Видео реклама

 

Асоба

Перад выбарам

Перад выбарам

Кожны чалавек мае права выбіраць. Працу на зямлі альбо творчы лёс, утульную вясковую хатку ці гарадскую шматпавярхоўку, шчасце з бедным каханым альбо бляск багацця з чалавекам, да якога не адчуваеш нічога акрамя ўдзячнасці.
Маці паэта Петруся Броўкі, Алена Сцяпанаўна, была задаволена сваім лёсам. Ёй удалося стварыць на рэдкасць гарманічную сям’ю. Сям’ю, у якой муж, пяцёра сыноў і дзве дачкі багатварылі старэйшую гаспадыню – жонку і маці, і ўсяляк аберагалі яе спакой. У сям’і гэтай не было лайдакоў. І мужчыны, і жанчыны ўмелі шмат што рабіць, а яшчэ яны ўмелі марыць і здзяйсняць свае мары.
Алена Сцяпанаўна належала да таго пакалення беларусаў, якім у поўнай меры давялося хлябнуць усіх цяжкасцяў барацьбы за выжыванне: рэвалюцыя, калектывізацыя, галеча. Але каханне і ўзаемаразуменне ў сям’і дапамагалі і ў самыя цяжкія мінуты не паддавацца роспачы. Броўкі змагалiся з тугой і адчаем пры дапамозе песень. Галава сям’і, Усцін Адамавіч, быў не толькі добрым цеслярам ды столярам, але і лепшым у наваколлі музыкантам. Ён іграў на скрыпцы. Алена Сцяпанаўна спявала. Голас у жанчыны быў прыгожым, памяць захоўвала шмат народных песень. Дзеці любілі слухаць матчыны спевы. А суседкі па-добраму зайздросцілі: спявае – значыць шчаслівая.
Кожны мае права выбіраць: выстаўляць яму свае нягоды і турботы ўсім напаказ ці перажываць іх у сямейным коле.
Бяда, якую не схаваеш, здарылася ў 1932 годзе. Памёр муж Алены Сцяпанаўны. Памёр далёка ад дома, на заробках у Данбасе. А за ім нечакана пайшоў з жыцця зусім малады і, здаецца, даволі паспяховы сын Андрэй. Ён памёр у Мінску, дзе працаваў у фінансавай сферы. Астатнія сыны і дочкі, як маглі, імкнуліся падтрымліваць маці. Але некаторыя з іх ужо пакінулі да гэтага часу бацькоўскае гняздо – на сяле было цяжка жыць, вясковыя маці імкнуліся выправіць дзяцей у горад, атрымліваць адукацыю, працаваць. Падтрымлівала дзяцей сваіх у жаданні атрымаць «гарадскія прафесіі» і Алена Сцяпанаўна.
Кожная маці мае права выбіраць паміж уласнай адзінотай і шчасцем сваіх дзяцей. І тым не менш дзеці не так ужо і спакойна ўспрымалі ахвяру маці.
Маці не трэба было нічога тлумачыць, яна ўсё разумела, а калі і не разумела, то адчувала сваім добрым усёдаравальным сэрцам. Яна не адчувала толькі – не магла адчуваць, бо звычайнаму чалавеку гэта непадуладна, – што самыя цяжкія выпрабаванні і для яе, і для яе дзяцей яшчэ наперадзе…
Цёплай, ласкавай чэрвеньскай раніцай 1941 года пачалася вайна. Фашысты атабарыліся на Ушаччыне хутка, дзелавіта, па-гаспадарску. Разлічвалі, што застануцца тут назаўжды. Рэпрэсій спачатку не планавалі – устанаўлівалі свой «новы парадак» і лічылі, што мясцовыя сяляне з узрушэннем і захапленнем прымуць яго, бо ведалі са слоў сваіх прапагандыстаў, што нацярпеўся народ пры савецкім рэжыме. Уздым партызанскага руху стаў для немцаў поўнай нечаканасцю. Яны не разумелі, не хацелі разумець, што якой бы цяжкай нi была доля беларусаў, самым страшным, самым немагчымым у іх уяўленні будзе цярпець уладу чужынцаў.
Кожнаму дадзена права выбіраць: бот чужынца на сваім карку ці пастаянны подых смерці ў патыліцу…
Пятрусь Броўка, таксама як і браты яго, якія ўсе пайшлі на фронт, нічога не ведаў пра лёс маці. Ён разумеў, што ў роднай вёсцы Пуцілкаўшчына пануюць фашысты. Адчуваў, што яго маці маўклівай сведкай не застанецца. Але на што яна можа рашыцца? Як далёка пойдзе ў сваёй непрымірымасці да «дыктату прышлых»?
Ёй было на той час ужо каля шасцідзесяці гадоў. У такім узросце яна не магла, пэўна, прынесці істотнай карысці, пайшоўшы ўслед за многімі аднавяскоўцамі ў лес. Але жанчына стала партызанскай сувязной. Калі ўдары, якія наносілі фашыстам партызаны, сталі адчувальнымі, на Ушаччыну былі накіраваны карнікі. Рэйд стаўся ўдалым. Дзякуючы здраднікам-паліцаям многія жыхары вёсак, звязаных з партызанамі, трапілі ў палон. Іх жорстка збівалі, спрабуючы даведацца пра месцазнаходжанне атрада. Але ніхто не выдаў партызан, хаця сярод захопленых былі ў асноўным жанчыны, старыя і падлеткі. Тады гэтых непахісных немцы вырашылі накіраваць у лагер смерці Асвенцым…
