Видео реклама

 

Падзея

Крычаўская трагедыя

Крычаўская трагедыя

Вясной 1740 года, 270 гадоў назад, пачалося сялянскае паўстанне ў Крычаўскім старостве – найбуйнейшае сялянскае ўзброенае выступленне на Беларусі ў феадальную эпоху.
Тэрыторыя Крычаўскага староства ўваходзіла ў склад дзяржаўных земляў, гэта значыць, юрыдычна належала каралю. Каралю ж належалі і сяляне, якія жылі тут. Але манархі звычайна аддавалі крычаўскія землі ў часовае, а то й пажыццёвае карыстанне камусьці з магнатаў Рэчы Паспалітай. У якасці ўзнагароды. Магнаты ж гэтыя знайшлі, як ім падавалася, зручны варыянт выкарыстання каралеўскага пажалавання. Яны дазвалялі гаспадарыць у старостве асобам, якіх называлі ў тыя часы арандатарамі. Па дакументах арандатары атрымоўвалі права зарабляць усімі дазволенымі законам спосабамі грошы на тэрыторыі староства. Самыя распаўсюджаныя з гэтых спосабаў – будаваць кабакі, гандлёвыя лаўкі. Гаспадара цікавіла толькі адно – своечасовая выплата арандатарамі грошай за арэнду ды своечасовае атрыманне падаткаў з сялян староства. Падаткі гэтыя, згодна з дамовай, збіраць і дастаўляць пану маглі тыя ж арандатары.
Сума падаткаў была зафіксавана ў адпаведных дакументах. Здаецца, якая выгода арандатару навальваць на сябе яшчэ і клопат па зборы сялянскіх грошай? Але хітры чалавек паўсюль знаходзіць выгоды. Арандатары былі даволі багатымі людзьмі. Яны маглі адразу вылучыць са сваіх сродкаў належнае для магната. І таго справы староства пераставалі турбаваць. І вось тут арандатары пачыналі абдзіраць, бы ліпку, крычаўскіх сялян. Што толькі яны нi рабілі! Завышалі налогі, уводзілі новыя, абавязвалі выконваць шэраг павіннасцяў, не прадугледжаных інвентарамі ўладальнікаў. Сяляне адчувалі сябе прыніжанымі і безабароннымі.
У сярэдзіне ХVIII стагоддзя Крычаўскае староства было падуладным князю Гераніму Радзівілу. Князь мала цікавіўся становішчам дадзеных яму каралём сялян. А выбраныя ім арандатары лютавалі. Некія браты Ваўкавыцкія, напрыклад, за два гады сабралі з сялян на сто тысяч злотых больш, чым было вызначана па інвентару. Яшчэ больш пагоршылася становішча тутэйшых сялян пасля таго, як арандатарамі сталі багатыя яўрэі Шмуль і Гдаль Іцкавічы. З гуртом узброеных слуг яны вымагалі з сялян завышанага чыншу. Пры гэтым даволі часта нават не выдавалі квіткоў аб аплаце, сцвярджаючы, што не маюць з сабою належных дакументаў. А праз пэўны час патрабавалі грошы зноў. Сапраўдная бяда была людзям, калі надыходзіў час везці на млын зерне. Звычайна за млынарскія паслугі пан браў адну дзесятую долю атрыманай мукі. А вось Іцкавічы патрабавалі адну сёмую. Нахабныя арандатары былі ласыя да ўсялякіх «пачастункаў» ды «падарункаў». Не цураліся яны і мардаваннем сялян і нават звычайным рабаўніцтвам.
Крычаўскія сяляне неаднойчы накіроўвалі да Радзівіла сваіх прадстаўнікоў са скаргамі. Але ў большасці выпадкаў людзі гэтыя нават не дабіраліся да пана. Людзі Іцкавічаў пільна сцераглі ўсе дарогі.
