Видео реклама

 

Паданне

Дзве маці

Дзве маці

Кажуць, назва Радзеж узяла пачатак слоў «радзець» і «радавацца», бо жылі ў гэтым паселішчы вясёлыя і працавітыя людзі. Сеялі хлеб, палявалі ды бортнічалі. І вельмі любілі зямлю сваю. Загадаў князь пабудаваць у Радзежы вартавую драўляную вежу, каб было як ахоўваць радзежанцаў, а пры нашэсці варожым даць сігнал агнём княжаму войску. Ды толькі воінам усё больш даводзілася сялянскімі справамі займацца: ніхто не пагражаў спакою паселішча. Бяда заўжды прыходзіць нечакана...
Чорнае сонца ўзышло над Радзежам у той дзень. Наляцелі-набеглі лютыя ворагі-татары. Біліся да апошняга воіны-абаронцы: усе прынялі смерць ад татарскіх клінкоў ды стрэл, напаілі крывёй сваёй радзежскую зямлю... Узялі чужынцы Радзеж.
Тады шмат каму кінулася ў вочы жанчына-татарка са зморшчаным, абветраным тварам і ганарлівым поглядам. Сядзела яна на вялікім белым вярблюдзе. Пачціва схіляючыся, ахоўвалі яе восем дужых батыраў. Пранеслася вестка, што завітала ў Радзеж сама Хатунь, маці мурзы Туліба. Нядобрая слава пра яе ўжо дакацілася і сюды. Казалі, што калісьці прывяла Хатунь да шатра хана Батыя дзевяць сваіх сыноў са словамі:
– Далёка ў гарах маё жытло, мала каму вядомы шлях туды, і таму магла б я схаваць сваіх дзяцей ад цябе, уберагчы іх ад крывавых бітваў. Але вось яны, перад табою, вялікі! Бяры іх, і няхай у войске тваім стануць яны мужчынамі.
Уражаны Батый прапанаваў маці любую ўзнагароду за яе ўчынак. Хатунь папрасіла дазволу суправаджаць сыноў у цяжкім паходзе. З тых часоў белага вярблюда Хатуні заўсёды бачылі побач з баявымі конямі яе сыноў.
Батый часта цікавіўся лёсам дзевяцярых братоў і быў вельмі задаволены іхнім баявым майстэрствам, адданасцю сваім военачальнікам, адвагай і ваеннай хітрасцю, якая адрознівала іх у баі. Асабліва вылучаўся старэйшы сын Хатуні – Туліб. Яму Батый з часам даверыў тысячу вояў, зрабіў мурзой і выдаў залатую пайцзу – высокі знак улады. Многія здагадваліся: сакрэт Туліба – у тым, што прыслухоўваўся ён да парад кемлівай, хітрай і жорсткай маці. Сілай і жорсткасцю пракладаў сабе шлях па славянскіх землях атрад Туліба. Вось якія госці завіталі ў Радзеж.
Яшчэ не паспела сонца схавацца за ракою – у Радзежы пачалiся пагромы і забойствы. Стогны і плач луналі над Радзежам. І толькі старая Хатунь спакойна глядзела на гора людское. Яна так і не пакінула сядла. Ціха пагойдваючыся паміж гарбамі вярблюда, жмурыла вочы на палыхаючыя вогнішчы і цягнула бясконцую нудную песню.
Але вось падбег да старой маленькі, брудна апрануты татарын, нешта выкрыкнуў, і страпянулася Хатунь, ударыла нагамі па баках свайго вярблюда, спяшаючыся кудысьці.
Здарылася тое, чаго ніколі яшчэ не здаралася: сыны Хатуні пасварыліся. Упершыню за ўвесь сумесны паход яны не падзялілі здабычу. Менавіта гэтая вестка і ўстрывожыла маці. Яна паспела якраз у той момант, калі ўжо зазвінелі ў паветры шаблі.
