Видео реклама

 

Паданне

Нявеста ваўкалака

Нявеста ваўкалака

Залацістая пчолка заблыталася ў густой траве і жаласна звінела. Бяляна працягнула да яе руку, і ўжо праз хвіліну празрыстакрылая збіральніца нектару атрымала свабоду. Яна ўдзячна закружылася над галавою сваёй збавіцельніцы і села на доўгую касу дзяўчыны, папаўзла па ёй. Бяляна засмяялася: пчолы не ўпершыню блыталі яе валасы з мёдам, бо былі яны аднолькавага колеру, і мядовы пах, здаецца, назаўжды прыстаў да іх.
Гэта не дзіўна. Дзяўчына, як і маці яе, бортнічае. Да жыцця пчол яны прыстасоўваюць сваё, бо мёд для іх – самае галоўнае. На мёд выменьваюць яны, гаспадыні маленькай лясной хаткі, насенне і льняное палатно, упрыгожанні і посуд. Ці ж можа быць штосьці іншае вышыта на хустцы, якую Бяляна рыхтуе ў падарунак свайму жаніху, прыгожаму Някрасу, акрамя дзікіх пчол, што кружаць над сціплымі ляснымі кветкамі? Сёння з-пад іголкі Бяляны выйшла самая прыгожая кветка. Яе пялёсткі, нібыта жывыя, захоўваюць яшчэ на сабе кропелькі расы. Ці не такія кветкі даюць мёду дзіўны дурманлівы пах? Менавіта пах мёду прыманіў-прывёў да беднай хаткі Бяляны яе жаніха год назад.
– Мядовая прыгажуня, – усклікнуў ён, упершыню ўбачыўшы Бяляну. – Твае вочы – цёмна-залацістыя, бы грачышны мёд у глыбокім збане. Ад жытла твайго на ўвесь лес разыходзіцца мядовы пах. Пачастуй мяне, мілая!
І абмяняліся яны: збан мёду на збан слоў мядовых. І гудзелі над пацалункамі Бяляны і Някраса залатыя пчолы…
Маці першая адчула радасць Бяляны. У час, калі назіралі абедзве яны за тым, як вылятяюць з дупла пчолы, жанчына ціха прамовіла:
– Хутка і ў цябе, дачка, вырастуць крылы. Пакінеш ты стары дом, каб пераляцець у новы.
Але ўсмешкі не было на матчыным твары. Што ж, маці рэдка ўсміхаецца. Усмешку яе разам з маладосцю забрала злая багіня Марана тады, калі яна стала яе вяшчункай. Нядобрая слава ідзе пра маці сярод людзей. Кажуць, штодня ўскладае яна на алтар Чарнабогу вялікую ахвяру: малако і мёд, змяшаныя з чалавечай крывёю. Бяляна ніколі сама не бачыла гэтага, але адчувае: маці сапраўды так робіць. Але для чаго? Марана ссушыла матчын твар і ссутуліла некалі ганарлівую постаць. Навошта ж служыць гэтай жорсткай і злоснай багіні? Капішча яе стаіць у самай глыбіні лесу. У час роспачы, смяротнай тугі людзі прабіраюцца да яго, каб зрабіць страшэнны абрад і перадаць сябе ў яе волю. Багіня дапамагае людзям у помсце.
Але навошта Марана яе маці? Кажуць, сваім служэннем ёй маці здабыла вялікую моц над людзьмі. Праклёнаў старой вяшчункі баяцца амаль таксама, як самой Мараны.
Не, Бяляна ніколі не папросіць дапамогі ў зла. Яе багіня – светлая Лада, якая запальвае ў сэрцах чалавечых каханне і злучае нявесту з жаніхом. На яе алтар хутка з вялікай падзякай ускладзе свой дзявочы вянок Бяляна. Бо людзі з’явіліся на свет, каб кахаць, а не слаць праклёны.
Залацістая пчолка некуды знікла. Сонца хілілася да зямлі. Бяляна паспяшалася дахаты. Там пры святле лучыны яна скончыць вышыўку, і ўжо заўтра шыю Някраса будзе ўпрыгожваць яе хустка. На парозе Бяляну сустрэла маці. Погляд старой быў устрывожаны.
