Видео реклама

 

Сведкi часу

Залатымі літарамі ў храме славы…

Залатымі літарамі ў храме славы…

У горадзе-героі Севастопалі шмат помнікаў. Адзін з іх усталяваны на Прыморскім бульвары. На п’едэстале лаканічны надпіс: «Казарскому. Потомству в пример. 1834». Спытайцеся ў любога мясцовага жыхара аб гэтым помніку, і ён раскажа вам гісторыі, якія пададуцца на першы погляд паданнямі або проста матроскімі байкамі. На самай жа справе гэта рэальныя падзеі з жыцця нашага земляка Аляксандра Казарскага.

Ён нарадзіўся ў 1798 годзе ў Дубровіна (маёнтак князя Любамірскага) Аршанскага павета Магілёўскай губерні. Бацька яго служыў у гэтым маёнтку аканомам. Здавалася, сын прадоўжыць яго шлях. Але ў лёс хлопчыка ўмяшаўся родны брат бацькі Фёдар. Дзядзька забраў дванаццацігадовага пляменніка з сабой у горад Нікалаеў, а там уладкаваў юнгай на адзін з ваенных караблёў. Кемлівы хлопчык прыйшоўся да спадобы не толькі экіпажу, але і камандзіру карабля. Юнга атрымаў накіраванне ў Аляксандраўскае штурманскае вучылішча. Вучыўся ён вельмі старанна. У вучылішчы выкладалі матэматыку, астраномію, артылерыйскую справу, навучалі тэорыі работы з ветразямі. Майстэрства дзеянняў з ветразямі замацоўвалася на практыцы, якую гардэмарыны (так называлі навучэнцаў вучылішча) праходзілі на брыганціне «Міхаіл». У час гэтай практыкі гардэмарыны выконвалі ўсе абавязкі матросаў. Вучоба давалася Казарскаму лёгка. Адзінае, што выклікала цяжкасці, – замежныя мовы (італьянская і грэчаская). Але настойлівасць дапамагала, і за чатыры гады, праведзеныя ў вучылішчы, Аляксандр змог авалодаць і імі.
У 16 гадоў Казарскі скончыў вучылішча і атрымаў званне мічмана. Службу пачаў падштурманам на «Інгуле». Не маючы карысных сувязей, ён вельмі марудна рухаўся па службовай лесвіцы. Толькі праз дзесяць гадоў яму было прысвоена званне лейтэнанта. Хутка пасля гэтага яго назначаюць камандзірам аднаго з караблёў Дунайскай флатыліі – брыга «Супернік». Гэта было вельмі старое судна, сапраўдная разваліна, якую матросы трапна ахрысцілі мянушкай «начоўкі».
Якраз у гэты час у Грэцыі пачалася нацыянальна-вызваленчая барацьба. Народ узняўся, каб скінуць ненавіснае турэцкае ярмо. Султан Махмут ІІ вырашыў патапіць паўстанне ў крыві. Па яго ўказу войскі пачалі пагалоўную разню. Яны вынішчалі на сваім шляху ўсіх – маладых і старых, мужчын і жанчын, забівалі нават дзяцей. Расія, шкадуючы грэкаў, прапанавала прымірыць варагуючыя сілы. Пасрэднікамі ў прымірэнні жадалі выступіць таксама Англія і Францыя. Султан адверг усе прапановы. Каб выратаваць грэкаў ад вынішчэння, Расія абвясціла Турцыі вайну.
Узброены гарматамі «Супернік» разам з іншымі караблямі ахоўваў транспарт, які накіроўваўся да моцнай турэцкай крэпасці Анапы. Але рускі дэсант сутыкнуўся з шматразова перавышаючымі яго па колькасці турэцкімі войскамі. Узнікла пагроза пагалоўнага знішчэння дэсанта. Казарскі прыняў смелае і нечаканае для ўсіх рашэнне – ён падвёў «Суперніка» амаль да самага варожага берага і даў па турэцкіх войсках некалькі залпаў з карабельных гармат. Туркі, кідаючы забітых і параненых, кінуліся ўцякаць і схаваліся за крэпаснымі мурамі. Гэта дазволіла рускім бесперашкодна высадзіць на бераг асноўныя сілы і ўзяць Анапу ў шчыльную аблогу. Праз некалькі дзёен варожы гарнізон падняў белы сцяг…
За знаходлівасць і адвагу Казарскі быў узнагароджаны залатой шпагай з надпісам «За храбрость». У хуткім часе яго перавялі камандзірам на брыг «Меркурый». Неўзабаве пасля гэтага Аляксандр зноў вызначыўся. Пры штурме Варны яго новы карабель на працягу двух гадзін вёў дуэль з берагавой батарэяй турак. Адцягваў увагу ворагаў. А тым часам асноўныя сілы рускага дэсанта высадзіліся ў іншым месцы і змаглі захапіць горад.