Адзін уладны ўзмах рукой – і спыніліся раз’юшаныя браты. У цяжкім маўчанні вочы Хатуні знайшлі тое, з-за чаго ўзнікла сварка: прыгожую маладзенькую дзяўчыну са спалоханымі вялікімі вачыма... І, углядаючыся ў пяшчотны яе твар, стройную фігурку, доўгія хвалістыя валасы, зразумела Хатунь: з-за гэтай незвычайнай красы пераб’юць сыны адзін аднаго. І сказала тады старая татарка:
– Сорамна мне за маіх дзяцей, бо звар’яцелі яны. Што ж, калі вы ўсе страцілі галовы, я вырашу вашу спрэчку. І вы зробіце так, як загадаю вам я, маці ваша Хатунь.
Сыны пакорліва схілілі свае галовы, тады працягвала Хатунь ужо больш спакойна:
– Не варта забіваць адзін аднаго дзеля блакітных вачэй ды русявых косаў. Забейце лепш яе, тую, што пасеяла раздор у вашых сэрцах. Забейце тую, якая на радасць супраціўнікам нашым ледзь не ператварыла братоў у ворагаў. І няхай жа не дастанецца яна нікому. Так будзе справядліва!
Ажывіліся, загаманілі браты. І кожны з іх пацвердзіў, што так сапраўды будзе справядліва. Тады ўзняў шаблю сваю мурза Туліб і рушыў да няшчаснай ахвяры.
Толькі ў гэты момант прасвісцела і ўпілася ў плячо старэйшага сына Хатуні страла. Калі б не адхіснуўся военачальнік татарскі, пранізала б яна яго сэрца. Ускрыкнула Хатунь, бы ўстрывожаная начная птушка. Кінуліся татары на пошукі смельчака, прывялі яго. З нянавісцю глядзеў на ворагаў сваіх пятнаццацігадовы радзежанін.
– Смерць яму! – курчачыся ад болю, крыкнуў татарскі военачальнік.
– Не, вы не заб’яце яго! – раздаўся раптам чыйсьці голас. Распіхваючы воінаў-чужынцаў, да белага вярблюда Хатуні наблізілася жанчына і, як падсечаная, упала на калені.
– Хатунь! Мудрая Хатунь! Гэта мой сын, а тая дзяўчына, якую захапілі вы ў палон, – мая дачка. Хіба твае сыны інакш зрабілі б, каб нехта ўзнімаў руку на сястру іх? Ты маці, Хатунь, няўжо не зразумееш мяне? Дзеці – адзінае, што маю на гэтай зямлі, бо ўдавіца я горкая. Не будзе іх – навошта і жыць? Даруй, калі ў чым вінаватыя перад табою, і захавай ім жыццё...
Моўчкі, з бясстрасным тварам слухала Хатунь радзежанскую маці. І калі тая скончыла, вусны татаркі скрывіла пагардлівая ўсмешка:
– Ты ўсё сказала, жанчына? – спыталася Хатунь. – Цяпер слухай мяне. Няма ў жыцці іншай праўды, чым праўда сілы. І гэтаму я вучыла сваіх сыноў. Па праву моцных прыйшлі яны сюды. Па гэтаму ж праву дасталася ім твая дачка, і трэба скарыцца іх волі. Непакорным жа мы спрадвеку хрыбты ламаем. Пакараем і сына твайго. Ён будзе забіты, каб іншыя зразумелі, што бывае з тымі, хто ідзе супраць сыноў Хатуні.
– Дык забі ж тады і мяне, жорсткая жанчына! – ускрыкнула радзежанка.
– Мы – справядлівыя, – ганарыста вымавіла Хатунь. – Ты ні ў чым не вінаватая перад намі. Мы пакідаем табе жыццё. Гэй, адцягніце яе ад мяне хутчэй!
Гэтак загінулі сын і дачка Еўпраксіі-удавіцы. Пасівела галава ў няшчаснай маці, зацямніўся светлы розум...
Уночы ўспыхнула вартавая вежа. Ускінулася Хатунь, у шацёр мурзы Туліба паспяшалася:
– Ты загадаў спаліць?
– Я. Той, хто ў мяне стрэліў, адтуль цэліўся. Не хачу, каб прыстанкам для іншых ворагаў стала гэтая вежа, – адказаў старэйшы сын татаркі.
– Загадай загасіць полымя! Хутчэй! – усхвалявана ўскрыкнула Хатунь. – Дрэнныя адчуванні на сэрцы ў мяне, а я яшчэ ніколі не памылялася...
