Видео реклама

 

Асоба

З дабром да ўсіх

З дабром да ўсіх

Святыя салунскія браты Кірыл і Мефодзій, прапаведуючы Слова Божае южным славянам, прыклалі шмат намаганняў, каб стварыць на гэтых землях хрысціянскую царкву. Пры гэтым дзейнічалі яны толькі словам і заўпэўніваннямі. Як паказалі далейшыя падзеі, іх метады аказаліся больш дзейснымі і жыццяздольнымі, чым у прыхільнікаў прымусовай хрысціянізацыі іншаверцаў.
Гэткі ж шлях абрала і наша зямлячка Ганна Потта. Аднак яе місіянерская дзейнасць адбывалася не ў часы росквіту язычніцтва, а на мяжы ХІХ і ХХ стагоддзяў, і зусім не ў чужой краіне.
Але ж звернемся да гісторыі. Калі Рэч Паспалітая канчаткова знікла з карты свету, дзяржаўныя і царкоўныя дзеячы Расіі са здзіўленнем даведаліся, што на тэрыторыі, далучанай да Расійскай імперыі, жыве немалая колькасць людзей, якія пакланяюцца язычніцкім багам. Хрысціянскае насельніцтва называла іх калакутамі. Калакуты жылі на тэрыторыях беларускага і польскага Палесся. Руская праваслаўная царква прыняла рашэнне стварыць на гэтых землях шэраг праваслаўных абіцелей.
Першым узнік жаночы манастыр у гонар Прасвятой Багародзіцы ў сяле Лесна Седліцкай губерніі (цяпер гэта тэрыторыя Беласточчыны). Неўзабаве манастыр разросся, а святыя сёстры – выхаванкі Леснінскай ігуменні Кацярыны – накіраваліся ў яшчэ больш глухія мясціны для заснавання новых абіцеляў, падобных Леснінскай.
У 1894 годзе ў вёску Віраў на беразе Заходняга Буга прыбылі дзевяць паслушніц пад кіраўніцтвам манахіні Ганны. Мясціны гэтыя лічыліся самымі разбойнымі, а сам Віраў праславіўся тым, што тут у адчаі скончыў жыццё самагубствам ксёндз. Навокал не было ніводнага хрысціянскага храма. Сястра Ганна абрала часовым прыстанкам для сваіх паслушніц закінуты касцёл.
У міры яна насіла прозвішча Потта і была дачкой начальніка артылерыйскіх складоў вайсковай крэпасці ў Брэст-Літоўску. Скончыўшы ў 1881 годзе з залатым медалём гімназію, Ганна Потта некалькі гадоў працавала спачатку ў Холмскім Марыінскім вучылішчы, а затым у Калішскай гімназіі. Але дзяўчына марыла пра больш высокую дзейнасць. Мала-памалу ў душы яе выспела рашэнне прысвяціць жыццё служэнню Богу. Жаданне гэтае прывяло дваццацічатырохгадовую Ганну ў Леснінскі Багародзіцкі манастыр. Праз год яна прайшла абрад пастрыжэння ў манахіні і неўзабаве атрымала ад ігуменні блаславенне на манашаскі місіянерскі подзвіг.
Як калакуты, так і католікі жылі ў жудасных умовах, у незвычнай нават для Расіі беднасці. Размаўлялі яны на змяшанай беларуска-украінскай мове. Да прышлых ставіліся з недаверам. Сястра Ганна з паслушніцамі не мелі практычна нічога, нават зімовага адзення. У дарогу ім далі толькі… адзін рубель. Але Ганну адрознівалі бясконцая вера, цярпенне, увага, любоў да людзей і ўменне давяраць. Сёстры пачалі сваю дзейнасць з наведвання суседніх вёсак. Яны прапаноўвалі дапамогу па ўборцы ўраджая, рамонту адзення і абутку. Па вечарах вучылі дзяцей пісаць і чытаць, а таксама Закону Божаму. За гэта сяляне дзяліліся з сёстрамі