная гравюра – ключ да ўсіх астатніх. І, магчыма, зашыфраванае прызнанне ў каханні канкрэтнай жанчыне. Той, якой адкрыта сказаць пра свае пачуцці вялікі асветнік не можа. Той, якая абавязкова ўбачыць гравюры Скарыны ў Бібліі. Той, якой дастане смеласці і розуму пазнаць сябе ў настойліва маляванай мастаком фігуры і расшыфраваць пасланне закаханага мужчыны.
Кажуць, калі пасля доўгіх гадоў вучобы ў Кракаве і Падуі вярнуўся ў 1513 годзе сын полацкага купца Лукі Францыск на радзіму, сябры запрасілі яго пажыць у сталіцы Вялікага княства Літоўскага. І вось у Вільні на плошчы перад ратушай сустрэў доктар Скарына прыгожую, бы сонечнае святло, Маргарыту. І спыніліся яны, і ў захапленні зазірнулі адно аднаму ў вочы. І такім вялікім было пачуццё, якое ўспыхнула раптам у сэрцах абодвух, што забыліся пра ўсё на свеце Францыск і Маргарыта. І лягла ў шырокую далоню свабоднага мужчыны пяшчотная жаночая рука з заручальным пярсцёнкам. І тады раптам зацямнела на імгненне нябеснае свяціла, сарамліва хаваючы іхні першы чысты пацалунак ад нядобрых вачэй тых, хто мае звычку бачыць ва ўсім толькі грахоўнасць.
Пазней, сцвярджае паданне, славуты асветнік намаляваў на сваім гербе сонца, якое цалуецца з месяцам, – знак сонечнага зацьмення і адначасова яго кахання. Калі верыць паданню, з Маргарытай доктар Скарына пазнаёміўся выпадкова и значна раней, чым з яе мужам, Юрыем Адвернікам. Потым ён ператварыўся ў сябра сям’і. А Адвернік стаў аднадумцам Скарыны і яго мецэнатам.
Калі ў 1521 годзе пасля некалькіх гадоў напружанай творчай працы ў Празе Францыск у чарговы раз прыехаў у Вільню, клопат пра яго побыт узялі на сябе Адвернікі. Юрый дапамог стварыць новую друкарню і, будучы членам гарадскога савета, усяляк абараняў свайго адукаванага сябра ад нападак тых, каму вельмі хацелася абвясціць Скарыну ераціком ці нават чарадзеем.
А Маргарыта… Маргарыта, пэўна, стала той музай, што натхняла асветніка на новыя працы. У 1522 годзе ў віленскай друкарні Скарыны нарадзілася «Малая падарожная кніжка», а ў 1525-м – славуты «Апостал».
Ці сталі каханкамі Францыск і Маргарыта? Хутчэй ўяўляецца такая карціна: двое закаханых глыбока затаілі свае пачуцці і рэўнасна сачылі, каб іх таямніца не была выкрыта.
Яны мужна і з гонарам неслі цяжар маўчання. І здарылася тое, чаго ніхто з іх не чакаў. У 1525 годзе захварэў і памёр Юрый Адвернік. Так доктар Скарына атрымаў ад нябёсаў права на асабістае шчасце з каханай жанчынай. Іхняе сямейнае жыццё не было доўгім, але кожны дзень яго быў напоўнены каханнем. Маргарыта, якая не мела дзяцей ад Адверніка, нарадзіла Скарыне дваіх сыноў. А летам 1530 года яе забраў мор…
Хутка трагічна загінуў і малодшы сын доктара Скарыны – Францыск. Ён згарэў у падпаленай нейкай нядобрай рукой друкарні.
Не маючы сіл заставацца больш у горадзе, дзе ён так моцна кахаў і перажыў такія цяжкія пакуты, Францыск пакінуў Вільню назаўжды. Апошнія гады жыцця ён правёў у Празе, дзе працаваў у якасці майстра садова-паркавага мастацтва пры каралеўскім двары.

 

 
Rambler's Top100Размещение рекламы на сайтеПроизводство сайта - Студия Компас
Использование материалов с сайта возможно только при условии размещения активной ссылки на сайт.