Видео реклама

 

Асоба

Хрыстова нявеста, якая абрала помсту

Хрыстова нявеста, якая абрала помсту

Адна з ключавых фігур сярэдневяковай гісторыі ўсходніх славян – тураўскі князь Святаполк Акаянны. Але за спіною ў гэтага персанажа стаіць не меньш выразная постаць яго маці, пра якую да крыўднага мала ведае абывацель і невядома чаму амаль не пішуць дасведчаныя спецыялісты.

У 968 годзе візантыйцы, якія ваявалі з балгарамі, запрасілі на дапамогу адважнага кіеўскага князя Святаслава Ігаравіча. Ён прыняў іх прапанову. Хутка яго войска авалодала 80 болгарскімі гарадамі. Нечакана князь атрымаў пасланне з заклікам вярнуцца на радзіму, бо Кіеў узялі ў аблогу печанегі. Састарэлая маці Святаслава княгіня Вольга зачынілася ў горадзе разам з унукамі. Князь паспяшаўся на выручку, пакінуўшы ўсе справы на Дунаі. Праўда, пры гэтым не забыўся прыхапіць каштоўную здабычу – маладзенькую балгарскую манахіню. Яе Святаслаў, узрушаны «сумнай прыгажосцю», выкраў з манастыра. Князь-язычнік меў намер пашлюбавацца з чужаземкай. Такі ўчынак у вачах маці-хрысціянкі быў святатацтвам і ўверг яе ў жах. Магчыма, менавіта з-за гэтага гаротная княгіня цяжка захварэла. Прадчуваючы набліжэнне смерці, яна ўмаляла сына затрымацца ў Кіеве падолей, каб той сам пахаваў яе. І, верагодна, апошняй яе просьбай, з якой яна звярнулася да сына, было яе пажаданне не называць сваёю жонкай Хрыстову нявесту.
Так ці інакш, але пасля смерці маці манахіня была выдадзена князем-язычнікам замуж за яго спадчынніка Яраполка. Пры гэтым жаніх аказаўся на некалькі гадоў маладзейшым за нявесту, імя якой, згодна з некаторымі гістарычнымі сведчаннямі, было Мілаліка.
Але дзяўчына, якая ўразіла сваёй прыгажосцю Святаслава, зусім не спадабалася яго сыну. У тузе праводзіла свае дні ў цераме князя самотная, усім чужая, нікім не зразумелая жанчына. Тым часам Яраполк рыхтаваўся да вайны, не здолеўшы наладзіць мірныя стасункі з родным братам Уладзімірам, які княжыў у Ноўгарадзе. Каб атрымаць надзейнага саюзніка, Яраполк і Уладзімір паспрабавалі таемна адзін ад аднаго дамовіцца з магутным і багатым полацкім князем Рагвалодам. Кожны прапанаваў ажаніцца з яго дачкой Рагнедай-Гарыславай. Рагнеда аддала перавагу Яраполку. Тады Уладзімір пайшоў на Полацк вайною, захапіў яго, а пасля, не даўшы ваярам адпачынку, накіраваўся да Кіева. Пераможаны Яраполк быў забіты.
Уладзімір стаў вялікім князем кіеўскім. І першае, што ён вымушаны быў зрабіць, – гэта ажаніцца на ўдаве Яраполка. Па-першае, гэтага вымагалі тагачасныя звычаі. Правіцель, забіўшы іншага правіцеля, бярэ ў жонкі ўдаву і ўсынаўляе яе дзяцей. Па-другое, такі крок умацоўваў становішча Уладзіміра, які пасля забойства законнага правіцеля не мог разлічваць на залішнюю вернасць кіеўлян.
Дзяцей у Мілалікі не было, бо забіты муж не любіў навязанай яму бацькам жанчыны. Уладзімір жа вырашыў неадкладна займець ад балгаркі спадчынніка, які з’явіўся на свет у хуткім часе і быў названы Святаполкам. Тады па Кіеву папаўзлі плёткі, што нованароджаны сын Мілалікі можа аказацца не дзіцем Уладзіміра, а спадчыннікам Яраполка. Але сам вялікі князь балбатне не пярэчыў. Хай баяры ўбачаць яго павагу да звычаяў продкаў! Нягледзячы ні на што, ён шануе Святаполка гэтак жа, як і іншых сваіх сыноў!
У тыя часы правадыры рэдка абыходзіліся адной жонкай. Шлюб быў лепшым спосабам заключэння міжплямённых і міждзяржаўных саюзаў. Мілаліка стала трэцяй жонкай Уладзіміра пасля скандынаўкі Алогіі і захопленай у Полацку Рагнеды-Гарыславы. Але лёсу было заўгодна, каб менавіта яе сын стаў афіцыйным спадчыннікам кіеўскага прастола. Першынец Уладзіміра, сын Алогіі, памёр маладым. Старэйшае дзіця Рагнеды, княжыч Ізяслаў, правініўся ў вачах бацькі і быў сасланы разам з маці ў спецыяльна пабудаваны дзеля гэтага горад Ізяслаўль. Святаполк аказаўся першым прэтэндэнтам на бацькавы вянец.