бульбай і хлебам. Паволі паслушніцы абжываліся. І адна за адной прымалі манашаскія абеты. У іх з’явіліся апекуны з ліку дваран края і мясцовай адміністрацыі. Матушка Ганна наладзіла стасункі з калакутамі. Да яе сталі звяртацца за парадай і заступніцтвам. Жывучы па прынцыпу «Нічога для сябе – усё для іншых», настаяльніца дапамагала бедным грашыма, адзеннем, вырашала праз царскіх чыноўнікаў іхнія праблемы, вымольвала грошы ў доўг у багацеяў, каб выдаткаваць іх на сірот заснаванага ёю пры абіцелі прытулка.
Аднак і праз шэсць гадоў пасля заснавання манастыра ў Віраве лёс яго бачыўся няпэўным. Сродкі, якія сёстры трацілі на дапамогу бліжнім, былі вялікімі, а на добраўладкаванне манастырскіх памяшканняў і быта саміх манахінь не заставалася нічога.
На дапамогу падзвіжніцам прыйшоў славуты царкоўны дзеяч Іаан Кранштадскі. Ён даслаў матушцы Ганне цёплае пасланне і даволі значную грашовую дапамогу. А ў далейшым садзейнічаў таму, каб пра патрэбы віроўскіх манахінь даведаліся шырокія колы расійскага грамадства. У абіцель пачалі прыходзіць ахвяраванні з Пецярбурга, Масквы, Варшавы і Вільні. З’явіліся новыя насельніцы. З «настаяльніцай Ганнай» пажадаў сустрэцца сам імператар Мікалай ІІ.
У 1898 годзе наша зямлячка двойчы была прадстаўлена імператару і яго сям’і. Уражаны гасудар заўважыў: «Дабрачынная дзейнасць Віроўскай абшчыны мае важнае значэнне для ўсяго насельніцтва края». Імператар ахвяраваў вялікія для тых часоў сродкі – 6 000 рублёў – і падарыў уласны маёнтак у Гродзенскай губерніі. Яшчэ два маёнткі былі набытыя ў наваколлі манастыра. Ахвяравана было і мноства каштоўных абразоў, у тым ліку Чарнігаўская ікона Божай маці, св. Панцелеймон, асвячоны на Афоне, і св. Мікола Цудатворца.
Пасля гэтага, урэшце, былі пабудаваныя сталыя манастырскія пабудовы і тры царквы. Матушка Ганна была ўзведзена ў сан ігуменні. Яна распарадзілася атрыманымі грашыма з найвялікшай карысцю: адкрыла некалькі школ, стварыла сіроцкі прытулак на 448 месцаў. На манастырскіх тэрыторыях узніклі аптэка, багадзельня для самотных старых, малочная ферма. Колькасць манахінь павялічылася да 200. Але чым больш узвышалася абіцель, тым больш самааддана паводзіла сябе ігумення.
Аднойчы ў манастыр у надзвычай цяжкім стане прывезлі 14-гадовую дзяўчынку-каталічку, якая захварэла на чорную воспу. Хвароба была такой небяспечнай, што ігумення вырашыла аддзяліць дзіця ад іншых, поклаўшы яе ў сваёй келлі. Яна сама даглядала дзяўчынку, не падпускаючы да яе нікога з сёстраў. І хвароба адыйшла. Тут жа ўратавалі і дзяўчынку, хворую на дыфтэрыт, па тых часах хваробу амаль невылечную.
