Видео реклама

 

Асоба

«Стэла Фарнарына»

«Стэла Фарнарына»

У сярэдзіне 50-х гадоў ХІХ стагоддзя юныя вільнянкі ўпотай ад сваіх суровых «маман» і гувернантак зачытваліся цудоўнай паэмай пра каханне вялікага Рафаэля да сваёй натуршчыцы Фарнарыны, якая пазіравала яму пры стварэнні славутай «Сіксцінскай Мадонны». Быццам зорка, асвятляла яна жыццё мастака, таму паэма і называлася «Стэла Фарнарына». Людзі асудзілі сувязь Рафаэля і Фарнарыны, якія не маглі павянчацца і таму «жылі ў граху». Але аўтар паэмы, ужо добра вядомы на той час і беларускаму, і польскаму, і расійскаму чытачу паэт Уладзіслаў Сыракомля, пранікнёна і шчыра стаў на абарону кахання.
«Стэла Фарнарына» сваім з’яўленнем была абавязана гучнаму скандалу. Аўтар паэмы, ігнаруючы нормы маралі, прынятыя ў яго асяроддзі, на вачах ва ўсіх «закруціў раман» з чужой жонкай, прыгажуняй і таленавітай актрысай Геленай Петранэлай Маеўскай. Муж яе, Адам Ганорый Кіркор, быў вядомым гісторыкам, этнографам, археолагам і публіцыстам. У яго былі свае прыхільнікі, асабліва сярод расійскіх чыноўнікаў, якія займалі высокія кіруючыя пасады на Беларусі. Тое, што Кіркору дасталася роля ашуканага мужа, выклікала ў іх абурэнне, і яны аб’явілі Сыракомлю і Маеўскай байкот у вышэйшым віленскім грамадстве. У адказ з’явілася «Стэла Фарнарына». Лёс Рафаэля здаўся Сыракомлю падобным да яго ўласнага лёсу...
Гелена Маеўская была з тых загадкавых жанчын, якія з’яўляюцца верхаводкамі мужчынскіх лёсаў, з тых, хто на некаторы час робіць сваіх абранцаў бязмежна шчаслівымі, а пасля пакідаюць на доўгія гады адзіноты і пакутаў. Нарадзілася яна ў 1826 годзе ў Польшчы ў Раўскім павеце. Талент, цудоўныя знешнія даныя, вялікая працаздольнасць зрабілі яе вядучай артысткай Віленскага тэатра. Яна хвалявала гледачоў у вобразе пяшчотнай шэкспіраўскай Джульеты, заварожвала ў ролі Амеліі ў «Генрыху ІІІ», змушала смяяцца да слёз у шматлікіх вадэвілях і аперэтках. Яна іграла нават Соф’ю ў спектаклі па п’есе Фанвізіна «Недаростак» (у інтэрпрэтацыі твора, перакладзенага на польскую мову, яе гераіня мела імя Юзэфка).
Тэатральная кар’ера Маеўскай нечакана прыпынілася ў 1846 годзе. Гелена прыняла прапанову Адама Ганорыя Кіркора і пасля вянчання выканала ягонае патрабаванне пакінуць сцэну. Прыхільнікі артысткі былі ў роспачы. Але сама яна, здаецца, не вельмі засмучалася. А можа, успрымала замужжа як новую цікавую ролю? У доме Кіркора Гэлена Петранэла выглядала клапатлівай жонкай і гасціннай гаспадыняй. Разам з мужам яны ўтварылі літаратурны салон.
Фатальным стаў для сям’і Кіркораў 1854 год. Салон пачаў наведваць паэт і краязнаўца Уладзіслаў Сыракомля – цікавы суразмоўца, чалавек вытанчанага густу, са складаным і нават трагічным лёсам. На той час ён цяжка і хваравіта перажываў смерць трох сваіх маленькіх дачок, якія пайшлі ў нябыт адна за адной літаральна на працягу месяца. Нечакана Маеўская адчула, што яе спагада і цікавасць да гэтага чалавека перарастаюць у пачуццё значна больш пяшчотнае. Доўгі час яна спрабавала хаваць яго. Прасіла паэта пазнаёміць яе са сваёй жонкай. Заўважыўшы, што Сыракомля пазбягае размоў пра сям’ю, імкнулася даведацца, у чым справа, і выказвала жаданне ў выпадку, калі ў паэта адбылося непаразуменне з сужэнкай, выступіць у якасці прымірыцелькі. У рэшце рэшт, яна пачула даволі незвычайную гісторыю чалавечых узаемаадносін.
