Видео реклама

 

Сведкi часу

Палац Ружы і Анны

Палац Ружы і Анны

Напэўна, няма на Беларусі руінаў, якія б выклікалі такі ж смутак і жаль, што апаноўвае пры сузіранні рэшткаў Ружанскага палаца. Ад некалі магутнага і велічнага гнязда роду Сапегаў захаваліся толькі ўяздная брама ды дзве сцяны. У шчыліны паміж старымі цаглінамі прабіваюцца мох і рэдкія сцяблінкі дзікасейнай травы. А на шырокім двары, куды з’язджаліся ў найлепшыя для гаспадароў палаца часіны дзясяткі шыкоўных экіпажаў з разадзетымі высокароднымі гасцямі, пасуцца козы ды гусі. Ці адродзіцца некалі гэты помнік архітэктуры?
На працягу многіх дзесяцігоддзяў пытанне аб рэстаўрацыі яго ўзнімалася і краяведамі, і мясцовымі ўладамі, і кіраўніцтвам дзяржавы. Але, можа, палац і сапраўды атрымаў «траўмы, не сумяшчальныя з жыццём»? Можа, здымаючы рэшткі яго, мы проста адлюстроўваем надзвычай доўгую агонію? Цалкам верагодна…
Ружанскі палац узнік у канцы XVI стагоддзя дзякуючы намаганням тагачасных уладальнікаў Тышкевічаў. Да гэтых часоў адносіцца і першае прыгадванне мястэчка Ружаны – тады яно называлася Ружана. Калі сапраўды ўзніклі Ружаны і ў гонар чаго атрымалі сваю назву – цяжка сказаць. Адно з мясцовых паданняў гаворыць, што палац узведзены на месцы свяшчэннай ружавай даліны, прысвечанай багіне кахання Ладзе. Ружы прысутнічаюць і на Ружанскім гербе, атрыманым мястэчкам у 1637 годзе. А есць і яшчэ адна гісторыя.
Род Сапегаў атрымаў Ружаны ў 1598 годзе. Купіў мястэчка канцлер Леў Сапега ў дробнага шляхцюка Барташа Бруханскага, якому, трэба думаць, маёнтак перайшоў ад Тышкевічаў. Адразу ж Ружанскі палац пачаў перабудоўваць і ўмацоўваць старэйшы сын і спадчыннік Льва – Ян Станіслаў. Ён хацеў ператварыць палац y абарончае збудаванне з магутнымі сценамі і высокімі кутнімі вежамі.
Калі ў 1635 годзе Ян Станіслаў раптоўна памёр (Леў Сапега адышоў у нябыт двума гадамі раней), палац стаў уласнасцю малодшага брата нябожчыка – Казіміра Льва. Гэта быў руплівы гаспадар. Мястэчка пры ім расцвіло, тут пачалі праводзіцца штогадовыя кірмашы, якiя прыносіла нядрэнны прыбытак. Неўзабаве нават кароль Рэчы Паспалітай Уладзіслаў Ваза пад час аднаго з кірмашоў завітаў сюды. Яго прымалі ў палацы надта гасцінна, манарх застаўся задаволены.
Казімір Леў жыў бяздзетным, і яму не хацелася, каб Ружаны былі пасля смерці яго страчаныя родам Сапегаў. Таму ў сваім тэстаменце ён завяшчаў мястэчка стрыечнаму дзядзьку Паўлу Яну. Казімір Леў вельмі сябраваў з Паўлам Янам, які быў ягоным равеснікам, і нават хрысціў яго сына Казіміра Яна. Канешне, ён хацеў, каб яго спадчына перайшла да хрэснага сына. І гэтак сталася пасля смерці Паўла Яна ў 1665 годзе.
