Видео реклама

 

Паданне

Купальскае шчасце

Купальскае шчасце

Вы таксама спадзяецеся калі-небудзь у Купальскую ноч знайсці папараць-кветку? А ўжо ж вельмі рэдка адкрываюць яе чалавеку купальскія богі. Зрэшты, каму і давядзецца ўбачыць, як іскрыцца-зіхаціць таямнічымі блакітнымі агнямі дзіўная папараць, дык наўрад ці дадуць яму чэрці ды вядзьмаркі вынесці цудоўную кветку з лесу. Гэта ж не жартачкі! Валадар папараць-кветкі становіцца сапраўдным шчасліўцам у каханні, атрымлівае дар прадказання, бачыць усё патаемнае. І яшчэ пры дапамозе той папараці можна крышыць жалеза. Іншая справа, калі нехта паабяцае за папараць аддаць чорту душу. Тады – калі ласка!

Кажуць, што толькі аднойчы ўдалося чалавеку завалодаць папараць-кветкай без усялякіх змоў з нячысцікам. Здарылася гэта недалёка ад Клімавічаў. У тых самых мясцінах, дзе, калі верыць паданню, суровы паляўнічы Клім выратаваў нейкага важнага генерала, што заблукаў у лесе. Але наш герой, тоўсты пышнавусы селянін Лявон, не тое што славуты Клім, быў заўзятым абібокам, абжорам ды п’яніцам. Да таго ж не прапускаў ніводнай спадніцы.
Вось панадзіўся Лявон штовечар хадзіць да пекненькай суседкі. І нельга казаць, каб рагатуха Вальжына прымала яго без усялякага задавальнення. Праўда, да сур’ёзнага ў іх не даходзіла. Але бавіць час у прыемнай гутарцы ды пры гэтым частавацца аладкамі з мёдам хто адмовіцца?
Аднойчы, якраз перад Купаллем, наважыўся Лявон, як заўжды, зазірнуць да сваёй сяброўкі. А ноч выдалася месячная, светлая. Пракраўся Лявон на суседскі двор і чуе: нехта быццам плача ціхенька. Глянуў, а гэта Вальжына. Сядзіць на ганку, твар фартухам закрыла і румзае. Раптам усхапілася, падскочыла:
– Як жа добра, што ты завітаў да мяне, – кажа Лявону. – Мне конь патрэбны. Ці можаш ты недзе здабыць яго?
– Што ты, Вальжыначка! – адказвае таўстун. – Хто ж дасць табе ў такую ноч свайго каня? Добры гаспадар на Купалле замыкае ўсю жывёлу, каб вядзьмаркі, якіх, кажуць, ва ўсе часы хапае, не паехалі на іх на праклятае гульбішча.
– Вось гэта і дрэнна, – уздыхае Вальжына. – Ну а казла? Казла ты таксама не можаш ні ў кога выпрасіць?
– А навошта табе казёл? – не разумее Лявон.
– Ды я зараз нават ад сабакі не адмоўлюся, – ледзь не плача Вальжына. – А ў суседзяў яны куслівыя.
– У мяне быў добры сабака, – смяецца, паглажваючы пышныя вусы, Лявон. – Стары, сляпы, бяззубы. Нядаўна здох.
– Ідзі, раздабудзь мне казла! Хутчэй! – раптам загадвае Вальжына.
– Пакуль не скажаш, навошта ён, нікуды не пайду, – адказвае Лявон.
– Ах, не пойдзеш?! Ну, тады не крыўдуй! – у адно імгненне пекненькая Вальжына апынулася на Лявонавай спіне і, ухапіўшыся за яго шыкоўныя вусы абедзвюма рукамі, ударыла босымі пяткамі па тоўстым суседавым жываце.
І, сам не ведаючы навошта, Лявон уздымаецца на дыбкі, іржэ, як сапраўдны конь, і адным махам пераскоквае праз агароджу вакол Вальжынінай хаты.
Ад шалёнага гону Лявонавы думкі пачынаюць блытацца.
