Видео реклама

 

Падзея

Тэхнакратычны цуд XVIII стагоддзя

Тэхнакратычны цуд XVIII стагоддзя

225 год назад было скончана будаўніцтва канала Агінскага.
Усё пачналася звычайна і непампезна. Нейкі старанны каморнік, вымяраючы целяханскія ўладанні, прыйшоў да думкі, што паміж рэкамі Шчарай і Ясельдай можна было б пракласці канал. Такiм чынам Рэч Паспалітая набыла б унікальны водны гандлёвы і пасажырскі шлях з Балтыйскага мора да Чорнага.
Ідэя падабалася варшаўскаму камісару Тадэвушу Нарбуту, уладанні якога былі на Піншчыне. Разам з пінскім падстарастай Бутрымам ён склаў першапачатковы праект будаўніцтва і даслаў на разгляданне ваяводзе віленскаму Міхалу Казіміру Агінскаму. У 1767 годзе Агінскі вылучыў на будаўніцтва канала ўласныя грошы. А ўжо ў наступным, 1768 годзе ідэю новага воднага шляха падтрымаў варшаўскі сейм. Ды гэта было і не дзіўна, бо менавіта ў гэтым годзе Агінскі стаў гетманам вялікім літоўскім. Тут жа шляхетныя лісліўцы вырашылі ўзвесці ў Вільні прыжыццёвы помнік гетману Агінскаму, які аказаўся «сапраўдным патрыётам Рэчы Паспалітай, чалавекам, які лепш за іншых разумее патрэбы Айчыны».
Гетман вялікі літоўскі Міхал Казімір Агінскі, безумоўна, патрыётам быў. Але ў значна большай ступені гетман быў эстэтам. Ён добра маляваў, пісаў вершы і музыку, віртуёзна іграў на кларнеце, арфе, скрыпцы, клавікордах. Атрымаўшы ў пасаг за жонкай Аляксандрай Чартарыйскай Слонімскую эканомію, ён стварыў у Слоніме оперны тэатр і капэлу, якія сталі лепшымі ў краіне. Князь Агінскі быў асобай вытанчанай, уразлівай, глыбока творчай. Грубыя забавы, у якіх бавілі час многія мужчыны таго часу, выклікалі ў яго агіду. Наўрад ці Агінскі, распачынаючы будаўніцтва славутага канала, разумеў у поўнай меры выгаду ад гэтай акцыі. Ён летуценна разважаў пра тое, як гэта будзе прыгожа, калі па Шчары ў самым цэнтры Слоніма паплывуць караблі…
Як гэта ні дзіўна, бліжэйшай памочніцай і паплечніцай Агінскага ў ажыццяўленні гэтага праекта стала яго сястра Ганарата. Брат даверыў ёй кіраваць будаўнічымі працамі, бо не мог сам весці нагляд за імі, а Ганарата была свабоднай ад іншых спраў. Яна вылучылася неапраўданай жорсткасцю ў дачыненні да работнікаў. Непасільнай працай загнала ў магілу не адну тысячу чалавек. Аднак задачу, пастаўленую перад ёю братам, Ганарата выканала. Дзесяцішлюзавы Вялікі канал даўжынёй 54 кіламетры быў адкрыты ў 1783 годзе. У 1784-м, калі па ім закурсіравалі першыя гандлёвыя судны, гетман у знак падзякі падараваў сястры прыгожы маёнтак недалёка ад Целяханаў, які перайменавалі ў Ганарацін. Аднак князёўна пражыла там зусім нядоўга. Яна памерла ўжо ў наступным 1785 годзе, як казалі, «ад суму па сапраўднай працы».
А рэальна працы яшчэ працягваліся да 1789 года. І толькі тады па канале з Балтыкі і з цёплага Чарнамор’я «хлынулі» праз усю Беларусь баржы, параходы, плыты. Па каналу сплаўлялі драўніну, везлі ў Еўропу зерне, мяхі, лён, мёд. Пінск, Целяханы і Слонім хутка ператварыліся ў салідныя прамысловыя цэнтры. Канал пачалі называць «цудам». І сапраўды, пасля яго ўзнікнення шлях ад Ясельды да Шчары стаў займаць у вандроўнікаў не больш трох дзён. Сваім каналам Агінскі не толькі ўзняў эканоміку рэгіёна, але і выратаваў Выгашчанскае возера. Яно было забалочаным і магло зусім абмялець. Канал даў возеру падпітку са Шчары.
У 1790 годзе англійскі міністр Піт пачаў перамовы з Агінскім, каб укласці капітал у канал. У Англіі была нават створана спецыяльная акцыянерная кампанія, якая атрымала дазвол на куплю маёнтка ў даліне Прыпяці. Але разгарнуць сваю дзейнасць і атрымаць прыбытак англічанам не ўдалося. Гэтаму перашкодзілі падзелы Рэчы Паспалітай. Неўзабаве кантраляваць рух па каналу пачаў урад Расійскай імперыі. Імператар Павел І адкупіўся ад брытанцаў казённымі грошамі і загадаў яшчэ больш удасканаліць унікальны водны шлях.
У 1801 годзе адбылося чарговае ўрачыстае адкрыццё канала. Удасканаленне дазволіла перавозіць па ім за год грузаў больш чым на паўтара мільёна рублёў.
Гідратэхнічныя збудаванні канала Агінскага былі разбураны падчас першай сусветнай вайны. Уздоўж канала ўзніклі кайзераўскія акопы, ашчэрыліся жалезабетонныя доты. Адноўлены ў 20-я гады, канал зноў пацярпеў у 1942 годзе. Аднаўляць судаходнасць канала Агінскага пасля вайны палічылі немэтазгодным. Чыгунка вырашала ўсе праблемы з перавозкай грузаў. Аднак ужо ў нашы часы было прынята рашэнне аднавіць канал як помнік гісторыі і выкарыстоўваць яго ў турыстычных мэтах.

 

 
Rambler's Top100Размещение рекламы на сайтеПроизводство сайта - Студия Компас
Использование материалов с сайта возможно только при условии размещения активной ссылки на сайт.