Видео реклама

 

Асоба

Ледзі Макбет з Наваградка

Ледзі Макбет з Наваградка

Безумоўна, гэта самая неспасціжная асоба ва ўсёй гісторыі беларускага Сярэднявечча – першая і адзіная каралева Літвы і Беларусі, жонка вялікага Міндоўга Марта.
Марта нарадзілася дзесьці ў дваццатыя гады XIII стагоддзя. Бацькам будучай каралевы быў ліфляндскі дваранін па імені Фляндр. Хто была жонка гэтага Фляндра – невядома, але можна меркаваць, што праваслаўная з тэрыторыі сучаснай Беларусі, бо імёны абедзвюх яе дачок ад Фляндра былі праваслаўнымі. Марта, відаць, была старэйшай. Паводле летапісных звестак, спачатку, да прыняцця каталіцтва, яна звалася Марфай, а яе сястру клікалі Агнай (беларускі народны варыянт імя Ганна). Людзі, з якімі меў зносіны Фляндр, з’яўляліся пераважна прадстаўнікамі літоўскай, жэмайцкай і аўкшайцкай знаці. Сярод іх і абраў ён мужоў для сваіх дачок. Марта стала жонкай літоўскага князя Вісманта, Агна – нальшанскага князя Даўмонта.
Тады ўжо паўсюль грымела слава Міндоўга, які здолеў заявіць пра сябе як пра лютага ворага крыжаносцаў і іхніх саюзнікаў, воінаў князя Конрада Мазавецкага. Спачатку Міндоўг княжыў на Літве, дзе ў яго быў замак у горадзе Варута (альбо Рута). Але воляю сваіх ворагаў ён страціў княжанне і вымушаны быў разам з сям’ёй і вернымі баярамі шукаць ратавання і абароны ў Наваградку. Нечакана для сябе ён знайшоў тут не толькі прытулак, але і княжацкі пасад.
Па ўсім відаць, што яшчэ да гэтых падзей адбылася першая сустрэча Міндоўга і Марты. Напэўна, уладар Варуты здолеў неяк стаць госцем у замку Вісманта і там пабачыў яго жонку. Бо згодна з тагачаснымі звычаямі, стаўшы гаспадыняй Вісманта, Марта страчвала магчымасць выязджаць куды-небудзь без дазволу мужа. А літоўскія князі не мелі звычаю, накіроўваючыся некуды па справах альбо едучы ў госці, браць з сабою жонак. Толькі вяселле ці пахаванне блізкіх сваякоў іхніх жанчын абавязвала літоўскіх гаспадароў на некалькі дзён адпускаць «пустэльніц» да іх родных.
У сувязі з гэтым яшчэ адно меркаванне: Марта магла пабачыцца з Міндоўгам на вяселлі, напрыклад, сваёй сястры Агны, якое адбылося крыху пазней, чым яе ўласнае. Як бы там ні было, а Міндоўг адразу звярнуў увагу на чужую жонку, і яна завалодала яго думкамі, нягледзячы на тое, што і сам ён быў чалавекам жанатым, бацькам дваіх дзяцей-падлеткаў.
А як жа Марта? Побач з Вісмантам Міндоўг глядзеўся прывабна: высокі і магутны, з велічнай постаццю і «вогненным позіркам». Муж Марты быў гарбуном. Яна ніколі не кахала яго, а праз пэўны час мусіла і наогул зненавідзець, бо зразумела, што ён не можа нават даць ёй дзяцей. І Марта здрадзіла Вісманту, хаця добра ведала пра немінучую страшную расплату, якая мела адбыцца, калі пра яе ўчынак даведаюцца. Згодна з язычніцкімі літоўскімі законамі, жанчыны, што парушалі вернасць мужу, прыгаворваліся да спалення жывымі на свяшчэнным вогнішчы. Гэтаксама караўся і мужчына, які спакусіў чужую жонку. Але і Міндоўг не пабаяўся граху. Ён стаў «лепшым сябрам» Вісманта і гэта дало яму магчымасць час ад часу наведваць Вісмантава жытло дзеля сустрэч з Мартай.
Неабходнасць Міндоўга бегчы з Літвы ратаваць сваё жыццё ў Наваградак павінна было стаць ударам для каханкі. Але разлука не была доўгаю. Як толькі Міндоўг заняў наваградскі прастол, ён аднавіў сувязі з Вісмантам і змог даць зразумець Марце, што не забыўся пра яе.
Першы час свайго праўлення ў Наваградку Міндоўг паказаў сябе як рашучы, абачлівы чалавек. Без крыві і жорсткіх сутычак яму ўдалося аб’яднаць вакол Наваградка шэраг беларускіх гарадоў. Міндоўг заключыў дамову з бліжэйшым суседам, галіцка-валынскім князем Данілам, жэмайцкімі і аўкшайцкімі князямі, і паспяшаўся наладзіць сяброўскія сувязі з Ноўгарадам, дзе княжыў Аляксандр Неўскі.
