Видео реклама

 

Паданне

Разбойнік-шавец

Разбойнік-шавец

Каго толькі не сустрэнеш на вясёлым кірмашы! Заморскага купца і п’янага суседа, цыганку-варажэю і чапурыстую барыню, параапранутага панам чорта і нават сапраўднага разбойніка. Толькі адна бяда: калі сустрэнеш, то як яго пазнаць? Крывы нож, лахманы, пісталеты – усё гэта ён, пэўна, пакіне ў лесе. Разбойнік на кірмашы, які знешне нічым не адрозніваецца ад простага мужычка, можа патрапіць з-за гэтага ў самае незвычайнае становішча. Так і было са славутым Міколам, разбойнікам-шаўцом.
Дарэчы, тады, калі пачыналася наша гісторыя, ніхто Міколу гэтак не называў. І ніякай славы ў яго, звычайнага ляснога брата, дробнага рабаўніка і злодзея, не было. На кірмаш паслаў яго атаман разбойнікаў. Каб даведаўся, хто з купцоў больш выгадна прадасць свой тавар ды якой дарогай паедзе дамоў.
Пачаў хадзіць Мікола між гандлёвых радоў, да людзей прыглядацца, прыцэньвацца, прыслухоўвацца да чужых размоў. Хутка вылучыў ён самага ўдалага купца і пачаў круціцца вакол яго.
– Гэй, хлопча! Ты прырос да нашага воза, ці што? Амаль гадзіну бачу цябе тут. Мабыць, украсці штосьці наважваешся?
Узняў вочы лясны брат, ды так і застыў. І рот разявіў ад здзіўлення. Перад ім стаіць дзяўчына, ды такая ладная, прыгожая, што пагляду не адвесці.
– Ну, што ўтаропіўся, – засмяялася прыгажуня, – звычайнага чалавека не бачыў ніколі? А можа, ты на мае словы пакрыўдзіўся? Ну дык у цябе ж, хлопча, сапраўды вельмі падазроны выгляд, асабліва калі ты суеш нос у бацькаў воз.
– Дык ты – дачка гэтага купца? – справіўшыся ўрэшце з сабою, вымавіў Мікола.
– А тое не бачна? – усміхнулася бойкая дзяўчына. – Людзі кажуць, мы падобныя гэтак, што была б я хлопцам, дык блыталі б з бацькам. І імёны ў нас падобныя. Бацька – Павел, я – Паўліна. А ты, хлопча, бачна, не з тутэйшых. Інакш ведаў бы нас. Бацька не прапускае ніводнага кірмашу, а я заўжды з ім, бо я – адзіная дачка яго і нашчадак.
Пакуль дзяўчына весела балбатала, наш разбойнік зусім супакоіўся.
– Якое цудоўнае ў цябе імя, Паўліна, – загаварыў ён. – І сама ты такая харошанькая, чысценькая, румяная. Вось бы мне такую нявесту! Але ж у цябе, пэўна, ёсць ужо каханы.
– Няма пакуль, ды я не вельмі спяшаюся, хлопча, – папраўляючы даўгую касу, кажа Паўліна. – Замуж пайсці – справа няхітрая. Знайсці сапраўднага гаспадара для бацькавага багацця – больш складана. І ты, хлопча, калі б да мяне пасватаўся, павінны быў бы прайсці выпрабаванне. Бо бацька мой – суровы чалавек і не шануе гультаёў. Нават я, родная дачка яго, па загадзе ягоным навучылася добраму рамяству і цяпер вышываю золатам. А ўжо жаніх мой мусіць быць сапраўдным майстрам. Таму, даражэнькі, лепей не заглядайся на маю дзявочую красу. Бо бачу па руках тваіх, што праца ім незнаёмая.
Зразумеў Мікола, што смяюцца з яго, пакрыўдзіўся:
– Глядзі, не засядзіся ў дзеўках, красуня.
Ды і пайшоў прэч. Крочыць, бурчыць сабе пад нос:
– Глядзі ж ты, панна якая знайшлася! Ды як можа яна здзеквацца з хлопцаў!
А ў вушах усё гучыць звонкі Паўлінчын смех, у вачах усё стаіць яе харошанькі тварык. Запала дзеўка ў сэрца, і нічога тут не зробіш.
