Видео реклама

 

Слово и дело

Жанчыны Ліпскага

Жанчыны Ліпскага

Уладзімір Сцяпанавіч Ліпскі — беларускi пiсьменнiк, старшыня праўлення Беларускага дзiцячага фонду, лаурэат Дзяржаўнай прэмii, галоўны рэдактар дзіцячага часопiса «Вясёлка».

Я адразу адчула, што размова будзе цікавая. Некаму па тэлефоне ён патлумачыў: «Зараз буду расказваць жанчынам «ЖЖ» пра сваіх жанчын. Таму прабач, з табой развітваюся». Гарэзліва, з цікавасцю паглядзеў на мяне: «Ну што, я ваш, дапытвайце!».

– Уладзімір Сцяпанавіч, хачу павіншаваць вас з юбілеем. Зразумела, адным інтэрв’ю ўсё сказаць немагчыма. Але я прашу адказваць на пытанні па магчымасці шчыра і праўдзіва. Скажыце калі ласка, хто для вас жанчына?
– Жанчына – самая крохкая чаша. Увальеш гарачага – лопне. Увальеш халоднага – замерзне. Не наліваеш – цмее. Перальеш – кульнецца. Не там паставіш – разаб’ецца. Не так возьмеш – трэсне. Упадзе – на друздачкі разаб’ецца. Жанчына – далікатная чаша, не наша, не ваша. Яна – Божая чаша. Мне здаецца, жанчыны – эталон прыгажосці. Многае вакол нас жаночага роду: Беларусь, прырода, хата, кватэра, праца, зарплата, пенсія. Свет трымаецца на жанчынах. Гэта трэба нам усім разам зразумець. Тады і жыццё навакольнае зменіцца. Жанчыны ў маім жыцці займаюць асноўнае месца. Яны вывелі мяне ў людзі, зрабілі мяне чалавекам. Таму і адношуся да вас, жанчын, з павагай і пашанай.
– Якія жанчыны аберагаюць і натхняюць Уладзіміра Ліпскага?
– Адзін мой добры сябар, які выбіўся ў «вялікія людзі», аднойчы сказаў: «Валодзя, нас такімі зрабілі нашы мамы... Што пасеялі, тое і ўзышло... На «сяўбу» яны паклалі жыццё. Цяпер маёй маме было б сто дванаццаць гадоў. Трыццаць сем з іх яна жыве ў нябесным царстве. І кожны дзень, як яе няма, я адчуваю яе позірк, бачу мілую ўсмешку, чую яе напеўны голас. Яна са мною ў памяці і ў сэрцы. З ёй іду па жыцці. Для мяне мая мама Марыя – святая. Яна ўсё жыццё была куркай-наседкай. Квахтала над сваімі дзеткамі. Я малодшанькі ў сям’і. Маленькая і худзенькая, яна рабілася магутнай і неадольнай, калі да куранятак падступала бяда. Магу ўпэўнена сказаць, што і зараз адчуваю пяшчоту і абарону сваёй святой мамы, якая натхняе на творчасць. Усё лепшае, што ў мяне ёсць, выхавалі мая мама і мае сёстры: Ліда – старэйшая, Клава і Люба. Цётка Анюта. Вось я прыбягу да яе, яна накорміць, распытае, як вучуся. А можа, хто крыўдзіць, – пацікавіцца. Цётка Агата жыла ў Мінску, у Сцяпянцы. Маміна родная сястра. У яе я жыў, калі ў Мінск вучыцца прыехаў. Ёй усё было цікава. Як справы дома, што расце на агародзе, ці нясуцца куры. І размаўляла яна са мной як з дарослым. Было вельмі прыемна. Ёсць жанчыны, якія зараджаюць акумулятары душы, натхняюць. Хочацца прыгадаць вясковую настаўніцу – Аляксандру Лявонаўну Радкевіч. Мілая, добрая, яна ўсім нам уклала сваю душу. Навучыла чытаць, пісаць. І, можа, самае галоўнае – прывіла любоў да кніжкі. Ва ўсёй вёсцы ў яе адной была бібліятэчка. Я