Чатырнаццаць гадоў назад, у 1840 годзе, малады шляхціц Людвік Уладзіслаў Кандратовіч, будучы паэт Сыракомля, уладкаваўся на работу ў канцылярыю князёў Радзівілаў у Нясвіжы. Яго начальнікам стаў нехта Адольф Дабравольскі, які неўзабаве так упадабаў сціплага і стараннага маладога чалавека, што пачаў прымаць яго ў сваім доме. На адной з такіх сямейных вячэр прысутнічала пляменніца Дабравольскага – Паўліна Мітрашэўская. Рамантычны юнак закахаўся з першага погляду. Але з прапановай рукі і сэрца давялося чакаць, бо Паўліне было на той час усяго... трынаццаць. Людвік Уладзіслаў быў старэйшым за яе на пяць гадоў. Пратаміўшыся да паўналецця абранкі ў блакітных марах пра вечнае каханне і незямное шчасце, Кандратовіч атрымаў «так» толькі ў 1844 годзе. Спачатку сямейнае жыццё яго з Паўлінай было блізкім да ідэальнага. Акрамя дачок, Паўліна падарыла яму таксама сына Уладзіміра. Штосьці зламалася пасля таго, як яны раптоўна страцілі «сваіх дарагіх дзяўчынак». Ні ўзаемных дакораў, ні абвінавачванняў не было, але ў душах пасялілася пустэча.
Пані Кіркор адкрыла і сваё сэрца. А менавіта тое, што Людвік Уладзіслаў незалежна ад яе волі валодае яе думкамі, што яна марыць пра яго днём і ноччу, што гатова была б ахвяраваць усім, што мае, дзеля шчасця быць побач з ім.
У той вечар паэт Сыракомля пакінуў дом Кіркораў усхваляваны звыш меры, блізкі да нервовага зрыву. І доўга Гелена Петранэла не бачыла таго, каму гэтак нечакана прызналася ў каханні. Уладзіслаў Людвік вярнуўся праз два месяцы, бо зразумеў, што не можа цяпер жыць, каб не бачыцца з Геленай. Неўзабаве замужняя жанчына і жанаты мужчына, не хаваючы сваіх пачуццяў, сталі сустракацца як каханкі.
Абкружэнне не зразумела гэтых пачуццяў. І нават шчырыя радкі паэмы «Стэла Фарнарына» не здолелі растапіць лёд у сэрцах тых, хто ўзяўся асуджаць закаханых.
Маеўская вымушана была пакінуць мужа. У снежні 1857 года яна выязджае за мяжу, жыве ў сваёй аўдавелай маці Людвікі Вярбіцкай у Кракаве, што тады належаў Аўстрыі. Яна вяртаецца да любімай прафесіі, уладкаваўшыся ў тэатр Юліўша Пфайфра. Летам 1858 года, падчас чарговага выезду трупы, у Познані яна сустрэлася з Сыракомлем, які знарок прыехаў туды дзеля яе. Гелена адчула, што пачуццё, якое прынесла абодвум столькі радасці і гора, не згасла. Каб пабыць з каханым даўжэй, яна наўмысна параніла сябе ў сцэне «самагубства». Рана была неглыбокая, але ўрач, які аказваў першую дапамогу, рэкамендаваў некалькі дзён адпачынку і як мага менш рухаў. Гэта была добрая падстава для таго, каб на тыдзень затрымацца ў Познані. Гэты тыдзень для Гелены Петранэлы стаў «мядовым месяцам». Пасля Сыракомля паехаў разам з каханай у Петрыкаў, дзе яна далучылася да трупы. Там ён атрымаў ліст, у якім паведамлялася, што памірае бацька. Сыракомля вымушаны быў неадкладна выехаць на радзіму. Але ён паспеў толькі на пахаванне.
Пасля растання з паэтам Маеўская атрымала магчымасць трохі супакоіцца і цвяроза паразважаць. Гелена Петранэла вырашыла разарваць ланцугі, якімі скавала паэта па руках і нагах. Услед каханаму паляцеў ліст, у якім без аніякіх тлумачэнняў Гелена прасіла болей не шукаць з ёю сустрэч…
