Видео реклама

 

Асоба

Мадам дэ Бар

Мадам дэ Бар

Дзяўчынка, якая пры хрышчанні атрымала імя Ганна Паўліна, убачыла свет у 1728 годзе ў сям’і князя Казіміра Сапегі, генерала літоўскай артылерыі, і яго жонкі Караліны Радзівіл. Аднак у дзесяцігадовым узросце яна страціла бацьку, а яшчэ праз два гады яе маці выйшла замуж у другі раз – за наваградскага ваяводу графа Юзэфа Аляксандра Ябланоўскага.
У айчыма Ганны Паўліны аказаліся велізарныя зямельныя ўладанні на Украіне і роднасныя сувязі з найвышэйшай французскай знаццю. Ябланоўскі часта і надоўга выязджаў у гасцінную для яго Францыю, ваяжы падабаліся маці Ганны Паўліны. Настолькі, што забыўшыся пра патрэбы дзяцей, – а акрамя дачкі ў Караліны было яшчэ двое сыноў, – княгіня пакідала іх адных у родавым маёнтку Ябланоўскіх. Ледзь падросшы, Ганна Паўліна ўзяла на свае плечы клопат пра братоў. А пасля і аб усім маёнтку.
Нават нам, сённяшнім, можа здацца па меншай меры дзіўнай сітуацыя, калі дзяўчынцы-падлетку цалкам давяраецца вядзенне ўсіх спраў у абшырных магнацкіх уладаннях. Але ж гэта факт, аб якім красамоўна сведчыць перапіска Ганны Паўліны з айчымам. З тэксту карэспандэнцыі зразумела, што юная падчарка атрымала ад айчыма ўсе правы распараджацца дзейнасцю аканомаў, якія мусілі па тых пытаннях, што патрабавалі адабрэння гаспадароў, звяртацца да Ганны Паўліны.
Аб чым жа сведчыць усё гэта? Па-першае, аб рэдкім аналітычным складзе розуму і здольнасці да кіравання, якія, усім на здзіўленне, праявіліся ў Ганны Паўліны ў такім юным узросце. А па-другое, аб надзвычай прагрэсіўным светапоглядзе Юзэфа Аляксандра, які даў падчарцы шырокую магчымасць развіць яе таленты, не пабаяўшыся аддаць для практычнага эксперыменту свае ўладанні.
Ябланоўскі вучыў падчарку дома, знайшоўшы для яе настаўнікаў матэматыкі, фізікі, хіміі, біялогіі, геаграфіі і эканамічных навук – тых прадметаў, якія ўвогуле не прынята было выкладаць паненкам. Вынікі такога навучання ўражвалі.
Тым не менш, нягледзячы на ўсе поспехі юнай князёўны Сапегі, яе лёс мусіў скласціся гэтаксама, як лёс соцень іншых шляхцянак: замужжа, дзеці, касцёл ды дазволеныя свецкія забавы. Айчым параіў падчарцы ў якасці мужа свайго кузена, удовага палкоўніка Яна Каэтана Ябланоўскага. Вяселле адбылося ў кастрычніку 1750 года. І пасля шлюбнага падарожжа па Еўропе Ганна Паўліна высветліла, што, нягледзячы на гучныя тытулы і папулярнасць яе сужэнца ў вышэйшым грамадстве, ён, а разам з ім і яна вымушаны балансаваць на мяжы беднасці. Усе маёнткі Яна Каэтана былі абцяжараны даўгамі, частка закладзена, а бровары ў прадмесцях Львова мясцовая адміністрацыя нават вызваліла ад падаткаў з-за таго, што яны былі амаль цалкам «знішчаны агнём і вадою».
Новая гаспадыня спачатку вырашыла, што гэткае становішча выклікана бясконцымі раз’ездамі мужа і неахайнасцю аканомаў. Але потым са здзіўленнем даведалася, што назірае вынік абыякавасці мужа, які не здолеў прывесці маёнткі ў парадак пасля крывавых падзей 30-х гадоў. Караля ў краіне тады фактычна не было, аб кароне Рэчы Паспалітай спрачаліся Ляшчынскі і Фрыдрых Аўгуст, а іхнія прыхільнікі ўсяляк дэманстравалі адны перад аднымі сваю баявую моц. Вынікам гэтага стала разрабаваная маёмасць, спаленыя маёнткі, загінуўшыя сяляне.