Казімір Ян валодаў Ружанамі да 1720 года. Калі ён памёр, мястэчка і палац перайшлі да старэйшага яго сына Ежы Станіслава. Ён прывёз у Ружаны сваю жонку Ізабэлу, пані, пра якую ішла нядобрая слава. Расказвалі, што, каб завалодаць бацькоўскай спадчынай, Ізабэла атруціла роднага брата-падлетка, апякункай якога мусіла быць. Аднак злачынства даказана не было, і таму пані знаходзілася непакаранай. Ад гэтай ракавой жанчыны ў Ежы Станіслава нарадзілiся чатыры дачкі і сын, Антоній Казімір. Прычым дзве апошнія дачкі нарадзіліся, калі ў пары з’явіліся нават унукі, ужо пасля прыняцця ў спадчыну Ружанаў. Першую нованароджаную назвалі Саламея Анна. А яшчэ праз дзесяць гадоў пані Ізабэла заяўляе, што зноў мусіць стаць маці! І як тут не ўспомніць прыгожую казку пра ружавае капішча багіні кахання! Бацькі жадаюць неяк увекавечыць цудоўную здагадку. Яны апошнюю сваю дачку называюць Ружа. А разам з імем старэйшай сястры складаецца назва маёнтка – Ружана. Нараджэнне Ружы стала апошняй радасцю немаладой княскай пары. Усяго праз год памірае Ізабэла.
Ежы Станіслаў спяшаецца прывесці ў дом новую гаспадыню, каб было каму дапамагаць яму гадаваць немаўля Ружу і дзесяцігадовую Анусю. У палацы з’яўляецца Тэадора Солтан. Аднак князь Сапега адчувае блізкую і сваю канчыну. Пані Палюбінская пачынае з’яўляцца ў сне, плакаць пра свой даўнішні грэх – братазабойства – і зводзіць мужа змрочнымі прадказаннямі наконт лёсу маленькай Ружы, якую мачаха не любіць за крыклівасць і хваравітасць. І тады князь рашаецца на нечуваны ўчынак – ён завяшчае Ружанскі палац менавіта Ружы, робячы апекуном дзяўчынкі, гэтаксама як і апекуном Анны, свайго сына.
Змест тэстамента стаў вядомы толькі на пахаванні Ежы Станіслава. І гэта мусіла ўразіць адзінага спадчынніка яго па мужчынскай лініі. Аднак яму, здаецца, не без дапамогі мачахі, хутка ўдаецца прыбраць да сваіх рук Ружаны. А пасля таго як Анна выйшла замуж, «скінуць» з плячэй сваіх і цяжар клопатаў пра Ружу.
Анна, калі верыць радаводам, тройчы была замужам. Першым яе сужэнцам стаў Ян Антоній Шчука, пасля вянчалася яна з Лявонам Навасельскім і, урэшце, пашлюбавалася з ваяводам навагрудскім Ежы Радзівілам, здаецца, па вялікім каханні.
А Ружа страціла Ружаны і перастала быць зайздроснай нявестай. Яна «засядзелася ў паннах» ажно да дваццаці двух гадоў, што па тых часах было занадта. Аднак беспасажніцай яна не была, бо брат «літасціва» пакінуў ёй маленькае сяльцо Крэцінгі пад Ружанамі. І гэта задаволіла маладога князя Юзэфа Казіміра Масальскага, сына славутага, але надзвычай скупярдзяйнага бацькі. Жаніх быў непрыгожым, кволым, маленькага росту. Але выбіраць не было з каго – Ружа згадзілася на прапанову. Брат, нібыта засаромеўшыся, наладзіў у Ружанах шыкоўнае вяселле. За урачыстасцямі паследавалі шэрыя будні. Муж завёз Ружу ў Ляхавічы, да бацькі. Па волі свёкра нявестка вымушана была весці замкнёны лад жыцця. З мужам, які аказаўся чалавекам несур’ёзным, п’яніцай і карцёжнікам, адносіны не склаліся, хаця ў гэтым шлюбе нарадзілася дзіця – дачка Катажына. А неўзабаве адбыліся падзеі, якія інакш, як трагічнымі, назваць і нельга.