988 год стаў у біяграфіі Уладзіміра і яго акружэння пераломным. Кіеўскі князь рашыўся прыняць хрышчанне і заключыць шлюб з візантыйскай царэўнай Аннай Багранароднай. Гэта значыла, што з язычніцкімі жонкамі трэба будзе развітацца. Не адмаўляючыся ад дзяцей, Уладзімір прапанаваў жонкам развод і новае замужжа. Як хрысціянка Мілаліка павінна была б вітаць такое рашэнне. Але калі дзве самыя маладыя жонкі кіеўскага князя, таксама хрысціянкі, Малфрыда и Адэль ахвотна абралі сабе новых, хрышчаных мужоў, то былая манахіня, якая нацярпелася ад раўнадушша мужчын, не захацела паўтараць сумны сямейны вопыт. Скандынаўскія сагі сцвярджаюць, што старэйшая сужэнка Уладзіміра Алогія пасля хрышчання засталася жыць у Кіеве ля Уладзіміра як сястра і дарадчыца. Магчыма, Мілаліка абрала такі ж шлях. Толькі наблізілася не да Уладзіміра, а да яго жонкі Анны Багранароднай.
У летапісах назіраецца розначытанне. Адны з іх сцвярджаюць, што Анна нарадзіла Уладзіміру дваіх сыноў – Барыса і Глеба. Яны былі малодшымі дзецьмі князя, самымі любімымі. Толькі гэтыя двое не маюць язычніцкіх імёнаў, значыць, былі хрышчаны ад нараджэння. Але ў іншых спісках маці Барыса і Глеба называецца нейкая «балгарыня». Ці не наша Мілаліка? Можа, менавіта яна, рэўнасная хрысціянка, стала ўспрыемніцай княжычаў, народжаных Аннай, пры іх хрышчанні? Як бы там ні было, дружба з Аннай хутка змянілася напружанасцю. Барыс і Глеб падрасталі. І вось ужо плануе Уладзімір пасля смерці, у абыход інтарэсаў старэйшых дзяцей, перадаць Барысу кіеўскі прастол, а Глебу аддаць Тураў. Тураў – гэта горад, у якім княжа сын Мілалікі, а Кіеў – горад, на які ён па праву старэйшага прэтэндуе пасля смерці Уладзіміра…
«Грэкіня» і «балгарыня» знікаюць са старонак летапісаў, дзеянні Мілалікі набываюць таемнае адценне. І магчыма, пераносяцца з Кіева ў старажытны Тураў. Мілаліка пастаралася заўпэўніць маладога тураўскага правіцеля ў тым, што ён сапраўды не Уладзіміраў, але Яраполкаў сын. А калі гэтак, то у любым выпадку Кіеў павінны дастацца яму. І нават не пасля смерці Уладзіміра, але адразу ж пасля таго, як Святаполк стане паўналетнім. Няхай Уладзімір вяртаецца ў свой Ноўгарад, аддаўшы Святаполку Яраполкаву вотчыну!
Насенне нелюбові, агіды, няскорнасці, шчодра кінутае рукою Мілалікі, упала ў самую падыходзячую глебу. Тураўскае баярства, якое недалюблівала Уладзіміра, вырашыла выкарыстаць юнага Яраполка як зброю для барацьбы з Кіевам. Повад для барацьбы ў іх ужо быў. Але выступаць адразу ж пасля паўналецця Святаполка было, мякка кажучы, неразумным. Трэба было падумаць пра надзейных саюзнікаў. Імі тураўцы вырашылі зрабіць сваіх заходніх суседзяў – палякаў.
У 1009 годзе польскі кароль Баляслаў III Храбры згадзіўся выдаць сваю дачку за Святаполка Тураўскага. Разам з Баляслаўнай у Тураў прыбыў яе духоўнік, епіскап Рэйнбэрн, які схіліў многіх знатных людзей да спавядання хрысціянства па заходнім узоры, што абурыла Уладзіміра. Але адкрытае сутыкненне бацькі і сына адбылося толькі ў 1011 годзе, калі тураўцы заявілі Кіеву, што жадалі б падпарадкоўвацца польскаму Баляславу.
Уладзімір не збіраўся дапусціць аддзялення ад сваёй дзяржавы багатых тураўскіх земляў. Па яго загаду сына, нявестку і епіскапа Рэйнбэрна схапілі і прывезлі ў Кіеў, дзе тыя аказаліся спачатку ў цямніцы, а потым, пасля смерці слабога здароўем епіскапа, пад хатнім арыштам. Мілалікі сярод паланённых не было. Магчыма, ёй удалася своечасова ўратавацца ўцёкамі ў Польшчу, дзе, паўстаўшы перад бацькам сваёй нявесткі, яна магла красамоўна распісваць беды тураўскіх князя і княгіні і ўмаляць венцаноснага сваяка пра вайну супраць Кіева.
