Видео реклама

 

Падзея

Ціхае жыццё «літоўскай гаспадыні»

Ціхае жыццё «літоўскай гаспадыні»

160 гадоў назад у вёсцы Каралішчавічы ў сваім маёнтку ціха сканала саракасямігадовая маці сямейства, прадстаўніца вышэйшага кола мінскай шляхты Ганна Цюндзявіцкая. На пахаванні гучала многа цёплых слоў. Успаміналі незлаблівы спагадлівы характар нябожчыцы, яе ўменне слухаць суразмоўцу, яе бездакорныя паводзіны ў асабістым жыцці, яе набожнасць. І ніхто з шаноўных паноў, добрых знаёмых сям’і, нават не здагадваўся, што мінскае грамадства развітвалася з адной з самых папулярных і чытаемых айчынных аўтарак. Сваю адзіную прыжыццёвую кнігу спадарыня Ганна выдала без указання імя на тытульным лісце, бо апасалася «літаратарствам» пашкодзіць сваёй бездакорнай рэпутацыі.
Імя аўтаркі стала вядомым шырокім колам толькі пасля яе смерці. Выдаўцы палічылі неабходным раскрыць таямніцу, калі паўстала пытанне аб перавыданні «бэстселера» аўтаркі, кнігі гаспадарчых парад і кухонных рэцэптаў «Літоўская гаспадыня». Аднак і ў далейшым, згодна волі пані Ганы, кніга яе выходзіла без указання аўтарства.
Дачка падкаморага мінскага Міхала Прушынскага і Тэклі Валянскай разам з братам Мечыславам і сястрой Міхалінай (у далейшым маці вядомага мастака Генрыка Семірадзкага), Ганна атрымала добрую хатнюю адукацыю. Трэба думаць, што з усіх дысцыплін, з якімі знаёмілі юную панну, найбольш імпанавала ёй тая, што называлася дамаводствам. Менавіта тады дзяўчынка паставіла перад сабою мэту – стаць узоравай гаспадыняй, якая будзе мэтанакіравана весці сваю сям’ю да багацця і працвітання.
Багацце і працвітанне… Для адных – норма і дэвіз жыцця, для іншых – неспасціжная мара. Некаторыя цалкам ускладаюць адказнасць за сваё матэрыяльнае становішча на прычыны аб’ектыўныя, такія, як войны, палітычная нестабільнасць, прыродныя катаклізмы. Але ж і ў самыя цяжкія часы некаторыя сем’і выглядаюць, як непатапляльныя караблі, і гэткімі робяць іх працавітасць, ахайнасць, беражлівасць, уменне шмат чаго рабіць уласнымі рукамі і імкненне да здаровага ладу жыцця.
Многія, вельмі многія беларускія сем’і першай паловы ХІХ стагоддзя зведалі матэрыяльныя цяжкасці ў сувязі з вайной 1812 года. Ганне было тады дзевяць гадоў. Яна ўважліва назірала за тым, што і як робяць яе бацька і маці, каб захаваць свае маёнткі ў працоўным стане, каб пазбегнуць занядбанасці і галечы, якія сталі лёсам многіх суседзяў і знаёмых. Яны не закладалі ўласных земляў, не адносілі ў ламбард фамільныя рэліквіі, не пазычалі грошай. Бацькі зрабілі тое, што называюць «зацягваннем кушакоў». Паны амаль адмовіліся ад паслуг аканомаў, самі сачылі за гаспадаркай, даглядалі за скацінай і птушкай, кіравалі ўласнай кухняй. Зусім юная паненка завяла сшытак для «карысных парад», у які пачала запісваць тое, што ёй падавалася цікавым, патрэбным, карысным.
Трохі падросшы, Ганна трапіла ў віленскі пансіён Дэйбеляў, які пакінула толькі перад замужжам. Паводле старасвецкіх звычаяў, нарачонага Ганне падабралі яе бацькі, і пазнаёмілася яна з ім незадоўга да шлюбавання. Ці спадабаўся маршалак барысаўскі Юзаф Цюндзявіцкі паненцы Прушынскай – невядома. Сціплая дзяўчына не даверыла сваіх пачуццяў паперы. А можа, яна проста шкадавала для нікому не патрэбных асабістых выказванняў каштоўных лісткоў? Вядзенне сентыментальнага дзявочага дзённіка было Ганне нецікавым. Іншая справа – збіранне рэцэптаў салення агуркоў або прыгатавання гарэлкі!