бегаў, браў тыя кніжкі, дома чытаў. Так склалася, што першая кніжка ў маім жыцці, якую я прачытаў сам, была кніжка Эдзі Агняцвет «Васількі». Пасля, так атрымалася, Эдзі Сямёнаўна Агняцвет натхняла мяне пісаць, рэкамендавала ў Саюз пісьменнікаў. Была членам рэдкалегіі «Вясёлкі». Мы ішлі побач, разам. Я вельмі паважаў яе слова. Вось як бывае ў жыцці, уяўляеце? Магу назваць Людмілу Сяргееўну Перапечу, яна не настаўніца, не пісьменніца. Але яе аўтограф нашу на сваёй назе. Яна хірург. Так атрымалася, што па жыцці мы сябравалі сем’ямі і асабіста. Людміла Сяргееўна зрабіла мне ўнікальную аперацыю. Я настолькі ёй удзячны. Я так глыбока паважаю гэтага чалавека. Магу сказаць, яна мяне натхняла. Прызнаюся, у мяне ёсць «кніжка» «Людзі майго сэрца». Далёка не кожны мае такі незвычайны блакнот. І вось яна там, у маім блакноце і ў сэрцы. Хоць і не кожны дзень, але вельмі часта яе прыгадваю. Значыць, Людміла Перапеча мяне натхніла. Яна ўмела слухаць. Умела прыгатаваць стол. Мы, яе сябры, усе збіраліся па святах. І проста размаўлялі. Натхніць можа, па сутнасці, любая жанчына. Мне здаецца, трэба толькі самому ўмець паважаць, любіць, цаніць жанчын. А мая жонка? Яе дзявочае прозвішча – Ніна Радзюкевіч. З ёй мы разам ужо 50 гадоў. Ужо 50 гадоў яна Ніна Ліпская. Даверыла мне сваё сэрца, падарыла сына і дачку. Гэта ж цудоўна! Цяпер ад іх пайшлі ўнукі. Я пра кожнага напісаў кніжку. Канешне, натхняла, арганізоўвала, падмагала. Перажылі разам усе нягоды, і трывогі, і радасці. І прыйшлі да такога юбілею. 50 гадоў разам, уяўляеце?
– Каго б вы маглі назваць сярод выдатнейшых жанчын, дзяўчын Беларусі?
– Еўфрасіння Полацкая, князёўна, ігумення манастыра, наша асветніца XII стагоддзя. Першая жанчына на Русі, якую царква кананізавала ў святыя. Мне пашчасціла пабачыць яе малельню, копію крыжа Лазара Богшы. Дамавіну, у якой перавозілі яе мошчы з Кіева-Пячэрскай лаўры ў Полацк. У мяне ёсць іконка з яе выявай і малітвай «Да любіце адзін аднога. Па веры вашай будзе вам...»
Стэфанія Станюта, народная артыстка, з народа. У яе быў такі прыродны дар, што яе любілі ўсе. Любілі і яе гераінь у тэатры і кіно. Яна пражыла 95 гадоў, у тэатры – 80. Стэфанія Станюта пражыла жыццё праведна, служыла сваёй прафесіі аддана, была вернай дачкой Айчыны. Здаецца, у рай яе пусцяць без пакаяння...
Марыя Захарэвіч, народная артыстка Беларусі. Выхаваная ў простай сялянскай сям’і, дасягнула высокіх зорак у творчасці. Яе праца ў тэатры можа служыць добрым прыкладам і ўрокамі для сучаснай моладзі, якая шукае сябе ў жыцці. У ёй вобраз сапраўднай беларускай жанчыны. У яе непаўторны, пранікнёны беларускімі напеўнымі мелодыямі голас. У людзях Марыю Георгіеўну цікавіць перш за ўсё чалавечая годнасць, маральнасць, духоўнасць. Нацыянальнай ідэяй Беларусі лічыць адраджэнне нацыянальнай культуры, нацыянальных традыцый, зберажэнне мовы. Нізкі паклон вам за вашу творчасць і ваш адметны талент, шаноўная Марыя Захарэвіч!