З тых часоў прайшло больш за дзесяць гадоў. Магнаты, што пацярпелі ад дзеянняў палітычных супернікаў, зноў адбудаваліся і зажылі ў дастатку. І толькі ганарысты муж Ганны Паўліны не здолеў нават за такі працяглы час аднавіць сваю гаспадарку.
Ганна Паўліна ўзялася за няўдзячную і цяжкую працу па аднаўленні маёнткавай гаспадаркі. Вось дзе карыснымі аказаліся тыя навыкі і веды, якія набыла яна да замужжа. Мала-памалу пані Ябланоўская выплачвала пазыкі, выкупала закладзеныя маёнткі і працягвала на практыцы вывучаць законы эканомікі, праводзячы эксперыменты. З мужам сустракалася зрэдку. Верагодна, па ўзаемнай дамоўленасці кожны жыў так, як хацеў, і не перашкаджаў іншаму.
Апошні раз Ябланоўская пабачылася з Янам Каэтанам у 1764 годзе ў Астрогу, дзе ён памёр на яе руках. Трыццацішасцігадовая бяздзетная ўдава стала адзінай і паўнапраўнай гаспадыняй адзінаццаці мястэчак, ста сямі вёсак, дваццаці чатырох фальваркаў.
Гэта быў вельмі неспакойны ў палітычным сэнсе час. Кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, стаўленнік і былы каханак расійскай імператрыцы Кацярыны ІІ, цалкам падпаўшы пад яе ўплыў, выступаў правадніком усіх яе ідэй. І ва ўласнай краіне паводзіў сябе, на думку большасці сваіх падданых, не як кароль, а як здраднік.
Абараняючы шляхетныя вольнасці і прывілеі каталіцкай царквы, польскае дваранства, да якога далучыўся шэраг беларускіх і ўкраінскіх магнатаў-католікаў, у 1768 годзе ў мястэчку Бар заснавала канфедэрацыю, узброены палітычны саюз. Жаданнем усіх членаў Барскай канфедэрацыі было вызваленне краіны ад уплыву расійскага царызму. Але наконт таго, якім спосабам гэта трэба рабіць, погляды разыходзіліся. Адны лічылі, што трэба акружыць караля вернымі дарадчыкамі з ліку патрыётаў Рэчы Паспалітай. Іншыя схіляліся да думкі, што дзяржаве патрэбны больш ініцыятыўны і менш залежны ад меркаванняў суседзяў манарх, яны патрабавалі пазбавіць Станіслава Аўгуста кароны.
Менавіта да апошніх і далучылася Ганна Паўліна. Сярод канфедэратаў яна сустрэла многа землякоў, знаёмых і нават сваякоў, прычым такіх, якія мелі ў гэтым лагеры аўтарытэт.
Нечакана для ўсіх у канфедэрацкіх шэрагах аказалася нямала жанчын. Частка з іх суправаджала сваіх мужоў, іншыя падтрымлівалі барацьбітаў фінансава, дасылалі лекі і корпію. А вось Ганна Паўліна не толькі ахвяравала грошы, але і сама прыняла актыўны ўдзел у дзейнасці канфедэрацыі. Узяла на сябе вялікую і вельмі адказную працу: пошукі тых, хто можа дапамагчы фінансава ці ў якой-небудзь іншай форме. А таксама наладзіла ліставанне з гэтымі асобамі. Больш таго, менавіта яна, жанчына, пачала раіць паплечнікам-мужчынам, што пры фарміраванні атрадаў сялян трэба набіраць не неабстраляных юнакоў, а людзей, якія ўмеюць карыстацца як халоднай, так і агнястрэльнай зброяй, хто мае вайсковы вопыт. Між іншым сама накіравала ў Бар 60 узброеных і экіпіраваных салдат.
