Видео реклама

 

Асоба

Нейбургская пфальцграфіня

Нейбургская пфальцграфіня

З сярэдзіны ХVII стагоддзя Германія выступала ў якасці пастаўшчыцы нявест для знатных шляхетных радоў усёй Еўропы. Маладыя немкі, шматлікія герцагіні і прынцэсы ласкутнай краіны часам станавіліся нават самаўладнымі гасударынямі вялікіх дзяржаў. Аднак вакняжэнне ў самой Германіі іншаземкі было надзвычай рэдкай з'явай. Такім выключэннем стаў лёс беларускай князёўны Людвікі Караліны Радзівіл.
Яна нарадзілася 27 лютага 1667 года ў Слуцку ў сем’і аднаго з самых багатых людзей дзяржавы, магната гэтак званай бiржаўскай галіны рода Радзівілаў – Багуслава. Багуслаў ажаніўся па вялікім каханні на пляменніцы Анне Марыі. Яна і стала маці Людвікі Караліны. Аднак на нябёсах было вырашана, што дзяўчынка мусіць зведаць сіроцкай долі. Маці памерла хутка пасля народзін, а праз два гады сканаў і бацька.
Абаронцам інтарэсаў маленькай князёўны паводле тэстамента князя Багуслава стаў яе дзядзька Міхал Казімір з нясвіжскай галіны Радзівілаў. Іншыя ж апекуны аказаліся з Германіі. Галоўным сярод іх быў паплечнік Багуслава, курфюрст брандэнбургскі Фрыдрых Вільгельм, які быў да таго ж і яго кузенам. Брандэнбуржцы ўзялі дзяўчынку да сябе, заявіўшы, што самі выхаваюць яе і ўладкуюць яе будучыню. Гэта ўстрывожыла Радзівілаў. Тым не менш аспрэчыць права курфюрста на апекунства яны пакуль не маглі. Курфюрст обкружыў княжну клопатам і любоўю. На радзіме же яе маяратам – Слуцкім княствам – кіравалі два аканомы, якім дапамагалi калегія радцаў і вялікая колькасць чыноўнікаў.
Прайшло два гады. Чатырохгадовая гарэза Людхен яшчэ забаўляла курфюрста, з дзіцячай непасрэднасцю забіраючыся гуляць да яго на калені, а ў Вялікім княстве Літоўскім Радзівілы ўжо сур’ёзна абмяркоўвалі яе замужжа. Не жадаючы, каб род Радзівілаў страціў багатую спадчыну Людвікі Караліны, дзядзька Міхал Казімір падрабіў тэстамент Багуслава, і ў выніку там з’явіўся пункт, згодна якому яна пазбаўляецца ўсіх правоў на радзівілаўскія маёнткі ў выпадку, калі пойдзе замуж не за прадстаўніка сваёй жа фаміліі. Правы гэтыя пераходзілі тады да нясвіжскіх князёў.
Міхал Казімір не рызыкнуў скарыстацца падробнай граматай, але жаніха з фаміліі Радзівілаў ён усё ж ёй прапанаваў – свайго старэйшага сына Мікалая Францішка. Ён піша ліст ад імя дванаццацігадовага жаніха да курфюрста брандэнбургскага Філіпа Вільгельма з просьбай заручыць яго з кузінай Людвікай Каралінай. Не бяда, што нявесце ледзь споўнілася пяць гадоў! Галоўнае – прынцып!
Адказу з Германіі Радзівілы атрымаць не паспелі. Юны жаніх раптоўна захварэў і памёр. Тады тэрмінова была падабрана іншая кандыдатура. Новым прасіцелем рукі дзяўчынкі стаў дваццаціпяцігадовы клецкі князь Станіслаў Казімір Радзівіл. Перамовы пра магчымасць такога шлюба зацягнуліся на доўгія гады. За гэты час з’явіліся і іншыя кандыдаты. Ваявода кракаўскі Станіслаў Патоцкі марыў ажаніць з Людвікай свайго сына. Заяўлялі пра гатоўнасць назваць княжну жонкай альбо нявесткай і многія іншыя літвіны і палякі. Нават сам кароль Ян Сабескі, паквапіўшыся на пасаг дачкі Багуслава Радзівіла, абмяркоўваў перавагі шлюба паміж Людвікай Каралінай і сваім спадчыннікам, каралевічам Якубам.
