Видео реклама

 

Падзея

Нерукатворны храм прыродны…

Нерукатворны храм прыродны…

У снежні 1939 года, 70 гадоў назад, тэрыторыя Белавежскай пушчы была абвешчана дзяржаўным запаведнікам.
Адным з аб’ектаў, які быў паказаны пад час турыстычна-азнакамляльнага турнэ па Беларусі ўдзельніцам конкурса «Міс Інтэркантыненталь» у гэтым годзе, стала Белавежская пушча. Прыгажуні былі ў захапленні ад паездкі. «Мы нават і не ведалі, што на свеце ёсць такія старыя і магутныя дрэвы», – прамовіла адна з іх, лацінаамерыканка, у аб’ектыў камеры беларускага журналіста. І гэта пры тым, што ў той жа Лацінскай Амерыцы нямала вялікіх і шырокіх у абхваце дрэў захоўвае сельва. Але, відаць, нашыя волаты-дубы ды стромкія сосны аказаліся больш велiчнымi…
Між тым над пушчай не аднойчы на працягу стагоддзяў навісаў дамоклаў меч. Яна цалкам магла знікнуць у выніку бязглуздых высечак, а насельнікі яе – загінуць пад час драпежных паляванняў, якія наладжвалі тут уладары краю, людзі, якія забаранялі паляваць у пушчы сваім падданым, а самі няўмольна вынішчалі ўсё жывое.
Самае вядомае, самае, мабыць, грандыёзнае паляванне сярэднявечча адбылося ў пушчы ў пачатку ХV стагоддзя. Зімой 1409 года, згодна хронікам, з’ехаліся ў пушчу вялікі князь Літоўскі Вітаўт і польскі кароль Ягайла. Правялі таемныя перамовы пра хуткую вайну з Тэўтонскім ордэнам. А потым наладзілі грандыёзнае паляваннне. Восем дзён гучалі ў пушчы рогі ды чуўся тупат капытоў няўмольных паляўнічых… Колькі тысяч зуброў ды тураў, ласёў ды высокародных аленяў загінула ў тыя дні – невядома. Аднак, кажуць, што нарыхтавалі тады ажно 400 бочак дзічыны. З такімі саліднымі запасамі ежы павялі Вітаўт і Ягайла свае войскі на Грунвальд…
Відаць, менавіта пасля таго палявання славутыя белавежскія туры перасталі існаваць. Як, зрэшты, і іншы лясны насельнік, таемны і, як сцвярджаюць навукоўцы, міфічны адзінарог. Тым не менш у хроніках прыгадваецца, што да Грунвальда ён рэальна існаваў у нашай пушчы, а пасля знік. І сапраўды, ад сярэдзіны ХV стагоддзя пра жывых адзінарогаў дакументы тых часоў ужо не распавядаюць, але прыгадваюць толькі рогі адзінарогаў, якія фігуруюць як магічны атрыбут у шэрагу працэсаў над чарадзеямі.
Зрэшты, здаецца, пушча адпомсціла сваім крыўдзіцелям. У 1426 годзе пад час палявання на мядзведзя кароль Ягайла зламаў нагу, і пералом гэты, нават калі зросся, даваў адчуць сабе да самай смерці манарха. А вялікі князь Вітаўт у 1430 годзе зваліўся з каня і так расшыбся, што разбалеўся ад гэтага і памёр. Конь жа яго быў адным з вылаўленых у пушчы дзікіх тарпанаў. Іх сотнямі зняволілі для папаўнення конніцы Вялікага княства Літоўскага перад Грунвальдскай бітвай…
Толькі ў ХVІ стагоддзі, пад час праўлення караля Жыгімонта І Старога, былі прыняты першыя заканадаўчыя акты, накіраваныя на захаванне жывёльнага і расліннага свету Белавежскай пушчы. У 1538 годзе кароль падпісаў закон «Аб захаванні лясоў і палявання», а ў 1541-м па яго волі быў створаны паляўнічы заказнік для аховы зуброў.
І пры спадчынніку Жыгімонта І, Жыгімонце II Аўгусце зуброў працягвалі ахоўваць, але на базе пушчы быў створаны шэраг дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў, якія не садзейнічалі захаванню лясных багаццяў.
Асаблівы клопат пра пушчу праяўляў наступны кароль – Стэфан Баторый. Ён нават вёў асабістую перапіску з мясцовым ляснічым, падрабязна распавядаючы, як клапаціцца аб асірацелых ласянятах і зубранятах. Аказваецца, для выгадвання зубранят выкарыстоўваліся каровы, а ласянятаў выкормлівалі звычайныя свойскія кабыліцы. Дарослых жа лясных волатаў забіваць у часы Баторыя можна было толькі ў выключных выпадках, паляваннем на зубра кароль мог узнагародзіць свайго падданага. Прычым у спецыяльнай грамаце ўказвалася колькасць маючых быць упаляванымі звяроў. Так, напрыклад, у 1578 годзе князю Мікалаю Крыштафу Радзівілу Сіротцы дазволілі ўпаляваць чатырох зуброў – верагодна, моцна князь дагадзіў каралю. А вось кароннаму польскаму падканцлеру Замойскаму ўзнагарода была іншая. Паляваць ён не мог. Дазвалялася толькі атрымаць у ляснічых тушы чатырох зуброў і чатырох ласёў.
ХVII стагоддзе было цяжкім і разбуральным як для Беларусі, так i для суседняй Польшчы. Не праходзіла года без вайны або ўзброенага канфлікту. Займацца пытаннямі захавання пушчы было некаму. А ў ХVIII стагоддзі для пушчы надышоў самы, бадай, цяжкі час. Манархі, а за імі і знаць, апантана накінуліся на знішчэнне ацалелага пад час войнаў звяр’я.
