Видео реклама

 

Сведкi часу

«Меншыкаў у Бярозаве»

«Меншыкаў у Бярозаве»

У 1883 годзе вялікі расійскі мастак В. Сурыкаў скончыў працу над чарговай карцінай на сюжэт з расійскай гісторыі. На гэты раз ён звярнуўся да постаці неадназначнай – пятроўскага любімца Аляксандра Меншыкава, вяликага царадворца і авантурыста, які быў фактычна другой асобай у краіне пры жыцці Пятра І і Кацярыны І і які, страціўшы ўсё пасля іх смерці, скончыў дні свае ў сібірскай ссылцы.
Карціна выяўляе сумнага Меншыкава ў абкружэнні сваіх дзяцей у простай, груба зрубленай хаце. Ён адчувае ўжо свой хуткі скон і задумваецца пра лёс дачок-нявест і сына-падлетка, якія вымушаны былі падзяліць лёс апальнага бацькі. Кожную фігуру мастак прадумваў доўга, рабіў шмат накідак, шукаў жывых людзей, якія знешне былі б падобнымі на рэальных Меншыкавых, апранаў іх у гістарычныя касцюмы і прымушаў падоўгу пазіраваць. Адну з дачок Меншыкава, Марыю, па просьбе Сурыкава выяўляла яго ўласная жонка. Пазіраванне вельмі цяжарыла жанчыну. Ведаючы пра нешчаслівы лёс Марыі Меншыкавай, жонка мастака лічыла дрэнным знакам тое, што на парсуне Меншыкава атрымае яе аблічча. І сапраўды, вельмі хутка пасля заканчэння карціны Сурыкава памірае ад сухотаў. У роспачы мастак ледзь не знішчыў свой твор, але сябры заўпэўнілі яго ў неабходнасці захаваць работу, хаця б дзеля таго, каб наступнікі маглі зазірнуць у сумныя вочы жонкі мастака, скіраваныя проста на іх.
І сапраўды, вочы Марыі Меншыкавай на карціне – бадай што самае ўражваючае. Яна зябка хутаецца ў цяжкую шубу, здаецца, ўжо на самай мяжы паміж светам жывых і мёртвых, вымушаючы нас задумвацца пра хуткацечнасць усяго зямнога і недасяжнасць нябеснага.
Якой жа на самой справе была дачка вялікага фаварыта Аляксандра Меншыкава – Марыя? Мы цалкам можам лічыць яе сваёй зямлячкай, бо, згодна пэўным гістарычным звесткам, дзед яе Даніла Меншык трапіў на Русь «з Літвы» падчас руска-польскай вайны 1664 года. Тут ён, католік, змяніў веру, выправіў прозвішча на рускі манер, ажаніўся і паступіў на службу да цара.
Дарэчы, сам Аляксандр Меншыкаў не адмаўляў, а наадварот, паўсюль падкрэсліваў сваё літвінскае паходжанне. Але яму хацелася быць не проста літвінам, а нашчадкам каго-небудзь з высокародных. І ў гэтым памкненні ён настолькі «перабаршчыў», што многія палічылі не вартым веры нічога з таго, што Меншыкаў казаў пра сваіх продкаў.
Сапраўды, генеалагічная табліца, зробленая па заказу гэтага хітрага царадворца, абсурдна. Сучаснікі-іншаземцы ўсе як адзін сцвярджаюць, што Меншыкаў быў вельмі нязнатнага паходжання. Але пры ўсім гэтым у снежні 1707 года з’езд літоўскай шляхты складае дакумент, у якім 46 даволі ўплывовых нашых суайчыннікаў засведчваюць, што «Аляксандр Меншык нашай айчыны княства Літоўскага сын» і пры тым шляхетнага паходжання.