Зінаіда Тусналобава… яна вярнулася з вайны без рук, без ног. Вярнуўся з фронту яе каханы – Іосіф Марчанка. У разбураным Полацку ажаніліся. У іх нарадзіліся сын і дачка. Шчаслівейшай сям’і, чым гэтая, я не сустракаў. Пра іх напісаў аповесць «Крутыя вёрсты». Зіна і Іосіф умелі цаніць кожны міг жыцця, кахаліся да апошняга дня, бязмежна любілі дзяцей, умелі сябраваць з людзьмі, вырасцілі сад. Яна – гераіня вайны, гераіня жыцця, гвардыі старшыня медыцынскай службы, кавалер медаля імя Флорэнс Найцінгейл.
Саша Гушча – дзіця веку. З адзінаццаці месяцаў пачаліся яе выпрабаванні. У пажары згарэлі цацкі, каляска, уборы. А сама яна страціла амаль усё. Толькі не пакінулi яе анёл-ахоўнік, мама Наталля, тата Аляксандр. У лёсе Сашы прынялі ўдзел прэзідэнты Беларусі і ЗША. Ёй зрабілі звыш трыццаці аперацый у бальніцах Мінска і Амерыкі. Адкрылі вочкі. З рабрынкі змайстравалі носік. На галаве нарасцілі валосікі... І Саша ўзяла ў рукі пэндзаль. Яе карціны ўзрушылі людзей у многіх гарадах Беларусі, у ЗША, Канадзе, Германіі, Францыі... Саша ўмее танцаваць, плаваць, спяваць. Атрымала вышэйшую адукацыю. Піша вершы. Міжнародная асацыяцыя дзіцячых фондаў уручыла ёй прэмію і ордэн «ПАКЛАНЕННЕ». Яна святая мучаніца, пазнала сябе, як вучыў Сакрат, паверыла ў сябе, як раіў Цыцэрон, прызнала, як Хрыстос, зямны рай! Нізкі паклон, Аляксандра, за мужнасць і веру!
– Па жыцці вы адналюб?
– Так, я адналюб. Калі ўжо ўлюбляюся, то ўжо ўсё!
– І колькі разоў вы так улюбляліся, што «ужо ўсё»?
– Справа ў тым, што трэба вызначыцца, што такое каханне ўвогуле. Я думаю, каханне – гэта Божы падарунак. Як талент, як само жыццё. Здаецца, раней Бог быў шчадрэйшы на каханне. Часцей сустракаліся Рамэа і Джульеты. З-за кахання стараляліся на дуэлях. Пад вокнамі каханак спявалі серэнады. Зараз чамусьці не так. Я дзесьці вычытаў, што самае высокае пачуццё кахання бывае на працягу шасці-сямі гадоў. Зразумела, асабіста не прытрымліваюся такога строгага цыклу. Але я лічу, што Ён і Яна – агонь і печ. Ён загараецца – Яна ажывае. Ён гарыць – Яна грэецца. Ён палыхае – Яна раскаляецца. Ён тухне – Яна астывае... Агонь без печы – гулёна, шкоднік. Печ без агню – не грэе, не сямейніца. Агонь павінен трымацца печы, ацяпляць яе. Я нядаўна чытаў інтэрв’ю з адным вядомым французскім акцёрам, у якім ён расказвае, што ў яго было дзесяць жанчын і дваццаць дзяцей. І ён гэтым ганарыцца. Яны яго натхняюць. На вялікі жаль, я так не магу сказаць. Можа, таму і не такі вядомы, як той акцёр.
– Раскажыце пра ваша першае каханне.