Агонь быў закіданы зямлёй, але паспелі заўважыць яго княжыя дружыннікі, і звон ужо склікаў усіх на дапамогу Радзежу. Надзявалі белыя смяротныя кашулі ратнікі, рыхтуючыся на бітву з лютымі ворагамі. І пры святле паходняў бласлаўляў укленчыўшага князя святар...
Сэрца Хатуні недарэмна трывожылася. Бітва адбылася на світанку. У ранішнім тумане наляцелі на няпрошаных гасцей славянскія воі. І загінулі ў той бойцы ўсе сыны Хатуні. А мурзу Туліба дык сам князь уласнай рукой забіў.
І пабеглі ў страху татары. Уцякаючы, крычалі яны старой Хатуні, каб таксама спяшалася. Але моўчкі праводзіла татарка іх пустым, нежывым поглядам. Потым узяла яна ў рукі нож і перарэзала горла беламу вярблюду. Целы ж сыноў сваіх знайшла, паклала побач, ды і лягла ў іх у нагах.
Са слязьмі на вачах глядзеў князь на тое, што зрабілася з яго Радзежам. Нізка апусціў ён галаву перад радзежанамі:
– Прабачце, людзі добрыя, не змог раней прыйсці, каб уступіцца за вас...
І адказалі яму радзежане:
– Не час вініцца ды плакаць, княжа! За сялом, на полі, дзе білі воіны тваі паганых, – злая Хатунь, маці нелюдзя Туліба. Яна катавала дзяцей нашых, яна смяялася з нашых слёз. Няхай загіне яна, як загінулі і яе сыны!
Пабачыўшы людзей, што набліжаліся да яе, узнялася Хатунь. Яна не хавалася, не бегла і не прасіла аб літасці. Яна хацела памерці. Але князь вагаўся:
– Ніколі яшчэ мой меч не ўзнімаўся на жанчыну. Чым жа лепшымі за ворагаў нашых будзем мы, калі рабіць станем гэтак жа, як і яны?
Але тут з натоўпу выйшла няшчасная Еўпраксія і прамовіла:
– Так, княжа, нельга нам быць такімі ж жорсткімі, як яны. Таму падумай, хіба для маці, якая страціла ўсіх сваіх дзяцей, не стане жыццё катаваннем у тысячу разоў большым, чым смерць? Днём маліць будзе яна, каб хутчэй надышла ноч і прынесла забыццё. А ноччу – каб узышло сонца і разагнала кашмарныя сны, у якіх кожны раз будзе бачыць адно і тое ж – смерць сваіх дзяцей. Так зрабіла яна, Хатунь, са мною. Але ў мяне яшчэ застаўся Бог, справядлівы і сапраўдны. Самотнай чарніцай буду да скону маліць Творцу аб душах дзяцей маіх. Яе ж жорсткае сэрца не ведае Бога. А без надзеі і ўцехі нельга чалавеку жыць. Будзем жа міласэрнымi – падорым ёй смерць.
Хатунь памерла лёгка. Па знаку князя адзін з ратнікаў спыніў яе сэрца кінжалам. Яе пахавалі тут жа. У адной магіле з сынамі. З тых часоў поле гэтае ды і ўсе землі ўрочышча сталі называцца «Збыта-пазбаўлена», бо са смерцю Хатуні скончыліся набегі татар у гэтыя мясціны.
Жыхары сяла Радзеж, што пад Маларытай, здаецца, і да гэтых часоў вераць, што ўся злоба і жорсткасць чалавечыя пахаваны ў магіле Хатуні за іх сялом. Таму па-ранейшаму ўпэўнена і светла гучаць іх спевы ў час працы. Нездарма ж кажуць, што назва Радзеж узяла пачатак слоў «радзець» і «радавацца».

Теги: архив  паданне  
 

 
Rambler's Top100Размещение рекламы на сайтеПроизводство сайта - Студия Компас
Использование материалов с сайта возможно только при условии размещения активной ссылки на сайт.