Видео реклама

 

Асоба

Балерына і кароль

Балерына і кароль

Гэта проста цуд, што гісторыя захавала для нас яе імя і лёс. А колькі іх, невядомых, знікла, не пакінуўшы пасля сябе нічога, акрамя ўспамінаў сучаснікаў. Апалоніі Дарэўскай, прыгоннай танцоўшчыцы Антонія Тызенгаўза, пашанцавала: у архівах захаваліся дакументы, па якіх можна з большай ці меншай дакладнасцю прасачыць яе шлях ад маленькай навучэнкі Гродзенскай тэатральнай школы да бліскучай прыма-балерыны каралеўскага прыдворнага тэатра.
Гісторыя гэтая пачалася ў 1774 годзе, калі саракагадоваму падскарбію надворнаму літоўскаму, вялікаму аматару мастацтва Антонію Тызенгаўзу прыйшло на думку адкрыць сваю тэатральную школу. У ёй з таленавітых сялянскіх дзяцей павінны былі выхоўваць артыстаў для оперна-балетнай трупы яго тэатра. У першы набор трапіла і маленькая Апалонія. Дзяўчынка была залічана ў клас танца. Акрамя яго існавалі яшчэ два: клас спеваў і клас музыкі, у якім дзяцей вучылі іграць на розных музычных інструментах. Агульнымі для ўсіх вучняў былі такія дысцыпліны, як нотная грамата, тэорыя музыкі, пісьмо, маляванне, французская і англійская мовы, арыфметыка. Дзяўчынкам выкладалі яшчэ і рукадзелле.
Заняткі ў малодшых навучэнцаў цягнуліся ўвесь дзень – дванаццаць гадзін, шэсць з якіх было аддадзена ўласна танцу. Дзеці напачатку хутка стамляліся і пераставалі ўспрымаць тое, што ім выкладаюць. За гэта іх сурова каралі. Пасля цяжкая праца з пяці гадзін раніцы да позняга вечара стала звычайнай. Настолькі, што ўжо на другі і трэці год яны маглі займацца па пятнаццаць гадзін у суткі.
Зрэшты, перад вачыма ў юных танцоўшчыкаў заўсёды быў жывы прыклад чалавечай вынослівасці – іх настаўнік, малады харэограф-неапалітанец Гаэтана Петынеці. Прыгожы, як антычны бог, гнуткі, зграбны, Гаэтана стаў першым дзявочым захапленнем Апалоніі, яе кумірам, кожнае слова якога лавілася з заміраннем сэрца, запаміналася надоўга, калі не назаўжды.
У Апалоніі аказалася таксама вельмі гнуткае цела, ды ўвогуле была яна стройнай, тоненькай і ладнай дзяўчынай. У адзінаццаць гадоў ёй упершыню была даверана невялічкая роля ў школьным спектаклі «Вясковы балет» – адной з маленькіх сялянак, сябровак галоўнай гераіні. Тым не менш Апалонія адчувала сябе на сцэне вельмі ўпэўнена. «Вясковы балет» быў задуманы Петынеці як своеасаблівая справаздача перад Тызенгаўзам. Падчас спектакля харэограф-настаўнік, які выконваў галоўную ролю, найбольш цяжкую, папераменна прадстаўляў пану сваіх вучняў, паказваў, што яны могуць.
Пан застаўся задаволены. Пасля было яшчэ некалькі вучэбных спектакляў: «Квартэт дудароў», «Балет пекараў». Петынеці эксперыментаваў. Ён рабіў свае балеты на мясцовыя сюжэты, выкарыстоўваючы не толькі нацыянальны каларыт, але і пэўныя рухі народнага танца.
Вырашыўшы, нарэшце, што вучні яго гатовы для сур’ёзнай работы, харэограф з дазволу Тызенгаўза вывеў іх на сцэну сапраўднага тэатра. Цяпер падлеткі-танцоўшчыкі ўпрыгожвалі сваім мастацтвам многія спектаклі. Але для галоўных роляў яны былі яшчэ недастаткова дарослымі. Іх выконваў сам настаўнік і абаяльная пара танцоўшчыкаў-iтальянцаў Марэлі, якія атабарыліся ў Гродне ў чэрвені 1779 года.