Вянчанне маладой пары адбылося ў Заслаўі 19 снежня 1826 года. На банкетным стале для гасцей, трэба думаць, былі выстаўленыя тыя самыя хрусткія агуркі і тая самая чысценькая, як сляза, гарэлка, рэцэпты якіх занатоўвала нявеста ў свой сшытачак. Пасля вясельных урачыстасцяў сужэнцы пасяліліся ў маёнтку Юзафа Кішчына Слабада, дзе Ганна з яе ўменнем назіраць і адбіраць з усяго пабачанага і пачутага карыснае для сябе, праславілася як узорная гаспадыня і апякунка прыгоннага люду. Гасцінная пані прымала ў сябе вядомых на той час людзей навукі і мастацтва, такіх як Антоній Эдвард Адынец, графы Канстанцін і Яўстафій Тышкевічы. Аднаго за адным Ганна Цюндзявіцкая нарадзіла шэсцярых дзяцей, і ніводны з іх не памёр у дзяцінстве. Веды па народнай медыцыне, карысныя рэцэпты па аздараўленню, занатаваныя пані ў яе сшытку, дапамаглі ёй пазбегнуць сумнай долі іншых жанчын яе кола, якія лёсам сваім пацвярджалі народную прымаўку: «У кожнай мамкі свая ямка» (ці то дзіцячая магілка).
Яна вяла свае «карысныя запісы» год за годам. Цяпер гэта быў ужо не адзін сшытак, а цэлая звязка. Сямейныя ведалі пра іх, але наўрад ці заглядалі ў спісаныя дробным почыркам затрапаныя лісты. Аднак з часам пані Ганна стала апасацца, што неяк згубіць які са сшыткаў і апынецца бездапаможнай перад тварам Вялікай Неабходнасці. Выйсце са становішча падказала ёй тая ж самая практычнасць, якая заўжды кіравала гэтай жанчынай. Ганна Цюндзявіцкая знайшла спосаб найлепш захаваць свае запісы і адначасова прыдбаць грошай для гаспадаркі. Яна прапанавала сшыткі для выдання кнігай. Запісы падаліся віленскім выдаўцам цікавымі. «Літоўская гаспадыня» – пад гэткай назвай яны пабачылі свет у 1848 годзе. Да гонару Ганны трэба дадаць, што ў рашэнні надрукаваць свае назіранні і рэцэпты яна кіравалася таксама жаданнем дапамагчы сотням зямлячак, якія іншы час гатовыя былі аддаць што заўгодна за добрую і своечасовую параду – і нідзе яе не знаходзілі.
Кніга сталася бэстселерам. Увесь тыраж 1848 года быў імгненна раскуплены. Гаспадынькі перадавалі кнігі адна адной для «прачытання і занатавання». Яны вучыліся па запісам Цюндзявіцкай сачыць за прыслугай, трымаць у чысціні кухню, разводзіць пародзістых кароў, правільна засольваць сала, рыхтаваць хатняе мыла і свечкі, гатаваць духмянае варэнне з персікаў і нават лячыць у хатніх умовах хваробы вачэй… 108 кулінарных і аптэчных рэцэптаў захоўваліся на старонках «Літоўскай гаспадыні», прычым тут не было такіх інгрыдыентаў, якія нельга было б у той час знайсці ў беларускай вёсцы альбо на крайні выпадак на местачковым кірмашы.
Кніга карысталася такім вялікім попытам, што на працягу 25 гадоў вытрымала шэсць перавыданняў на польскай і адно на рускай мовах. Пасля смерці аўтаркі манапольныя правы на гэтыя выданні выкупіла ў яе сям’і віленская кнігавыдавецкая фірма Завадскага.
Акрамя «Літоўскай гаспадыні», Ганна Цюндзявіцкая падрыхтавала да друку «Гаспадарчы штогоднік» з рэкамендацыямі для гаспадыняў, што яны павінны рабіць на працягу года ў хаце, на поле, у садзе, агародзе і пчэльніку. Кніга з’явілася ў 1854 годзе.
У апошнія гады жыцця Ганна Цюндзявіцкая пісала лекарскі даведнік для жанчын. Рукапіс застаўся невыдадзеным, і сёння цяжка сказаць, дзе ён знаходзіцца.

Теги: архив  падзея  
 

 
Rambler's Top100Размещение рекламы на сайтеПроизводство сайта - Студия Компас
Использование материалов с сайта возможно только при условии размещения активной ссылки на сайт.