Видео реклама

 

Сведкi часу

Быліна пра багатыра Дуная

Быліна пра багатыра Дуная

У другой палове ХІХ сагоддзя дапытлівы расійскі падданы нямецкага паходжання А. Ф. Гільфердынг, вандруючы па рускай Поўначы, зрабіў нечаканае і для сябе, і для еўрапейскіх вучоных, і нават для айчыннай лінгвістычнай навукі адкрыццё. Ён высветліў, што ў фальклор рускага насельніцтва гэтых мясцін уваходзяць творы нікому не вядомага раней жанру – быліны, і пачаў збіраць і занатоўваць пачутае.

Хутка быў выдадзены цэлы зборнік. Услед за Гільфердынгам за збіранне былін узяліся іншыя навукоўцы-фалькларысты. Яны са здзіўленнем высветлілі, што гэты від вуснай народнай творчасці распаўсюджаны сярод вясковага насельніцтва на велізарнай тэрыторыі. Яшчэ больш уразіла іх тое, што сказіцелі былін, у адрозненне ад казачнікаў, лічаць былінных герояў асобамі, якія існавалі на самой справе. А падзеі, пра якія распавядаюць, – рэальнымі фактамі далёкага мінулага.
Навукоўцы спачатку не ўспрынялі сур’ёзна падобныя выказванні. Але з часам вымушаны былі перагледзець свае погляды, таму што змаглі аднавіць біяграфіі большасці былінных герояў і ідэнтыфікаваць падзеі, апісаныя ў былінах. Вельмі цікавай з гэтага пункту гледжання аказалася самая першая са знаходак Гільфердынга – быліна «Дунай», дзе ў вобразе «літоўскага караля» і яго дачкі Апраксы выведзены полацкі князь Рагвалод і князёўна Рагнеда.
Быліна гэтая вельмі цікавая і незвычайная. Яшчэ ў ХІХ стагоддзі яна мела вялікую папулярнасць і была запісана збіральнікамі фальклору ў некалькіх варыянтах, якія даволі моцна адрозніваюцца адзін ад аднога.
Наша цікавасць да быліны пра Дуная ўзнікла яшчэ і таму, што ў ёй дзейнічаюць адначасова з персанажамі, прататыпы якіх ужо вызначаны, цэлы шэраг «нерасшыфраваных». І ў першую чаргу гэта датычыць галоўнай гераіні быліны Настассі, якую тут называюць старэйшай сястрой Апраксы – Рагнеды. Што ж нам вядома пра яе?
Гэтая дзяўчына была багатыркай, альбо, як звалі іх яшчэ ў тыя часы, паляніцай. Гэтак жа, як і іншыя багатыр-дзяўчыны, вяла яна поўнае прыгод і небяспекі жыццё. Настасся была вельмі моцнай. Дасканала валодала зброяй. А ў стральбе з лука яе не маглі перамагчы не толькі паплечніцы-паляніцы, але і багатыры-мужчыны. Нiчога не палохала яе ні ў лясных нетрах, ні ў чыстым полі. І пры ўсім тым, як сцвярджае быліна, Настасся была яшчэ незвычайнай прыгажуняй.
Згодна быліне, кіеўскі князь Уладзімір «Чырвонае Сонейка» вырашыў ажаніцца. З дзвюх дачок свайго дальняга суседа, «караля харобрай Літвы», кандыдатуры якіх прапанавалі яму багатыры-дружыннікі, ён выбраў малодшую, Апраксу-каралеўну, жаноцкую, крыху какетлівую прыгажуню, якая
«ходзіць па цераме, залатым версе
у адной тонкай кашульцы без пояса,
у адных тонкіх панчошках без чобатаў,
у яе русая каса параспушчаная».
І выракся ад старэйшай Настассі-каралеўны, якая
«Ездзіць у чыстым полі паляніцаю,
Мае ў плячах моц вялікую».
Сватамі паслаў Уладзімір дваіх сваіх дружыннікаў-багатыроў Дабрыню Нікіціча і Дуная Іванавіча, які ў свой час тры гады служыў у бацькі Апраксы і Настассі.
«Кароль харобрай Літвы» спачатку выказаўся супраць шлюбу Апраксы. Спаслаўся на звачай, згодна якому нядобра выдаваць замуж малодшую дачку раней старэйшай. Але пасля таго як Дунай прадэманстраваў «паважанаму гаспадару «і яго слугам сваю моц малайцоўскую», вымушаны быў даць згоду. Узрадаваныя сваты паспяшаліся ў Кіеў з прыемнай для князя навіною. Але раптам заўважылі, што іх нехта даганяе, і затрымаліся. Дунай выйшаў насустрач таму, хто гнаўся за імі. Нечакана той гэтак свіснуў, што кіеўскі волат абрынуўся з каня на зямлю. Зрэшты, Дунай хутка ачуняў і ў сваю чаргу збіў супраціўніка з каня. Затым, маючы намер зарэзаць ворага, разарваў на тым кашулю і атарапеў… Невядомы двубоец аказаўся дзяўчынай.
