Видео реклама

 

Падзея

Самы неверагодны шлюб беларускай гісторыі

Самы неверагодны шлюб беларускай гісторыі

515 гадоў таму, у 1495 годзе, у Маскву прыбыла пасольства вялікага князя літоўскага Аляксандра Ягелона з мэтай высватаць для свайго гаспадара дачку вялікага князя маскоўскага. Шлюб гэты мусіў прынесці мір дзвюм варагуючым дзяржавам.
Толькі два месяца мірнага праўлення былі дараваны нябёсамі Аляксандру Ягелону. А потым пачалася вайна з усходнім суседам, вялікім князем маскоўскім Іванам III. Вайна гэтая цягнулася два гады. Маскоўскае княства было моцным. Падчас перамоў аб перамір’і Аляксандру давялося саступіць большую частку тэрыторый у вярхоўях Акі и шэраг гарадоў Смаленшчыны, самымі буйнымі з якіх былі Вязьма і Дарагабуж. Вялікі князь асэнсоўваў, што перамір’е можа аказацца часовым, і вырашыў адвесці небяспеку спосабам не новым, але надзейным, – пасватацца да старэйшай дачкі Івана III Алены.
Многіх насцярожыла, што галоўным патрабаваннем вялікага князя маскоўскага было не патрабаваць ад князёўны Алены Іванаўны перайсці ў каталіцтва. За гэтым адчуваўся палітычны ход. Але які? Раздумваць і хістацца не было магчымасці. І паслы згадзіліся з умовамі Івана III, выгаварыўшы, праўда, лёгкую саступку: Алена Іванаўна можа змяніць веру бацькі на веру мужа па ўласнаму жаданню.
Шлюбны картэж васемнаццацігадовай князёўны маскоўскай ехаў у Вільню праз апаленыя вайной гарады і сёлы, і людзі сустракалі яго са слязьмі радасці на вачах. Юная прыгожая нявеста падавалася ўвасабленнем трывалага міру.
Пачуўшы пра набліжэнне князёўны, Аляксандр у нецярпенні выехаў насустрач. Пасылаючы сватоў, вялікі князь літоўскі гатовы быў ахвяраваць асабістым шчасцем дзеля дабра дзяржавы. Аднак Алена Іванаўна кранула сэрца Аляксандра і казачнай прыгажосцю, і жаночымі вартасцямі. Мужная знешнасць Аляксандра і яго рыцарскія адносіны да яе скарылі і Алену. Аднак нешта перашкаджала ёй смела заявіць пра пачуцці і радавацца вянчанню. Аляксандр западозрыў нядобрае. І хутка выявіў прычыну. Нявесту запалохалі яшчэ ў Маскве. Праводзячы Алену да жаніха, бацька ў прысутнасці паважаных баяр папярэдзіў, каб яна ні ў якім разе не пераходзіла ў каталіцтва, бо інакш загубіць сваю бессмяротную душу.
«І хаця б давялося табе, дачка, з-за гэтага прыняць смяротную пакуту, прымі яе, а гэтага не ўчыні», – эфектна скончыў прамову Іван III.
Да бацькі далучылася маці, уладная візантыйка Соф’я Палеалог. Яна давяла да разумення дачкі, што калі ўжо ёй суджана стаць жонкай ворага яе бацькаўшчыны, то і паводзіць сябе яна павінна, нібыта біблейская Эсфір, думаць не пра каханне, але лёс адзінаверцаў. Не супакоіў няшчасную Алену і яе духоўнік Фама. Ён пераказаў ёй жыція святых пакутнікаў і пакутніц, якія прынялі страшную смерць ад рук тых, хто вымушаў іх здрадзіць веры.
Трэба сказаць, што Фама меў дакладныя ўказанні наконт таго, як мусіць быць праведзены абрад вянчання праваслаўнай Алены з католікам Аляксандрам. Гэтымі планамі Фама падзяліўся з епіскапам Макарыем, главою праваслаўных Вялікага княства Літоўскага, і той шчыра падтрымаў распрацаваны ў Маскве план.