За мяжой яе называлі мадам дэ Бар – пані Барскай канфедэрацыі. Яна лічылася ледзь не сімвалам гэтага саюзу. У 1769 годзе Ябланоўская накіравалася ў якасці пасла канфедэратаў у замежны ваяж. Наведала Венецыю, Рым, Неапаль, Парыж, Амстэрдам. Усюды шукала падтрымку таварышам па зброі. Але далёка не заўжды дыпламатычная дзейнасць аказвалася паспяховай. Расчаравала і да глыбіні душы ўразіла Ганну Паўліну, напрыклад, сустрэча з аўстрыйскай імператрыцай Марыяй Тэрэзай, ад якой пачула толькі пустыя, фармальныя словы спачування Польшчы. А вось наведванне Англіі ў красавіку-чэрвені 1771 года выклікала зусім іншыя пачуцці. У лісце, які Ябланоўская накіравала айчыму, яна з захапленнем пісала: «Англія пра нашу вольнасць спявае. Палякі ў іх у найвышэйшым гонары».
Між тым становішча на радзіме значна пагоршылася. Канфедэраты выйгралі некалькі бітваў з расійскімі і каралеўскімі войскамі, але пацярпелі таксама шмат паражэнняў. Адно з самых вялікіх адбылося на беларускай зямлі. Каля вёскі Сталовічы ля Баранавіч расійскае войска на чале з Суворавым 12 верасня 1771 года разбіла атрад гетмана вялікага літоўскага Міхала Казіміра Агінскага.
Ганна Паўліна вярнулася ў Рэч Паспалітую якраз у той час, калі расійскія войскі ўсё больш і больш захаплялі ініцыятыву на тэатры ваенных дзеянняў. Многія канфедэраты загінулі ў баях, нямала іх трапіла ў палон. Урэшце з Барскай канфедэрацыяй было скончана. А потым адбылася сумна вядомая гістарычная падзея. Па прапанове прускага караля Фрыдрыха ІІ 5 жніўня 1772 года ў Санкт-Пецярбургу была падпісана канвенцыя аб падзеле Рэчы Паспалітай паміж Прусіяй, Расіяй і Аўстрыяй.
Ябланоўская была ўражана, але трагедыя радзімы не прымусіла яе бязвольна апусціць рукі. Вясной 1773 года Ганна Паўліна арганізоўвала зрывы мясцовых сеймікаў, на якіх павінны былі выбіраць дэпутатаў на раздзяляльны вольны (усеагульны) сейм. Выказвала вялікую зацікаўленасць палітычнымі саюзамі, якія ўзнікалі як у Рэчы Паспалітай, так і за яе межамі. Вяла неверагоднае па колькасці пісьмаў ліставанне з палітычнымі дзеячамі, фінансуючы паштовых кур’ераў, асабліва тых, хто дастаўляў яе лісты да адрасатаў, што знаходзіліся за мяжой.
Зрэшты, займаючыся ўсур’ёз справамі палітыкі, Ганна Паўліна не забывала клапаціцца і пра свае маёнткі. Таму нават у самыя цяжкія гады яны прыносілі ёй пастаянны прыбытак. Ганна Паўліна рашылася на такое прагрэсіўнае новаўвядзенне, як зацвярджэнне за сваімі сялянамі права карыстацца зямельнымі надзеламі ў форме пяцідзесяцігадовай арэнды. Ператварыўшыся ў арандатараў, прыгонныя мусілі аддаваць гаспадыні пэўны, агавораны ў дамове, працэнт ад усяго, что вырасцілі на зямлі. Таму і ім, і ёй было выгадна, каб ураджай быў багаты.
