Видео реклама

 

Падзея

Вялікае каханне Гетмана Астрожскага

Вялікае каханне Гетмана Астрожскага

480 гадоў назад, у 1530 годзе, Кіева-Пячорская лаўра прыняла цела славутага беларускага палкаводца і вялікага паборніка праваслаўя Канстанціна Астрожскага. Ён упакоіўся побач з многімі святымі і праведнікамі – дастойны сярод вартых. Астрожскага аплаквала ўсё Вялікае княства Літоўскае, сумаваў па ім праваслаўны люд суседніх земляў, але найбольшай стратай канчына гетмана Астрожскага сталася для яго жонкі Аляксандры Алелькавіч, якая пад час пахавання мужа ў Кіеве прынесла абет бясшлюбнасці.
Ішоў 1522 год. Малады слуцкі князь Юрый Алелькавіч і яго маці Анастасія гасцінна сустракалі шаноўнага госця, высакароднага гетмана Канстанціна Астрожскага. Адзін з тых, каго ў маладосці называлі «рыцарам круглага стала караля Аляксандра», бліжэйшы яго друг і дарадчык; палкаводзец, на ліку якога было больш за трыццаць буйных пераможных сражэнняў, – у апошніх ваенных падзеях, паходзе на крымскіх татараў, Астрожскі апекаваў маладога і гарачага Юрыя Слуцкага, аберагаючы яго ад заўчаснай пагібелі. Алелькавіч быў прыкладна аднаго ўзроста з сынам гетмана Іллёй. Аднак хваравіты княжыч Астрожскі не быў створаны для пошукаў славы на марсавых палях. Алелькавіч жа мог стаць з часам дастойным пераемнікам рыцарскай славы гетмана Астрожскага. Яго трэба было толькі злёгку накіроўваць на гэтым шляху. Астрожскі заўжды марыў выхаваць палкаводца-адзінаверца, бо вакол яго на самых значных вайсковых, ды, урэшце, і на грамадзянскіх пасадах ужо не засталося праваслаўных. І гэткі рэлігійны ўціск абцяжарваў князя звыш меры.
Гетман завітаў у слуцкі замак, каб прынесці словы шчырай ушаны маці таленавітага юнака Анастасіі Слуцкай, якая, рана аўдавеўшы, сама выхоўвала сына і вучыла яго воінскаму майстэрству, і сказаць ёй, што хоча перадаць Юрыю Алелькавічу ўсе свае веды ў ваеннай справе. Але візіт гэты нечакана набыў іншы накірунак, бо Астрожскі ўбачыў васемнаццацігадовую сястру Юрыя Алелькавіча – Аляксандру.
Каханне, мацнейшае з чалавечых пачуццяў, звычайна прынята лічыць страсцю, уласцівай маладым. Але гісторыі вядома шмат прыкладаў, калі раптоўна і няўтрымана авалодвала яна сэрцамі людзей паважнага ўзроста. І тады ўпадабляліся сівыя бацькі няўрымслівым юнакам.
Усяго некалькі месяцаў назад гетман Астрожскі аўдавеў. З жонкай сваёй, Таццянай Сямёнаўнай Гальшанскай, ён жыў у павазе і разуменні. Разам яны расцілі сына, разам фундаваліправаслаўныя храмы і манастыры, разам кожны год ездзілі да пячэрскіх інакаў за мудрасцю і супакаеннем.
Не думаў Канстанцін Астрожскі, што, пахаваўшы сваю добрую Таццяну, так хутка зацікавіцца іншай жанчынай. У бойках і паходах, у цяжкім палоне і на вяршыні славы не задумваўся гетман, што жыве, не ведаючы сапраўднага кахання. Верны сваёй Таццяне, ён, аказваецца, толькі паважаў яе, але не кахаў. Страсць, жаркая і нестрыманая, авалодала яго сэрцам у слуцкім замку. Але радасна яму ад гэтага не стала, бо самому палкаводцу было ўжо шэсцьдзесят два гады. Ці зможа адказаць яму ўзаемнасцю юная панна, чый узрост паэты параўноўваюць з вясною? І як паставяцца да яго сватаўства маці і брат дзяўчыны? Ці не згубіць ён у вачах іхніх годнасці? І вось Канстанцін Астрожскі ў чаканні суровага прысуду схіліў сваю сівую галаву перад сям’ёй Аляксандры.
Анастасія Слуцкая і яе сын Юрый рашылі, што Аляксандра сама дасць адказ гетману. Яны лічылі, што Астрожскі – бліскучая партыя для любой нявесты Вялікага княства Літоўскага, але не хацелі рабіць нешчаслівай Аляксандру, злучаючы яе супраць волі з нелюбімым чалавекам.
Увайшла нявеста, збянтэжаная і счырванелая. Узняўся насустрач ёй сівы гетман, у душы рыхтуючыся пачуць адмову. А нявеста раптам нізка схілілася перад ім і прашаптала:
– Ніколі, нават у снах, не магла я ўявіць такога шчасця – стаць вашай жонкай, слаўны князь Астрожскі.
– Але ж панна такая маладая, – усё яшчэ не верачы ў пачутае, вымаўляе гетман.
– Даруйце мне маю маладосць і неразумнасць, слаўны гетман, я пастараюся стаць вартай вас…
Шлюб славутага палкаводца Вялікага княства Літоўскага і князёўны Аляксандры Алелькавіч адбыўся ў 1523 годзе. Яны пражылі разам сем гадоў, да самай смерці князя Астрожскага, які, знаходзячыся ў Вільні, стаў ахвярай чумы, захінуўшай сталіцу дзяржавы. Апрануўшы жалобнае ўдовіна адзенне ў дваццацішасцігадовым узросце, Аляксандра Алелькавіч прысвяціла сябе выхаванню дваіх дзяцей, якіх падаравала каханаму мужчыне. Сын Канстанцін Васілій і дачка Соф’я сталі галоўнымі людзьмі ў жыцці аўдавелай княгіні. Але маці называлі Аляксандру не толькі яны. У знак вялікай павагі да слуцкай князёўны матухнай клікаў яе і пасынак Ілля, які быў нават старэйшым за яе.

Теги: архив  падзея  
 

 
Rambler's Top100Размещение рекламы на сайтеПроизводство сайта - Студия Компас
Использование материалов с сайта возможно только при условии размещения активной ссылки на сайт.