У гэтым жа годзе адбылася і першая асабістая трагедыя Апалоніі. Яе любімы настаўнік вырашыў пакінуць Гродна. Гаэтана Петынеці перацягнуў у свой нясвіжскі тэатр князь Караль Станіслаў Радзівіл. Перад ад’ездам італьянец прадказаў маленькай танцоўшчыцы вялікую будучыню.
Пасля Петынеці гродзенскай балетнай трупай, у складзе якой было цяпер больш за 30 прафесійна падрыхтаваных артыстаў, пачалі кіраваць Ганна і Казіма Аўгусціна Марэлі. Але ў наступным годзе італьянцы пасварыліся з Тызенгаўзам настолькі моцна, што атрымалі ад яго прапанову неадкладна пакінуць Гродна. Раззлаваныя танцоўшчыкі напісалі скаргу на гродзенскага старасту самому каралю Станіславу Аўгусту Панятоўскаму. Гасудар Рэчы Паспалітай вырашыў умяшацца, але прымірыць Тызенгаўза з італьянцамі не здолеў. Мала таго, у запале падскарбі надворны літоўскі дазволіў сабе некалькі рэзкіх слоў у адрас свайго караля. І Панятоўскі, які раней атрымаў яшчэ некалькі скаргаў недобразычліўцаў і зайздроснікаў Тызенгаўза, выкарыстаў іх, каб абвінаваціць магната ў палітычнай бяздарнасці, няўдалай гаспадарчай дзейнасці і адхіліць ад кіравання каралеўскімі эканоміямі. А ўжо сам Тызенгаўз падаў у адстаўку з пасады падскарбія.
Яшчэ два гады апальны магнат, нягледзячы на матэрыяльныя цяжкасці, якія рэзка адчуў пасля гэтых падзей, утрымліваў свой тэатр. Зімою 1781 года ён нават арганізаваў выступленне гродзенскіх артыстаў у Варшаве, спадзеючыся, што, магчыма, кароль, калі яму спадабаецца балетны паказ, зноў наблізіць яго да сябе. Але гэтага не адбылося.
Неўзабаве пасля гастроляў будынак тэатра быў прададзены. Артыстаў перавезлі ў Быцень, пасля – у Жэліхаў і нарэшце яны апынуліся ў Паставах, якія ў той час таксама належалі Тызенгаўзу. Маленькі пастаўскі тэатр стаў, па сутнасці, тэатрам балета. Спевакі былі значна менш прафесійна падрыхтаваны, чым танцоўшчыкі, і Тызенгаўз вырашыў адмовіцца ад іх.
У Паставах Дарэўскую чакала тое ж, што было ў Гродне: доўгія, знясільваючыя практыкаванні і кароткія бліскучыя хвіліны поспеху. Танец цяпер выкладалі француз Габрыэль Ле Ду і танцоўшчык з прыгонных – Рымінскі. Яны вылучалі Апалонію сярод іншых. Дзяўчыне пачалі давяраць галоўныя партыі. Яна танцавала багіню Дыяну ў «Балеце водаў, ці Купелі Дыяны» і Галатэю ў «Статуі Пігмаліёна». Апошні балет, дарэчы, вазілі паказваць у Гродна, і ён выклікаў там вялікую зацікаўленасць. Тызенгаўз выказаў задавальненне і паабяцаў Ле Ду, што і надалей будзе падтрымліваць балетную трупу.
Але ў сакавіку 1785 года Тызенгаўз раптоўна памёр. Калі тэстамент магната быў абвешчаны, артысты даведаліся, што «15 танцорак і 18 танцораў», лепшая частка пастаўскай балетнай трупы, згодна з пажаданнем нябожчыка павінна была перайсці ва ўласнасць караля. Апалонія аказалася адной з тых, хто неадкладна мусіў выехаць у Варшаву да новага ўладальніка – Станіслава Аўгуста Панятоўскага.