У 1752 годзе, напрыклад, кароль Аўгуст III з сынамі пры дапамозе соцень загоншчыкаў перастраляў у пушчы 42 зубра, 18 зубрых, 6 цялятаў і процьму іншых звяроў.
Але сапраўдная вакханалія распачалася пасля таго, як беларускія землі ў выніку падзелаў Рэчы Паспалітай былі далучаны да Расійскай імперыі. Белавежскую пушчу ператварылі ў паляўнічую гаспадарку рускіх цароў. Прыдворныя імператрыцы Екацярыны II і яе пераемнікаў палявалі тут амаль без усялякіх абмежаванняў. Неаднойчы далучаліся да іх і замежныя імянітыя госці. Пачаліся таксама рэгулярныя высечкі дрэў, прычым пад сякеру траплялі найкаштоўнейшыя лясныя пароды.
Толькі ў 1802 годзе з’явіўся новы ўказ аб захаванні зуброў і наладжванні іх уліку, але высечка лесу працягвалася. Асабліва садзейнічала гэтаму пазіцыя марскога ведамства. Вядома, што толькі ў 1838 годзе на карабельныя мачты было высечана тры тысячы самых высокіх дубоў і ялін. Пазней у пушчу дапусцілі расійскія і замежныя кампаніі, прыватных асоб. Хтосьці з іх заручыўся падтрымкай чыноўнікаў вышэйшага рангу, хтосьці даў хабар мясцовым кіраўнікам. Высечкі леса прынялі драпежніцкі выгляд. Новы ўдар пушчы нанесла першая сусветная вайна. Пушча аказалася на захопленай германцамі тэрыторыі, і па ганебным Брэсцкім міры была пакінута разам з паловай тэрыторыі Беларусі Германіі. Захопнікі амаль адразу пабудавалі тут некалькі лесапільных заводаў і нават больш за трыста кіламетраў вузкакалейнай чыгункі, па якой вывозілі здабычу. За тры з паловай гады свайго панавання яны вывезлі ў Германію амаль столькі ж каштоўнай драўніны, колькі тут было высечана за ўсё ХІХ стагоддзе. Катастрафічна паменшылася таксама пагалоўе аленяў, ласёў, дзікоў. Ланей не стала зусім. А ў 1919 годзе быў забіты апошні зубр. У тым жа годзе Белавежская пушча аказалася ў складзе польскай дзяржавы. Новыя гаспадары з плошчы 200 тысяч гектараў пушчы вылучылі 4,6 тысячы і абвясцілі іх запаведнай тэрыторыяй. Закупілі ў заапарках Еўропы некалькі зуброў і пачалі працу па аднаўленні статку. Аднак на астатняй тэрыторыі пушчы ўсім жадаючым выдзяляліся канцэсіі на нарыхтоўку драўніны. У выніку да 1940 года прыкладна 30% каштоўнага лесу было высечана і заменена на маладняк і менш каштоўныя самапасадныя лясныя насаджэнні.
Лёс знікаючых багаццяў Белавежскай пушчы ўпершыню пасля ХVІ стагоддзя, здаецца, усур’ёз усхваляваў савецкі ўрад у 1939 годзе – пасля далучэння заходніх беларускіх земляў да БССР. Уся тэрыторыя пушчы была абвешчана запаведнікам. Аднак справы па яе захаванню не паспелі тады разгарнуцца з-за пачатка Вялікай Айчыннай вайны. Фашысты не толькі працягвалі высечку леса ды нішчылі звяроў. Цяпер у гэтых мясцінах яны палявалі і на людзей. Годна статыстыцы, гітлераўцы спалілі 80 вёсак, 79 лясных хутароў і леснічовак. Амаль ва ўсіх выпадках – разам з жыхарамі. Справа ў тым, што «галоўны авіятар Рэйха» Герман Герынг быў зацятым паляўнічым, і ён планаваў утварыць тут сваю ўласную, лепшую ў Еўропе паляўнічую гаспадарку. Людзей жа ў наваколлі пушчы трэба было, па яго разуменню, знішчыць – для бяспекі яго ўласнага жыцця. Мясцовым беларусам і палякам, якія адносіліся да «непаўнацэннай славянскай расы», Герынг не давяраў…
Амаль адразу пасля вызвалення Брэстчыны ад захопнікаў, у кастрычніку 1944 года дзейнасць запаведніка была адноўлена. І адразу пачалася напружаная навуковая і даследчая праца. Аднаўляўся жывёльны склад запаведніка, ствараліся спрыяльныя ўмовы для павелічэння пагалоўя выжыўшых пасля вайны відаў. І пушча залячыла свае раны. Зноў ператварылася ў зялёны цуд, нерукатворны храм прыроды. На шчасце, захаваліся і па-ранейшаму ўзносяць над навакольнымі зарасцямі свае шаты 500-гадовыя магутныя дубы. Залацістымі шпілямі цягнуцца да нябёсаў векавыя сосны. У 1992 годзе Нацыянальны парк «Белавежская пушча» быў уключаны ЮНЭСКА ў «Спіс сусветнай прыроднай спадчыны». У 1997 годзе ён атрымаў дыплом Савета Еўропы.
А што ж зубры? Зубрыны статак так разросся, што яго давялося рассяляць. Першыя перасяленцы з Белавежы даўным-даўно абжылі Бярэзінскі запаведнік, наступныя – Налібоцкую пушчу. Яшчэ адзін статак атабарыўся ў Прыпяцкім біясферным запаведніку.

Теги: архив  падзея  
 

 
Rambler's Top100Размещение рекламы на сайтеПроизводство сайта - Студия Компас
Использование материалов с сайта возможно только при условии размещения активной ссылки на сайт.