Раніцай у дзень вянчання маладую блаславілі і прычасцілі ў праваслаўным саборы Вільні, жаніх атрымаў святыя дары ад каталіцкага біскупа Войцэха Табара. Праваслаўныя святары ўвайшлі за нявестай у Віленскую катэдру, дзе мусіла адбывацца вянчанне, і настаялі на праве адначасова з каталіцкім біскупам праводзіць абрад. Толькі Табар звяртаўся да Аляксандра на латыні, а Макарый да Алены – на царкоўнаславянскай мове. Магчыма, учынкамі паважаных святароў кіравалі самыя добрыя намеры, аднак вынікам стала тое, што шлюб стаў выглядаць падазрона і з боку каталіцкай, і з боку праваслаўнай цэркваў. Папа рымскі, даведаўшыся, у якіх умовах быў заключаны шлюб Аляксандра Ягелона, прыслаў у Вільню ліст, у якім адмаўляўся прызнаваць вянчанне законным і вінаваціў вялікага князя ў блудадзействе. Папа паставіў Аляксандра перад выбарам: або абвянчацца з абранкай па каталіцкіх законах, або адаслаць яе назад у Маскву. Аляксандр паспрабаваў асцярожна перамовіцца з жонкай. Але наткнуўся на сцяну ўпартасці і неразумення. Пра гэтую размову адразу стала вядома ў Маскве, і цесць прыслаў зяцю пагрозлівы ліст. Аляксандр зрабіў высновы, што сярод світы маскоўскай князёўны ёсць шпіёны Івана III. Ён загадаў выслаць усіх маскавітаў з Літвы. Аднак гэта мала дапамагло. Дзеянні Аляксандра паспрыялі таму, што паміж каталіцкімі і праваслаўнымі падданымі з’явілася напружанасць. І вялікі князь літоўскі зразумеў, што палітычны ход Івана III накіраваны на раскол Аляксандравай дзяржавы. Калі дачка застанецца праваслаўнай, праз яе можна будзе ўплываць на настроі праваслаўных беларускіх магнатаў, якіх у Вялікім княстве Літоўскім большасць. Скончыцца гэта магло б добраахвотным аддзяленнем велізарнай тэрыторыі «праваслаўнай Літвы» і далучэннем да «дзяржавы адзінаверцаў» на Усходзе. Бязвінная пяшчотная Алена, якую Аляксандр паспеў ужо так палка пакахаць, мусіла стаць толькі пешкай у чужой гульні.
Па запрашэнню Аляксандра ў Вільню прыехалi яго маці, удовая каралева Альжбэта, і малодшы брат, кардынал Фрыдэрык Ягелон. Яны завялі нявестку ў касцёл і там усяляк ўгаворвалі прыняць удзел у набажэнстве. Каралева-маці плакала, сцвярджаючы, што Алена загубіла яе сына. А кардынал запэўніваў, што калі яна не ахвяруе сваімі рэлігійнымі пачуццямі дзеля мужа, ёй пагражае развод, і справа скончыцца новай вайной Аляксандра з яе бацькам. Ніхто з іх не здагадваўся, што вайна будзе, якое б рашэнне Алена не прыняла. Выйсця з гэтай пасткі не было. Вайна мусіла разразіцца і з нагоды прымусовага разводу, і з нагоды прыняцця каталіцтва.
Але ў Вялікім княстве Літоўскім былі людзі, якія ўжо тады прадбачылі тое, што не дадзена было зразумець ні Алене, ні Фрыдэрыку Ягелону, ні каралеве Альжбэце. Адным з іх быў праваслаўны князь Іван Сапега. Ён прапанаваў Аляксандру дзёрзкі план, разлічаны на тое, каб захаваць палітычнае адзінства Вялікага княства Літоўскага. Ён прапанаваў увесці ў дзяржаве рэлігійную ўнію католікаў і праваслаўных, каб кожная канфесія прытрымлівалася сваіх абрадаў, а кіраваў імі сам вялікі князь Аляксандр. На жаль, адзіны магчымы план ратавання не быў падтрыманы большасцю падданых, папа рымскі і Іван III разразіліся праклёнамі ў адрас Аляксандра, і гэты добры гасудар завагаўся.