Ябланоўская абмежавала час, які сяляне мусілі праводзіць на яе ўласных лугах і палях, а таксама звузіла кола павіннасцяў прыгонных. Нават гэтыя, названыя даследчыкамі пазнейшых часоў «палавінчатымі», рэформы Ганны Паўліны прывялі да выдатных вынікаў. Сяляне сталі працаваць ахвотней. Прыбытак гаспадыні значна ўзрос.
Каб дапамагчы сялянам-арандатарам, а таксама сваім аканомам правільна арганізаваць работу, Ганна Паўліна вырашыла падзяліцца з імі сваімі эканамічнымі ведамі. І яна ўзялася за пяро. Першай працай, напісанай Ябланоўскай, стала «Кніга для аканома фальварка Скамароўскага», якую пазней, у 1777 годзе, яна выдала ў перакладзе на нямецкую мову ў Гданьску. Пасля з’явіўся аб’ёмісты шматтомны эканамічны трактат «Усеагульныя пастановы для кіраўнікоў маіх маёнткаў». Гэты твор, вынік плённай працы не аднаго года, аўтарка выдавала асобнымі часткамі на працягу 1783–1785 гадоў ва ўласнай друкарні ў маёнтку Сямяцічы на Брэстчыне.
У трактаце ў папулярнай форме выкладаўся ўвесь практычны вопыт гаспадарання «пані на Сямяцічах і Коцку». Пералічваючы свае новаўвядзенні, Ганна Паўліна падрабязна тлумачыць, навошта яны зроблены. У сваіх кнігах аўтарка катэгарычна выступае супраць прымянення жорсткіх мер пакарання сялян, асуджае хабарніцтва з боку аканомаў, абараняе інтарэсы ўдоў, сірот і старых.
Эканамічная праца Ябланоўскай выклікала вялікую цікавасць у краіне. Вельмі хутка яе перадрукавалі ў Варшаве, і шырокія колы даведаліся пра новую іпастась мадам дэ Бар.
Маючы клопат пра паляпшэнне быту сялян такі ж моцны, як і клопат пра ўласны прыбытак, Ябланоўская ў сваіх вёсках і мястэчках будавала млыны, вінакурні, невялікія ткацкія фабрыкі і фабрыкі па вытворчасці фаянсу і фарфору. Пабудавала дом акушэрак (раддом) для сялянак і адкрыла акушэрскую школу пры ім. Заснавала і матэрыяльна падтрымлівала некалькі пачатковых школ. Для самотных састарэлых сялян пабудавала багадзельню. І ўсе гэтыя дабрачынныя ўстановы ўтрымліваліся за яе кошт. Адначасова з тым Ябланоўская дапамагала матэрыяльна многім былым паплечнікам-канфедэратам з тых, хто не меў у эміграцыі сродкаў для існавання.
Апошні ўсплеск палітычнай актыўнасці мадам дэ Бар прыйшоўся на 1794 год, калі на землях Рэчы Паспалітай успыхнула паўстанне Тадэвуша Касцюшкі, прычынай якога паслужыў другі падзел Рэчы Паспалітай паміж Прусіяй і Расіяй. Ябланоўская падтрымала паўстанцаў. Яна давала грошы на зброю і экіпіроўку, дапамагала параненым, забяспечвала атрады харчаваннем і лекамі, бялізнай. Пасля таго як паўстанне было падаўлена сумеснымі намаганнямі Расіі, Прусіі і Аўстрыі, а Станіслаў Аўгуст Панятоўскі адмовіўся ад кароны, Ганна Паўліна перабралася ў свае заходнееўрапейскія маёнткі. У 1800 годзе яна памерла ў Астрогу ва ўзросце сямідзесяці двух гадоў. Бліскучы эканаміст і рашучы палітык, Ганна Паўліна ўвайшла ў гісторыю як адна з самых яркіх асоб XVIII стагоддзя.

Теги: архив  асоба  
 

 
Rambler's Top100Размещение рекламы на сайтеПроизводство сайта - Студия Компас
Использование материалов с сайта возможно только при условии размещения активной ссылки на сайт.