У такой іпастасі і застацца яму ў памяці людской, каб не Марта. Міндоўг, зрабіўшы першы крок на шляху іхняга збліжэння, так настойліва дабіваўся ўвагі і ўзаемнасці жанчыны, што і не заўважыў, калі ўжо не ён, а яна пачала патрабаваць, загадваць і кіраваць іхнімі ўзаемаадносінамі і нават ім самім. Марта пачала распальваць у сэрцы каханага агонь недаверу да ягоных родзічаў. Бліжэй за ўсіх Міндоўгу быў жэмайцкі князь Выкінт, які ажаніў сваю сястру з малодшым братам Міндоўга Эрдзівілам, на той час ужо нябожчыкам. Марта зрабіла ўсё, каб пасеяць варожасць паміж імі.
У 1252 годзе Міндоўг раптам пасылае Выкінта разам з малодшымі сынамі Эрдзівіла, Таўцівілам і Едзівілам, у паход на Смаленск і накіроўвае ўслед за імі наёмных забойцаў. Родзічы раскрылі задуму Міндоўга і збеглі ад яго ў Галіч, да князя Данілы, жанатага другім шлюбам на дачцэ Эрдзівіла. Даніла абяцаў Выкінту садзейнічанне і абарону. Галіцкі князь дамовіўся з лівонскімі рыцарамі, а Выкінт – з жэмайтамі і яцвягамі. І пачалася ўсобіца, пра якую летапісец кажа: «И многое воевание бысть межи ими».
Страціўшы адначасова амаль усіх сваіх саюзнікаў, з усіх бакоў акружаны ворагамі, Міндоўг звярнуўся за парадай да Марты. І яна, цвяроза ацаніўшы становішча, знайшла, здаецца, адзінае правільнае выйсце: Міндоўг, прыняўшы праваслаўе па волі наваградскіх сваіх падданых, мусіць змяніць веру, стаць католікам. Тады можна перацягнуць на свой бок лівонцаў. І вось ужо Міндоўг піша таемнае пасланне магістру Лівонскага ордэна Андрэю Сцірланду. Міндоўг прапануе кіраўніку «божых дваран» золата, срэбра, каштоўнасці і дае зразумець, што згодны прыняць каталіцтва. І адначасова, відаць, таксама па парадзе Марты, наваградскі князь пачынае праз Сцірланда перамовы з Рымам пра магчымасць каранавацца. Магістр адразу зразумеў, якія выгады можа прынесці Ордэну Міндоўг. З яго дапамогай крыжаносцы разлічвалі скарыць язычніцкія Жэмайцію і Аўкшайцію. Магістр абяцаў выпрасіць у папы Інакенція IV, «каб князя і яго княгіню адразу ж пасля хрышчэння каранавалі як хрысціянскага караля». Жонкай Міндоўга была мясцовая жанчына па імені Любча, менавіта яна мусіла стаць каралевай Літвы (гэтак вырашыў называць у далейшым сваю дзяржаву Міндоўг).
Якая ж карысць Марце ад кароны Міндоўга? Хутчэй наадварот. Карона можа ўзнесці каханага на недасягальную для яе вышыню. Але жонка Вісманта ідзе на рызыку. У яе ёсць прычына.
Гэта толькі цар Саламон у сваіх прытчах сцвярджаў, што гэтак жа, як нельга смяротнаму пабачыць след змяі на камені, след птушкі ў небе, след рыбы ў вадзе, нельга распазнаць і след мужчыны ў жанчыне. Страсць чалавечая не можа доўга заставацца нябачнай для чужых вачэй. І тады перад саўдзельнікамі граха паўстае выбар: ганьба альбо злачынства.
І вось князь Міндоўг дзеля Марты, якая ўжо чакала ад яго дзіця, здзейсніў другое злачынства: ён зрабіў яе ўдавой.
Гарбун Вісмант загінуў падчас асады войскам Міндоўга горада Выкінта Цвірамет. Большасць летапісцаў проста і без каментарыяў канстатуюць гэты факт. Але холмскі летапісец віноўнікам называе наваградскага князя: «Его же (Вісманта. – Прым. аўт.) убил Миндогут и жену его поял». Відаць, Міндоўг зноў звярнуўся па дапамогу да наёмных забойцаў, але на гэты раз у яго ўсё атрымалася.
Вельмі хутка пры таямнічых абставінах загінулі на паляванні і два браты Вісманта – Эдзівіл і Спрудэйка. Не менш таямніча і раптоўна памірае жонка Міндоўга.
Шлях да любімага мужчыны і да кароны для Марты цяпер свабодны. Яна паспявае зрабіцца ягонай жонкай якраз у час, каб народжанае дзіця Міндоўг мог перад усімі назваць сваім, а значыць, спадчыннікам і, хто ведае, можа, і будучым каралём. Сына назвалі Рупэкам.
