Видео реклама

 

Падзея

Грандэ Эдукадор

Грандэ Эдукадор

У 1860 годзе, 150 гадоў назад, пабачыла свет кніга вялікага беларускага навукоўца і падарожніка Ігнацыя Дамейкі «Араўканія і яе жыхары» на польскай мове. У наступнае дзесяцігоддзе яна была перакладзена на многія іншыя мовы і ператварылася ў своеасаблівы бестселер. Аднак кніга гэтая была толькі адным з многіх дасягненняў аўтара, біяграфія якога ўражвае падзеямі і насычанасцю.

Ігнацый Дамейка нарадзіўся ў маёнтку Мядзведка недалёка ад Міра 31 ліпеня 1802 года. Некалькі гадоў пражыў ён у маёнтку свайго бацькі, старшыні Навагрудскага земскага суда Іпаліта Дамейкі. Вясной 1809 года Іпаліт памірае, і дзяцей (разам з Ігнацыем іх было пяцёра) бяруць пад сваю апеку браты яго, таксама Ігнацы і Юзэф. Апошні калісьці вучыўся ў горным вучылішчы ў нямецкім горадзе Фрайбергу. Магчыма, менавіта яго расказы выклікалі інтарэс да мінералогіі ў будучага вучонага.
Першапачатковую адукацыю Ігнацый атрымаў у калегіюме манахаў-піяраў у Шчучыне. Гэты манаскі ордэн вылучаўся сваім найбольш прагрэсіўным выхаваннем і шырокімі ведамі, якія даваліся выхаванцам.
Пасля заканчэння калегіюма Ігнацый паступае ў Віленскі ўніверсітэт і ў хуткім часе знаёміцца з Адамам Міцкевічам. Адам увёў Ігнацыя ў кола членаў таемнага таварыства філаматаў. Гэтае студэнцкае згуртаванне ўзнікла ў 1817 годзе і напачатку ставіла перад сабою асветніцкія мэты: папулярызацыю здабыткаў французскіх асветнікаў, вызначэнне ролі чалавека і грамадзяніна. Але пазней філаматы прыйшлі да ўсведамлення неабходнасці палітычнай барацьбы. Яны выступілі супраць феадальных абсалютысцкіх парадкаў, выказваліся за адмену прыгоннай залежнасці сялян, лічачы, што ганебнае прыгонніцтва супярэчыць цвярозаму розуму, распрацоўвалі праграму палітычнай барацьбы за сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне.
Паліцыя даведалася аб дзейнасці суполкі. Яна была разгромлена, больш за сто яе членаў арыштаваны і кінуты ў турму. Сярод іх былі Дамейка і Міцкевіч. Значна пазней Адам Міцкевіч апісаў падзеі тых дзён у паэме «Дзяды». Адным з герояў паэмы быў Жэгота. Пад гэтым імем увайшоў у бессмяротны твор Ігнацый Дамейка.
Філаматаў прыгаварылі да высылкі. Ігнацый пазбег гэтага толькі таму, што за яго ўступіўся вельмі ўплывовы яго дзядзька. У выніку маладога чалавека накіравалі «на выпраўленне» ў вёску Заполле на Лідчыне. Праз пэўны час Ігнацый атрымаў дазвол перабрацца ў Жыбуртоўшчыну, недалёка ад Дзятлава. Атрымаў ён і яшчэ адно пакаранне – пажыццёвую забарону працаваць на дзяржаўнай службе.
Ігнацый заняўся сельскай гаспадаркай. Гэта дало яму магчымасць лепш пазнаёміцца з жахлівымі ўмовамі жыцця прыгонных сялян, паглыбіць засвоеную яшчэ ў дзяцінстве беларускую мову. Ён адкрыў у сваім маёнтку сялянскую школу, зменшыў паншчыну настолькі, наколькі гэта дазвалялі тагачасныя законы.