І волат пазнаў тую, з кім змагаўся. Прыгадаў ён дзяўчынку-падлетка, старэйшую дачку «караля літоўскага», у якога служыў калісьці. І ўразіўся, пабачыўшы, у якую прыгажуню яна ператварылася. Дунай тут жа прапанаваў ёй ехаць з ім у Кіеў і там абвянчацца. Настасся, якая, верагодна, даўно ўжо была закаханая ў багатыра, адразу ж згадзілася.
Але сямейнае жыццё не прынесла ёй шчасця. І прычынай гэтаму стаў яе незалежны, праўдзівы характар. Пад час аднаго з піроў Дунай пад уздзеяннем хмяльных напояў развыхваляўся, пачаў сцвярджаць, што ён самы лепшы волат у Кіеве. Настасся не вытрымала і запярэчыла мужу: яна лепш за яго страляе з лука. Распалены выпітым, Дунай вырашыў неадкладна даказаць усім, што ягоная жонка – манюка. Дзеля гэтага прапанаваў ёй наладзіць спаборніцтвы па стральбе з лука і… прайграў. Настасся расшчапіла ўсе тры стралы аб лязо нажа. А Дунай пры першых двух стрэлах прамахнуўся. У шаленстве багатыр накіраваў апошнюю стралу ў сваю жонку. Настасся маліла захаваць ёй жыццё, бо ўжо шэсць месяцаў насіла пад сэрцам дзіця. «Другога такога немаўляці ў горадзе няма», – спрабавала жанчына абудзіць дабро і бацькоўскія пачуцці ў душы п’янага мужа. Аднак дарэмна…
І толькі пасля таго, як упала Настасся-паляніца на зямлю са стралою ў грудзях, зразумеў ён, што здарылася, і тут жа кінуўся на ўласны меч. А кроў яго, змяшаўшыся з крывёю Настассі і крывёю іх ненароджанага дзіцяці, дала пачатак рэчцы Дунай. Вось такі былінны аповед.
І зноў узнікае пытанне: колькі тут праўды і колькі выдумкі? Ці можна лічыць Настассю рэальнай гістарычнай асобай? В. Г. Бялінскі, напрыклад, пісаў: «У Настассі-каралеўне ажыццеўлены ідэал амазонкі па разуменні рускага чалавека. Жонка багатыра павінна нараджаць багатыроў, а дзеля гэтага сама павінна быць багатыром свайго полу».
Але нават калі ён памыляецца, і гісторыя Настассі – фалькларызаваная біяграфія канкрэтнага чалавека, якi жыў у Х стагоддзі, то ў якой ступені яна фалькларызавана? Што ў быліне рэальна, а што з’яўляецца прыгожым домыслам? Паспрабуем адказаць на гэтыя пытанні, прааналізаваўшы, як быліна сказіла факты біяграфій іншых сваіх персанажаў.
Драматычная гісторыя сватаўства Уладзіміра (тады яшчэ наўгародскага князя) выдатна вядома. Рагнеда адмовіла князю, заявіўшы, што не жадае «…разбуць сына рабыні». Вядома і тое, як жорстка адпомсціў Уладзімір за абразлівую адмову. У быліне ж язычніцкае імя Рагнеды заменена на хрысціянскае. Прычым на такое, якое пасля прыняцця хрысціянства на Русі стала найбольш папулярным сярод прадстаўніц кіеўскай княжаскай дынастыі, Апракса – Еўпраксія. Бацька ж Рагнеды, полацкі князь Рагвалод, паўстае ў быліне безыменным «каралём харобрай Літвы». Адбылася такая замена, хутчэй за ўсё, дзесьці ў ХІV–ХV стагоддзях, у той час, калі Полацкае княства ўвайшло ў склад Вялікага княства Літоўскага. Калі ўжо гэтыя гістарычныя персанажы спазналі такую трансфармацыю ў народнай фантазіі, то што ж можна гаварыць пра іх менш вядомых сучаснікаў?
Дарэчы, ці можна давяраць быліне ў тым, што паляніца Настасся і жонка кіеўскага князя Уладзіміра сапраўды з’яўляліся сёстрамі? Вядома, што ў Рагнеды родных сясцёр не было. А былі толькі два браты. Але тут, магчыма, мелася на ўвазе яе стрыечная сястра, адна з дачок заснавальніка Турава – князя Тура.
