Видео реклама

 

Сведкi часу

Пояс раздору

Пояс раздору

У 1433 годзе Масква пышна святкавала вяселле. Вялiкая княгiня маскоўская Соф’я Вітаўтаўна жаніла пятнаццацігадовага сына Васілія. Ніхто і падумаць не мог, што шлюбныя ўрачыстасці скончацца трагедыяй... На піру маці жаніха нечакана падышла да аднаго з самых самавітых гасцей – князя звенігарадскага Васілія Касога – і сарвала з яго каштоўны пояс. «Крадзенае апранаеш?» – пагрозліва спыталася вялікая княгіня. «Не мы злодзеі, а вы з сынам, – адказаў пакрыўджаны госць, – бо ўкралі ў нас маскоўскі прастол». Соф’я Вітаўтаўна ўспыхнула гневам і паказала Васілію Касому на дзверы. Пояс яму яна так і не вярнула. У выніку ў краіне зусім хутка ўспыхнула грамадзянская вайна.
Дачка вялікага князя літоўскага Вітаўта не была шэрай фігурай у гісторыі. Аднак яна заставалася ў цяні мужа свайго Васілія Дзмітрыевіча ажно да самай ягонай смерці ў 1425 годзе. Дагэтуль маскавіты ведалі толькі пра тое, што жанчына гэтая ўмее любіць і быць любімай гэтаксама ж, як выхоўваць дзяцей.
Ужо будучы заручанай з Васілём Дзмітрыевічам, Соф’я стала заложніцай магістра крыжацкага ордэна, які палагаў гэтак дабіцца вернасці ад свайго часовага саюзніка Вітаўта. Нягледзячы на тое, што маскоўскія баяры ўсяляк угаворвалі свайго гаспадара адмовіцца ад нявесты і абраць сабе адну з рускіх князёўнаў, Васіль накіраваў пасольства да крыжаносцаў. Суроваму магістру паслы перадалі цэлы мяшэчак неверагодна буйнога, ідэальна роўнага жэмчуга. «За кожную слязінку князёўны, пралітую ў няволі, – па жамчужыне», – растлумачылі маскавіты. І не ўстаяў магістр…
Стаўшы вялікай княгіняй маскоўскай 1 снежня 1390 года, Соф’я Вітаўтаўна адразу ж скіравала ўсе намаганні на тое, каб выканаць асноўнае прадвызначэнне жонкі правіцеля – нарадзіць яму спадчынніка. У яе нараджаліся і дочкі, і сыны, толькі хлопчыкі чамусьці паміралі. Моцны і жыццяздольны сын Васілій з’явіўся толькі тады, калі вялікай княгіні споўнілася сорак чатыры гады. Можна сказаць, нарадзіўшы яго, Соф’я здзейсніла сапраўдны подзвіг. Аднак усе спадзяванні на тое, што муж яе, дажыўшы да глыбокай старасці, выхавае сына як свайго наступніка, аказаліся марнымі. Васілій Дзмітрыевіч памёр пяцідзесяцігадовым. Іхняму з Соф’яй сыну на гэты час ледзь споўнілася дзесяць гадоў. Адразу ж на маскоўскі прастол заявіў свае прэтэнзіі малодшы брат нябожчыка Юрый Звенігарадскі. Сапраўды, традыцыйна на Русі прастол перадаваўся ад старэйшага брата да малодшага. Аднак Соф’я нечакана для маскавітаў вырашыла змагацца за правы сына. Вітаўт з яго магутным войскам стаў гарантам таго, што ўнук яго ўтрымаецца ля ўлады. Пяць гадоў аўтарытэт Вітаўта нібыта шчытом закрываў ад нападу суперніка прастол Васілія Васільевіча.
Але як толькі Вітаўта не стала, Юрый Звенігарадскі запатрабаваў у Соф’і і яе сына вызваліць вялікакняжаскія палаты. Канфлікт давялося вырашаць у Залатой Ардзе, ханы якой у тыя часы выдавалі рускім ярлыкі на вялікае княжанне. Хітры дыпламат Соф’і, баярын Усевалажскі здолеў даказаць татарам, што княжэнне Васілія Васільевіча будзе ім больш выгадным. У выпадку ўдачы маскоўская гасударыня абяцала ажаніць сына з унучкай Усевалажскага Ганнай Андрэеўнай.