1830 год. Рэвалюцыя ў Францыі. Як водгук на яе – паўстанне моладзі ў Варшаве. Пасля яго перамогі полымя барацьбы распаўсюдзілася ледзь не па ўсёй Польшчы. У наступным годзе яно перакінулася на Беларусь. Ігнацый Дамейка далучаецца да паўстанцаў. Але, не падтрыманае народнымі масамі, паўстанне падаўлена. Дамейка вымушаны быў разам з атрадам генерала Хлапкоўскага (пад кіраўніцтвам якога змагаўся) пакінуць радзіму. Паўстанцы перайшлі прускую мяжу і склалі зброю. Ігнацый накіраваўся ў Парыж. Па дарозе, у Дрэздэне, сустрэўся з Адамам Міцкевічам. Яны засталіся верныя сваёй юнацкай дружбе. Ігнацый наведвае лекцыі ў горнай школе, славутым Сарбонскім універсітэце і не менш вядомым Калеж дэ Франс, а таксама дапамагае сябру перапісаць начыста рукапіс толькі што скончанай паэмы «Пан Тадэвуш». Шукае, дзе б прымяніць свае веды, – пабываў дзеля практыкі на поўдні Францыі, працаваў у Эльзасе, але ўсё гэта было яму не па душы. Дапамог выпадак. У асяроддзі эмігрантаў стала вядома, што горнай школе ў Какімба (Рэспубліка Чылі) патрэбны выкладчык хіміі і мінералогіі. З дапамогай Міцкевіча Дамейка атрымаў кантракт. Ён абавязаўся за шасцігадовы тэрмін стварыць у Какімбскай горнай школе хімічную лабараторыю і абвучыць студэнтаў хіміі.
У студзені 1838 года Дамейка накіроўваецца на месца будучай працы. Са шматлікімі прыпынкамі, перасадкамі дабіраецца ён да Буэнас-Айрэса. Далей можна было рухацца толькі па сушы. Трэба было спяшацца, бо набліжалася зіма і ўзнікла небяспека закрыцця снегам перавалаў праз Анды. Дамейка са сваім спадарожнікам, жыхаром Чылі Карла Ламбертам, едзе верхам на конях праз пампасы. Ім даводзіцца перапраўляцца праз рэкі, начаваць на паштовых станцыях, у хатках, складзеных з неабпаленай цэглы. Неаднойчы дахам ім служыць зорнае неба. Ігнацый пра навуку не забываецца – збірае па дарозе мінералы, апісвае геалагічную будову глебы.
З вялікімі цяжкасцямі пераадолеўшы Анды, Дамейка ўрэшце трапляе ў Какімба. Наладжвае свой быт, з дапамогай вучняў будуе памяшканне для лабараторыі, чытае лекцыі на іспанскай мове (якую вывучыў за тры месяцы). Акрамя таго, робіць з вучнямі шэраг экспедыцый у горы. Нястомны вучоны адкрывае некалькі радовішчаў карысных выкапняў – срэбра, медзі, золата, вугалю. Яшчэ яму належыць адкрыццё сусветна вядомых у наш час радовішчаў салетры.
У 1848 годзе тэрмін кантракту скончыўся, але маладая Чылійская Рэспубліка працягвала адчуваць недахоп у спецыялістах. Дамейку прапанавалі месца прафесара хіміі і фізікі ў незадоўга да таго адкрытым у сталіцы краіны нацыянальным універсітэце. Ігнацый згадзіўся і ў хуткім часе пабудаваў на ўскраіне горада невялікі ўтульны домiк, абсадзіўшы яго экзатычнымі (для нас) дрэвамі. Тут лепшыя людзі краіны вялі шматчасовыя гутаркі, якія часам перарасталі ў гарачыя спрэчкі, абмяркоўвалі навіны навукі, разважалі аб тым, што яшчэ трэба зрабіць для развіцця рэспублікі. Менавіта тут Дамейка пазнаёміўся і з пятнаццацігадовай дзяўчынай Энрыкай Гюзман дэ Сатамаер, якая хутка стала яго жонкай.
