Видео реклама

 

Падзея

Выбух у царскім поездзе

Выбух у царскім поездзе

19 лістапада 1879 года, 130 гадоў назад, тэрарысты наладзілі выбух на шляху следавання поезда імператара Аляксандра II з Лівадыі ў Маскву. Замах атрымаўся няўдалым, цар уцалеў. Але быў узарваны вагон, у якім ехала царская світа, загінула мноства ні ў чым не павінных людзей – слуг, павароў, медыкаў. Рэльсы і шпалы былі залітыя крывёй, шматкі чалавечых целаў раскідалiся па наваколлі.
Імператар, які да гэтага ўжо перажыў чатыры замахі на сваё жыццё і добра ведаў, што рэвалюцыйная арганізацыя «Народная воля» завочна асудзіла яго на смерць, упаў духам, стаў рыхтавацца да немінуемага і складаць абшырныя тэстаменты. 1 сакавіка 1881 года ў выніку шостага замаха Аляксандр II загінуў. Народавольцы, якія выканалі свой прысуд, скончылі жыццё хто на шыбеніцы, хто ў турэмных казематах, а хто і на катарзе.
Гісторыкі, якія звяртаюцца да гэтых драматычных падзей, не маюць адзінага меркавання наконт таго, хто тут сапраўды з’яўляецца ахвярай: цар альбо рэвалюцыянеры. Дзіўна, але мы нават праз 130 гадоў не можам пазбавіцца ад эмацыянальнасці ў выкладанні і ацэнцы таго, што адбылося. Нібыта дзве праўды і да нашых часоў балансуюць на чашках шаляў усясветнай справядлівасці, і ніводная з іх не можа перавесіць…
Рэвалюцыйная арганізацыя «Народная воля» узнікла на абломках іншай арганізацыі «Зямля і воля» у 1879 годзе. Цэнтр кіравання «Народнай волі» быў у Пецярбургу, але амаль усе кіраўнікі паходзілі з Украіны або Беларусі. Найбольш харызматычнай асобай з іх ліку быў сын прыгоннага селяніна з-пад Феадосіі Андрэй Жэлябаў. Атрымаўшы пасля адмены Аляксандрам II прыгоннага права магчымасць вучыцца, ён з срэбраным медалём скончыў гімназію ў Керчы, заснаваную тым самым імператарам, віноўнікам гібелі якога стаў у далейшым. Без цяжкасцяў паступіў на юрыдычны факультэт Наварасійскага універсітэта ў Адэсе. Аднак усе магчымасці далейшай кар’еры, дадзеныя яму і такім, як ён, указамі імператара, на здзіўленне, не зрабілі Жэлябава прыхільнікам самаўладдзя. З універсітэта яго выгналі. У выніку студэнт Жэлябаў стаў прафесійным рэвалюцыянерам.
Ідэі і дзейнасць Жэлябава цалкам падтрымала дачка генерала Пяроўскага Соф’я. Шляхцянка закахалася ў мужнага і самаадданага сялянскага сына і стала яго жонкай і бліжэйшым паплечнікам. Жэлябаў і Пяроўская адразу вылучылі накірунак – выбарчы тэрор. Спачатку вылучалі кандыдатуры найбольш уплывовых прадстаўнікоў самаўладдзя і дасылалі да іх забойцаў з ліку членаў «Народнай волі». З часам стала зразумела, што нож або пісталет – неэфектыўныя, бо змоўшчыкі мелі вельмі мала шанцаў уратавацца. Найбольш падыходзілі бомбы. Гэтак на першы план выйшлі геніяльны «хімік», вынаходнік Мікалай Кібальчыч, ураджэнец Чарнігаўскай вобласці, і выпускнік Магілёўскай гімназіі Рыгор Ісаеў. Яны наладзілі працу падпольнай дынамітнай майстэрні на пецярбуржскай кватэры, знятай маладой мазырскай яўрэйкай Гесяй Гельфман. Сярод тых, хто рыхтаваў сябе да выканання прысуду, аказаліся жаніх Гесі, студэнт Мікалай Рысакоў, і іншы студэнт – беларус Ігнацiй Грынявіцкі. Папулярнасць ідэй народавольцаў у асяроддзі разначынскай моладзі Беларусі тлумачылася нядаўнім падаўленнем паўстання Кастуся Каліноўскага і ўрадавымі акцыямі па зжыванню беларускай, а таксама польскай моў. Да таго ж сталi адчувальны ўціск каталіцтва і настойлівая папулярызацыя праваслаўя. Крыўд накапілася шмат, выйсцем бачыўся толькі шэраг тэрактаў і забойства цара.