Не заўважыў разбойнік, як трапіў на вуліцу, дзе жылі рамеснікі. Тут непрыкметна для сябе перастаў Мікола лаяць Паўліну, пачаў думаць пра тое, што яна казала. Сапраўды, ніякая справа, акрамя разбойніцкай, яму невядомая. Ды цi наўрад хопіць цярпення навучыцца якому-ніякому рамяству таму, хто прывык толькі адно да нажа ды ліхога кісценя? Ці спалохалася б Паўліна, калі б даведалася, з кім размаўляе? Напэўна, не. Бачна, дзеўка смелая. А вось ці прызнала б яго майстрам сваёй справы? Пэўна, таксама не. Майстра сярод разбойнікаў – заўжды атаман. Але ж хто ведае, можа, і Мікола калі зробіцца атаманам! Моцы, маладзецкай удалі ў яго хапае, смеласці – таксама. Трэба толькі імя другое, больш гучнае прыдумаць. Каб пачуўшы яго, трэслася ад страху усё наваколле!
– Я – Мікола. Яна – Паўліна. Коля ды Поля, Каполь. А можа, лепш Капыль?
«Бац!» – хтосьці ўдарыў нечым «будучага атамана» па патыліцы. Паплыло ў беднага Міколы перад вачыма. Грымнуўся ён з усяго маху на зямлю.
Калі разбойнік ачуняў, ён убачыў над сабою волата ў доўгім скураным фартуху з добрадушнай фізіяноміяй вясковага прасцяка.
– Уф, а я ўжо думаў, што незнарок забіў цябе,– з палёгкай уздыхнуў ён.
Абмацваючы галаву, разбойнік павольна падняўся з зямлі.
– Чым гэта ты мяне? – спытаўся.
– Ды вось... – волат збянтэжана паказаў Міколу цяжкі бот, які трымаў у руцэ.
– Нічога сабе зброя, – усміхнуўся наш герой, агледзеўшы бот. – Не зайздрошчу таму, каму давядзецца яго насіць. З такім цяжарам на нагах хутка не пабегаеш, а ў вашых мясцінах, пэўна, гэта трэба ўмець кожнаму, калі ён не хоча, каб яго нізавошта пабілі.
– Ну прабач, дружа, – прагаварыў волат. – Я вінаваты. Але навошта ты дражніўся?
– Я?!
– А хіба ты мяне не абзываў капылом?
– Я сапраўды, здаецца, услых вымавіў такое слова, але якое дачыненне мае яно да цябе?
– Няўжо я памыліўся? – прамовіў волат. – Але ведаеш, як надакучыла ўсё! Ну хіба вінаваты я, што бацькі аддалі мяне ў вучні шаўцу? У мяне рукі цяжкія, а шавецкая справа тонкая. Не атрымліваеца ў мяне нічога. Няма каб паспачуваць чалавеку, пашкадаваць яго. Дык не. Як ідуць гараджане міма майстэрні, дык і зачэпяць. То «падэшвай» дражняць, то «цвіком», а то і проста «ботам». Як пачуў я ад цябе «капыл», проста розум страціў. Дык ты не крыўдуй ужо на мяне.
– А што такое капыл? – зацікаўлена спытаў Мікола.
– Адкуль жа ты, сябра, калі гэтага не ведаеш? – здзівіўся вучань шаўца. – Пойдзем у майстэрню, я пакажу табе капыл.
Усё ў шавецкай майстэрні было незвычайнае і цікавае для ляснога брата. Капыл жа аказаўся проста кавалкам дрэва, зробленым у форме чалавечага ступака. На яго нацягваюць скуру і па гэтай мерцы робяць боты.
– Хіба гэта так крыўдна – называцца капылом? – здзіўлена спытаўся Мікола, які вельмі часта сустракаў у сваіх сяброў мянушкі тыпу «кісцень», «нож», «парваны кашэль». – Я б на тваім месцы, братка, зрабіў бы так, каб мянушку гэтую людзі вымаўлялі з павагай.
– Тады ідзі вучнем да майго майстра, і праз год пагаворым, – пакрыўдзіўся волат.
– Добра, я падумаю, – рассмяяўся Мікола, бо намер праславіць мянушку «капыл», зрабіўшыся ліхім разбойніцкім атаманам, зноў з’явіўся ў яго галаве.
Якраз у гэты момант у майстэрню ўляцеў маленькі сухенькі чалавечак з доўгімі моцнымі рукамі. Гэта быў майстар-шавец, і Мікола раптам адчуў, як дробна задрыжэла падлога пад яго нагамі. Гэта затросся ўсім целам волат, што стаяў побач.
– А ты зноў гультуеш, Цімох? – накінуўся майстра на вучня. – Хто гэты чалавек? Навошта ён тут? – спытаў стары, зірнуўшы на Міколу.
– Ён… ён выбірае сабе работу па душы, – нечакана вымавіў Цімох. – І я вельмі раіў яму пайсці да вас вучнем. Вы ж, нібыта, самі шукалі яшчэ аднаго памагатага.
– Гэта сапраўды, шукаў, – казаў шавец, пільна ўглядаючыся ў твар і постаць нашага героя. – Ды хіба ж ён з гэтай мэтай тут?