Аднак слова Соф’я Вітаўтаўна не стрымала. Пятнаццацігадовы Васілій даведаўся, што жонкай яго мусіць стаць… чатырохгадовая дзяўчынка, і слёзна маліў маці знайсці яму дарослую нявесту. У выніку абранкай стала стрыечная сястра Ганны – Марыя Яраслаўна Серпухоўская. Тады пакрыўджаны Усевалажскі прапанаваў руку ўнучкі спадчынніку Юрыя Звенігарадскага – Васілю Касому.
Касы быў старэйшым сынам Юрыя. Акрамя яго меўся яшчэ Дзмітрый па мянушцы Шамяка. Абодва хлопца былі ўжо ва ўзросце. Касы паспеў ажаніцца і аўдавець. Дзяцей, праўда, не займеў. Шлюб з чатырохгадовай дзяўчынкай яго, гледзячы па ўсім, не бянтэжыў. Галоўнае, яго жонка паходзіла з таго ж Серпухоўскага княжага дому, што і нявеста вялікага князя маскоўскага.
На вяселлі ўнучкі Усевалажскі з таямнічым відам працягнуў маладым каштоўны ларэц. У ларцы гэтым аказаўся аздоблены самацветамі, рэдкі па прыгажосці сваёй залаты пояс.
Пояс быў сапраўднай рэліквіяй. Калісьці суздальскі князь выдаваў дачку замуж за сына спаконвечнага свайго супраціўніка Дзмітрыя, пазней Данскога, i заказаў гэты пояс лепшым ювелірам. Пояс уяўляў сабой стылізаваную выяву ракі Угры, называемай «поясам Багародзіцы». І мусіў сімвалізаваць уладу над Вялікім княствам Маскоўскім. Упрыгажэнне прадвызначалася жонцы Дзмітрыя Данскога Еўдакіі. Але атрымала яго малодшая сястра Марыя, баярыня Вельямінава. Уплывовы баярын Вельямінаў падмяніў на вяселлі пояс-сімвал і прысвоіў. А пасля пояс Вельямінавы перадалі сваёй дачцэ, калі тая выходзіла за Усевалажскага. І вось цяпер як сімвал вялікакняжаскай улады пояс перайшоў да маленькай жонцы Васілія Касога.
Касы не хаваў сваёй радасці. Нягледзячы на тое, што пояс быў жаночым, ён тут жа надзеў яго на сябе і пачаў насіць, мяркуючы, пэўна, што пояс можа быць атаесамлёны з вялікакняжаскім вянцом. З нецярпеннем чакаў спадчыннік Юрыя Звенігарадскага вяселля Васілія Васільевіча з Марыяй Яраслаўнай, каб з’явіцца на шлюбным піры перапаясаным «поясам Багародзіцы».
Верныя людзі адразу ж данеслі Соф’і Вітаўтаўне пра намеры пляменніка. Але яна да апошняй хвiлiны спадзявалася, што той не рашыцца на такую грубую дэманстрацыю сваіх прыцязанняў. Рашыўся. І Вялікае княства Маскоўскае ўступіла ў фазу грамадзянскай вайны.
Ужо праз чатыры месяцы Юрый Звенігарадскі, які валодаў адначасова таксама галіцка-валынскім княствам, сабраў у Галічы раць для пахода на Маскву. Насустрач яму вывеў сваё войска Васілій Маскоўскі. Яны сустрэліся на рацэ Клязьме, і Юрый ушчэнт разбіў пляменніка. Пераможца тут жа абвясціў сябе вялікім князем маскоўскім. З васемнаццацігадовым пляменнікам ён абышоўся цалкам гуманна – вылучыў яму ва ўладанне Каломну. Але сімпатыі маскоўскага люда аказаліся не на баку Юрыя. Баяры, дваране, ратнікі пачалі перабягаць у Каломну. Спалохаўшыся змовы, Юрый палічыў за лепшае адмовіцца ад Масквы і вярнуцца ў Галіч. Але зброі ён не склаў і, зрабіўшы перадышку, зноў пайшоў на Васілiя.