Ігнацый Дамейка шмат падарожнічаў. То на кані, то пешшу ён забіраўся ў самыя далёкія куткі краіны. Ні холад, ні спёка, ні праліўныя дажджы не маглі спыніць нястомнага даследчыка. Змораны, а здаралася, і хворы, вяртаўся ён пад родны дах і, адпачыўшы дзень-два, зной вяртаўся да сваіх доследаў. Яго працы прыцягнулі ўвагу вучоных усяго свету. Дамейка першым склаў падрабязную карту распрацовак каменнага вугалю ў Кансепьёне, першым вызначыў характар залягання медных руд у Чукікамаце і Патрарыльеса, першым зрабіў геаграфічнае апісанне Араўканскіх стэпаў. Для таго каб з’явілася апошняя праца, Ігнацый наважыўся здзейсніць падарожжа, ад якога яго адгаворвалі ўсе сябры. Гэту задумку лічылі вар’яцтвам. Ніхто не спадзяваўся, што «дон Ігнасіа» вернецца з гэтай вандроўкі жывым. І не дзіўна, бо шлях яго ляжаў за раку Біо-Біо. Тэрыторыя, што знаходілася за ёй, толькі намінальна лічылася чылійскай, бо жыло тут непакорнае індзейскае племя араўканцаў, якое шмат стагоддзяў не дапускала да сябе белых людзей.
Аднак індзейцы сустрэлі бледнатварага госця вельмі зычліва. Яны дапамагалі яму ў падарожжы, дзяліліся ежай. Не раз начаваў Ігнацый у іх паселішчах. І ўсюды мясцовыя жыхары гаварылі яму аб жаданні жыць з еўрапейцамі ў міры.
Пасля гэтай вандроўкі Дамейка і напісаў сваю кнігу «Араўканія і яе жыхары». Там ёсць такія радкі: «Араўканскія індзейцы не з’яўляюцца дзікунамі. Я лічу іх больш цывілізаванымі, чым іх прыгранічныя цывілізатары». Зыходзячы з гэтага, Ігнацый заўважаў: «Не бачу ніякай неабходнасці, каб настойваць на каланізацыі гэтых зямель, якія належаць не ўраду, а працавітаму і мужнаму народу, калі побач знаходзяцца такія ж абшары, якія з’яўляюцца ўласнасцю рэспублікі, – і пустынныя, як зямныя полюсы, і ўрадлівыя, нібы берагі ракі Імперыял».
Нястомная навуковая, экспедыцыйная і грамадзянская дзейнасць «дона Ігнасіа» выклікала вялікую павагу чылійскага грамадства. Яго выбіралі рэктарам універсітэта ў Сант’яга чатыры разы запар. Толькі ў 1884 годзе Дамейка адмовіўся ад гэтай пасады, выказаўшы такім чынам пратэст захватніцкай вайне, развязанай урадам Чылі супраць Перу. Нягледзячы на гэта, у гонар вучонага вырашана было выпусціць памятны медаль. А яшчэ яму прызначылі самую вялікую ў краіне пенсію – 6000 піястраў у год.
Ігнацый Дамейка адышоў у іншы свет 23 студзеня 1898 года. А ў хуткім часе пасля гэтага на адной з цэнтральных плошчаў чылійскай сталіцы з’явіўся помнік. На п’едэстале – лаканічны надпіс: «Грандэ Эдукадор». І кожны, хто бачыў яго, разумеў: гэта помнік Вялікаму Настаўніку дону Ігнасіа Дамейцы.

Теги: архив  падзея  
 

 
Rambler's Top100Размещение рекламы на сайтеПроизводство сайта - Студия Компас
Использование материалов с сайта возможно только при условии размещения активной ссылки на сайт.