«Шляхетнае» паходжанне дапамагло ў далейшым Меншыкаву заключыць шлюб з прадстаўніцай старажытнага баярскага роду Дар’ей Арсенневай, што ўжо канчаткова замацавала яго становішча сярод расійскай знаці. Становішча Меншыкава мусіла зрабіць яго дачок жаданымі нявестамі. Так і здарылася. Старэйшую, прыгажуню і разумніцу Марыю, кічлівы бацька рыхтаваў да шлюба з магутным ліцвінскім магнатам, маладым князем Сапегай, які з’явіўся пры расійскім двары пасля смерці Пятра І і вельмі хутка галантнасцю і вострым розумам скарыў імператрыцу Кацярыну І. Меншыкаў паспяшаўся скласці шлюбны кантракт з князем, аднак цішком трымаў для дачкі нешта яшчэ больш ганаровае. Ён абдумваў план зрабіць Марыю царыцай. Але тут было ўсё так няпэўна, што даводзілася трымаць «пра запас» варыянт з Сапегам.
Для дасягнення сваёй высокай мэты Меншыкаў зрабіў усё магчымае, каб Кацярына І, якая заўжды давярала яму, абвясціла сваім пераемнікам у абыход правоў уласных дачок хлопчыка-князя Пятра Аляксеевіча, сына пакаранага Пятром І царэвіча Аляксея. Потым хітры царадворац настаяў на запісе ў завяшчанні імператрыцы наступнага пункта: «зрабіць усё магчымае, каб уладкаваць шлюб паміж Пятром II і адною з дачок Меншыкава».
Між тым тэрмін жаніхоўства Сапегі сканчваўся. Заставалася літаральна некалькі месяцаў да вянчання. І тут памірае імператрыца. Царом становіцца юны Пётр II, рэгентам – Меншыкаў. Шлюбны дагавор з Сапегам імгненна скасоўваецца, і Марыя Аляксандраўна абвяшчаецца царскай нявестай.
Гэта было нечаканым для ўсіх. Дванаццацігадовы Пётр II, якому прапанавалі шаснаццацігадовую дзяўчыну, пачынае ненавідзець свайго рэгента. Ён саромеецца занадта дарослай нявесты, яна яму не падабаецца. Але Меншыкаў, здаецца, не хоча заўважаць гэтага.
Значна больш хвалюе яго стан дачкі, якая таксама не жадае рабіцца царыцай і шчыра шкадуе аб тым, што Сапега лёгка змірыўся са стратай нявесты. На думку Меншыкава, у гэткай сітуацыі варта паспяшацца з вянчаннем. І вось рэгент абвяшчае цара паўналетнім. Аднак ён не ўлічвае таго, што гэтым фактычна адхіляе сябе ад кіравання дзяржавай.
Пётр II, як толькі зразумеў, што ўлада рэгента над ім скончылася, паспяшаў адпомсціць нахабнаму Меншыкаву за ўсё.
Афіцыйных абвінавачванняў, каб змясціць Меншыкава, шукаць было не трэба: Аляксандр Данілавіч заўжды смела запускаў руку ў царскую казну. царскі суд прыняў рашэнне аб ссылцы яшчэ нядаўна амаль усемагутнага фаварыта ў ссылку. Апынулася ў ссылцы і царская нявеста, цяпер ужо былая. Перад ад’ездам з пальца Марыі прылюдна знялі заручальны пярсцёнак.
Страціўшы зрок ад нервовага ўражання, не даехаўшы да Бярозава, сканала жонка Меншыкава. Добрым анёлам бацькі ў ссылцы стала Марыя.
Ёсць сведчанні, што Меншыкаў вельмі мужна пераносіў сваё няшчасце. Ён стаў філосафам, адпусціў бараду і ўсё прападаў на будоўлі царквы, якую ўзводзіў пры дапамозе дзесяці слуг, якіх яму дазволілі трымаць на грошы, прызначаныя ў якасці ўтрымання (10 рублёў у дзень). У сваёй царкве Аляксандр Данілавіч служыў адну за адной памінальныя службы па памёрлай жонцы, падчас якіх выконваў абавязкі дыякана і прычэтніка.
