Видео реклама

 

Паданне

Бутрым Няміра

Бутрым Няміра

«Памажы вам Бог, – высокая сівая жанчына з гордым паглядам перахрысціла людзей, што стаялі перад ёю. – Даберацеся да Літвы, а там у вас розныя дарогі. Дзмітрыю – у Вільню да вялікага князя, табе, Стаўр, – у Дзісну. Знайдзі баярына Бутрыма Няміру. Перадай яму мой паклон ды скажы: Марфа, маўляў, Пасадніца ведае пра тое, як вераць роду Няміраў літвіны, таму на яго дапамогу і спадзяецца. Хто, калі не Літва, выратуе ад Маскоўскай сякеры Ноўгарад?»
Пасланцы моўчкі схілілі галовы. Праз некалькі хвілін яны ўжо скакалі прэч з горада. Начное неба глядзела на іх тысячамі вачэй. Але Дзмітрый, падганяючы каня, не заўважаў нічога. А Стаўру здавалася, што гэта пагляды наўгародцаў з хваляваннем і надзеяй асвятляюць яму шлях. Адзіны шлях да выратавання.
На высокім узгорку недалёка ад Дзісны стаіць церам Бутрыма Няміры. Былой славай свайго роду жыве гаспадар. Славай гэтай багацце сваё памнажае. За славу продкаў купіў ён, стары, маладую жонку. Памятаючы пра славу Няміраў, прыслухоўваецца да Бутрымавага голасу вялікі літоўскі князь.
А пачалася слава Няміраў яшчэ пры Вітаўце, якога далёкі Бутрымаў продак угаворваў адмовіцца ад міра з маскоўскім князем, што крыўдзіў літвінскіх купцоў. Дзеля магутнасці Літвы неаднойчы потым заклікалі да вайны з Масквою наступнікаў Вітаўта Няміры.
У бедным адзенні гусляра дабраўся наўгародскі пасланец, малады Стаўр Рамашкавіч, да Дзісны без перашкод. Сустрэча з Бутрымам адбылася позна ўночы.
Вырваўшы з рук слугі паходню, Няміра ткнуў ёй ледзь не ў твар наўгародцу. І незразумелы страх на імгненне з’явіўся ў Стаўравых грудзях – цяжкі, ледзяны, нежывы быў пагляд у Бутрыма. Здавалася, холад зыходзіць і з Няміравых вуснаў. Наўгародзец міжволі зірнуў на паходню. Агонь гарэў злавесным мёртвым святлом і ў Бутрымавых руках, быццам выпраменьваў холад.
Няміра выслухаў пасланца і павольна адказаў:
– Не ў час прыехаў ты з Марфінай просьбай. Вялікага князя няма ў Вільні. Але я пашлю свайго чалавека туды, дзе ён цяпер…
Сніўся Стаўру ў тую ноч сівы Волхаў. Плылі па ім, быццам лёгкія водаплавы, званы наўгародскія. А наперадзе ўсіх – вялікі вечавы. Пераклікаліся званы малінавымі галасамі, і музыку тую слухаць на беразе стоўпіўся ўвесь люд наўгародскі. Раптам густа ўдарыў вечавы звон, і перакінуліся наўгародцы ў вялікіх белых птушак – легкакрылых лебедзяў. Узляцелі лебедзі ў паднябессе, змяшаліся з аблокамі. Толькі звон над вадой плыве…
Расплюшчыў вочы Стаўр Рамашкавіч. Уся ў белым, бы лябёдка, стаіць перад ім маладзіца. Гуслі яго ў руках трымае, струны пяшчотна кранае пальцамі. Убачыла маладзіца, што прачнуўся госць, счырванелася ўся.
– Ты прабач, наўгародзец, што адагнала сон твой. Прыйшла, думала, ты ўжо прачнуўся. Гуслі твае на вочы трапіліся. На святы ў церам майго бацькі часта гусляроў сляпых запрашалі. Яны пра мінулае апавядалі-спявалі. Падабалася мне слухаць іх. Але тут не гучыць музыка, холадна і сумна ў сценах гэтых. Няміра – суровы муж.
Здагадаўся Стаўр Рамашкавіч, што перад ім Бутрымава жонка, юная Мара. Усміхнуўся ён жанчыне:
– Калі хочаш, баярыня, я сыграю для цябе. У Ноўгарадзе любяць гуслі. І не толькі старцы сляпыя пяюць пад іх.
