Видео реклама

 

Сведкi часу

«Каралі» полацкай княгіні

«Каралі» полацкай княгіні

Час няўмольны. Ён знішчае магутныя імперыі, мяняе руслы шматводных рэк, пераўтварае ў друз велічныя муры замкаў, сцірае памяць пра цэлыя народы. Аднак зрэдку з небыцця як напамін пра далёкае мінулае з’яўляюцца каштоўныя рэчы, сапраўдныя шэдэўры, створаныя нашымі продкамі.
Іншы час іх раскопваюць археолагі, але больш за ўсё – звычайныя грамадзяне пры земляных альбо сельскагаспадарчых работах. Але здараецца і так, што пэўны рарытэт з’яўляецца спадчыннай уласнасцю якога-небудзь жыхара Беларусі. Менавіта такі лёс старажытнага нагруднага ўпрыгажэння, што з чыёйсьці лёгкай рукі атрымала назву «каралі Еўфрасінні Полацкай». Яны належаць прыватнай асобе, якая прапанавала купiць іх дырэкцыі сталічнага антыкварна-аўкцыённага дома «Парадзіз» і пажадала пакуль не называць сваё імя. Вядома толькі, што яго продкі некалькі стагоддзяў жылі на Беларусі і што сярод іх лічыліся святары.
Аўкцыённы дом адразу ж вырашыў заручыцца дакументальным пацверджаннем, што рэч гэтая – сапраўды старажытная. Для гэтага звярнуліся ў Інстытут фізікі Нацыянальнай акадэміі навук, супрацоўнікі якога распрацавалі ўнікальны, не маючы аналагаў у Еўропе, прыбор. З дапамогай гэтага прыбора былі праведзены лазерныя спектральныя мікрааналізы метала, з якога зроблены каралі, і камянёў, якія іх упрыгожваюць. Было высветлена, што золата мае высокія пробы – ад 790-й да 910-й на розных дэталях. Каменнi жоўтага колеру – гэта бурштын. А вось зялёныя і сінiя – фарбаваныя шкляныя матрыцы, праўда, такога хімічнага складу, які быў адкрыты ў познеантычны перыяд і выкарыстоўваўся ажно да ХIII стагоддзя нашай эры. Даследчыкі засведчылі: «…Дадзенае на экспертызу ўпрыгажэнне вельмі старога паходжання – пачатку другога тысячагоддзя нашай эры, дзесьці паміж ХІ і ХII стагоддзямі». Галоўны з экспертаў-фізікаў, доктар фізіка-матэматычных навук Сяргей Райкоў адзначыў: «Наша экспертыза мусіць дапоўніцца крапатлівай працай гісторыкаў, тым не менш нават наш вопыт падказвае, што тут мы маем справу з сапраўды ўнікальным рарытэтам».
Тым жа часам датуюць упрыгажэнне і гісторыкі. Археолаг, доктар гістарычных навук Г. Штыхаў сустракаў характэрныя элементы арнаменту – разеткі – і на іншых даследаваных ім раней ювелірных вырабах ХІ–ХII стагоддзяў. Ён адзначыў, што гэткія разеткі прысутнічалi нават на крыжы Лазара Богшы.
А вось мастацтвазнаўчая экспертыза, па нашых дадзеных, пакуль праведзена не была. Бо ў нашай дзяржаве няма спецыялістаў, здольных вызначыць месца вырабу ўпрыгажэння. Магчыма, з такой задачай змаглі б справіцца спецыялісты Эрмітажа альбо Дзяржаўнага музея Расіі. Аднак займацца гэтай справай будзе, напэўна, ужо новы гаспадар рарытэта. «Каралі» падрыхтаваны для продажу на аўкцыёне. Вызначаны першапачатковы кошт – паўтара мільёны еўра. Гэта – найбольшая лічба ў гісторыі беларускіх аўкцыёнаў. Канчатковы ж кошт – непрадказальны. Удзельнічаць у аўкцыёне будуць, верагодна, не толькі нашы суайчыннікі, але і замежныя фірмы і банкі. Аднак калі пераможцам у гандлі выйдзе які-небудзь замежнік – прыватная асоба альбо арганізацыя – ён мусіць, па папярэдняй умове, усё роўна пакінуць каштоўнасць на Беларусі. Будзе ў такім разе ў яго права толькі на тое, каб уласна выбраць месца для захавання набытага ім рарытэту. Гэта можа быць банкаўскі сейф альбо нейкі музей. Так што ў любым выпадку «каралі» застануцца на радзіме. Застаецца толькі спадзявацца, што мы ўрэшце атрымаем магчымасць бачыць іх і ўзрушана ахаць.