Тады крычаўцы абралі са свайго асяроддзя Васіля Вашчылу, сумленнага і, галоўнае, пісьменнага селяніна з вёскі Селішчы. Яму даверылі быць войтам. Войту Вашчылу двойчы ўдавалася данесці скаргі сялян да пана Радзівіла. Першы раз дзеля гэтага Вашчыла паехаў ажно ў Варшаву. Другі раз знайшоў пана ў Міры. Абодва разы на адваротным шляху Вашчылу хапалі прыспешнікі Іцкавічаў і жорстка каралі. Пасля варшаўскай паездкі ён атрымаў 150 удараў бізуном на здзіўленне ўсіх выжыў. Пасля другой сустрэчы з князем Вашчылу кінулі, закаваўшы ў ланцугі, у сутарэнні Крычаўскай вязніцы. Больш за ўсё пакрыўдзіла сялян тое, што мэтанакіраванасць і самаадданасць іхняга войта аказаліся дарэмнымі. Радзівіл не стаў разбірацца з арандатарамі , не ўступіўся за сялян.
Цярпенне людзей, урэшце, скончылася. Вясной 1740 года запалала арандатарская жытло ў вёсцы Панкі. Былі арыштаваны 18 сялян. Іх абвінавацілі ў падпале і прыгаварылі да смяротнага пакарання. Вестка пра гэты ганебны прысуд стала апошняй кропляй. Сяляне даўно ўжо былі гатовыя «узяцца за рукі і выступіць, каб абараніць сябе ад пагібелі».
Атрад паўстанцаў на чале з Вашчылам вызваліў вязняў. Услед за гэтым полымя паўстання ахапіла ўсё староства. Сяляне і гараджане знішчалі даўгавыя дакументы, грамілі дамы тых, хто быў звязаны з арандатарамі, учынялі рабаўніцтва яўрэяў-шынкароў ды растаўшчыкоў. Хутка ўлада Васіля Вашчылы і яго бліжэйшых паплечнікаў – Івана Карповіча, Васіля Ветра, Навума Буяна – распаўсюдзілася на ўсё староства. Пераможцы выгналі арандатараў і ўзялі кіраванне ў свае рукі. Перш-наперш забаранілі адміністрацыі гнаць сялян на прымусовую працу на смалакурнях. Самі сталі здаваць у арэнду карчмы і прамысловыя аб’екты. Пры гэтым арандатараў шукалі цяпер сярод гараджан, заможных сялян ды дробнай шляхты. Прычым дзейнасць арандатараў гэтых абмяжоўвалася. Растаўшчыкоў абавязалі ўстанаўліваць малы працэнт пры выдачы крэдытаў. Паўстанцы паспрабавалі наладзіць стасункі і з Радзівілам. Яны самі сталі збіраць падаткі і адвозіць іх пану. Але Радзівіла непакоіла незалежнасць паводзін крычаўскіх мяцежнікаў. Яны ўжо асмельваліся спрачацца з ім, самастойна прымаць найважнейшыя рашэнні кіравання староства, усё часцей узгадвалі, што яны не з’яўляюцца ўласнасцю пана Радзівіла і што толькі кароль мае права вырашаць іх лёс. А яшчэ ў асяроддзі крычаўцаў луналі думкі пра тое, як бы вызваліць ад панскага і арандатарскага прыгнёту сялян усёй Магілёўшчыны і стварыць нешта накшталт казацкай рэспублікі.
На пачатку наступнага года князь Геранім Фларыян Радзівіл накіраваў у староства конных ды пешых ваяроў з гарматамі пад кіраўніцтвам палкоўніка Пястжэцкага. Сярод воінства гэтага былі прафесійныя ваенныя – саксонскія найміты. Атрад, не сустрэўшы ніякага супраціўлення, увайшоў у Крычаў і далучыўся да мясцовага гарнізона. Васіль Вашчыла адчуў небяспеку. Ён вырашыў нанесці папярэджвальны ўдар, але гэта быў непрадуманы крок.