Трывожнымі раптам зрабіліся вочы ў Мары.
– Не трэба, наўгародзец. Няміра пачуе, угнявіцца. Цяжка тут будзе тваім песням, – і, памаўчаўшы, рашуча дадала: – Уцякай адсюль хутчэй. Ратуй сваю душу, пакуль не позна.
Дзверы за баярыняй зачыніліся, і хваляванне авалодала наўгародскім пасланцам. Успомніўся яму халодны пагляд Бутрыма Няміры.
У чаканні вестак ад вялікага літоўскага князя міналі дні. Жыў Няміра так, быццам не было ў яго цераме наўгародскага пасланца. Неспакой Стаўра Рамашкавіча ўзрастаў. «Што могуць значыць словы баярыні?» – думка гэтая не пакідала яго. Але пагаварыць з Марай яшчэ раз ён не мог. Толькі з мужам выходзіла яна са святліцы. Ішла, уся захутаная ў футра, нягледзячы на летняе цяпло, і ўсё абдымала, быццам спрабуючы сагрэцца, рукамі плечы.
– У баярыні – рыбіна кроў, – пачуў неяк Стаўр словы гаспадара. Падумалася тады наўгародцу, што побач з Нямірам, няўсмешлівым, суровым, любая б жанчына дрыжэла ад холаду.
Неяк раніцай Стаўра разбудзілі мітусня і крыкі на двары. Увесь абсыпаны дарожным пылам, прыскакаў пасланец ад вялікага князя літоўскага.
І вось ужо ў садзе ля церама накрытыя дубовыя сталы. На ганаровым месцы – сам Няміра сядзіць. Па левую руку ад яго – ціхая Мара, галаву апусціла ўніз, у шубку сабаліную захінулася. Па правую руку – вястун: вочы, як у драпежнага ястраба, бровы сурова збегліся на пераносіцы. Што за вестку прывёз ён? Ратаванне ці пагібель для Ноўгарада? Не спяшаецца абвясціць яе Няміра. Поіць чэлядзь зялёным віном, жартуе над жончынымі дрыжыкам. Успомніў неўзабаве пра гуслі Стаўра, просіць зайграць ды спець. Адмовіцца нельга. І хаця нішто раней не прымусіла б гордага баярскага сына іграць перад хмяльнымі гасцямі іншага гаспадара, ён рашаецца.
Кінуўшы хуткі пагляд на Бутрымаву жонку, ён спявае старую наўгародскую быліну пра сілу, мужнасць, адвагу і вернае каханне. Голас Стаўра Рамашкавіча, высокі і чысты, ірвецца ў нябесную прастору, зачароўвае, прымушае сціхнуць усіх і толькі слухаць мудрыя словы, прыдуманыя далёкімі продкамі.
На вачах Мары слёзы, пагляд яе, пакутліва-пранізлівы, спыніўся на маладым наўгародцы. У пяшчотнай гераіні быліны пазнае яна сябе, героя параўноўвае з натхнёным гусляром. І толькі на твары Бутрыма Няміры спее нядобрая ўсмешка.
Пачаліся скокі, і Стаўр Рамашкавіч выйшаў з-за стала. Гнеў давіў на грудзі, бо зразумеў ён, што Няміра ўсяляк імкнецца прынізіць яго. Няўжо прычына гэтаму – адмова вялікага князя літоўскага? Тады – няшчасны Ноўгарад!
За спіною баярына зашалясцелі шаўкі. Стаўр Рамашкавіч азірнуўся. Гэта была Мара. Прыклаўшы палец да вуснаў, баярыня зрабіла госцю знак ісці за ёй.
– Ля брамы стаіць асядланы конь, – шэптам прамовіла яна. – Спяшайся, ратуй сваё жыццё.
– Што раіш ты мне, жанчына? – з абурэннем вымавіў наўгародзец.
– Хіба ты яшчэ нічога не зразумеў? – вочы баярыні зірнулі на яго – Не да вялікага літоўскага князя паслаў Няміра ганца. Той, хто сядзіць за сталом па правую руку ад яго, – чалавек князя маскоўскага Івана.
– Скуль ведаеш ты? – схапіў яе за руку Стаўр Рамашкавіч.