– Так, я жадаю навучыцца добраму рамяству, – адказаў Мікола, адчуваючы ў паглядзе майстры нейкую небяспеку для сябе. – Але я яшчэ не вырашыў, ці хачу займацца шавецкай справай. Я яшчэ падумаю.
І ён накіраваўся да дзвярэй, але стары шавец заступіў яму дарогу.
– Здаецца мне, сынку, што ты ўжо валодаеш нейкім рамяством. Яно не вельмі карыснае, але бывае прыбытковым. Ці не так?
Мікола моўчкі зноў паспрабаваў выйсці, але майстар раптам пачаў гаварыць, ды так ціха, што нават Цімох, які стаяў недалёка, не мог разабраць яго слоў.
– Слухай, сынку, толькі што ў мястэчка вярнуліся людзі, што разам з салдатамі рабілі аблаву на разбойнікаў. Усіх схапілі, акрамя аднаго. Яны прызналіся, што іхні таварыш быў пасланы на кірмаш назіраць за купцамі. Ты ж, хаця і апрануты селянінам, пэўна, ні касы, ні плуга блізка не бачыў. Калі я не памыліўся ў сваіх здагадках, то паслухай старога, у лесе табе няма чаго больш рабіць. Я б мог выдаць цябе, але, не ведаю чаму, шкада. Так што падумай і заставайся тут. Будзеш маім вучнем. Бог даруе мне ўсе грахі, калі ўдасца з рабаўніка зрабіць добрага рамесніка.
Гэтак амаль супраць волі стаў Мікола вучнем шаўца. Праз месяц пасля гэтага ў мястэчка прыйшла вестка, што ўсе разбойнікі, схопленыя ў тутэйшых лясах, павешаныя. Штосьці зламалася тады ў Міколы. Цэлымі днямі сядзеў ён у майстэрні, закрыўшы твар рукамі, а праца стаяла. Але, мабыць, стары майстар вельмі добра разумеў усё і не чапаў свайго незвычайнага вучня.
І аднаго дня той урэшце накінуўся на працу, нібы галодны на хлеб. І прагна штодзень слухаў настаўленні шаўца, і яго рукі пакрывалі крывавыя мазалі ад нязвыклай працы, і шмат матэр’ялу псаваў новы вучань. Але аднаго разу атрымаўся у былога разбойніка неблагі чаравік. І з тых часін ён пачаў радаваць сваім уменнем старога майстра.
Прайшоў год. Шавец адаслаў у родную вёску няўмёху Цімоха, а Міколу пачаў даручаць нават самую складаную працу. Яшчэ праз год усё наваколле ўжо ведала пра маладога шаўца Міколу Капыла. А яшчэ праз год майстра сказаў яму:
– Уваходзь, сынку, са мною ў долю, будзем разам валодаць майстэрняй.
Дзень за днём прыбывала слава Міколы Капыла. І спачатку ён майстэрствам сваім перамог настаўніка, потым стаў лепшым шаўцом на ўсёй вуліцы. А пасля кірмашу, на якім заморскія купцы скупілі ўсе боты, зробленыя Міколам, маладога шаўца прызналі лепшым майстрам краю. З усяго наваколля з’язджаліся да яго заказчыкі. І ніхто ніколі не развітаўся з ім пакрыўджаны.
Аднойчы вясной у дзвярах майстэрні ўзнікла ладная дзявочая постаць. Пачуўшы пра шаўцовы здольнаці, Паўліна прыйшла, каб заказаць яму новыя чаравікі. Пазнаўшы Міколу, успыхнула, счырванелася дзяўчына.
– Дык гэта ты Капыл? Прабач, майстра, што смяялася тады з цябе, але ж я сапраўды нічога не ведала…
Што тут казаць. Хутка наш герой згуляў вяселле. Жылі яны доўга і шчасліва, і было ў іх шмат дзяцей. Усе, калі выраслі, сталі шаўцамі. І да іх прозвішча Капыл людзі заўсёды ставіліся з павагай, як марыў пра тое іхні бацька. Спачатку вуліца, дзе знаходзілася майстэрня, пачала звацца Капыл. Пасля назва перайшла на ўсё мястэчка, якое да таго часу ўжо праславілася па ўсёй Беларусі як шавецкая сталіца. Невядома толькі, хто, калі і навошта перарабіў назву на Капыль.

Теги: архив  паданне  
 

 
Rambler's Top100Размещение рекламы на сайтеПроизводство сайта - Студия Компас
Использование материалов с сайта возможно только при условии размещения активной ссылки на сайт.