Видео реклама

 

Падзея

Аўтар загадкавай кнігі

Аўтар загадкавай кнігі

У 1760 годзе, 250 гадоў назад, паставіўшы апошнюю кропку ў сваёй кнізе-дзённіку «Авантуры майго жыцця», таямнічая аўтарка Саламея Рэгіна Пільштынова-Русецкая выправілася ў далёкі і небяспечны шлях у Святую зямлю. Чым скончыўся ён, да гэтых часоў невядома. А пра тое, што папярэднічала яму, мы ведаем адно толькі з запісаў самой Саламеі Рэгіны. Яны ператварыліся ў кнігу, якая выклікае цікавасць і да гэтых часоў.
Нарадзілася Саламея ў 1718 годзе на Навагрудчыне. Бацька яе Яўхім Русецкі, хутчэй за ўсё, быў мешчанінам альбо дробным шляхціцам. У 1731 годзе чатырнаццацігадовую дзяўчыну выдалі замуж за немца-лекара Якуба Хальпіра, які адразу ж накіраваўся з маладой жонкай у Стамбул, дзе планаваў займацца лекарскай дзейнасцю. Жонка нечакана для мужа праявіла да яго заняткаў вялікую цікаўнасць. Выпадак звёў Саламею з іракскім лекарам, які навучыў яе лячыць некаторыя хваробы вачэй. Мала-памалу Саламея набыла столькі ведаў і вопыту, што атрымала дазвол самастойна практыкаваць. Па мусульманскіх звычаях мужчына, нават лекар, не мог наведваць гарэмы. А прававерныя мусульманкі не мелі права лекаваць пацыентаў-мужчын. Саламея ж магла практыкаваць і сярод мужчын, і сярод жанчын. Гэта зрабіла яе вельмі папулярнай. Аднак па гонары Хальпіра моцна ўдарыла тое, што жонка пераўзыйшла яго ў ведах і ўменні. Неўзабаве ён збег ад сужэнкі, якая цяпер была яшчэ і галоўнай яго канкурэнткай, у Боснію. Збег ганебна, пакінуўшы Саламею захварэўшай, з маленькай дачкой на руках, прыхапіўшы ўсе грошы і каштоўнасці.
Ачуняўшы, жанчына здолела дагнаць вераломнага мужа. Хальпір нават не ўяўляў, наколькі хутка можа здабыць неабходныя для падарожжа сродкі яго сужэнка, – дастаткова было толькі выправіцца ў дарогу і, спыняючыся ў розных гарадах і мястэчках, лячыць багатых пацыентаў.
Адным такім пацыентам стаў славуты турэцкі разбойнік Сары Хусейн, які, даведаўшыся пра лекарку-вандроўніцу, перахапіў яе на шляху ля горнага перавала і захапіў у ганаровы палон, каб папрасіць вылечыць старога родзіча, які вось ужо шэсць гадоў не хадзіў. Лекарка палепшыла здароўе не толькі гэтага чалавека, але і самога атамана разбойнікаў, які пакутаваў ад цяжкай формы кан’юнктывіту.
Сустрэўшыся з мужам у балгарскай Сафіі, Саламея зразумела, наколькі магутны Бог у сваім уменні караць людзей за здрадніцтва – Хальпіра нечакана разбіў паралюш. І ён прыніжана маліў жонку заняцца яго лячэннем. Яна прымяніла ўсе свае веды дзеля таго, каб дапамагчы мужу. І ў гэтай справе нечакана знайшоўся ў яе памочнік, лекар-італьянец. Паміж імі магло б успыхнуць каханне, але абодва, бачна па ўсім, задушылі яго ў сваіх сэрцах. Ён быў рыцарам-манахам, які даў самыя суровыя абеты, яна – працягвала заставацца замужняй жанчынай. Яны развіталіся. І больш сумленных і высакародных мужчын на шляху Саламеі не сустракалася. Неўзабаве Хальпір памёр ад чумы, і Саламея стала весці зусім свабодны лад жыцця, актыўна практыкуючы ў асноўным сярод вышэйшай знаці і венцаносных асоб (паша Купру-Улу, трансільванскі князь Йожэф Ракацы, дзяржаўны падскарбі Мегмет Эстэрэдзі-паша, гетман вялікі літоўскі Міхал Радзівіл Рыбанька, турэцкі султан з яго сёстрамі і нават расійская імператрыца Ганна Іаанаўна).
Ужо такі пералік можа даць уяўленне пра папулярнасць Саламеі как лекаркі і яе ўдачлівасць, бо ў асяроддзі такіх асоб любая, нават самая дробная памылка магла скончыцца пакараннем смерцю.
Але Саламея зарабляла не толькі лекаваннем. Як сапраўднае дзіця свайго часу, яна не грэбавала разжывацца за кошт вайны. А менавіта выкупала з палону людзей, каб потым даць ім волю за яшчэ большыя грошы. Адным з такіх палоннікаў быў аўстрыйскі афіцэр Фартуната Пільштын, які надта доўга суправаджаў яе ці то як раб, ці то як сябра, бо родзічы не спяшаліся выкупаць яго. Урэшце рэшт афіцэру ўдалася схіліць да сябе сэрца гаспадыні, і Саламея стала яго жонкай. Але, атрымаўшы такім экстраардынарным спосабам волю, Фартунат не спяшаўся станавіцца ўзоравым мужам. Пад час доўгіх паездак лекаркі аўстрыяк весела прамотваў яе грошы, гуляючы ў азартныя гульні і здраджваў ёй у абдымках шматлікіх жанчын. Яны развіталіся, месца нявернага мужа хутка заняў няверны каханак, значна маладзейшы за Саламею, вельмі прыгожы афіцэр, імені якога лекарка ў кнізе сваёй не называе. Ён рабіў тое ж, што і Фартунат, – падманваў сваю дабрадзейку дзеля магчымасці траціць яе грошы. Мала таго, па віне гэтага чалавека Саламея згубіла абодвух сваіх сыноў ад Фартуната. Не маючы сіл справіцца з душэўнымі пакутамі, Саламея Рэгіна Русецкая вырашае звярнуцца за парадай і супакаеннем да Бога. Яна накіроўваецца думкамі да Святых месцаў і… знікае назаўжды са старонак гісторыі, у якую ўпісала сябе сама. Менавіта з-за гэтага некаторыя даследчыкі сур’ёзна сумняваюцца ў рэальным існаванні такой жанчыны. «Гэта проста літаратурная гераіня, – сцвярджаюць яны. – Саламея Рэгіна – плод творчасці нейкага невядомага аўтара ХVIII стагоддзя. А тое, што аповед у кнізе вядзецца ад першай асобы, – проста літаратурны прыём. Так пісалі свае кнігі, дарэчы, Дэфо і Вальтэр».
Але чамусьці зусім не хочацца верыць гэтаму сцвярджэнню. Няхай будзе так, што Русецкая-Пільштынава сапраўды жыла на свеце! Няхай будзе гэтак, бо застацца раўнадушнай да абаяння гераіні кнігі «Авантуры майго жыцця» і не спачуваць ёй – немагчыма.

Теги: архив  падзея  
 

 
Rambler's Top100Размещение рекламы на сайтеПроизводство сайта - Студия Компас
Использование материалов с сайта возможно только при условии размещения активной ссылки на сайт.