– О, першае каханне! Мне здаецца, яно бывае ў кожнага чалавека і яно запамінаецца. Так атрымалася, мне вельмі спадабалалася дачка нашай вясковай настаўніцы. Яе звалі Джэма Радкевіч. Яна была вышэй ростам за мяне, была старэйшая на два гады. Але я бачыў у ёй нешта незвычайнае. Не таму, што яна настаўнічына дачка. Яна была такая сціплая, сімпатычная, нешта асаблівае, жаночае ў яе было. Аднойчы вырашыў правесці яе з вясковай вечарынкі. Дамовіліся, ішлі па цёмнай вуліцы. Дайшлі да яе двара. Селі на калёсы. Я і думаю: а што далей? Ну і пачаў пытацца: ці ацялілася іх карова, ці нясуцца куры, ці добры апетыт у кабанчыка, якога яны гадуюць. Карацей, я не ведаў, што трэба рабіць і гаварыць, калі праводзіш дзяўчынку. Гэта было наіўнае дзіцячае каханне. Потым я закахаўся ў настаўніцу з Вузнажскай школы. Яна, праўда, пра гэта не ведала. Яна мне такой сімпатычнай здавалася. Так атрымалася, што ўсе гэтыя пачуцці я хаваў у сабе. Другія хлопцы, больш смелыя ці больш рашучыя, расказвалі і праяўляліся. А мне Яна падабаецца, унутранна паміраю, а нікому не магу сказаць. Думаю, што будуць смяяцца з мяне.
– Як вы лічыце, першае каханне можа быць адзіным, сапраўдным?
– Ведаеце, усё гэта так індывідуальна. Што б я не адказаў, гэта будзе толькі мая думка. Жыццё дыктуе свае правілы. Я ведаю некалькі прыкладаў, калі людзі ў вельмі сталым узросце сходзіліся з тымі, каго кахалі ў школе. Але, зноў-такі, гэта не мой варыянт. Кожны можа расказаць сваю гісторыю першага кахання.
– Вы былі простым хлопцам, які прыехаў паступаць вучыцца ў Мінск з маленькай весачкі Шоўкавічы. Зараз у вас столькі дасягненняў. Вы прызнаны і ацэнены, вы лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі, маеце ордэн Францыска Скарыны, з’яўляецеся адзіным у Беларусі ўладальнікам прэміі імя Альберта Швейцэра за справы міласэрнасці, маеце ордэн святога царэвіча Дзмітрыя. Няпросты жыццёвы шлях… А ці сустракаліся на ім жанчыны, якія чынілі перашкоды?
– Вядома, калі ёсць сярод вас, жанчын, тыя, хто натхняе, то ёсць і такія, хто забірае жыццёвую энергію. Такія сапраўды былі. Але пра іх я вам не скажу. Хай яны спакойна жывуць. Я чалавек добры. Я два гады чытаў Біблію з аловачкам. Пасля напісаў кнігу для дзяцей «Як Бог стварыў свет», свае малітвы напісаў. Я зразумеў, што нават калі чалавек робіць табе нешта дрэннае: энергію забірае, падножку ставіць, нагаворвае, – усё гэта ад не Божых пачуццяў. Гэтым чалавекам кіруе нячысцік. І мне, па-праўдзе кажучы, такіх людзей трошкі шкада. Я ў сілу сваёй шоўкаўскай душы гэтым людзям дараваў усё і чым мог дапамагаў. Разумееце, таму маё сумленне чыстае. Часам чалавек робіць нешта чорнае, дрэннае, можа, і не па сваёй волі. Я вышэй усяго гэтага. Таму мне весела, хораша – я шчаслівы.
– Калі вы сябе адчуваеце сапраўды шчаслівым?
– Шукаў шчасця. Жадаў яго, трапяткога і салодкага. Хацеў уволю наталіцца, як з галадухі. У пражытыя гады з розных бакоў надкусваў жаданы пірог: меў шчасце вучыцца ва ўніверсітэце, зведаў шчасце першага кахання, лётаў шчаслівы ў раддом, спазнаў шчасце ў літаратуры, шчаслівы, што займеў зайздроснікаў, задыхаюся ад шчаслівых сустрэч з прыродай... Зразумеў: шчасце, як горы, бывае высокім і нізенькім; шчасце, як дзень і ноч, бывае кароткім і доўгім; шчасце, як вясёлка, бывае розных колераў... І толькі з гадамі зразумеў, што дарэмна разгадваў рэбус пра шчасце. Яно – вакол нас. У кожным новым дні. У кожным удары сэрца. Чалавек столькі шчаслівы, колькі жыве на свеце. Трэба толькі навучыцца радавацца будзённаму дню!