А між іншым, цар не быў такой ужо злоснай, змрочнай фігурай, якая бачылася адважным змоўшчыкам. Гэта быў у вышэйшай ступені адукаваны і тонка адчуваючы чалавек. Яго настаўнікам быў паэт Жукоўскі, які неаднаразова выказваўся, што для Аляксандра было б лепш, каб ён нарадзіўся не наследнікам прастола. Царэвіч сапраўды, здаецца, быў створаны для рамантычных летуценняў і дабрачынных спраў. І ўпершыню гэта стала вядома яго абкружэнню пасля таго, як пад час вандровак па Еўропе ў 1838 годзе малады спадчыннік расійскага прастола раптам выказаў упартае жаданне ажаніцца з прынцэсай Марыяй Гесенскай. Прынцэса была зусім непадыходзячай кандыдатурай на ролю расійскай імператрыцы. Маці Марыі нарадзіла яе не ад мужа, але, не жадаючы скандалу, прынц Гесенскі прызнаў дзіця сваім. Аднак Аляксандр настаяў на сваім, заявіўшы, што «усё жыццё марыў толькі пра Марыю» і што «не ажэніцца ні з кім іншым». Шчаслівае завяршэнне супрацьстаяння Аляксандра са сваім бацькам Мікалаем II прыпала на 16 красавіка 1841 года. У гэты дзень царэвіч абвянчаўся з каханай.
Лічачы палітыку свайго бацькі занадта жорсткай, Аляксандр, прыйшоўшы да ўлады ў 1856 годзе, стаў прапаведаваць лібералізм і гуманізм. Ужо ў дзень сваёй каранацыі ён спецыяльным указам амністыраваў дзекабрыстаў, дараваў волю петрашэўцам і ўдзельнікам Вызвольнага паўстання ў Польшчы і на Беларусі 1830–1831 гадоў. Таксама на тры гады былi прыпыненыя рэкруцкія наборы, спісаны недаімкі. З першага ж года кіравання дзяржавай Аляксандр II стварыў і ўзначаліў Асобы сакрэтны камітэт «для разгляду прапаноў пра прыгоннае права». Проста праблема гэтая ў Расіі была такой застарэлай, што вырашыць яе без ахвяр аказалася немагчымым. У выніку ні памешчыкі, ні сяляне не ацанілі гуманістычных намаганняў цара. Першыя адчулі сабе бездапаможна: без працы прыгонных сялян многія з іх страцілі сваё незавісімае эканамічнае становішча – працаваць і зарабляць уласнай працай паны па большасці сваёй не навучыліся. Гэтаксама, як многія сяляне так і не навучыліся самі клапаціцца пра сябе. Іх вызвалілі без зямлі, аднак у сялян з’явілася адразу некалькі магчымасцяў атрымаць уласны зямельны надзел – зарабіць грошай і выкупіць у пана альбо, напрыклад, адклікнуцца на дзяржаўную акцыю перасялення сялян на паўднёвыя землі і пустэчныя землі Сібіры. Толькi сялянства разгубілася, масава кінулася ў горад, дзе ўладкоўваліся на заводы, праклінаючы «царскі ўказ», які пазбавіў іх асалоды працаваць на зямлі.
Аляксандр II марыў пра сучасную, цывілізаваную, але моцную і абшырную Расію. Менавіта таму ён не мог дазволіць паўстанцам Каліноўскага адарваць ад імперыі яе вялікую частку. Можна спрачацца пра тое, наколькі апраўданымі былі жорсткасці, якія адбыліся па ўказу генерала Мураўёва, дасланага на Беларусь царом падаўляць паўстанне. Хутчэй за ўсё Аляксандру не ўдалося захаваць баланс паміж цвёрдасцю і непахіснасцю ў пытаннях тэрытарыяльнай цэласнасці Расіі і лібералізмам у знешняй палітыцы.
Яшчэ больш незадавальненняў сярод падданых Аляксандра II выклікала рашэнне цара прыйсці на дапамогу адзінаверцам-балгарам, якіх вынішчалі туркі. Апошнія свае спадзяванні яны ўскладалі на Расію, магутную, моцную, адзіную, здольную супрацьстаяць Асманскай імперыі. Аляксандр, ідэаліст і рамантык, не мог застацца раўнадушным. Аднак вайна не была вясёлым паходам. Шмат крыві было праліта пад час балканскіх падзей. Імператар, які ўласна прымаў удзел у ваенных дзеяннях, быў уражаны да глыбіні душы. «О, Госпадзі, дапамажы нам і спыні гэтую жудасную вайну ў славу Расіі і на дабро хрысціянства», – пісаў ён з фронта фрэйліне Кацярыне Даўгарукай, якая з некаторага часу стала яго самым бескарыслівым і верным сябрам.