Жыццё Марыі было бескаляровым і аднастайным: слуханне пропаведзяў, якія чытаў кожны дзень пасля абедні бацька, чытанне Бібліі, рукадзелле ды начное прыслухоўванне да завыванняў ветру за вакном. Каб адагнаць сум, яна ўзялася запісваць за бацькам яго ўспаміны. Да работы далучыліся брат і сястра, Аляксандр і Аляксандра. Дзеці Меншыкава разлічвалі на тое, што калі-небудзь людзей зацікавіць складаная, поўная нечаканасцяў, узлётаў і падзенняў, біяграфія бацькі. На жаль, каштоўны манускрыпт да нас не дайшоў.
Час цягнуўся бясконца. Марыя думала, што ў Маскве і Пецярбургу ўжо забыліся пра бліскучую царскую нявесту. Але яна памылялася.
Аднойчы ў Бярозаве таемна з’явіўся малады сімпатычны Фёдар Даўгарукі. Ён быў членам вялікага сямейства цяперашніх сяброў Пятра II. Даўгарукавы былі ў фаворы, і Фёдар мог разлічваць на любую нявесту. Але ён не мог забыцца пра прыгажосць Марыі Аляксандраўны, якая некалі ўразіла яго. Тады малады чалавек не мог прызнацца ў каханні. Але цяпер, калі чаша шаляў схілілася на бок сям’і, ён рызыкнуў прасіць узаемнасці ў прыгажуні.
Меншыкаў, у якога з’явілася надзея вярнуць з ссылкі хаця б любімую сваю дачку, стаў угаворваць Марыю згадзіцца на шлюб з Фёдарам Даўгарукім. Ды і сама дзяўчына, уражаная такім учынкам, не магла не адказаць яму ўзаемнасцю. Таемны шлюб здзейсніўся ноччу ў царкве, пабудаванай Меншыкавым.
Даўгарукаў праз дзень паехаў назад, каб выпрасіць у цара дазвол для Марыі Аляксандраўны вярнуцца ў Маскву. Са страхам і спадзяваннем чакала таемная жонка вестак. А іх усё не было. Неўзабаве Марыя адчула, што стане маці. Бацька, брат і сястра – усе вельмі бераглі яе спакой. Але лёс аказаўся жорсткім да прыгажуні. Яна памерла ў 1729 годзе падчас родаў, бо не знайшлося спавівальнай бабкі, каб дапамагчы ёй. Двое немаўлятаў, з’яўленне якіх на свет каштавала жыцця няшчаснай Марыі, таксама пражылі нядоўга.
Пасівелы за адзін дзень Меншыкаў сваімі рукамі зрабіў тры труны, сам пахаваў васемнаццацігадовую дачку, паклаўшы на яе труну дзве маленькія дзіцячыя.
Ён ненашмат перажыў любімую дачку, паследаваў за ёю праз некалькі месяцаў, у кастрычніку 1729 года. У апошнія дні амаль нічога не еў і ўсё ўспамінаў Машаньку.
А літаральна праз год Даўгарукія таксама трапілі ў Бярозава, бо Пётр II памёр, а да ўлады прыйшла помслівая Ганна Іаанаўна.
Сястра і брат Марыі Меншыкавай усё ж атрымалі права вярнуцца. Дачаснікам спатрэбіліся грошы Аляксандра Данілавіча, якія калісьці былі ім пакладзены ў Лонданскі і Амстэрдамскі банкі і якія банкіры згаджаліся вярнуць толькі нашчадкам Меншыкава.
З мэтай атрымаць гэтыя багацці фаварыт Ганны Іаанаўны Бірон ажаніў свайго брата Гюстава з Аляксандрай Меншыкавай. Грошы з Лондана і Амстэрдама падзялілі Ганна Іаанаўна і браты Біроны. Сын Меншыкава не атрымаў нічога, акрамя чына паручніка Праабражэнскага палка…

 

 
Rambler's Top100Размещение рекламы на сайтеПроизводство сайта - Студия Компас
Использование материалов с сайта возможно только при условии размещения активной ссылки на сайт.