Видео реклама

 

Паданне

Сабака пана Мілановіча

Сабака пана Мілановіча

Першае, што ён спазнаў у сваім жыцці, была пяшчота моцных і добрых чалавечых рук, рук яго Гаспадара.
Гектар быў прыгожы і моцны сабака-хорт. Гаспадар ганарыўся ім і паказваў гасцям як адну з дастаслаўнасцяў свайго маёнтка. Але лепш за ўсё здольнасці Гектара выяўляліся на паляванні. І тады зайздрослівыя вочы з хваляваннем назіралі за славутай стойкай Гектара і вялікім спружыністым скачком. А яшчэ ў яго была мёртвая хватка.
Гаспадару, пану Мілановічу, прапанаваў за сабаку велізарныя грошы нейкі англічанін. Плакаў п’яны, поўзаў на каленях, выпрошваў Гектара сусед, заўзяты сабачнік. Але адмовіў ім пан Мілановіч. Хіба разумелі гэтыя людзі, што просяць аддаць не проста добрага сабаку, але і сябра!
Шчодрай адданасцю плаціў за любоў Гаспадара Гектар. Ён быў заўсёды побач са сваім панам, разумеў яго словы, рухі, пагляд, ведаў яго таварышаў і недобразычліўцаў. Цярпліва чакаў, калі пан Мілановіч працаваў над нейкімі паперамі ў сваім кабінеце, і заліваўся шчаслівым лаем, калі Гаспадар пачынаў збірацца на паляванне. Тады чалавек казаў сабаку:
– Я ведаю, Гектар, ніхто не любіць мяне гэтак, як ты, – дык ніхто іншы мне і не патрэбны.
І сабака шчыра верыў гэтым словам.
Але аднойчы ўсё раптам перамянілася. У маёнтку з’явілася Яна… Як толькі Гектар убачыў гэтую істоту, ён адразу зразумеў, што будзе ненавідзець яе да смерці. Яна была высокая, у зялёнай доўгай сукенцы (гэта быў яе любімы колер), румяная і смяшлівая. Ад яе заўсёды патыхала рэзкім пахам нейкіх кветак, які прымушаў Гектара чхаць. Гэтую незразумелую істоту звалі паннай Агнешкай. І яна вельмі падабалася Гаспадару.
Сабакі таксама ведаюць рэўнасць. Гектар стаў раўнаваць пана Мілановіча, бо лічыў яго толькі сваім. Ён раўнаваў, бо любіў. Сабака стаў назаляць дзяўчыне ў зялёнай сукенцы. Ён пужаў яе пагрозлівым рыкам, калі яна вечарам з’яўлялася пад руку з панам Мілановічам у цёмных алеях парка. Цягнуў зубамі за абрус у час абеду, ды гэтак па-майстэрску, што талеркі са стравай ды кубкі з віном звальваліся толькі на сукенку панны Агнешкі. Кідаўся ў раку і потым мокры атрасаў халодныя пырскі на няшчасную дзяўчыну.
Пан Мілановіч вымушаны быў пакараць свайго любімца. Ён перасяліў яго з хаты на псярню і перастаў браць з сабой на паляванне. Ды, па праўдзе кажучы, паляванні зараз сталі таксама вельмі рэдкімі. Закаханы пан Мілановіч лічыў за лепшае чытанне рамантычных вершаў панне Агнешцы пад месяцам.
Але аднойчы пан Мілановіч не змог адмовіць настойлівым просьбам суседзяў, якія збіраліся наладзіць шыкоўнае асенняе паляванне. На яго з’язджаліся ў навакольныя лясы самыя знатныя паны, чакалі таксама гасцей з Польшчы. Як жа можна было тут не прадэманстраваць перад сапраўднымі знаўцамі здольнасці Гектара!
Тое, што Гаспадар зноў кліча яго на паляванне, узрадавала сабаку. Ён падумаў, што пан дараваў яму, зразумеў, урэшце, што ніякая панна Агнешка не зможа замяніць сапраўднага вернага сябра.
Якім жа моцным было расчараванне Гектара, калі сярод паляўнічых мільганула знаёмая зялёная сукенка!
Не, нешта ўжо зусім абыякавым да палявання на гэты раз быў Гаспадар. Ён адразу пакінуў усіх і нават тады, калі пачалося самае цікавае – гон, не далучыўся да іх. Ён адасобіўся з паннай Агнешкай у такім месцы, дзе нават працяглыя гукі паляўнічых рагоў былі ледзь чутныя.
Упершыню за сваё жыццё Гектару было зусім нецікава праследаванне звера. І ўсё таму, што не было з ім побач чалавека, якога ён так любіў. Сабака знайшоў паляну, дзе побач стаялі коні Гаспадара і Агнешкі. Амаль датыкаючыся адзін да аднаго страмёнамі, двое вершнікаў вялі ціхую размову.
Гектар гатовы быў ужо завыць ад крыўды, але раптам нешта прымусіла яго зрабіць сваю славутую стойку і замерці. Незразумелы шорах паўтарыўся, але бліжэй. І раптам на паляну выбег са злосным фырканнем велізарны дзік. Ён пакруціў чырвонымі нядобрымі вочкамі і, мабыць, пабег бы далей, але, заўважыўшы яго, пранізліва закрычала панна Агнешка. Дзік шалёна кінуўся на людзей. Спалохана заіржалі коні і панеслі. Ад нечаканага штуршка адзін з людзей выпаў з сядла. Гэта быў пан Мілановіч.
Гектар зразумеў: марудзіць нельга. І ён зрабіў самы цудоўны са сваіх скачкоў. Яшчэ не адчуўшы па-сапраўднаму лапамі глебу, ён ужо сціснуў зубы на загрыўку супраціўніка. Потым было некалькі моцных удараў, рэзкі боль і стрэл. Імгненне, падараванае сабакам чалавеку, дало магчымасць пану Мілановічу дацягнуцца да стрэльбы…
Гектар, цяжка дыхаючы, ляжаў на каленях у Гаспадара. Рана, нанесеная яму дзіком, была смяротная, і тут ужо нічога нельга было зрабіць.
На стрэл збегліся людзі. Са слязьмі кінулася да выратаванага жаніха панна Агнешка, але пан Мілановіч мякка адштурхнуў яе. І сабака быў удзячны Гаспадару за гэта. Апошняе, што ён адчуў, была пяшчота моцных і добрых чалавечых рук…
Удзячны вернаму сябру, які выратаваў яму жыццё, пан Мілановіч пахаваў Гектара ў парку побач з сядзібай і загадаў паставіць у тым месцы каменную пліту. На ёй выбілі па-польску: «О, рsа!» («О, мая сабака!»).
Не кожны зразумеў гэткі ўчынак. Пан Мілановіч праславіўся як дзівак, і іншыя са смехам сталі называць увесь яго маёнтак – Опса. Але назва гэтая перажыла час і захавалася як назва адной з вёсак на Браслаўшчыне.

Теги: архив  паданне  
 

 
Rambler's Top100Размещение рекламы на сайтеПроизводство сайта - Студия Компас
Использование материалов с сайта возможно только при условии размещения активной ссылки на сайт.