Гасціннасць, цеплыня, павага да чалавека, якія панавалі ў Віроўскай абіцелі, выклікалі захапленне і надоўга засталіся ў памяці выпадковых і невыпадковых наведвальнікаў. Адзін з іх, І. Касцючык, прыгадваў: «Вось вы прыязджаеце першы раз у манастыр. Ніхто вас не ведае, і вы – нікога. Толькі што выйшлі з экіпажа, як ужо падыходзіць да вас паслушніца і просіць вас абедаць, альбо снедаць, альбо вячэраць – гледзячы па часу дня. З такой просьбай звяртаецца яна і да вашага рамізніка, хто б ён ні быў: рускі, паляк, праваслаўны, католік, яўрэй, калакут. Такі выпадак з’яўляецца для многіх, можа, першым, а можа, адзіным у жыцці, калі два чалавекі паглядзяць адзін на аднаго не так, як заўжды, а пазнаюць адзін у адным брата – і ідуць разам абедаць». Ён таксама пісаў, што неаднойчы даводзілася яму абедаць на верандзе манастырскай гасцёўні, дзе «...побач сядзелі княгіня з дзецьмі, сялянка-калакутка з суседняй вёсцы, пан католік, рамізнік яўрэй, праваслаўны святар, двое жабракоў, духоўны кампазітар, працоўны бурачна-цукровага заводу ды чыноўнік асабістых даручэнняў пры генерал-губернатары…».
Красамоўным пацверджаннем слоў Касцючыка можа быць аповед ксяндза з вёскі Яблоны: «Запрошаны я быў настаяльніцай абіцелі да паміраючага ў манастыры католіка. Пад’язджаю да манастыра і што ж бачу? Худая, бледная маці Ганна наперадзе, а за ёю манахіні з запаленымі свечкамі ў руках чакаюць ксяндза са святымі дарамі і вітаюць мяне, служку Божага, паклонам. Я бачыў рознае ў жыцці, але сапраўдны хрысціянскі ўчынак віроўскіх манахінь збянтэжыў мяне, і я не адразу знайшоўся, каб даць зразумець шаноўным людзям, як мяне кранулі іх паводзіны. У душы маёй нарадзілася здзіўленне. Як жа гэта? Яшчэ ўчора да мяне даходзілі чуткі, што віроўскія манахіні прыйшлі сюды змагацца і перамагаць, а сёння я бачу іх рахманымі, і яны аддаюць павагу маёй рэлігіі, маёй святыні?».
Нястачы, якія перанесла ігумення, сказаліся на яе здароўі. У 1902 годзе ў матушкі Ганны выявілі сухоты. По загаду імператара яе накіравалі на лячэнне ў Італію, у невялікі гарадок Нерві. Правяла ў ім ігумення тры месяцы. Адчула сябе лягчэй і вярнулася са спадзяваннем на поўнае вылячэнне. Зноў акунулася ў справы – і хутка злягла з абвастрэннем. Ганну Потту зноў вывезлі ў Італію. Суправаджала яе туды шаноўная немаладая ўдава, старшыня дабрачыннага Дамскага камітэта княгіня Вольга Іванаўна Шахаўская. Але лячэнне ўжо не дапамагала. У маі 1903 года матушка прыехала ў абіцель амаль нерухомая і без голаса. Правяла ў пакутах яшчэ тры месяцы і 29 жніўня а першай гадзіне ночы памерла. Апошнія словы, якія ёй удалося прашаптаць, былі: «Госпадзі, слава Табе! Госпадзі, дзякуй Табе!».
Ганна Потты пакінула пасля сябе добрую памяць у мясцовага насельніцтва, прыгожы, поўны дабротаў манастыр і мноства верных паслядоўніц, сярод якіх былі такія падзвіжніцы, як ігумення Соф’я, якая змяніла яе (тая самая княгіня Шахаўская, што пастрыглася ў манахіні адразу пасля смерці Ганны Потты), і ігумення Сусанна, пры якой манастыр скончыў сваё існаванне. Яго закрыццё было звязана з падзеямі Першай сусветнай вайны. У 1915 годзе насельніц абіцелі эвакуіравалі ў глыбіню Расіі і размеркавалі па розных манастырах.

Теги: архив  асоба  
 

 
Rambler's Top100Размещение рекламы на сайтеПроизводство сайта - Студия Компас
Использование материалов с сайта возможно только при условии размещения активной ссылки на сайт.