Курфюрст Фрыдрых Вільгельм адцягваў рашэнне, бо ў яго былі свае планы адносна будучыні выхаванкі. Ён разлічваў выдаць Людхен за герцага Вільгельма Аранскага. Калі б яго план здзейсніўся, Людвіка Караліна стала б у далейшым каралевай Англіі. Але герцагу гэтая здзелка падалася нявыгаднай. Якраз у гэты час Фрыдрых Вільгельм са здзіўленнем заўважыў, што Людхен з асаблівай цікавасцю ставіцца да яго малодшага сына, маркграфа Людвіга. І юнак, здаецца, адказвае ёй узаемнасцю. І калі курфюрст спытаўся ў дзяўчыны пра яе пачуцці, трынаццацігадовая Людвіка Караліна адказала, што ахвотна згадзілася б выйсці замуж за кузена.
Добры дзядзька-курфюрст быў не супраць. Заручыны маладых людзей адбыліся 28 снежня 1680 года. Даведаўшыся пра тое, прэтэндэнты на руку багатай нявесты з Рэчы Паспалітай былі раз’юшаныя. Дзядзька Міхал Казімір памёр за месяц да гэтых падзей, але іншыя сваякі Радзівілы выцягнулі захаваную ім фальшыўку тэстамента з яго папер і пачалі размахваць ёю направа і налева. Было вырашана разгледзець справу аб заручынах на бліжэйшым сейме і па магчымасці скасаваць шлюбны дагавор.
Але юны маркграф Людвіг і яго бацькі не спалохаліся. Даведаўшыся, што сейм прызначаны на 10 студзеня 1681 года, яны паскорылі вяселле. Людвіг і Людвіка паўсталі перад алтаром 7 студзеня. А хутка з’явіліся і доказы таго, што тэстамент быў падроблены. Пасля гэтага тыя, хто лічыў небходным скасаванне заручын, вымушаны былі ўтаймаваць свае амбіцыі.
Пасля вянчання Людвіка Караліна засталася жыць з мужам у Берліне. Трынаццацігадовая маркграфіня мусіла прыняць з рук апекуна ўсе справы па кіраванню спадчыннымі маёнткамі, бо замужняя жанчына лічылася паўналетняй незалежна ад того, які яе ўзрост на самой справе. Цяпер усе самыя важныя і адказныя рашэнні па кіраванню Слуцкім княствам прымаліся толькі з яе згоды і ўхвалы. І, нягледзячы на юныя вочы, Людвіка Караліна правіла так, што падданыя кожны дзень малілі нябёсы паслаць іхняй гаспадыні здароўе і доўгія гады жыцця.
Іншы раз случчакі прыязджалі з хадайніцтвамі проста ў Берлін. І вярталіся дамоў задаволеныя і вясёлыя. Сустрэчы з разумнай, уважлівай гаспадыняй, якая хутка вырашала ўсе іх праблемы, былі надзвычай прыемнымі.
У 1687 годзе Людвіка Караліна аўдавела. І, нават не паспеўшы зняць жалобы, зноў аказалася ў цэнтры брыдкай валтузні прагных да яе багаццяў людзей. Бадэнскі герцаг Людвіг, фельдмаршал аўстрыйскага імператара Карл дэ Камерц, уплывовы ў кальвінісцкіх колах Людвіг Гановерскі, польскі каралевіч Якуб Сабескі і нават брат яе мужа-нябожчыка, маркграф Філіп Брандэнбургскі жадалі рукі маладой удавы. Самымі настойлівымі былі прыхільнікі Сабескага. На каралевіча ставіла амаль уся Рэч Паспалітая, у тым ліку і Радзівілы. І адмовіць яму курфюрст брандэнбургскі, які зноў мусіў вырашаць лёс Людвікі Караліны (ужо як свёкар), не рашыўся. Ён даў дазвол на заручыны аўдавелай нявесткі.
25 ліпеня 1688 года прыхільнікі Сабескага настаялі на падпісанні Людвікай Каралінай кантракта, згодна з якім яна губляла правы на ўсе свае маёнткі ў Вялікім княстве Літоўскім, калі па нейкай прычыне адмовіцца вянчацца з каралевічам Якубам. Маёнткі гэтыя перайдуць тады ва ўладанне Сабескіх.