Нясвіжскі ўладар Караль Станіслаў Радзівіл па мянушцы Пане Каханку наладзіў вялікае паляванне. Пан Масальскі таксама быў запрошаны на яго. У першы ж дзень ён ледзь не стаў ахвярай велізарнага мядзведзя. Некалькі разоў Масальскі стрэліў у раз’юшанага драпежніка, але кулі ляцелі міма. Жыццё яму ўратаваў нехта Сурвіла з ліку радзівілаўскай шляхты. Вечарам на прывале Масальскі падышоў да Сурвілы і са словамі шчырай падзякі працягнуў яму жменьку залатых. Гэта быў вельмі шчодры падарунак для чалавека, які з-за бацькавай сквапнасці вымушаны быў эканоміць і на адзенні, і на ежы, і на забавах. Тым не менш Пане Каханку, які быў у той вечар, як кажуць, у гуморы, вырашыў выставіць мужа Ружы на смех. Сказаўшы, што сваіх людзей можа ўзнагароджваць толькі ён адзін, Радзівіл падарыў Сурвілу вёску на Случчыне і сто залатых на яе добраўладкаванне. Масальскі палічыў сябе абражаным. Нічога нікому не сказаўшы, ён неадкладна выправіўся ў Ляхавічы.
Сучаснік падзей Леан Патоцкі ў сваіх мемуарах расказвае: «Незадаволены сабою і іншымі, ехаў адзін, конна, пакінуўшы здалёку за сабою сваю світу. Толькі любімыя і неадступыя харты беглі каля гаспадара… Паглыблены ў сумныя думкі, ён ужо пад’язджаў да Ляхавіч. Тут жабрак, які сядзеў перад мостам, што вёў да брамы, убачыўшы князя і хочучы ўстаць, а быў кульгавы, ды можа, і падпіты, абапёрся на мыліцы, мыліца паехала, дзед, выцягнуўшыся, паваліўся пад ногі каню. Той уздыбіўся, скочыў у бок, скінуў з сябе князя. Раз’ятраны, Масальскі падхапіўся з зямлі і ў першым імпэце шалёнага гневу, глянуўшы на хартоў, залемантаваў: «Узяць!»…
Як аказалася, ён зусім не хацеў смерці жабрака, аднак сабакі зразумелі загад па-свойму і, накінуўшыся на няшчаснага, разарвалі яго. Масальскі быў настолькі ўражаны, што стаў губляць розум. Спробы Ружы лячыць мужа аказаліся безвыніковымі. Браты мужа пазбавілі яе магчымасці даглядаць хворага, і яна з’ехала з дачкой да сястры, з намовы якой распачала шлюбаразводны працэс. Масальскія рабілі ўсё, каб вар’яцтва Юзэфа Казіміра не было юрыдычна прызнана, а без гэтага касцёл у разводзе адмаўляў. Яна здолела дабіцца свайго толькі пры ўмяшальніцтве канцлера вялікага літоўскага Чартарыйскага.
На жаль, свабода нічога не дала, бо падчас судовых разборак заступніца Ружы – Анна – памерла. Беднай разведзенай жанчыне не было ніякіх шанцаў больш уладкаваць лёс. Ружа прыняла пострыг у Віленскім манастыры бернардынак, ператварыўшыся ў рахманую сястру Аляксандру. Яна памерла ў 1172 годзе. Сястры Аляксандры паведамілі пра скон яе былога мужа, які так і не здолеў пазбавіцца ад душэўнай хваробы. Яна ўздыхнула з палёгкай, прашаптала «Амэн!» і тут жа, схапіўшыся за сэрца, упала на падлогу мёртвай…
Ружаны заставаліся ўласнасцю Сапегаў да 30-х гадоў ХХ стагоддзя. У руіны палац ператварыўся ў 1944 годзе.

 

 
Rambler's Top100Размещение рекламы на сайтеПроизводство сайта - Студия Компас
Использование материалов с сайта возможно только при условии размещения активной ссылки на сайт.