Іван III выступіў з войскамі на зяця ў 1500 годзе. 14 ліпеня войскі вялікага княства Літоўскага пацярпелі вялікае паражэнне. У палон разам з многімі магнатамі трапіў нават галоўнакамандуючы Аляксандравых войскаў князь Канстанцін Астрожскі.
Алена Іванаўна раптам адчула, як хваля нянавісці накатваецца на яе з усіх бакоў. Нават муж, падавалася ёй, без ранейшай пяшчоты глядзіць на яе. Але Аляксандр не мог забіць каханне ў сэрцы сваім.
У 1501 годзе памёр старэйшы брат Аляксандра, польскі кароль Ян Ольбрахт, і палякі прапанавалі гасудару літвінаў заняць апусцелы прастол, фактычна аб’ядноўваючы Каралеўства Польскае і Вялікае княства Літоўскае. Умовы, высунутыя палякамі, былі цяжкімі для літвінаў. Згаджаючыся на іх, Аляксандр думаў перш за ўсё пра тое, што ў адзіночку весці вайну з Масквой княства больш не зможа. Калі ён у Кракаве быў каранаваны на польскі трон, Алены побач не было. Польскія святары адмовілі ёй у праве каранавацца як жонцы караля. Выехаўшы ў Польшчу, Аляксандр вымушаны быў пакінуць жонку ў Вільні. Але нават праваслаўныя літвіны не шанавалі цяпер сваю гаспадыню. Яны вінавацілі яе ў тым, што з-за яе Вялікае княства Літоўскае пазбавілася самастойнасці, злучыўшыся з Польшчай.
У роспачы вялікая княгіня літоўская напісала бацьку ліст, у якім маліла спыніць кровапраліцце. У 1503 годзе Іван III згадзіўся на шасцігадовае перамір’е пры ўмове, што да Масквы пяройдуць Старадубскае і Ноўгарад-Северскае княствы, а таксама 25 гарадоў, сярод якіх Бранск, Мцэнск, Тарапец і Белы. Трэцяя частка тэрыторыі Вялікага княства Літоўскага. Міратворніцтва Алены падданыя не ацанілі. Яна канчаткова была прызнана чужой. Аляксандр жа адчуў сябе зламаным. Магчыма, сямейныя стасункі яго з Аленай яшчэ можна было б падправіць, каб у іх былі дзеці, але маскоўская прыгажуня, згубіўшы першае дзіця з-за перажыванняў, больш займець дзяцей не здолела. І ўсё ж такі Аляксандр шкадаваў яе, не спяшаючыся адмаўляцца ад свайго дзіўнага шлюба.
Глыбокія душэўныя пакуты Аляксандра ўзмацнілі яго польскія падданыя. Падпісаўшы ў мінуты адчаю дакументы, падсунутыя імі, кароль польскі, вялікі князь літоўскі губляў права на прыняцце ўласных рашэнняў. На кожнае сваё дзеянне ён мусіў цяпер прасіць дазволу ў польскіх магнатаў. У адной з сутычак з імі Аляксандра хваціў удар. Потым была доўгая хвароба, падчас якой Алена неадлучна знаходзілася побач. Агонія няшчаснага манарха праходзіла ва ўмовах новай неабвешчанай вайны – пастаянных нападаў саюзнікаў Масквы, крымскіх татараў.
У 1506 годзе Аляксандр памёр. Алена горка аплаквала яго, заказваючы адну за адной у праваслаўных храмах памінальныя набажэнствы па дарагому ёй католіку. Яна перажыла яго на сем гадоў…

Теги: архив  падзея  
 

 
Rambler's Top100Размещение рекламы на сайтеПроизводство сайта - Студия Компас
Использование материалов с сайта возможно только при условии размещения активной ссылки на сайт.