Але па-сапраўднаму праславіўся наш зямляк 14 мая 1820 года. У гэты дзень яго брыг разам з фрэгатам «Штандарт» і брыгам «Арфей» падчас разведкі каля праліва Басфор сустрэліся з турэцкай эскадрай. Сілы былі няроўныя, і рускія караблі павярнулі да родных берагоў. Але нечакана наступіў штыль. Нават лёгкі подых ветру не рабаціў паверхню мора. Толькі ў вышыні лёгкі брыз ледзь-ледзь напаўняў верхнія ветразі караблёў. Дзякуючы яму «Арфей» і «Штандарт» маглі працягваць свой шлях. «Меркурый» жа, мачты якога былі на дзесяць аршын ніжэйшымі, застыў на месцы. Зрэшты, турэцкую эскадру напаткала тая ж бяда. Рухацца маглі толькі «Селіміе» і «Рэал-бей». Два супраць аднаго – здаецца, не так ужо і шмат. Але калі параўнаць іх памеры і ўзбраенне (на «Меркурыі» 18 гармат, а ў турак адпаведна 110 і 74), дык адразу бачна, на чыім баку была перавага. І хоць даволі хутка задзьмуў лёгкі ветрык, адарвацца ад ворагаў «Меркурый» ужо не змог, бо быў меньш хуткім, чым турэцкія караблі.
Перад Казарскім паўстаў выбар: альбо здацца ў палон, альбо загінуць разам з усім экіпажам. Ён выбраў другое. Баючыся, што туркі змогуць захапіць «Меркурый», загадаў паставіць ля ўвахода ў крэйдкамеру (парахавы склеп) пустую бочку і пакласці на яе зараджаны пісталет. Планаваў наблізіцца да борта аднаго з варожых караблёў і ўзарваць разам з «Меркурыем». Ажыццявіць узрыў павінен быў любы з афіцэраў, які да гэтага моманту застанецца жывым. А да таго Аляксандр планаваў нанесці ворагам як мага больш пашкоджанняў. Таму накіраваў свой карабель насустрач туркам.
Варожыя кананеры пачалі растрэльваць «Меркурый». На ім загарэліся ветразі. Ядром быў сарваны сцяг. Туркі вырашылі, што рускія здаюцца, і на некалькі хвілін прыпынілі абстрэл. Гэта дало магчымасць «ушчаміцца паміж варожымі караблямі, наблізіцца да «Селіміе», на якім знаходзіўся сам камандуючы турэцкім флотам Капуцын-паша, і даць гарматны залп з адлегласці пісталетнага стрэла. На «Селіміе» успыхнулі шматлікія пажары, звалілася адна з мачтаў. Рускія кананеры далі яшчэ адзін залп усім бортам, і палуба турэцкага карабля стала нагадваць пекла.
А на «Рэал-бей» не рашаліся страляць, баючыся трапіць ў сваіх. Але вось «Меркурый» накіраваўся да яго, і туркі распачалі шалёную стральбу. Рускі карабель тросся ад ядраў, якія траплялі ў яго, але рухаўся. Яго кананеры ў сваю чаргу пасылалі ядры ў турэцкі карабель. Некалькі іх бартавых залпаў, і туркам стала не да стральбы – усе, хто застаўся ў жывых, спешна кінуліся гасіць пажары.
«Меркурый», ледзь трымаючыся на вадзе, накіраваўся да родных берагоў. За яго кармою нерухома застылі варожыя караблі…
Пераможцаў сустракалі грамападобным салютам. Стралялі караблі, берагавыя батарэі. Аб гэтым подзвігу хутка даведаўся ўвесь свет. Гераізмам экіпажа «Меркурыя» захапляліся нават туркі. Адзін з іх, удзельнік баталіі, напісаў: «…карабель Капуцын-пашы і наш уступілі з ім (брыгам «Меркурыем». – Прым. аўт.) у гарачы бой, і, справа нячутная і неверагодная, – мы не змаглі прымусіць яго здацца. Ён змагаўся, адступаючы і манеўруючы з усім ваенным мастацтвам так, што мы – сорамна прызнацца – спынілі бітву, між тым як ён, трыумфуючы, працягваў свой шлях. Калі старажытныя і новыя летапісы ўяўляюць нам прыклады храбрасці, то гэты апошні заслоніць усе іншыя, і сведчанне аб ім заслугоўвае быць накрэсленым залатымі літарамі ў храме славы…».
Суайчыннікі ўзнагародзілі «Меркурый» расшытым золатам сцягам. Каманда атрымала ўзнагароды і грашовыя прэміі. Казарскаму ўручылі ордэн Святога Георгія 4-й ступені, яму было прысвоена званне капітана 2-га рангу і прызначана пажыццёвая пенсія ў памеры двайнога акладу. Некаторы час Казарскі знаходзіўся ў свіце Мікалая І, але хутка пачаў прасіцца на мора. Просьбу выканалі, прызначыўшы героя інспектарам Чарнаморскага флоту, і Аляксандр пасяліўся ў Нікалаеве.
У 1830 годзе Казарскі наведаў родныя мясціны. Пагасцяваўшы тут, вярнуўся ў Нікалаеў. У тым жа годзе яму надалі званне капітана 1-га ранга.

У першыя дні лета 1883 года Аляксандра моцна прадзьмула халодным ветрам на прычале, і ён захварэў. Медыкі спахапіліся вельмі позна. 16 чэрвеня ён памёр.
Маракі, шануючы памяць Казарскага, сабралі грошы на помнік герою. Выкананы па праекту акадэміка архітэктуры А. Брулова, ён быў узведзены ў 1887 годзе там жа, дзе стаіць і ў нашы дні, – на Прыморскім бульвары ў горадзе-героі Севастопалі.

 

 
Rambler's Top100Размещение рекламы на сайтеПроизводство сайта - Студия Компас
Использование материалов с сайта возможно только при условии размещения активной ссылки на сайт.