24 верасня 1785 года Ле Ду паказаў каралю Рэчы Паспалітай свой новы спектакль «Гілас і Сільвія». Балет гэты быў створаны паводле камедыі Рашона дэ Шабана, французскага другаразраднага драматурга, які сачыніў свой твор па матывах шакспіраўскай «Буры». Музыку да балета напісаў кампазітар Ф. Ж. Госак. На жаль, нам невядома дакладна, хто з пастаўскіх танцоўшчыц выконваў тады галоўную партыю. Але, пэўна, менавіта васемнаццацігадовая Апалонія была Сільвіяй. Бо, ухваляючы паказ, кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі ў першую чаргу называў імя Дарэўскай, якая зачаравала яго не толькі талентам, але таксама і яркай знешнасцю. Неўзабаве Апалонія стала галоўнай салісткай каралеўскай трупы.
Гэта была першая польская балетная трупа. Насіла яна гучную назву «Таварыства танцоўшчыкаў яго каралеўскай вялікасці» і была заснавана ў 1780 годзе. Усе артысты былі сялянскага паходжання. Амаль трэць танцоўшчыкаў трапіла сюды з Беларусі. Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, які лічыў сябе «літвінам знатнага паходжання, бо нарадзіўся і прыняў хрост на літоўскіх землях», пэўна, быў вельмі задаволены, што славу Польшчы ствараюць яго землякі.
Ён усяляк заахвочваў і вылучаў іх. Да таго часу, як у калектыў уліліся трыццаць тры танцоўшчыкі Тызенгаўза, у ім ужо былі моцныя салісты, асаблівасці тэмпераменту, здольнасці і знешнія дадзеныя якіх шмат у чым вырашалі пытанне з рэпертуарам: гераічныя спектаклі на антычную тэматыку, меладраматычныя пастаралі. З прыходам Апалоніі становішча нейкім чынам змянiлася. Кароль палічыў, што гэтай балерыне больш пасуе іграць гераіняў тэмпераментных, жывых, вясёлых, і харэографы, каб дагадзіць манарху, пачалi складаць рэпертуар «пад Апалонію». Дарэўская з вялікім поспехам танцуе ў балетах «Мірза і Ліндор», «Рыбакі», «Лукас і Калінета». Неўзабаве Апалонія становіцца папулярнай асобай. Яе ведаюць і любяць.
І тут узнікаюць пытанні: ці сапраўды такому поспеху танцоўшчыца была абавязана толькі свайму вялікаму таленту і працавітасці? Ці можна дапусціць, што кароль пратэжыраваў балерыну з прыгонных сялян толькі таму, што вельмі любіў мастацтва і добра разумеў, якой незвычайнай каштоўнасцю дзякуючы волі лёсу і апальнаму Тызенгаўзу валодае? Дакументы, якія мы маем, нічога не распавядаюць пра асабістыя адносіны манарха і артысткі, таму, верагодна, любыя меркаванні на гэту тэму з’яўляюцца гіпатэтычнымі.
Калі Станіслаў Аўгуст Панятоўскі ўпершыню пабачыў васемнаццацігадовую Апалонію Дарэўскую, ён знаходзіўся ўжо ў сталым узросце – яму было пяцьдзесят тры гады. Але ўладар Рэчы Паспалітай яшчэ меў і сілы, і ахвоту для таго, каб заводзіць «пяшчотныя сувязі» з прывабнымі шляхцянкамі. Кажуць, ён заставаўся кавалерам да самай сваёй смерці. Дык што ж магло перашкодзіць гэтаму чалавеку зрабіць каханкай прыгонную танцоўшчыцу, калі яна сапраўды і юная, і прывабная, ды яшчэ і таленавітая?
З другога боку, біёграфы Панятоўскага часта падкрэслівалі, што кароль пры ўсёй сваёй прыхільнасці да прадстаўніц прыгожага полу вельмі высока цаніў сябе і не апускаўся да таго, каб сыходзіцца з просталюдзінкамі. Гэта было яго правіла. Праўда, з кожнага правіла бываюць і выключэнні. Але са Станіславам Аўгустам такое магло здарыцца, пэўна, толькі ў тым выпадку, калі б да просталюдзінкі яго прыцягнула не проста прага новых любоўных уражанняў, а сапраўднае высокае каханне.