– Якой вы ўяўляеце ідэальную жанчыну?
– О, ведаеце, жанчыны – гэта народ вясёлы. Асабліва некаторыя. Гэта цуд. Ідэальная жанчына, у маім уяўленні, павінна быць не вельмі худая і не вельмі вялікая. Не вельмі высокая і не вельмі нізкая. Колер валасоў – светлы. Так гістарычна склалася, што мы ўсе, славяне, светлыя, русыя. Прывабная, добрая, цярплівая, спагадлівая, працавітая, міласэрная. З чысцінёй унутранай і знешняй. Каб яе хацелася пашкадаваць, прылашчыць. У яе павінна быць пачуццё мацярынства. Жанчыну выдаюць перш за ўсё вочы. Як іх не фарбуй, як не выстаўляй, калі там няма агеньчыку, чысціні – гэта адразу відаць. Значыць, там будзе хітрасць. Жанчыны самі па сабе ўжо эталон прыгажосці. У прыродзе самае прыгожае, што створана, – гэта жанчына. Узор прыгажосці, узор паходкі, узор формы. У яе павінна быць усё ў прыроднай гармоніі. І галоўнае – гармонія не толькі знешняя, але і ў душы і розуме. Але калі няма розуму, як ні фарбуйся, не дапаможа. А ўвогуле, ведаеце, як зрабіць жанчыну прыгожай? Пакахаць яе!
– Хто такая, у вашым разуменні, жанчына-сцерва?
– Гэта тая, што гаворыць адно, а думае другое. Ідзе ў адзін бок, а глядзіць у другі, думае пра трэці. Яна можа стрымаць сябе ў любой сітуацыі. Ніколі да канца не разумееш, праўду яна кажа ці хлусіць. Элементы сцярвозназці ёсць у кожнай жанчыне. Усе адмоўныя рысы могуць быць станоўчымі, але толькі ў меру. А вось вызначыць гэту меру не кожная можа. Ці падабаюцца мне «сцервы»? Так, нешта ў іх ёсць. Хай і такія будуць. Калі б усе былі роўненькімі, было б не так цікава. Калі б не было «сцерваў», не было б і параўнаць з кім. Не ацаніў бы да канца і харошую. Але калі і ёсць «сцервы», то да гэтага іх прыводзяць мужыкі, мы вінаватыя ў гэтым.
– Як чалавек вопытны, дайце, калі ласка, парады нашым чытачкам, як сябе паводзіць, каб цанілі і прыкмячалі мужчыны.
– Дарагіе мае, цярпення вам. Чакайце, у кожнай жанчыны ёсць свая палавінка, яна дзесьці ходзіць-бродзіць. Знайдзіце яе. Для гэтага трэба ўмець чакаць, умець сябе рыхтаваць і трошкі мець цярпення. Паверце, не трэба метадам проб і памылак шукаць таго адзінага. Трэба іншымі шляхамі ісці да яго. І абавязкова вы будзеце прыкмечаны. Для гэтага трэба вызначыцца, што цаніць у сабе. Ці фігуру, ці ўнутраны свой склад: душу, розум, спагадлівасць. Гэта ўсё павінна быць у гармоніі. Захоўвайце ў сэрцы бацькоўскія запаветы. Ганарлівымі вачамі, ілжывым языком, сэрцам, у якім з’яўляюцца злыя задумы, думкамі і дзеямі, якія сеюць сваркі, нікога не зацікавіш. Хай вас хваляць чужыя людзі, а не вы сябе. Будзьце вернымі. Хай у шчасці і ў смутку ваша душа застаецца чыстай. Майце цярпенне, навучыцеся чакаць – і вас абавязкова ацэняць і заўважаць. Вы абавязкова знойдзеце сябе і свайго!
