Видео реклама

 

Паданне

Раманс

Раманс

Зіма выдалася надзвычай суровай. Стаялі такія гурбы, што чалавек у іх правальваўся, як на дно ракі. А калі ўзнімалася завея, птушкі на ляту пераўтвараліся ў ледзяныя камячкі. Менавіта ў такі час спатрэбілася пану Людвіку трапіць з Міра ў Нясвіж.
З вялікай цяжкасцю знайшоў ён згоднага фурмана. Гэта быў хударлявы стары з калматай барадою і падазроным бляскам у вачах. Але пан Людвік быў рады і такому. Праўда, для большай упэўненасці падарожнік неяк асцярожна сказаў, што багаццяў ніякіх, акрамя кніг, пры ім няма, і значыць, рабаваць яго зусім нявартая справа.
Недзе пасярэдзіне шляха на сані пана Людвіка накінулася завіруха. Спачатку, быццам маленькія белыя клубочкі, у полі варочаліся сагнаныя ветрам у адно месца сняжынкі. Потым парывы яго памацнелі. Пан Людвік усё часцей заплюшчваў вочы, якія запарушваў снежны пыл. Са стогнам завея неслася насустрач саням. І снег, які кідала яна ў твары людзей жменямі, быў вострым, як шкло.
Снег сыпаўся, быццам мука з парванага мяшка. Раз-пораз праз завіруху прабівалася адчайнае іржанне спалоханых коней. Сані спыніліся. Быццам заварожаны, гледзячы некуды праз снег, апусціў руку з пугай фурман. Ён не чуў, што пан Людвік з адчаем крычыць яму нешта ў вуха. Імкнецца распіхаць яго. І толькі ў роспачы выкрыкнутае: «Божа! Няшчасная Паўліна!», здаецца, прывяло фурмана ў прытомнасць.
– Паўліна, хто гэта? – гледзячы на пана Людвіка вар’яцкімі вачыма, пытаецца ён.
– Нявеста. Мая нявеста. Я ехаў у Нясвіж жаніцца, – толькі па рухах збялелых вуснаў стары разбірае адказ.
У руцэ яго зноў узлятае пуга…
Апоўначы, задубелыя ад холаду, двое з’явіліся на парозе нясвіжскай карчмы. Гаспадар загадаў іх абагрэць і накарміць. Спалася ў тую ноч пану Людвіку добра, як у далёкім дзяцінстве.
Раніцай ён знайшоў свайго фурмана на кухні. Змрочны, быццам не адтаяўшы, стары сядзеў за дальнім сталом і моўчкі піў гарэлку са шклянкі.
– Што здарылася з табою ўчора? Ты ледзь не загубіў нас абодвух, – спытаўся пан Людвік.
– Гэта сапраўды так і было, – павольна і ціха адказаў фурман. – Трэба дзякаваць нявесце вашай ды хуткім нагам коней, яснавельможны пан. Колькі заракаўся ўжо не ездзіць у завіруху... Стары я ўжо. Смерць часта побач бачыць стаў. І не скажу, каб у яе быў непрывабны выгляд. Маладой дзяўчынай паўстае перада мною з тварам той, якую калісьці кахаў. Да яе ў абдымкі цягне… А, што казаць, пан яснавельможны! Грошай з вас браць не буду, бо вінаваты перад вамі праз меру. Даруйце старому…
Фурман зноў наліў сабе. Зацікаўлены яго словамі, прысеў побач за стол пан Людвік.
– Спытацца хачу, – прамовіў ён. – Сказаў ты, што нявесту сваю мушу я дзякаваць за ратаванне. Чаму?
– Смерць мая, пачуўшы пра чыюсьці нявесту, адышла. Імя смерці – Хрысціна. Калісьці гэтак клікалі дзяўчыну, што кахала мяне. Тады я быў яшчэ маладым і гожым хлопцам. Паштальёнам у паноў Радзівілаў служыў. У любое надвор’е развозіў лісты, пакеты. А Хрысціна была сіратой. Пры цётцы беднай сваячкай жыла. Падабаліся мы адно аднаму. Часта я заязджаў па шляху да іх, падарункі прывозіў. І ішлі паміж намі гутаркі пра вяселле…
Неяк у завіруху паслалі мяне везці тэрміновую дэпешу. Студзёна, страшна. На кожны слуп хрысцішся. Скрозь мяцеліцу далёка ў полі пачулася, быццам чалавечы голас на дапамогу кліча. І мог жа пад’ехаць. Але сам сабе супакойваць стаў: маўляў, падалося, – цяжка ўздыхнуў перарываючы сваё апавяданне, стары. – Не падалося. Я зразумеў гэта, ужо ад’ехаўшы вярсту. Чалавек крычаў, клікаў. Але тады вяртацца ўжо не захацелася. Хутчэй спяшаўся наказ выканаць.
А вось назад ехаў раніцай ужо. Сэрца як забілася, калі да таго месца наблізіўся. Чалавек грэшны перад Богам, але ці лёгка ў грэх свой паверыць? Спыніўся я сярод поля. Іду туды, адкуль чуў крык. Упэўніцца хачу, што памыліўся тады. А там ужо амаль занесеная снегам нябожчыца. Ці ведаеце, пан, хто была яна?.. Потым сказалі мне: цётка вырашыла аддаць Хрысціну замуж за іншага, багацейшага. На змову сабраліся ў той вечар, як мяне ўслалі. Хрысцінка і збегла ад іх... Відаць, мяне ў полі хацела падпільнаваць-перахапіць… Да гэтых часін памятаю страшэнны стук малаткоў, якімі забівалі яе труну…
Шклянка фурмана зноў напоўнілася. Ён замаўчаў і больш ужо за ўвесь дзень не вымавіў ні слова.
Уражаны пан Людвік доўга думаў пра тое, што давялося яму пачуць. А потым у галаве яго самі сабою пачалі складацца вершаваныя радкі. Баладу сваю пан Людвік Кандратовіч назваў «Паштальён». Хутка яна была надрукавана ў літаратурным часопісе пад псеўданімам Уладзіслаў Сыракомля. Гэта быў першы надрукаваны верш маладога паэта.
У Расіі яго пераклалі, і неўзабаве з’явіўся раманс «Когда я на почте служил ямщиком». Як і ў большасці падобных твораў, музыка раманса лічылася народнай. Простыя людзі лягчэй разумеюць і прымаюць сапраўдныя пачуцці такіх жа, як і яны самі…

Теги: архив  паданне  
 

 
Rambler's Top100Размещение рекламы на сайтеПроизводство сайта - Студия Компас
Использование материалов с сайта возможно только при условии размещения активной ссылки на сайт.