Яна зрабіла гэта пад вялікім націскам, таму што ў гэты час сэрцам яе ўжо валодаў зусім іншы чалавек, малады прыгажун, пфальцграф нейбургскі Карл Філіп. Удовая маркграфіня і нейбургскі пфальцграф таемна сустракаліся ў доме аўстрыйскага пасла. Там, дэталёва абмеркаваўшы ўдваіх усе абставіны, якія перашкаджалі ім злучыцца і быць шчаслівымі, яны вырашылі, што будуць змагацца за сваё каханне. Людвіка Караліна і Карл Філіп таемна абвянчаліся, пасля чаго ўступілі ў змову з князямі Сапегамі, якія абяцалі абараніць правы сужэнцаў у сенаце Рэчы Паспалітай і нават задзейнічаць уласныя войскі дзеля таго, каб перашкодзіць канфіскацыі яе ўладанняў. Заплаціла ім пфальцграфіня за гэта целых 60 тысяч талераў. Да таго ж у Сапегаў менавіта ў гэты час узнік шэраг канфліктаў з Сабескімі, і яны былі гатовы на ўсё дзеля таго, каб «падкласці свінню» свайму гасудару.
Сапегі стрымалі слова. У той час, калі магнаты і шляхта Рэчы Паспалітай збіраліся на сейм абмяркоўваць з каралём Сабескім сітуацыю, якая склалася з замужжам Людвікі Караліны, гетман Казімір Ян Сапега обкружыў Слуцк падпарадкаванымі яму войскамі. У залу паседжанняў ён прыйшоў вясёлым і гордым сваёй знаходлівасцю. І калі гнеўны кароль Ян Сабескі абвясціў рашэнне аб канфіскацыі маёнткаў Людвікі Караліны на карысць рода Сабескіх, гетман устаў і праінфармаваў яснавельможных паноў, што без боя ўзяць Слуцк ім не ўдасца. Яну Сабескаму давялося адмяніць свой указ.
Людвіка Караліна засталася ўладальніцай бацькоўскай спадчыны і слуцкай княгіняй. Пасяліўшыся з новым мужам у Гейдэльбергу, сталіцы яго пфальца, яна працягвала з-за мяжы кіраваць сваімі абшырнымі беларускімі маёнткамі. Выхаваная ў пратэстантызме, Людвіка Караліна вельмі паважала правы праваслаўных падданых і нават рабіла вялікія ахвяраванні слуцкай царкве і праваслаўнаму манастыру. Але яна ўсімі сіламі падтрымлівала таксама рэфарматарскі рух на Беларусi. На яе грошы былі ўсталяваны дванаццаць стыпендый у Кёнігсбергскім універсітэце для беларускіх студэнтаў багаслоўскіх факультэтаў.
Каб павялічыць колькасць высокаадукаваных людзей з ліку сваіх беларускіх падданых, Людвіка Караліна накіроўвала грашовую дапамогу здольным да навукі юнакам, выпускнікам Слуцкай кальвіністскай гімназіі, каб даць ім магчымасць вучыцца на больш высокім узроўні ў Оксфардзе, Берліне, Франкфурце-на-Одэры. У родны горад маладыя людзі вярталіся ўжо матэматыкамі, урачамі, адвакатамі, архітэктарамі, біёлагамі і географамі. Людвіка Караліна паступова ператварала свае беларускія ўладанні ў княства навукоўцаў і філосафаў.
Яна збіралася жыць доўга. Але памерла 23 сакавіка 1695 года, у дваццаць восем гадоў… Гэта трагічная падзея адбылася падчас трэціх родаў Людвікі. Спавівальная цётка, калі на свет з’явіўся пухлы крыклівы хлопчык, чамусьці разгубілася. Прыкінуўшы, як шчодра адорыць яе пфальцграф за дапамогу пры народжанні доўгачаканага спадчынніка, яна, пакінуўшы парадзіху адну, паспяшалася абмыць дзіця ў купелі, спавіць і хутчэй паказаць бацьку. І толькі цяжкі стогн графіні, у якой раптам адкрылася кровацячэнне, прымусіў яе адарвацца ад свайго занятку. З жахам зразумеўшы, што парадзіха памірае, яна пакінула дзіця проста ў купелі і кінулася да пфальцграфіні. Але было ўжо позна. Людвіка Караліна сцякла крывёю, а яе нованароджаны сын захлынуўся.
Смерць Людвікі Караліны прывяла да цяжкіх вынікаў у Вялікім княстве Літоўскім. Слуцкія ўладанні сталі спадчынай яе старэйшай дачкі, а пасля – унучкі. Гэтыя дамы ўжо не прыязджалі ў Слуцк, і кіраванне княствам вялося зусім дрэнна. Толькі ў 1744 годзе ўладанні нейбургскай пфальцграфіні сумелі, нарэшце, выкупіць Радзівілы.

Теги: архив  асоба  
 

 
Rambler's Top100Размещение рекламы на сайтеПроизводство сайта - Студия Компас
Использование материалов с сайта возможно только при условии размещения активной ссылки на сайт.