Няўжо польскі гасудар мог застацца абыякавым да бедстваў роднай дачкі? Рускія летапісы нічога не паведамляюць пра реакцыю Баляслава на падобнае прыніжэнне польскай каралеўны і зяця польскага караля. Але ў нямецкай хроніцы Цітмара Мерзенбургскага, які памёр у 1018 годзе, гаворыцца, што цесць Святаполка заключыў саюз з германскім імператарам для пахода на Уладзіміра Кіеўскага. Аб’яднанае польска-нямецкае войска выправілася на Кіеў і захапіла яго. Зрэшты, ні рабаваць горад, ні распраўляцца са старым Уладзімірам пераможцы не сталі. Яны толькі дабіліся вызвалення вязняў і назначэння Святаполка саправіцелем. Трэба думаць, менавіта ў гэты час і вярнулася ў Кіеў Мілаліка. Яна павінна была святкаваць перамогу. Уладзімір старэў, улада ўжо абцяжарвала яго. А Святаполк быў бодры і поўны сіл. Ён мог цяпер рэальна ўплываць на палітыку дзяржавы.
Зрэшты, мадэль праўлення, прадыктаваная Кіеву іншаземцамі, не магла падабацца зводным братам Святаполка. І першым заявіў пра тое сын Рагнеды Яраслаў Мудры, наўгародскі князь.
У 1014 годзе раптоўна ён адмовіўся плаціць даніну Кіеву. У летапісах апавядаецца, што ўражаны Уладзімір загадаў збіраць войска ў паход на «няўдзячнага» сына, ды ад крыўды і памёр. Абставіны ягонай смерці невядомыя, аднак прастол аказаўся цалкам і поўнасцю ў руках Святаполка. І ён адразу ж паспяшаўся выдаліць са свайго шляху… не, не мяцежнага Яраслава, а адзіных братоў сваіх, якія пакорна прызналі Святаполка правіцелем, Барыса і Глеба. Навошта былі патрэбныя гэтыя смерці? Цяжка зразумець, калі выключыць магчымасць забойства Святаполкам бацькі. Але даведаўшыся ад каго-небудзь пра абставіны канчыны старога Уладзіміра, рахманыя сыны Анны Багранароднай, тыя, каму Уладзімір меркаваў перадаць у спадчыну прастолы ў Кіеве і Тураве, маглі ператварыцца ў жорсткіх мсціўцаў. І Святаполк гэта разумеў. Што ж датычыць Яраслава Наўгародскага, то з гэтай справай, на думку Святаполка, можна было і пачакаць. Яраслаў будзе рады, што Ноўгарад яго пакуль не кранаюць. Але Святаполк пралічыўся. Пра дзіўную смерць Уладзіміра і пра каварства Святаполка Яраслаў своечасова быў папярэджаны сястрою сваёй, Прадславай. Яраслаў выступіў з войскам з Ноўгарада. Сын Мілалікі быў разбіты і збег у Польшчу да цесця.
У 1018 годзе разам з польскімі войскамі ён вярнуўся на Русь і нават здолеў захапіць на час Кіеў. Але ўтрымацца ля ўлады братазабойцы не ўдалася. Ён палаяўся з Балеславам III, які ў якасці помсты вывеў з Кіева сваі войскі. Нават маці не падтрымала ў гэты час свайго сына. Мілаліка пакінула Кіеў разам з пакрыўджаным на зяця польскім каралём. Пра гэта сведчыць Цітмар Мерзенбургскі, называючы княгіню «мачахай» Яраслава.
Можа, маці меркавала ў далейшым змякчцыць сэрца Баляслава і памірыць яго са сваім сынам? Аднак хутка пасля зыхода Баляслава з Кіева Святаполк пацярпеў паражэнне ў бойцы з Яраславам на рацэ Альце. Памёр Святаполк Акаянны недзе на мяжы Польшчы і Чэхіі, паралізаваны, амаль зусім звар’яцелы. Верныя воіны з ліку тураўскіх прыхільнікаў, рызыкуючы жыццём, вынеслі яго з бітвы на руках. Князю ўсё падавалася, што яго даганяюць няўмольныя забойцы.
Калі б маці, якія накіроўваюць сваіх дзяцей на шлях помсты, маглі прадбачыць іх трагічны канец! Сляды сумнай і ракавой княгіні-манахіні Мілалікі губляюцца недзе паміж Туравам і Кракавам.

Теги: архив  асоба  
 

 
Rambler's Top100Размещение рекламы на сайтеПроизводство сайта - Студия Компас
Использование материалов с сайта возможно только при условии размещения активной ссылки на сайт.