– Прыйшоў Някрас, – сказала яна. – Не падабаецца мне сёння ягоны твар. Сцеражыся, дачушка.
Усміхнулася лагодна словам матчыным Бяляна, увайшла ў хату і пацягнулася радасна да госця. Але адхіліўся Някрас, і погляд у яго быў халодным.
– Прабач, – прамовіў ён, – я прыйшоў развітацца, бо сустрэў іншую. У пяшчотнай Рады постаць, бы ў стромкай бярозкі, вочы, як у балотнай русалкі, вабяць і губяць. Даруй мне, Бяляна. Ты маладая і яшчэ знойдзеш шчасце з іншым.
Параненай лебеддзю застагнала Бяляна, збялеў твар яе, выпала з рук на падлогу вышываная хустка.
– Што ж, Някрас. Ідзі да яе, калі яна прыгажэйшая і мілейшая для цябе, – прашаптала дзяўчына. – Ды няхай жа з гэтых часін страціш ты смак мёду. Мёдам было наша каханне – палыном горкім абярнулася. Палыннай горыччу будзе аддаваць мёд на тваім вяселлі з Радай.
Заплакала горка Бяляна, і тады перад Някрасам паўстала старая вяшчунка.
– Сэрца ў цябе звярынае, Някрас, – прагаварыла яна, ківаючы сваёй галавою. – Не сярод людзей бы табе жыць – сярод злосных драпежнікаў.
Нагнулася старая і ўзняла з падлогі хустку, што выпала з рук дачкі.
– Гэта – шлюбны падарунак Бяляны, – сказала яна, – табе прызначаны, нікому іншаму не дастанецца.
І завязала вяшчунка хустку на шыі ў нявернага жаніха. І ў тое ж імгненне грымнуў гром і абараціўся Някрас у ваўка. Дзіка завыў і кінуўся ў лес. Змучаная, уражаная Бяляна ўпала без памяці на рукі маці.
…І прайшло лета, і праляцела восень. У слязах дзень свой бавіла Бяляна, злосна мармытала нешта пад нос сабе старая вяшчунка. Калі знік юнак Някрас, людзі сталі абыходзіць лясное жытло дзвюх жанчын. Усе шкадавалі прыгожага хлопца, якога «не інакш як загубіла сваімі чарамі Маранава служка». І невыносна было для Бяляны адчуваць сябе вінаватай у тым, што чалавек, якога яна так і не перастала кахаць, бегае недзе па лесе ў страшэнным звярыным абліччы.
– Матуля, матуля… Хіба заслужыў ён такую жорсткую кару? – пыталася яна са слязьмі ў старой. – Чаму не можаш ты дараваць яму, калі ўжо нават я даравала? Вярні Някрасу чалавечае аблічча!
Але няўмольнай была вяшчунка:
– Я аддала яго на волю Мараны. І няма выратавання здрадніку.
У роспачы Бяляна рашылася пайсці за маці на капішча Мараны.
Скрозь змрочныя зараснікі, міма заінелых хмызоў, хаваючыся за стваламі дрэў, ішла Бяляна за старой вяшчункай. Жахлівы погляд драўлянага куміра злоснай багіні, прыбраны снегам, нібыта ўборам з бліскучымі дыяментамі, спыніў Бяляну. Але маці падышла да ідала зусім блізка. Яе гарачае маленне ўразіла і напалохала дзяўчыну.
– Вялікая багіня помсты і смерці, прымі маё паднашэнне, прымі маю падзяку. Няхай гарачая кроў змяшаецца з мёдам, які я прынесла табе, гэтаксама, як каханне змяшалася са здрадай. Табе, гаспадыня мая, прынесла я загавораны нож, той самы, што мог бы выратаваць здрадніка. Толькі пераскочыўшы праз нож гэты, уторкнуты ў зямлю, зможа Някрас стаць чалавекам. Шчасце для ваўкалака знайсці такі нож на шляху сваім. Але не дапаможа ніхто таму, хто разбіў сэрца маёй Бяляны, нават калі даведаецца пра таямніцу гэтага нажа. Бо смерць спасцігне кожнага, хто асмеліцца наблізіцца да цябе, Марана, каб завалодаць ім.