Гісторыі ўзаемаадносін Аляксандра II і Кацярыны Даўгарукай прысвечана немала кніг, карцін і нават знята кіно. Маладзейшая за цара на трыццаць гадоў юная князёўна скарыла яго цэльнасцю сваёй натуры і самаадданасцю. У гэты час жонка Аляксандра II была ўжо вельмі хворай састарэлай жанчынай. Рамантыка першых пачуццяў да гесенскай прынцэсы прайшла на здзіўленне хутка. Аляксандр заўважыў, што памыліўся ў сваім выбары спадарожніцы жыцця, ужо праз некалькі гадоў сужэнства. Марыя Гесенская вельмі хутка ператварылася з харошанькай дзяўчынкі ў сумную кабету без палёта фантазіі і жадання новых уражанняў. Яе цікавілі толькі дзеці. Але Аляксандр цярпліва нёс свой крыж, амаль ужо перастаўшы думаць пра магчымасць асабістага чалавечага шчасця і гармоніі сужэнства. Сустрэча з юнай Кацярынай змяніла імператара, ператварыўшы яго ў шчаслівага закаханага чалавека. Трое дзяцей нарадзіліся ад гэтага кахання. Цар даў слова князёўне Даўгарукай, што зробіць яе сваёй законнай жонкай пасля смерці Марыі Гесенскай. Смерць жа імператрыцы ўжо прадбачылі многія – у яе былі сухоты.
Увайшоўшы ў гісторыю як абаронца хрысціянства і пераможца ў Балканскай вайне і раптам нечакана сутыкнуўшыся са стойкай нянавісцю да сябе з боку народавольцаў, Аляксандр вырашыў адмовіцца ад прастола і, абвянчаўшыся ў 1880 годзе пасля смерці жонкі з каханай жанчынай, стаў рыхтаваць да праўлення свайго старэйшага сына.
Новы замах народавольцаў перашкодзіў здзяйсненню гэтых планаў. 1 сакавіка 1881 года Мікалай Рысакоў кінуў бомбу ў карэту Аляксандра. Браніраваная карэта выратавала цара, але цяжка параненым аказаўся рамізнік. Пачуўшы яго стогны, Аляксандр адчыніў дзверцу, каб дапамагчы пакутніку, і тады другая бомба, кінутая Ігнацем Грынявіцкім, давяршыла справу.
Кажуць, цара яшчэ можна было выратаваць, бо бомба толькі раздрабіла яму ногі. З такім раненнем людзі выжывалі і пад час Каўказскай, і пад час Балканскай войнаў, толькі ногі трэба было тэрмінова ампутаваць. А вось гэтага зрабіць ніхто і не рашыўся, бесталковыя царадворцы нават не здолелі накласці жгуты. У выніку Аляксандр II памёр ва ўласным палацы на руках у вернай Кацярыны ад кровазгубы.
Яна не адыходзіла ад цела свайго венцаноснага мужа да самага пахавання, усё гладзіла яго лоб і цалавала. А пасля засумавала на ўсё жыццё і пакінула Расію. Кацярына Даўгарукая захавала вернасць сваёй любові, у жыцці яе больш не было мужчын. Памерла яна ў Ніцы 15 лютага 1922 года.
Гібель Аляксандра II адазвалася яшчэ дзвюма жаночымі трагедыямі. Арганізатарка апошняга замаху Соф’я Пяроўская, вытанчаная і шляхетная жанчына, узышла разам са сваім мужам, Кібальчычам і Рысаковым (Грынявіцкі загінуў пад час замаху) на шыбеніцу. Яна стала першай жанчынай, пакаранай смерцю ў Расіі па палітычнай справе.
Але такіх магло быць і дзве адразу. Бо Геся Гельфман таксама была асуджана да смяротнага пакарання. Ёй далі толькі адтэрміноўку ў сувязі з цяжарнасцю і мусілі катаваць адразу пасля нараджэння дзіцяці. Аднак калі шырокая грамадскасць стала выступаць з пратэстамі і гнеўнымі абвінавачваннямі ў адраз суддзяў, Геся раптам памерла ў турме. Праз некалькі дзён пасля народзін. Ад заражэння крыві. Смерць яе выглядала вельмі падазрона. Гэтаксама, як і смерць у Шлісельбургскай крэпасці народавольца Рыгора Ісаева.
«О, часы! О, норавы!»

Теги: архив  падзея  
 

 
Rambler's Top100Размещение рекламы на сайтеПроизводство сайта - Студия Компас
Использование материалов с сайта возможно только при условии размещения активной ссылки на сайт.