– Ну, з суседкай усё ясна – яна вядзьмарка, – думае Лявон. – А вось хто цяпер я? Быццам знешне чалавекам застаўся, але ж гэтыя скачкі!.. Як жа, напэўна, я раскрываўлю сабе далоні, пляскаючы імі па вострых камянях! Вось калі пашкадуеш, што на руках няма капытоў…
Урэшце вядзьмарка спыніла свайго «скакуна». Лявон агледзеўся. Яны знаходзіліся ў змрочным лесе. Вакол толькі совы ды гады. Закалаціла Лявона са страху. І рады ўцячы, ды не ведае куды. Тады стаў ён жаласна прасіць:
– Вальжыначка! Рыбанька! Навошта табе гэты лес? Давай вернемся. Дома ўтульна, светла. Аладкі з мёдам…
– Не бойся, – смяецца Вальжына. – Вярну дамоў жывым-здаровым, калі не станеш мне тут перашкаджаць весяліцца. Падабаліся табе мае аладкі – і я дагаджала табе. А зараз – маё свята! Памятай: будзеш ціхенька трымацца, ніхто цябе не кране.
Раптам пачуліся нейкія дзіўныя гукі: выццё, енк, смех, трэск. І на палянцы, недалёка ад таго месца, дзе спыніліся Лявон і вядзьмарка, немаведама адкуль з’явіліся дзіўныя выродлівыя постаці. Зірнуў на іх таўстун – і пахаладзела ў яго ў грудзях. Чэрці, русалкі, лясныя страшыдлы, крывасмокі – цэлы карагод нячысцікаў круціўся, вішчэў, лётаў, куляўся перад ім. Пранізліва закрычала ад радасці Вальжына і кінулася да іх.
І тут нешта грымнула, зямля затрэслася і з-пад яе, якраз пасярэдзіне карагода, узнікла жаночая постаць у чорным.
– Марана! Наша Марана зноў з намі! – закрычалі ўсе.
– Ціха! – узняла руку постаць. Па лёгкіх спружыністых рухах можна было падумаць, што гэта яшчэ зусім маладая ладная жанчына. Але твар яе быў закрыты густым вэлюмам. – Ці кожны з вас памятае, што мусіць рабіць? Як толькі на зямлю сыйдуць бог Купала і багіня Купава і ўз’яднаюцца ў чароўным пацалунку, доўгім, бы жыццё, кароткім, як летняя ноч, – заквітнее па ўсім лесе папараць. Але я – багіня смерці – мацнейшая за іх. Я зраблю нябачным для людскога вока дзівосны агонь кветак. Што будзеце рабіць вы?
– Мы ўсю ноч будзем вадзіць людзей, што пойдуць за папараць-кветкай, па лесе і толькі раніцай адпусцім, – прагаварылі лесавікі.
– Мы, – уставілі слова русалкі, – сваімі ласкамі будзем губіць закаханых хлопцаў.
– А мы, – піскнулі крывасмокі, – павысмоктваем усю кроў у закаханых дзяўчат.
– Самая важная справа ў нас! – па-свінячы зарохкалі чэрці. – Мы будзем прапаноўваць шукальнікам цуд-кветку ў абмен на душу.
– Вось і добра! – узрадавалася багіня Марана. – А зараз для кожнага – мае пачастункі.
І вырас сярод паляны стол, а на ім стравы, адна адной агідней: павукі ў смятане, вяленыя пацукі, сушаныя мухаморы… Кінуліся нячысцікі на гэты пачастунак. Сварацца, штурхаюць адзін аднаго. Лявона ажно званітавала. Тут і заўважыла яго Марана.
– А гэта хто такі? – гучна спыталася багіня смерці ў страшэнных памагатых сваіх.
Утаропіліся тады ўсе на Лявона. Маўчаць, і толькі чутна, як ляскаюць іклы.
– Чый ён? – яшчэ больш пагрозліва ўскрыкнула Марана.
– Мой, – ледзь чутна прагучаў адказ Вальжыны. – Я на ім прыехала сюды.
– Што ж гэта за жывёла? – пытаецца Марана. – Конь? Казёл? Па паху не падобна.