З гэтымі словамі вяшчунка ўтыркнула нож глыбока ў дрэва, з якога быў зроблены ідал.
Тады моўчкі да капішча наблізілася Бяляна. На вачах у маці падышла яна да драўлянага куміра і працягнула руку да загаворанага нажа.
– Не, не рабі таго, дачушка! Марана страшна адпомсціць! Ты загінеш!
Але нож быў ужо ў руках дзяўчыны.
– Я загіну, маці, калі не змагу вярнуць чалавечае аблічча таму, каго кахаю, – прамовіла яна. – Я мушу знайсці яго і выправіць зло.
– Заўтра Піліпаўка, – жахнулася маці, – ваўчынае свята. Час ваўчыных шлюбаў. Гора чалавеку, які трапіцца ў такі час на шляху зграі. У ноч Піліпаўскую абуджаюцца ад зімовага сна духі зла. Адрачыся ад задумы сваёй, Бяляна! Ты загінеш, ратуючы нягоднага чалавека.
– Я не жыву з тых часін, як Някрас пакахаў іншую. Але ён яшчэ жывы, сэрца яго б’ецца, жывое, чалавечае сэрца. І ён пакутуе, знаходзячыся сярод звяроў. Даруй мне, маці, і бывай!
З гэтымі словамі Бяляна кінулася ў гушчар лесу і знікла перш, чым старая вяшчунка паспела спыніць яе.
…Ноч на Піліпаўку была светлай і марознай. У месячным святле зіхацеў снег на разлапістых яловых галінах. Раптам да Бяляны данёсся далёкі самотны гук. Яна і не зразумела, што гэта – ваўчынае выццё. А калі зразумела, то сэрца яе сціснула туга. Можа, гэта ён, яе Някрас? Як жа адрозніць яго, як вылучыць?
Выццё ўсё цягнулася, доўгае, самотнае. Бяляна пайшла проста на яго. І тады яна ўбачыла нешта дзіўнае. Серабрыста-белыя ад інею, насустрач ёй несліся страшэнныя няясныя постаці. Яны то з віскам накідваліся адна на адну, то адступалі, скалячы іклы. Ваўчыная зграя неслася некуды, уздымаючы лапамі снегавы пыл. Здавалася, гэта духі зла весяляцца сярод загубленай імі мёртвай зямлі.
Зграя набліжалася. Бяляна спешна выхапіла нож і, раскідаўшы снег на шляху ваўкоў, глыбока ўторкнула яго ў застылую зямлю. І ў гэты момант жывая лавіна збіла яе з ног. Вострыя зубы ўхапілі дзяўчыну за плячо. Але яна нават не адчула болю, бо ў гэтую хвіліну ясна ўбачыла ваўка, вакол шыі якога была быццам бы намертва прывязаная вышываная хустка.
– Някрас! Нож! Там… нож! – закрычала яна, сабраўшы ўсе сілы. І – замаўчала назаўсёды…
Раніцай, моцна пасівелы, вярнуўся ў роднае сяло Някрас, якога ўсе лічылі ўжо загінуўшым. Ён нічога не расказваў аднавяскоўцам пра свае прыгоды ў шкуры пярэваратня-ваўкалака. Але гісторыя гэтая дайшла да нашых часін. І бабулькі з мінскага наваколля, якія расказваюць яе зараз, кажуць, што пра нявесту ваўкалака апавядалі ім яшчэ іхнія прабабулькі. А тым, пэўна, пчолы яе ў вушы назвінелі.

Теги: архив  паданне  
 

 
Rambler's Top100Размещение рекламы на сайтеПроизводство сайта - Студия Компас
Использование материалов с сайта возможно только при условии размещения активной ссылки на сайт.