Видео реклама

 

Паданне

Душа горада

Душа горада

Самыя пышныя палацы, самыя багатыя цэрквы, самыя тонкія шаўкі, самая надзейная зброя, самыя пародзістыя коні, самае смачнае віно – усё гэта можна было ўбачыць у горадзе, які ганарлівыя жыхары назвалі Шчаслівым. Але сапраўднае шчасце ніколі не завітвала ў гэты горад, бо жылі ў ім самыя сквапныя, самыя жорсткія, самыя чэрствыя людзі.
Дастатак і Дабрабыт сябруюць з такімі людзьмі, а Шчасце, быццам палахлівая птушка, адлятае ад іх. Ды і навошта ім Шчасце, калі яны не ведаюць, што гэта такое? Усё жыццё сваё жыхары дзіўнага горада прысвячалі Нажыве. Горад наведвалі толькі вельмі багатыя людзі. Хаця выбар тавараў быў тут вялікі, з мясцовымі купцамі мала хто хацеў мець справу – занадта ўжо дорага ацэньвалася ўсё ў Шчаслівым.
Але аднойчы на вуліцах горада з’явіўся стары жабрак. Здавалася, яму не менш за сто гадоў. Вочы, некалі сінія, так выцвілі, што былі амаль бясколерныя. Барада, доўгая і зусім белая, збілася. Адзенне густа абсыпаў дарожны пыл. Стары заходзіў у кожны дом, спыняў кожнага сустрэчнага. Не, ён не збіраў міласціну, ён толькі прасіў глыток вады, бо стаміўся і паміраў ад смагі. Але хіба хтосьці дае ваду за так? Усё каштуе грошай.
Апоўдні без сіл упаў стары ля высокай брамы, і гаспадар напусціў на яго сабак. І напэўна давялося б у той дзень старому развітацца з жыццём, каб нечакана не кінулася да яго дванаццацігадовае дзяўчо.
– Навошта табе гэты бадзяга? – неласкава спытаўся гаспадар.
– Гэта мой дзядуля, – схлусіла дзяўчынка.
Стары хацеў падзякаваць юнай ратавальніцы, але міжволі з вуснаў вырвалася толькі хрыплае: «Піць»…
У бедным пакойчыку, што амаль прыляпіўся да пуні гаспадара, жыла дзяўчынка, якая быццам і не была жыхаркай багатага горада. Сюды прывяла яна старога жабрака, тут напаіла і накарміла яго, гасцінна прапанавала пераначаваць.
– Дзякуй, мілая, за ласку, але шлях мой далёкі, і трэба мне яшчэ да заходу сонца пакінуць гэтыя мясціны. Калі ў горада гэтага ёсць душа, дык гэта ты. Назаві імя сваё, мілая!
– Бярозай клічуць.
– Прыгожае імя, але не чалавечае. Што ж ты, дзяўчыначка, у царкве не хрышчана?
– Сірата я, дзядуля. Людзі пад бярозай знайшлі – Бярозай і назвалі. Грошай заплаціць святару за хрэсьбіны не было каму.
Доўга маўчаў стары, а потым сказаў:
– Нічога, мілая. Быць хрышчаным яшчэ не значыць быць добрым чалавекам. Збірай хутчэй сваё дабро, бо на світанку ты пакінеш горад. Выйдзеш з Усходняй Брамы, насустрач сонцу, і будзеш ісці, пакуль не ўбачыш мяне. Але сцеражыся на шляху сваім азірнуцца назад…
Калі апамяталася дзяўчынка, старога ўжо не было.
«Дзіўны чалавек, – падумала яна. – Куды і навошта я пайду адсюль? Каму я патрэбна ў далёкіх землях?»
З такімі думкамі лягла яна спаць, але сон не ішоў. І ўпершыню падалося Бярозе няўтульным і цесным яе жытло, нясцерпным жыццё пакорлівай рабыні. Раніцай яна ўжо не сумнявалася, што пойдзе за дзіўным старым, куды б ён ні павёў яе.
Бяроза ціха ўстала з ложка і, не азіраючыся назад, пайшла праз увесь горад. Стук яе драўляных чаравікаў па бруку быў адзіным гукам, які парушаў ранішнюю цішыню. Дзяўчынка падышла да Усходняй Брамы. Вартавыя салодка спалі, і ніхто не аклікнуў яе.
Далёка на ўзвышшы заўважыла Бяроза старога вандроўніка. Ён чакаў яе, акружаны незвычайным ззяннем. Яна паскорыла крок і раптам пачула грукат, нібыта за яе спіною раскалолася неба. Бяроза спынілася. Заўважыўшы гэта, занепакоіўся стары.
Затрэслася зямля, пачуліся крыкі і енк. Белым ад жаху стаў твар дзяўчынкі.
– Толькі не азірайся! – ускрыкнуў стары. Але ці то голас яго быў заглушаны грукатам, ці проста так было прадвызначана лёсам, непапраўнае здарылася. Азірнулася Бяроза і ўбачыла, як з неба на яе горад падае вада, як зямля асядае, утвараючы катлаван, як на месы горада ўзнікае глыбокае возера.
І тут сілы сталі пакідаць яе. Цела застыла і выцягнулася, кроў у венах замерла, а ногі прараслі карэннямі ў зямлю. Стала дзяўчынка Бяроза дрэвам бярозай. І схіліла свае галіны над возерам.
– Чаму ж ты не паслухала мяне, мілая? – пытаўся стары, дакранаючыся рукою да шурпатага ствала. – Стой цяпер ля свайго горада, прыгожае добрае дрэва. Аплаквай тых, хто ніколі ні па кім не плакаў. Ты пражывеш доўга, тысячу гадоў. За гэты час сваімі слязьмі мусіш ты выкупіць цяжкі грэх горада. Тады знікне возера, тады скончыцца пакаранне…
***
Недалёка ад Лунінца знаходзіцца незвычайнае па прыгажосці сваёй возера Белае. Ціхае яно і празрыстае, нібыта не вада ў ім, а слёзы, светлыя слёзы… Старыя людзі з навакольных вёсак яшчэ памятаюць велізарную, моцную бярозу, адзіную ля возера Белага. Мабыць, сапраўды гэта ад яе слёз вада ў возеры стала светла-празрыстай? Шкада толькі, што ніколі ўжо не збудзецца прароцтва жабрака – ніхто не ўбачыць больш горада Шчаслівага, бо знайшоўся злы чалавек, які ссек прыгожае дрэва на дровы…
Кажуць, замест светлага бярозавага соку на ствале забітага дрэва выступіла кроў…

Теги: архив  паданне  
 

 
Rambler's Top100Размещение рекламы на сайтеПроизводство сайта - Студия Компас
Использование материалов с сайта возможно только при условии размещения активной ссылки на сайт.