У ліпені 1253 года холмскі епіскап па даручэнні Інакенція IV каранаваў Міндоўга і Марту.
Атрымаўшы ўсё, пра што марыла, жанчына была шчаслівай. Гэтая ліфляндская ледзі Макбет не заўважала, што дзяржава, створаная Міндоўгам, трымаецца ў асноўным на шчырай павазе падданых. І страту гэтай павагі наўрад ці можна кампенсаваць каронай. Не насцярожвала наваспечаную каралеву нават тое, што ад Міндоўга па яе віне адвярнуўся ягоны старэйшы сын Войшалк, народжаны ў шлюбе з Любчай.
Здавалася б, прыняцце каталіцтва і каралеўскага тытула павінна было стаць для Міндоўга пачаткам трыумфу, а стала пачаткам канца.
Першы ўдар наносіць каралю Літвы князь Даніла Галіцкі, які працягвае падтрымліваць Таўцівіла. У тым жа 1253 годзе, у снежні, ён разбіў войска Міндоўга. На прыніжаныя просьбы пачаць мірныя перагаворы князь Даніла адказвае адмовай. І незадаволеныя Міндоўгам наваградскія баяры пазбаўляюць яго права кіраваць імі, абіраючы сваім князем Войшалка. Яшчэ падпарадкоўваюцца Міндоўгу іншыя гарады яго «краіны», але рэальную ўладу ён губляе. Няўжо застанецца толькі гучны тытул? Дарэмна Марта, якая ў 1254 годзе дорыць яму другога сына, Руклю, з натхненнем займаецца складаннем радавода караля Міндоўга па ўсіх еўрапейскіх канонах. Дарэмна храністы старанна выводзяць славутага продка Міндоўга Кунаса ад рымскага патрыцыя Палямона, які ў часы Атылы, быццам бы, ратуючы сваё жыццё, пакінуў радзіму і пасяліўся на берагах Нёмана. Дарэмна вынаходзяць гістарычныя доказы спадчынных праў роду Міндоўга на Наваградак і Полацк, Ваўкавыск, Слонім і Пінск. Сам Міндоўг ужо пачынае бачыць, што атрымалася. Ён хоча вярнуць сабе павагу і любоў падданых. А яны патрабуюць разарваць усе адносіны з Лівонскім ордэнам, рыцары якога на землях Літвы паказалі сябе як рабаўнікі і гвалтоўнікі, а цяпер спусташаюць жэмайцкія землі.
У 1260 годзе Міндоўг дэманстратыўна адмаўляецца ад кароны. Ашаломленая Марта ўпершыню чуе ад яго рэзкае слова: «Падабаецца табе ці не, але я кінуў хрысціянства, парваў з магістрам і зноў прыйшоў да паганства. Вяртацца ў каталіцтва цяпер позна. Таму, жонка, маўчы. Цяпер што будзе, тое і будзе...».
Пачаліся разбурэнні каталіцкіх святынь, расправы з каталіцкімі святарамі і ганенні на каталікоў. Магчыма, такі ж лёс чакаў бы і праваслаўных, калі б у іх не аказалася абаронцы ў асобе старэйшага сына Міндоўга Войшалка, які неўзабаве адмовіўся ад княжання і пастрыгся ў праваслаўнай абіцелі.
Але нават не вяртанне Міндоўга да паганства, а адмова яго ад кароны стала для Марты тым ударам, які зламаў яе. Здаецца, яшчэ зусім нядаўна разам са сваім духоўнікам братам Зівертам Марта разважала пра веліч і магутнасць Літвы пад рукою новых каралёў – яе нашчадкаў. І вось славалюбівыя мары яе разбіты. Яна страціла мэту жыцця, і розум яе захварэў. Як шэкспіраўская ледзі Макбет, жонка Міндоўга павольна ператвараецца ў вар’ятку. Міндоўг спрабаваў лячыць яе, але ўсё было дарэмна.
У 1262 годзе, канчаткова страціўшы розум, Марта памерла. Перад смерцю яна завяшчала Міндоўгу ажаніцца з яе сястрой Агнай, таму што баялася, каб мачаха не пачала крыўдзіць яе дзяцей. Уражаны Міндоўг пакляўся, што выканае яе пажаданне. І зноў паставіў сябе перад неабходнасцю здзейсніць злачынства, бо яму трэба было цяпер адабраць жонку ў жывога мужа.
Усё гэта скончылася трагічна для Міндоўга. Абражаны Даўмонт уступіў у змову з пляменнікам Міндоўга Транятай, і аднойчы, таемна пранікнуўшы ў пакоі былога караля, яны сталі яго суддзямі і палачамі…

Теги: архив  асоба  
 

 
Rambler's Top100Размещение рекламы на сайтеПроизводство сайта - Студия Компас
Использование материалов с сайта возможно только при условии размещения активной ссылки на сайт.