Згодна паданню пра тураўскія саркафагі, у малодшага Рагвалодава брата Тура было ажно дзевяць дачок. І ўсе яны быццам бы загінулі ў адну ноч, у якую святкавалі Купалле.
У ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя ў Тураве сапраўды былі знойдзены старажытныя саркафагі часоў князя Тура. У адным з іх аказаліся мужчынскія рэшткі – магчыма, самога Тура, аднак у іншых маглі пакоіцца і тураўскія князёўны. Ва ўсялякім разе цалкам адмаўляць тое, што Тур меў дачок, мы не можам. Значыць, у Рагнеды маглі быць стрыечныя сёстры.
Яшчэ адно пытанне ўзнікае пры аналізе быліны. Дзе адбыліся падзеі, якія прывялі да крывавай развязкі? Дзе знаходзіцца гэтая самая рака Дунай? Славутая рака, тая, вялікая, пра якую аўтар «Аповесці мінулых гадоў» прыгадваў, кажучы: «…сядзелі славяне на Дунаі», калі расказваў пра часы, што папярэднічалі рассяленню славян на ўсход і поўдзень, была цудоўна вядома на Русі ў былінныя часы. Бацька Уладзіміра Хрысціцеля Станіслаў шмат гадоў ваяваў у Балгарыі з візантыйцамі, меў нават пэўны час намер перанесці на берагі гэтай ракі сталіцу сваёй дзяржавы. Так што звязаць паходжанне вялікага Дуная са смерцю якога-небудзь, хай сабе і наймагутнага, багатыра нашы продкі не маглі ні ў якім разе. А ці не магло так здарыцца, што на тэрыторыі старажытнай Русі працякаў іншы Дунай, малы? Такі, які па сваіх памерах мог асацыявацца з ракой, узнікшай з крыві волата?
Трагічныя падзеі, апісаныя ў быліне, па сцвярджэнню яе сказіцеляў, адбываліся пад Кіевам. Аднак у тых мясцінах ні рэчкі, ні ручая з такой назвай няма і ніколі не было. А што, калі сказіцелі, якія перадавалі азін аднаму на працягу стагоддзяў гэты прыгожы паэтычны сюжэт, проста-напраста «забыліся», дзе на самой справе знаходзіцца месца гібелі іх герояў? Дык, можа, мы шукаем не там? Можа, апісаны ў быліне пір адбываўся ва ўладаннях не кіеўскага князя, а тураўскага ці полацкага? На карысць гэтай гіпотэзы такі факт: у няпоўных палутара кіламетрах ад сталіцы Беларусі, каля старажытнага гарадзішча, там, дзе па меркаванні шэрага даследчыкаў першапачаткова знаходзіўся Мінск, і ў наш час цячэ рачулка з назвай Дунай. Землі ж гэтыя ў часы, апісаныя ў быліне, уваходзілі ў склад Полацкага княства. Больш таго, падобная назва нідзе больш на былой тэрыторыі Старажытнай Русі не сустракаецца.
Дарэчы, для беларускай тапанімікі наогул вельмі характэрна «прывязваць» назву населенага пункта, узгорка, рэчкі, возера да якога-небудзь уласнага імя. У такім выпадку, магчыма, сапраўды існаваў чалавек з імем Дунай. І падзеі, што былі апісаны ў быліне (хай сабе і не зусім такія ў дэталях), маглі адбывацца на гэтым месцы. Праўда, рачулка Дунай, зразумела, не магла ўзнікнуць у выніку той крывавай драмы. Але нельга выключаць верагоднасць таго, што менавіта на яе берагах здзейсніў жорсткае забойства, а затым і самагубства кіеўскі волат. Кроў забойцы і яго ахвяры змяшалася з рачнымі хвалямі. Мясцовыя ж жыхары былі настолькі ўражаны ўсім тым, што адбылося, што перанеслi імя волата, які тут загінуў, на рэчку.
У апошні час шмат людзей імкнецца наведаць старажытны Ізяслаўль. Гэта своеасаблівае паломніцтва ў месцы, дзе правяла апошнія гады свайго жыцця полацкая князёўна і кіеўская княгіня, першая ўсходнеславянская манахіня Рагнеда-Апракса. Дык, можа, з часам такім жа месцам паломніцтва стане і старажытнае гарадзішча, абмываемае рэчкамі Менка і Дунай, а аб’ектам пакланення – вернутая з цемры забыцця тураўская князёўна Настасся?

 

 
Rambler's Top100Размещение рекламы на сайтеПроизводство сайта - Студия Компас
Использование материалов с сайта возможно только при условии размещения активной ссылки на сайт.