– Кабанчык, – не разгубілася Вальжына і піхнула Лявона нагою ў тлусты азадак.
– А ну, дай пагляджу, – прамармытала багіня і скінула вэлюм з твару. Тут ужо не вытрымаў Лявон, зароў дрэнным голасам з перапугу. Бо на маладым целе ў Мараны сядзела галава старой з сівымі пасмамі і жоўтай абвіслай скурай.
– Гэта чалавек! – закрычала Марана, і ўсе разам кінуліся на няшчаснага таўстуна.
– Бяжы, Лявонка! – пачуў скрозь вішчэнне і рогат нячысцікаў ён голас Вальжыны. – Бяжы, толькі не на дзвюх нагах, не па-чалавечы! Інакш – дагоняць, зловяць, з’ядуць!
Кінуўся бегчы ад натоўпу няшчасны Лявон на карачках. Адкуль і спрыт такі ўзяўся ў тоўстым целе! Напачатку чуў ён за спіной сваёй брэх, віск і ляск іклаў, а потым на хвіліну сцішэла і нехта пранізліва ўскрыкнуў:
– Кіньце яго! Купала з Купавай пацалаваліся – папараць расцвіла!
Але спалоханы да жаху Лявон не заўважыў, што пагоня адстала, як і не заўважыў, калі на адну хвіліну вакол яго па ўсім лесе заззялі-заіскрыліся таямнічым блакітным святлом шматлікія папараці…
Трапіў дадому Лявон толькі раніцай. Упаў знясілены, проста на падлогу. Так праспаў ён увесь дзень, а ўночы яго разбудзіла нейкае дзіўнае адчуванне. Сама сабою з’явілася ў Лявонавых руках рыдлёўка і пачаў ён капаць у сябе ў хляве. Доўга працаваў, увесь спацеў. Якім жа было здзіўленне, калі наткнулася рыдлёўка ўрэшце на жалезную скрыню. Дастаў яе Лявон, збіў замок і ахнуў. У скрыні – адзін да аднаго – залатыя зліткі. Зачыніў хуценька вечка Лявон, сеў зверху і задумаўся. Выходзіць, пачаў ён адчуваць скарбы! Няўжо яму ўсміхнулася купальскае шчасце?
Тут толькі заўважыў таўстун, быццам нешта трапіла яму ў чаравік пад пятку. Сцягнуў ён абутак… Так і ёсць! Бліскучая крупінка, насенне, якое раскідвае дзіўная папараць! Напэўна, трапіла ў чаравік, калі ён па-звярынаму на карачках ратаваўся ад пагоні. Не ведаючы, куды яго лепш схаваць, Лявон зноў засунуў насенне пад пятку.
З гэтага часу Лявон пачаў жыць па-новаму. Ніякай працы не ведае, толькі з сябрамі гуляе, дзяўчат адорвае шчодрымі падарункамі, у шынку залатоўкі прамотвае, у косці з заўзятымі махлярамі гуляе. Хутка скрыня апусцела, а карысці з гэтага Лявон так не займеў. Пайшоў тады ён у лес. Ля трухлявага пня спыніўся і хутка выкапаў яшчэ адзін скарб…
Тры гады ў няспыннай весялосці правёў Лявон – пяць скрыняў з золатам прапіў ды прагуляў. За гэты час хата яго пакрывілася, поле зарасло пустазеллем, жыўнасць разбеглася. Купальскае шчасце – ненадзейнае. Скончылася яно для Лявона гэтак жа нечакана, як і пачалося. Аднойчы яго, п’янюсенькага, абабралі да апошняй ніткі. Сцягнулі і чаравікі. А разам з імі назаўсёды знікла цудоўнае насенне папараць-кветкі.
Кажуць жа, гультаю ды дурню не дапаможа і шчаслівы выпадак.
Ну дык што? Вы ўсё яшчэ спадзяецеся на папараць-кветку?

Теги: архив  паданне  
 

 
Rambler's Top100Размещение рекламы на сайтеПроизводство сайта - Студия Компас
Использование материалов с сайта возможно только при условии размещения активной ссылки на сайт.