18 студзеня мяцежнікі пайшлі на штурм крычаўскіх умацаванняў. Яны значна пераўзыходзілі колькасцю абаронцаў, але саступалі ў узбраеннi. Да таго ж большасць з іх не мелі ніякага ваеннага вопыту. Яны былі літаральна выкашаны гарматнай карцеччу ды кулямі стрэльбаў. Мяцежнікі разгубіліся, і тады Пястжэцкі здзейсніў нечаканую вылазку. Паўстанцы паспешліва адступілі, пакінуўшы на полі бою каля сотні загінулых і больш за пяцьсот параненых паплечнікаў. Семьдзесят сем захопленых у палон мяцежнікаў былі асуджаны на смерць. Палову з іх павесілі, другую палову пасадзілі на палі.
Вашчыла з рэшткамі сялянскага войска не змог прыйсці на дапамогу сябрам. Але ён яшчэ спадзяваўся адпомсціць за іхнюю пагібель. У вёсцы Царкавішчы ён збіраў новыя сілы. Планаваў зрабіць яшчэ адну спробу захапіць Крычаў. Цяпер навучаныя горкім вопытам мяцежнікі казалі пра тое, што горад трэба ўзяць у аблогу, а радзівілаўскія ваяры, маўляў, самі складуць зброю пад пагрозай галоднай смерці. Невядома, ці спрацаваў бы гэты план, таму што сярод паўстанцаў знайшоўся здраднік, які данёс Пястжэцкаму, дзе атабарыліся мяцежнікі. Цёмнай ноччу войска падышло пад Царкавішча і на світанку нечакана абрынулася на паўстанцаў. Разгубленыя сяляне не здолелі наладзіць абарону. З Крычаўскім паўстаннем было скончана…
Палонныя падзялілі лёс сваіх таварышаў. А шаснаццаць правадыроў, згодна паданню, атрымалі кару з рук самога Радзівіла. Ён падвергнуў іх нечалавечым катаванням, падчас якіх большасць загінула. Пяцёра самых стойкіх кіраўнікоў мяцежных крычаўцаў былі, маўляў, зашытыя ў мядзвежыя шкуры і аддадзеныя на разарванне паляўнічым сабакам князя Радзівіла. Каб паздзеквацца з асуджаных, Радзівіл абяцаў, што калі ім удасца адолець сабак, ён захавае ім жыццё. Але ў бойцы з сытымі, добра абвучанымі хартамі ды ганчакамі аслабленыя катаваннямі паўстанцы ўсе спаткалі сваю смерць…
Толькі некалькім мяцежнікам удалося выратавацца. Падчас бітвы пры Царкавішчы яны змаглі невялічкай групай прабіцца да лесу і зніклі ў яго гушчары. Сярод людзей гэтых быў Васіль Вашчыла. Зразумеўшы, што болей не зможа сабраць войска, ён вырашыў прабрацца на тэрыторыю Расійскай імперыі. На украінскіх землях яму ўдалося нават атрымаць пашпарт. Але Геранім Радзівіл паўсюдна шукаў галоўнага паўстанца, патрабуючы яго выдачы. І Вашчыла быў схоплены. Тым не менш расійскі бок не спяшаўся выдаць праваслаўнага чалавека на смерць і пакуты раз’юшаным католікам. Пачалося следства, яно цягнулася надзвычай доўга. Абаронцы Вашчылы шукалі ўсе магчымыя спосабы выратаваць яго ад гнева Радзівіла. Аднак у зняволенні глава крычаўскіх мяцежнікаў захварэў на дызентэрыю і памёр. Гэта здарылася 28 жніўня 1744 года.
Роўна праз 240 гадоў пасля падаўлення Крычаўскага паўстання выдатны беларускі пісьменнік Уладзімір Караткевіч, ужо смяротна хворы, напісаў апошні свой твор, п’есу «Маці ўрагану», у якой адлюстраваў поўныя драматызму падзеі. Вартай пастаноўкі твора да гэтых часоў яшчэ здзейснена не было. А шкада…

Теги: архив  падзея  
 

 
Rambler's Top100Размещение рекламы на сайтеПроизводство сайта - Студия Компас
Использование материалов с сайта возможно только при условии размещения активной ссылки на сайт.