Ён зразумеў яе ўчынак. У верасні 1862 года змучаны паэт памёр, паспеўшы зрабіць сваёй любай апошні падарунак – п’есу «Соф’я, князёўна Слуцкая», якую ў 1859 годзе Маеўская абрала для свайго бенефісу.
Яна пачала будаваць жыццё наноў, паспрабаваўшы цалкам аддацца творчасці. У пачатку 1860 года ў Гелены адбыўся творчы канфлікт з дырэктарам тэатра, і яна мусіла пакінуць кракаўскую сцэну. Разам з маці яна пераязджае ў Варшаву. І трапляе ў асяроддзе патрыятычна настроеных палякаў. Скарыстаўшыся сялянскімі хваляваннямі, якія пачаліся ў Расіі з адменай прыгоннага права, польскія паўстанцы вырашылі выступіць з патрабаваннем аднаўлення Рэчы Паспалітай, у складзе якой былі б, як і раней, Беларусь і Літва. Гелена Петранэла захапілася ідэямі паўстання, і калі яно неўзабаве ўспыхнула, прыняла ў ім актыўны ўдзел, стаўшы агентам і кур’ерам. Неаднойчы Гелена Маеўская выязджала з даручэннямі ў Кракаў і Вільню, перавозіла дэпешы, грошы і вусныя загады. Яе кватэра стала канспіратыўным пунктам. Якім даверам і павагай паўстанцаў карысталася гэтая жанчына, сведчыць тое, што ў лістападзе 1863 года, калі ўжо паўстанне на Беларусі было падаўлена, пад яе апекай аказаўся адзін з кіраўнікоў, дыктатар Рамуальд Траўгут. Ён быў цяжка паранены ў адным з баёў і таемна перапраўлены ў Варшаву. Гелена Петранэла зняла для яго пяціпакаёвую кватэру. Аднак царскія ўлады даведаліся пра месца знаходжання «дзяржаўнага злачынцы». 10 красавіка 1864 года Траўгута арыштавалі (у хуткім часе ён быў пакараны смерцю). На наступны дзень у турму трапіла і Маеўская. Адчуваючы небяспеку, яна паспела перадаць усе кампраметуючыя яе і Траўгута паперы адной з сувязных. Магчыма, Гелене ўдалося б пазбегнуць пакарання, але яна зрабіла памылку: паспрабавала перадаць маці запіску, у якой паведамляла, у каго знаходзяцца паперы, і раіла забраць іх і знішчыць. Запіску гэтую перахапіла паліцыя. Дакументы былі знойдзены. У ліпені 1864 года артыстка была асуджана на сем гадоў катаржных работ у Сібіры. Адбывала тэрмін пакарання на саляных промыслах ва Усоллі.
Тым часам муж Маеўскай Адам Ганорый Кіркор пачаў дабівацца афіцыйнага разводу з ёю. Яна не стала ўтрымліваць ужо фактычна чужога для яе чалавека і адпусціла яго на волю. Кіркор тут жа стварыў новую сям’ю.
У 1866 годзе па амністыі катаржныя работы Гелене Петранэле замянілі на пасяленне, і Маеўская перабралася ў Іркуцк. Гэта быў па тых часах адзін з самых буйных у Сібіры гандлёвых і культурных цэнтраў. Гелена Петранэла пайшла да дырэктара мясцовага тэатра і прапанавала свае паслугі. Але першы ж яе выхад на іркуцкую сцэну паказаў, што працаваць тут яна не зможа. Характэрны польскі акцэнт аказаўся незнішчальным і выклікаў у зале толькі ўсмешкі. Маеўская паставіла крыж на артыстычнай кар’еры. Яна выйшла замуж за ссыльнага земляка Антонія Піёра-Дэбінскага, хутчэй з-за агульнасці няшчасця, чым па каханні, і пасля заканчэння тэрміна пасялення паехала з ім на радзіму, у Магілёўскую губерню. Але Антоній хутка памёр ад сухотаў. Аўдавелая Гелена Петранэла пераехала ў Віцебск.
Яна скончыла свой зямны шлях у студзені 1900 года, сямідзесяці чатырох гадоў ад роду.

Теги: архив  асоба  
 

 
Rambler's Top100Размещение рекламы на сайтеПроизводство сайта - Студия Компас
Использование материалов с сайта возможно только при условии размещения активной ссылки на сайт.