На гэты раз выгнаны пляменнік пабег за дапамогай у Арду Але на шляху яго дагнаў ганец з радаснай весткай: Юрый у Маскве раптоўна памёр. А інтрыгана Усевалажскага маскавіты хацелі асляпіць, ды ён сканаў пад час экзекуцыі. Васілій вярнуўся ў сваю сталіцу.
Даведаўшыся пра смерць бацькі, Касы прывёў пад сцены горада сваё войска. І ненадоўга захапіў яго. Вялікая бітва пры Скаряціне вырашыла лёс Масковіі. У ёй перамог Васілій Васільевіч. Захопленаму ў палон Касому таксама, як да гэтага Усевалажскаму, выкалалі вочы. На дзесяць гадоў вайна спынiлася. А пасля ў барацьбу з вялікім князем маскоўскім нечакана ўступiў малодшы брат Касога – Шамяка.
Гэта адбылося ў 1445 годзе. Васілій з сынамі накіраваўся на багамолле ў Тройца-Сергіевы манастыр, і ў гэты час Шамяка захапіў Маскву. Потым ён паслаў узброены атрад за Васіліем.
Вялікага князя знайшлі тады, калі ён маліўся. Васілія схапілі і, нягледзячы на немыя крыкі і рыданні, пасадзілі ў сані. Васілій так баяўся сустрэчы з Шамякам, што нават гатовы быў тут жа, у манастыры, пастрыгчыся. Але яму гэтага не дазволілі. Павезлі ў Маскву. А там чалавеку, які завёў жахлівую моду на асляпленне, самому выразалі вочы. Аслеплены Васілій з жонкай быў адпраўлены ў затачэнне ў Угліч, Соф’я Вітаўтаўна – у Чухламу. Але і Шамяка нядоўга пратрымаўся на прастоле. Пакараўшы Васілія, ён паказаў маскавітам, што нічым не лепш за яго. І тыя палічылі за лепшае падпарадкоўвацца ўсё ж такі законнаму правіцелю, а не ўзурпатару.
У 1448 годзе ў цямніцы памёр Васілій Касы. У 1453 годзе ў Ноўгарадзе быў атручаны баярамі Шамяка, які прыбег сюды ў пошуках прытулку. Сын Соф’і Вітаўтаўны канчаткова ўвакняжыўся ў Маскве і правіў у адносным міры і спакоі 16 гадоў.
Састарэлая ж маці яго заставалася дзейнай і актыўнай да самай смерці. У 1451 годзе васьмідзесяцігадовая вялікая княгіня ў адсутнасць сына арганізавала абарону Масквы ад войскаў татарскага царэвіча Мазоўшы. У гэтыя дні гараджане заўжды бачылі старую княгіню побач з сабою на сценах Масквы. Натхнёныя гераізмам Соф’і, маскавіты паспяхова адбілі ўсе штурмы. Татары вымушаны былі «з вялікай ганьбаю» вярнуцца ў родныя стэпы.
Пасля гэткіх падзей Соф’я стала ў вачах падданых сапраўднай гераіняй. Але свечка яе жыцця ўжо дагарала. 16 чэрвеня 1453 года Вітаўтава дачка Соф’я, вялікая княгіня маскоўская, адышла ў нябыт. Калі пасля смерці Соф’і нявестка яе заглянула ў куфар, дзе свякроў захоўвала самыя каштоўныя рэчы, то аказалася, што ўпрыгажэнняў там зусім няма. Але затое меліся ў наяўнасці пяць ікон і «кораб з крыжамі і мошчамі».
Залаты пояс, віноўнік разладу, згінуў немаведама куды. Гэтаксама, як і апошняя ўладальніца яго, Анна Андрэеўна Серпухаўская. Пра смерць яе летапісы не паведамляюць, у манастырах рускіх яна не лічыцца. Можа, княгіня збегла ў Літву? У радаводах князёў Вялікага княства Літоўскага гэтага часу шмат запісаў накшталт: «жанаты з маскоўскай князёўнай, імя невядома».

 

 
Rambler's Top100Размещение рекламы на сайтеПроизводство сайта - Студия Компас
Использование материалов с сайта возможно только при условии размещения активной ссылки на сайт.