Видео реклама

 

Сведкi часу

Скульптура каралевы Францыі

Скульптура каралевы Францыі

Яна глядзіць на нас пытліва і засяроджана – надзіва прыгожая каранаваная жанчына, апранутая ў багаты сярэднявечны строй. Скульптура з манастыра святога Вікенція ў французскім горадзе Сан-Ліс належыць заснавальніцы гэтай абіцелі – нездарма у левай руцэ каралевы макет галоўнага манастырскага храма.
«Такіх твараў цяпер не бывае, – сказаў пра мадэль скульптара, які жыў у далёкім ХІ стагоддзі, французскі гісторык паслянапалеонаўскіх часоў, граф дэ Сэнт Эмур, – бо вельмі цяжка, магчыма, зусім нельга сумясціць нашай сучасніцы ў сабе гэткі высакародны ўнутраны спакой, сапраўды каралеўскую ўпэўненасць у сабе з бясконцай пяшчотай позірку жанчыны, якую кахаюць усім сэрцам і якая кахае сама».
Ды і ў тыя часы, калі жыла гэтая чароўная дама, роўных ёй, мабыць, і не было зусім. Ёй адзінай з еўрапейскіх каралеў старажытнасці ўдалося зведаць адначасова і веліч улады, і шчасце сапраўднага кахання. Яна – каралева Францыі Анна Русінка. І невядомы скульптар змог данесці да нас яе чароўны вобраз.
Каралева Анна Русінка была дачкой вялікага князя кіеўскага Яраслава Мудрага і ўнучкай нашай славутай прыгажуні, полацкай князёўны Рагнеды. Яе лёс быў незвычайным, жыццё – бурным. Гэта было наканавана Ганне яшчэ пры нараджэнні, бо атрымала яна ад сваёй бабулі даволі небяспечную спадчыну – прыгажосць.
Нарадзілася яна ў 1024 годзе і была другой дачкой князя Яраслава. Цікавы факт: сярод сваіх сясцёр Ганна прыгажуняй не лічылася. Яе «псавалі» вогненнага колеру валасы, якія выклікалі ў прымхлівых жаніхоў неадназначныя пачуцці. Але варта было юнай Яраслаўне схаваць іх пад дарагім візантыйскім уборам ці пад густым вэлюмам, твар яе з арыстакратычна-вытанчанымі рысамі, вачыма глыбокімі і надзвычай выразнымі пачынаў «ззяць нібы поўня на чорным начным небе». І кароль Францыі Анры І не спалохаўся пагрозы стаць бацькам рудавалосых дзяцей – паслаў у Кіеў сватоў.
Усё ж, каб быць сумленнымі перад гісторыяй, трэба зазначыць, што для Анры І гэта быў неабходны палітычны крок. У 1044 годзе нечакана памерла яго каралева Мацільда, дачка германскага імператара Генрыха II. Дзяцей яна не нарадзіла, і таму Анры І мусіў дзеля прадаўжэння дынастыі зноў узяць шлюб. Ён папрасіў сваіх падданых падабраць яму нявесту і ледзь не прыйшоў у роспач, калі даведаўся, што не можа стаць мужам ніводнай з вядомых пры яго двары еўрапейскіх прынцэс. На той час Папа Рымскі выдаў указ, у якім забараняў шлюбы паміж родзічамі ажно да сёмага калена. А дзякуючы сямейным сувязям з германскім імператарам Анры І і не падазраваў, што стаў блізкім родзічам усіх заходнееўрапейскіх уладароў.
На шчасце Анры І, нехта з прыдворных успомніў, што дзесьці «недалёка ад Візантыі», у князя дзікай Русі, здаецца, засталася яшчэ адна незамужняя дачка-хрысціянка. Анры І папрасіў паказаць яму на карце княства Яраслава Мудрага. На жаль, каралеўская карта Еўропы заканчвалася недзе ў Польшчы. З жахам потым гаварылі ў Парыжы, што кароль французаў меў смеласць паслаць сватоў на самы край свету, у страшэнную невядомасць, поўную дзікіх драпежных істот і ліхіх людзей. Пэўна, і сам кароль пабойваўся сваёй задумы. Але калі з’явілася прыгажуня-нявінніца з Русі, немалады ўжо Анры літаральна з першага погляду закахаўся ў яе.
Анна Яраслаўна апраўдала выбар французскага манарха, нарадзіўшы яму трох сыноў, з якіх два дажылі да сталых гадоў. Але сама яна аўдавела, калі ёй ледзь мінула 35 гадоў. Сэрца яшчэ патрабавала кахання і пяшчоты, тым больш што Анна да караля адчувала толькі павагу, а не каханне. І яна дачакалася свайго сапраўднага шчасця.
Ім стаў адважны рыцар, месір граф Рауль Крэпі Валуа. Сярэдневяковы храніст піша, што ён быў «самы магутны і самы незалежны з усіх магнатаў Францыі» і «не баяўся ані арміі караля, ані царкоўных грамоў». Граф Крэпі Валуа лічыў сябе свабодным, бо жонку сваю Аліенору ён даўно ўжо прагнаў, пераканаўшыся, што тая здраджвае яму. Анна ж была ўдавой. Што магло перашкодзіць гэтым дваім кахаць адно аднаго?! Вельмі хутка каралева паведаміла Раулю, што чакае дзіця. І тады граф проста пасадзіў яе наперадзе сябе на каня і звез «як простую пастушку» у сталіцу свайго графства Крэпі. Там Рауль захапіў нейкага прычэтніка, якога ці то падкупіў, ці то запалохаў настолькі, што той згадзіўся павянчаць закаханых.
Даведаўшыся пра ўчынак сваёй каралевы, французы ахнулі. Такое, паводле іхняй думкі, магла дазволіць сабе толькі сапраўдная варварка. Павянчацца з жанатым чалавекам, усяго толькі графам, ды яшчэ такім ганебным чынам!
Неўзабаве Анна нарадзіла Раулю дзіця. Францыю пачало ліхаманіць. Прыдворныя падбухторвалі малалетняга сына Анны Філіпа, які стаў спадчыннікам Анры І, каб той пакараў маці. Аліенора, пакінутая жонка Рауля, звярнулася да Папы Рымскага, упрошваючы яго ўмяшацца ў справу. Папа прыслаў графу Крэпі Валуа строгі загад прагнаць ад сябе каралеву і прыняць назад Аліенору, інакш і сам ён, і Анна Яраслаўна будуць адлучаны ад царквы.
Але закаханых гэта не спалохала. Нягледзячы ні на што, яны працягвалі жыць як муж і жонка да самай смерці Рауля (гэта здарылася ў 1074 годзе). Анна Русінка, рудавалосая каралева-прыгажуня, унучка славутай Рагнеды, перажыла каханага толькі на год.
З усіх выяў каралевы ў Францыі прыжыццёвай аказалася толькі скульптура ў поўны рост у заснаваным Аннай абацтве. І гэтая выява – самая прыгожая з усіх.

 

 
Rambler's Top100Размещение рекламы на сайтеПроизводство сайта - Студия Компас
Использование материалов с сайта возможно только при условии размещения активной ссылки на сайт.