Пакуль жа мы можам толькі паразважаць над тым, каму магло сапраўды належаць упрыгажэнне. Калі акрэсліць прастору для пошукаў прывабнай гаспадыні межамі Полацкага княства, то варта адразу абумовіць тое, што Еўфрасіння Полацкая пры ўсёй прыцягальнасці версіі ўладаркай «караляў» быць не магла. Яна вельмi рана пастрыглася ў манахіні – дванаццацігадовай дзяўчынкай збегла да цёткi ў Полацкі манастыр. Адбылося гэта, паводле дадзеных «Жыцця Еўфрасінні Полацкай », пад час прыезду сватоў, якім бацька Еўфрасінні мусіў даць станоўчы адказ. Безумоўна, рыхтуючы дачку замуж загадзя, князь мусіў ужо вызначыць пасаг. Але, мабыць, толькі прыкінуць яго памер у грошах, каштоўнасцях і нерухомасці. Рэальна дзявочы пасаг фарміраваўся і «абрастаў» рэчамі толькі пасля падпісання згоды паміж бацькамі і жаніхом. І калі, напрыклад, нейкая вышываная бялізна ўжо ляжала у куфрах маленькай князёўны Прадславы – будучай святой Еўфрасінні – на момант прыезду сватоў, то каштоўныя падарункі накшталт «караляў», бранзалетаў, завушніц заказваліся альбо вылучаліся з ліку княжаскіх скарбаў ужо перад самым шлюбам.
Гэтыя «каралі» больш падобныя да шлюбнага падарунка жаніха нявесце. У вясельную ноч, паводле звычаяў нашых продкаў, нявеста мусіла зняць са свайго нарачонага абутак, выказаўшы яму гэтым павагу і пакору. А за тое жаніх уручаў нявесце нейкі падарунак, які быў схаваны ў боце (або яго проста выцягвалі з кішэні, калі падарунак быў надта аб’ёмным). Падарунак гэты захоўваўся ў жонкі і шанаваўся ёю ўсё жыццё, пасля ж станавіўся сямейнай рэліквіяй. Таму звычайна гэта было ювелірнае ўпрагажэнне. Нашы «каралі» цалкам маглі быць такім падарункам жаніха. Тады зразумела, чаму яго пяшчотна захоўвалі шмат стагоддзяў, перадаючы з пакалення ў пакаленне. Калі ж улічыць, што, магчыма, «каралі» апынуліся сярод манастырскага або царкоўнага начыння, то можна меркаваць, што княгіня («каралі» надта дарагія, каб думаць пра іх належнасць чалавеку някняжаскага стану) скончыла жыццё манахіняй, і ёй не было каму перадаць каштоўную рэліквію. Можна пералічваць імёны многіх дачок, жонак і сёстраў полацкіх князёў, аднак на той час толькі дзве княгіні прынялі, як нам вядома, схіму. Адной была маці Еўфрасінні, княгіня Соф’я, другой – яе цётка ігумення Раманава. Княгіня Соф’я пастрыглася ў манахіні, каб пазбегнуць высылкi ў Візантыю, якой па волі кіеўскага князя падвергліся ўсе члены полацкай княжаскай сям’і, акрамя інакаў. На думку некаторых расійскіх даследчыкаў, яна не перабралася ў манастырскую келлю, а працягвала жыць у княжаскіх палатах, займаючыся нават палітыкай, аб чым сведчыць яе пячатка на некаторых дакументах. Абедзве дачкі княгіні Соф’і, Предслава-Еўфрасіння і Гардзіслава-Еўдакія, яшчэ раней за маці сталі чарніцамі. Но ўсё ж такі ёй было каму перадаць у спадчыну шлюбны падарунак бацькі, бо заставаліся яшчэ сыны, Давыд і Вячаслаў, якія абодва называюцца ў «Жыцці Еўфрасінні Полацкай».
Княгіня ж Раманава, уласнага імя якой гісторыя для нас не захавала, пастрыглася бяздзетнай пасля ранняй канчыны свайго сужэнца – князя Рамана Усяславіча. Гэтая высокадухоўная і мудрая жанчына стала ігуменняй Полацкага жаночага манастыра і, трэба думаць, галоўнай духоўнай настаўніцай юнай пляменніцы Прадславы. Менавіта ў цётчыным манастыры Прадслава авалодала граматай і набыла непаўторны духоўны вопыт, які дапамог ёй зрабіць першы, самы цяжкі крок на шляху манаства і асветніцтва. Дык, можа, менавіта Раманавай, добрай, рашучай, моцнай, належалі «каралі», якія, нягледзячы на войны, разбурэнні і наступ цемрашальства, захаваліся да нашых дзён, каб прыгадаць пра тых, хто жылі да нас?

 

 
Rambler's Top100Размещение рекламы на сайтеПроизводство сайта - Студия Компас
Использование материалов с сайта возможно только при условии размещения активной ссылки на сайт.