– Больш за трыццаць гадоў вы ўзначальваеце адзіны ў краіне дзіцячы беларускамоўны часопіс «Вясёлка». Раскажыце, калі ласка, як на працягу гэтага часу мяняліся прынцыпы і метады выхавання дзяцей?
– Слова «Дзеці» я даўно ўжо пішу з вялікай літары. Канешне, свет мяняецца, і Дзеці мяняюцца, становяцца больш адукаванымі, больш свядомымі, але ёсць ісціны, якія застаюцца вечнымі. Найвялікшы беларускі скарб – Дзеці. Краіна Дзяцінства – дзівосны кветнік. У ім гадуецца самы прыгожы, даверлівы, ранімы, лагодны, безабаронны народ. Тут засяваецца і абрабляецца поле душы, поле будучыні. Дзеці – неапрацаваныя алмазы. Што робім, каб яны сталі брыльянтамі? Чалавек нарадзіўся, яго трэба навучыць хадзіць, гаварыць. Яму трэба даць першыя і самыя галоўныя ісціны. Што такое Радзіма, зямля, на якой ён нарадзіўся. Хто такая мама. Здавалася б, усё проста. Але трэба выхаваць у душы дзіцяці гэтыя паняцці. З гэтага пункту гледжання, прынцыпы засталіся тыя ж самыя. За трыццаць тры гады ў «Вясёлцы» яны не змяняліся. Безумоўна, дзеці ведаюць многа, і гэта трэба ўлічваць у выхаванні. У нас з’явіліся новыя формы працы, мы паспяхова прымяняем сучасныя методыкі. Але перш за ўсё давайце навучымся даваць дзецям вось гэтыя класічныя і галоўныя ісціны, вечныя, якое б стагоддзе нi было. Ніхто нічога прынцыпова новага не прыдумае. Гатовенькіх выхаваных дзяцей няма, трэба выхоўваць кожнага індывідуальна. Пагартайце «Вясёлку», яна вам падкажа, як працаваць з дзецьмі і выхоўваць іх. Нашы прынцыпы вахавання: навучыць дзяцей любіць і шанаваць родную мову, яна душа, мы выхоўваем душу дзіцяці. Выхаваць чалавека ў любові да сваёй зямлі – гэта значыць выхаваць не нацыяналіста, а патрыёта. Навучыць паважаць старэйшых людзей, усіх, хто вядзе іх за ручку па жыцці. Яны павінны ўмець цаніць гэта. Галоўная наша задача – навучыць, заставацца чалавекам у любых жыццёвых абставінах! Людзьмі звацца!
– Уладзімір Сцяпанавіч, напрыканцы нашай размовы можаце выказаць пажаданні нашым жанчынам?
– Ага, магу! Хай з вамі будзе Бог, хай вас ніхто ніколі ні ў чым не крыўдзіць.
Умейце жыць з тым, што маеце.
Шчасце – гэта ўмець радавацца таму, што ты жывеш, дыхаеш, і пры гэтым адчуваеш, што ты патрэбен камусьці. Будзьце шчаслівымі!
Жыццё – гэта Божы дар. Жыццё – гэта свята! Хай кожны ваш дзень будзе святам!
Я плюс Я – сям’я. Знайдзіце сваё Я ў жыцці, абавязкова сустрэньце другое Я, адзінае і непаўторнае, і стварыце моцную сям’ю.
Жывіце так, каб пра вас сказалі: «Добры чалавек!».
Запомніце, радасць – вось у чым: калі вочы не стамляюцца ад прыгажосці; калі цэніш тое, што ёсць і што маеш; калі не спатыкаешся на роўнядзі; калі табе хораша пад дажджом; калі не стамляешся рабіць дабро; калі ёсць хлеб і да хлеба, і ты ўсё гэта зарабіў сам.

 
Гутарыла Анастасія Радзiкевiч

 
Rambler's Top100Размещение рекламы на сайтеПроизводство сайта - Студия Компас
Использование материалов с сайта возможно только при условии размещения активной ссылки на сайт.