Як бы там ні казалі пастыры ўсіх сусветных рэлігій, але кожны чалавек мае права, трапіўшы ў палон, адразу перарваць свае пакуты альбо ісці абраным шляхам да канца, каб урэшце зразумець, навошта ён жыў на гэтым свеце.
Пра нямецкую нацыю створана шмат міфаў. Адзін з іх сцвярджае, што немцы даволі прагматычныя і імкнуцца з любога ўчынку атрымаць выгаду. У Асвенцыме праца вязняў выкарыстоўвалася на рэдкасць непрактычна. У першай палове дня няшчасныя мусілі цягаць велізарныя камяні, скідваць іх у спецыяльна выкапаныя яміны і закідваць зямлёй. У другой палове – выкопваць гэтыя ж камяні і заносіць іх на ранейшае месца. Навошта такі бязглузды занятак? Каб проста паздзеквацца над людзьмі? І дзеля задавальнення такіх нізкіх пачуццяў трэба было траціцца на перапраўку палонных з розных краін у лагер смерці! Хвалёная тэорыя пра звышчалавекаў цярпела фіаска, аднак фашыстаў гэта не бянтэжыла. Яны мелі намер павольна, па-садысцку зводзіць у магілу многія тысячы людзей. І гэта ім удавалася…
Пасярэдзіне лагера знаходзілася страшэнная пабудова з чорнымі трубамі – крэматорый. Аслабелых вязняў аддзялялі ад іншых, заводзілі ўнутр, галілі галовы, каб выкарыстаць валасы для набіўкі матрасаў, і накіроўвалі ў газавую камеру. Целы загінулых у страшэнных пакутах людзей спаўзалі па асклізлай нахіленай падлозе проста ў печку…
У асвенцымскім крэматорыі скончылася жыццё і Алены Сцяпанаўны…
У 1947 годзе, як толькі тое стала дазволена, паэт Пятрусь Броўка наведаў жахлівы лагер смерці. Там усё было яшчэ такім, як пры фашыстах. Баракі стаялі непрыбранымі, там і тут валяліся рэчы вязняў – кавалкі адзення, абутку. У адным з пакояў крэматорыя на падлозе паэт пабачыў нават горкі валасоў, зрэзаных з галоў пакутніц Асвенцыма…
Кожны чалавек мае права сам выбіраць паміж смерцю і бессмяротнасцю. І пазбавіць яго гэтага святога права не можа ніводны кат.
Зусім нечакана раскрылася таямніца апошніх хвілін жыцця Алены Сцяпанаўны. Не няшчаснай зацкаванай ахвярай пайшла яна ў газавую камеру, але мужнай праведніцай, якая смерцю сваёй захавала жыццё больш маладое і прыгожае…
Адначасова з Аленай Сцяпанаўнай падчас той карніцкай акцыі па вёсках Ушаччыны фашыстамі была захоплена дзяўчынка-падлетак з суседняй вёскі – Ніначка Волах. Амаль дзіця, яна ўсё ціснулася да знаёмай цёткі. Яна магла загінуць у лагеры смерці ў першыя ж дні, бо не мела ні сіл, ні смеласці змагацца з тымі непамернымі цяжкасцямі, якія выпалі на яе долю. Алена Сцяпанаўна берагла яе, нібыта ўласную дачку, узнімала на ногі, калі Ніначка падала, знясіленая, падчас катаржнай работы, грэла яе сваім цяплом у халоднай камеры, старалася падтрымаць словамі. Ніначка верыла цётцы Алене. І як жа не паверыць у тое, што вось у адзін асаблівы дзень прыйдуць сюды з Чырвонай арміяй сыны цёткі і вызваляць усіх. Ніначка не ведала, что немаладую, знясіленую, хворую жанчыну трымае яшчэ на гэтым свеце толькі адказнасць за лёс чужога дзіцяці. Алена Сцяпанаўна змагалася са смерцю дзеля Ніначкі.
Асаблівы дзень надышоў зімою 1944 года. Але гэта быў зусім іншы дзень – не дзень радасці, а дзень жаху і роспачы. Усіх вязняў лагера вывелі на пляц, паставілі ў шэрагі і загадалі разлічыцца: «першы… другі… трэці…».
Усе, каму выпала апынуцца дзесятымі, мусілі ісці ў крэматорый… Калі першую партыю асуджаных вывелі на смерць, Алена Сцяпанаўна здагадалася палічыць. Яна была дзевятай, Ніначка стаяла дзесятай… У самы апошні момант маці паэта выпіхнула перапалоханае дзяўчо з шэрагу і заняла яе месца…
«Чалавек, які згарае ў полымі, пакідае пасля сябе толькі попел», – сказаў адзін цынічны фашыст на Нюрнбергскім працэсе. Алена Сцяпанаўна, зрабіўшы рашучы крок да асвенцымскай печкі, пакінула пасля сябе жыццё. Ніначка пратрымалася ў лагеры яшчэ год і атрымала волю 27 лютага 1945 года. Яна зведала каханне, шчасце мацярынства, дажыла да глыбокай старасці, радуецца жыццю і сёння.
Кожны з нас калісьці аказваецца перад выбарам: стаць па заканчэнні зямнога шляху прахам ці ператварыцца ў легенду…

Теги: архив  асоба  
 

 
Rambler's Top100Размещение рекламы на сайтеПроизводство сайта - Студия Компас
Использование материалов с сайта возможно только при условии размещения активной ссылки на сайт.