Калі б так і сапраўды адбылося, кароль, не ведаючы спосабу ўзняць каханую да свайго становішча і не жадаючы афішыраваць свой раман, мусіў бы старанна ўтойваць яго ад падданых. Хто ведае, магчыма, выпадак з Апалоніяй і быў якраз такім каханнем. Тады становіцца зразумелай і пяшчотная апека таленту Дарэўскай з боку Панятоўскага пры поўнай адсутнасці якіх бы там ні было сведчанняў пра сувязь караля з балерынай.
1794 год, які карэнным чынам паўплываў на лёс Рэчы Паспалітай, змяніў і жыццё каралеўскай прыма-балерыны. Другі падзел дзяржавы Панятоўскага ўскалыхнуў народныя масы. Пачалося паўстанне. Армію паўстанцаў узначаліў генерал Тадэвуш Касцюшка.
Панятоўскі апынуўся ў няпэўным становішчы. З аднаго боку, ён не мог хаця б на словах не падтрымаць дзеянні сваіх падданых, з другога ж – добра памятаў, што ўзышоў на прастол па волі Кацярыны ІІ. Панятоўскі заўсёды прымаў такія рашэнні, якія не супярэчылі інтарэсам расійскай імператрыцы. На гэты раз ён даволі доўга хістаўся, але, у рэшце рэшт, зноў аддаўся на волю былой каханкi. Паўстанне Касцюшкі было падаўлена. У 1795 годзе Аўстрыя, Прусія і Расія здзейснілі трэці, і апошні, падзел суседняй дзяржавы, пасля якога Рэч Паспалітая перастала існаваць. Станіслаў Аўгуст быў вымушаны адмовіцца ад прастола. Кацярына пасяліла экс-караля ў Пецярбургу, дзе ён жыў у дастатку, але, вядома, без пашаны. Пакідаючы назаўжды Варшаву, кароль адпусціў на волю ўсіх сваіх артыстаў.
З 1794 па 1797 гады Дарэўская танцавала ў прыватных антрэпрызах Варшавы і Гданьска і пад уласным імем, і пад псеўданімам – Дарота. Ці часта ўспамінала Апалонія пра свайго караля? Шкадавала ці асуджала ў душы?
Многія ў тыя часы наракалі на Панятоўскага, бо з-за яго бязвольнасці Рэчы Паспалітай давялося перажыць не толькі тры ганебныя падзелы, але і нечуваную абразу ўласнага гонару: сімвал каралеўскай улады, трон, які ў якасці трафея быў дастаўлены з Варшавы ў Пецярбург, Кацярына ІІ прыстасавала пад начны гаршчок. Праўда, імператрыца і памерла ў 1796 годзе, якраз седзячы на гэтым троне, што былыя падданыя Панятоўскага расцанілі як помсту ёй з боку Усявышняга.
Не раз успамінаў Станіслаў Аўгуст пра шчаслівы час, калі ён знаходзіў задавальненне ў наведванні варшаўскіх тэатраў. І тады ў думках яго настойліва ўсплывала імя Апалоніі. Урэшце яна стала для яго ўвасабленнем усяго таго прыўкраснага, далёкага і незваротнага, аб чым заўжды сумуе і пакутуе душа. Калі туга стала зусім нясцерпнай, Панятоўскі загадаў знайсці Дарэўскую і прапанаваў ёй прыехаць у Пецярбург.
Апалонія паспела прыехаць і суцешыць таго, хто быў яшчэ зусім нядаўна яе манархам, а можа, і не толькі манархам. Праз год, у 1798 годзе Станіслаў Аўгуст памёр. Дарэўскай было тады больш за трыццаць. Узрост, салідны для балерыны, але, гледзячы па ўсім, яшчэ недастатковы для таго, каб антрэпрэнёры палічылі яе занадта старой для сцэны. Ёй прапаноўвалі вярнуцца ў Варшаву, каб танцаваць столькі, колькі яна яшчэ вытрымае, але Апалонія адмовілася. Не жадала перажыць уласную славу? Сумавала па сваім каралі? Хто скажа! Далейшы яе лёс невядомы.

Теги: архив  асоба  
 

 
Rambler's Top100Размещение рекламы на сайтеПроизводство сайта - Студия Компас
Использование материалов с сайта возможно только при условии размещения активной ссылки на сайт.