– Я – Нямірава жонка, – адказала баярыня. – Я чула іх размову і ведаю: прывезены загад расквітацца з табой. Патрэбна толькі прычына, каб ніхто пасля не данес у Вільню, што баярын прадаўся Івану. Пэўна, дзеля гэтага табе загадалі іграць на гуслях. Чакалі, што адмовішся. Памыліліся. Але другі раз памылкі не будзе. Бяжы, наўгародзец!
– Сілы нябесныя! Няўжо Бутрым – антыхрыст? – прамовіў ва ўзрушэнні Стаўр Рамашкавіч. – Але ты, баярыня, навошта ты ратуеш мяне? Навошта супраць волі мужавай ідзеш?
– Песня твая ратуе цябе, – прашаптала жанчына. – Ты спяваў яе для мяне. Ты – адзіны, хто зразумеў няшчасную Мару. Бывай жа, добры чалавек. Памятай пра гаротніцу.
І схілілася міжволі на Стаўрава плячо галава Бутрымавай жонкі. І ў вялікай шкадобе прыціснуў да сябе юную Мару наўгародзец.
– Ага, вось яны дзе! – раздаўся злавесны Няміраў голас. – Глядзіце, людзі добрыя, усе сведкамі вялікай крыўды будзьце! Госць гаспадарова сумленнае імя ганіць!
Азірнуўся Стаўр Рамашкавіч – бегчы няма куды. З усіх бакоў абкружылі іх з баярыняй Марай Няміравы людзі. У руках Няміры гуслі, якія забыў наўгародзец на лаве, спяшаючыся на кліч баярыні.
– Ілжывай была тая песня, што спяваў ты нам, госць, – прагаварыў ён, – бо не гаспадарову ласку гэтым хацеў ты здабыць, але скарыць сэрца гаспадаровай жонкі.
І абарваў Няміра струны на гуслях. І клікнуў Няміра слуг верных, загадаў ён схапіць Стаўра Рамашкавіча. І прызначыў смерць жахлівую: на гуслі замест струн павінны быць нацягнуты гусляровы жылы.
Кінулася ў ногі жорсткаму мужу збялелая Мара. Але адштурхнуў Няміра жонку. Загадаў ёй ісці за стол, на сваё месца. Мусіць баярыня прысутнічаць пры катаванні да самага канца.
Не пасмела пярэчыць Бутрыму жонка, па левую руку ад Няміры села. Толькі бязгучныя слёзы сцякалі па яе белых шчаках, і не магла спыніць іх Мара... У час, калі малады наўгародзец прымаў лютую смерць, па загаду Няміры працягвалiся пір, смех ды песні. Толькі раніцай скончылася ўсё. Перад жорсткім баярынам паставілі акрываўленыя гуслі, на якіх замест струн былі нацягнутыя чалавечыя жылы. Глянуў тады з усмешкай на сваю жонку Няміра. Бледная, скамянелая сядзела яна ў сваім крэсле і абдымала плечы рукамі. Але сэрца яе ўжо не білася…
Праз некалькі дзён вялікі князь літоўскі, які атрымаў з рук Дзмітрыя вестку ад Марфы-Пасадніцы, паклікаў самых паважаных падданых сваіх на вялікую раду. І Бутрым Няміра, на здзіўленне ўсім, выказаўся за мір з Масквою. Ноўгарад не атрымаў падтрымкі. І ўпалі наўгародскія званы ў хвалі сівога Волхава, а загубленыя душы наўгародскіх пакутнікаў узляцелі ў аблокі самотнымі белымі птушкамі – лебедзямі.
Тады дзіўнай загадкавай смерцю раптоўна памёр Няміра. Хтосьці бачыў у гэтым помсту людзей, якім ён здрадзіў. Баярына хавалі спешна і таемна. Яго закапалі ў двары перад уласным церамам і паклалі на магілу цяжкі камень. У тую ж ноч нехта падпаліў церам. І да раніцы ён згарэў датла.
Недалёка ад Дзісны і цяпер яшчэ ёсць узвышша, якое тутэйшыя жыхары паказваюць гасцям як месца, дзе знаходзілася жытло Няміры. Захаваўся і магільны камень. Набліжацца да яго непрыемна, бо выпраменьвае ён холад.

Теги: архив  паданне  
 

 
Rambler's Top100Размещение рекламы на сайтеПроизводство сайта - Студия Компас
Использование материалов с сайта возможно только при условии размещения активной ссылки на сайт.