Видео реклама

 

Сведкi часу

Ордэн святой Кацярыны

Ордэн святой Кацярыны

Галоўнай узнагародай Пятроўскай Расіі быў ордэн Святога Андрэя Першазваннага. Другой па значнасці – ордэн Святой Кацярыны. Неверагодная справа – Кацярынінскі ордэн атрымоўвалі выключна жанчыны. Гэтым Расія як быццам бы паказала ўсяму свету, што жанчына не менш за мужчыну мае права на ўслаўленне і захапленне. Натхніла ж рускага гасудара на заснаванне жаночай узнагароды дачка прыгоннага селяніна з-пад Віцебску Марта Скаўронская – у праваслаўі Кацярына Аляксееўна, паплечніца, а ў далейшым і жонка Пятра І.

Подзвіг, варты асаблівай узнагароды, Кацярына Аляксееўна здзейсніла ў 1709 годзе, пад час гэтак званага Пруцкага пахода. Моцная духам і рашучая жанчына стала тады ратавальніцай усяго расійскага войска. А было гэта так…
Галоўнымі ворагамі Расіі на пачатку ХVІІІ стагоддзя былі Швецыя, а таксама Турцыя, якая афіцыйна падтрымлівала мір, але цішком рыхтавалася да барацьбы. Турэцкія войскі маглі напасць на паўночнага суседа ў той час, калі вялася вайна з Карлам XII. Але султан не пажадаў гэтага. Ён чакаў, калі і рускія, і шведы вычарпаюць свае сілы ва ўзаемнай барацьбе. Перамога рускай арміі пад Палтавай была нечаканасцю. Узмацненне Расіі выклікала незадавальненне, бо султан не жадаў, каб яшчэ больш пашырыўся ўплыў маскавітаў на Рэч Паспалітую. Да таго ж падбухторвалі туркаў да нападу на Расію Аўстрыя, Францыя і шведскі кароль Карл XII, які пасля паражэння пад Палтавай знайшоў прыстанак у Турцыі.
У снежні 1710 года Турцыя абвясціла вайну Расіі. У той жа месяц васалы султана, крымскія татары, ажыццявілі набег на гарады Харкаў і Белую Цэркаў. Захапіць іх яны не змаглі, але край спустошылі ўшчэнт.
Пётр выступіў супраць ворагаў. Ён накіраваўся да Дуная. Рускі цар разлічваў падняць на паўстанне валахаў, чарнагорцаў, сербаў і малдаван, якія знаходзіліся пад прыгнётам Асманскай імперыі. Абнадзейвала і тое, што гаспадары Малдавіі – Дзмітрый Кантэмір – і Валахіі – Бранкаван – абяцалі сваю дапамогу. Аднак паўстанне не адбылося. Бранкаван перайшоў на бок туркаў, і яго армія затрымала шматтысячны атрад сербаў, які ішоў на дапамогу Пятру. Да таго ж ежа і фураж, якія валахі абяцалі рускай арміі, былі аддадзены туркам. Кантэмір жа, хоць і далучыўся да рускага войска, дамапагчы не мог, бо сіл меў ужо мала, а харчоў і зусім у яго не было.
У выніку туркі першымі пераправіліся праз Дунай. Руская армія па шляху ад Дняпра да Прута знемагала ад гарачыні і смагі. Пачаўся падзёж коней. Бітва адбылася 9 чэрвеня 1709 года. 40 тысяч рускіх былі акружаны 180 тысячамі туркаў і крымскіх татар. Туркі некалькі разоў кідаліся ў атаку. Кожны раз іх сустракалі гарматнымі залпамі. Вечар і стомленасць спынілі бітву. Рускае войска знаходзілася ў катастрафічным становішчы. Турэцкая армія акружыла яго. Боепрыпасаў амаль не засталося. Ежы таксама. Сам Пётр чакаў або гібелі, або палону. І тут у справу ўмяшалася Кацярына. Яна злаўчылася высветліць, што турэцкі галоўнакамандуючы – не столькі славалюбца, колькі срэбралюбца. І што ён згодзен заключыць мірнае пагадненне з амаль пераможанымі рускімі, калі атрымае, безумоўна, у вялікай тайне ад свайго султана, хабар. Памер хабара, які б задаволіў турка, таемна быў перададзены Кацярыне праз парламенцёра. Такіх сродкаў у абложанай арміі быццам бы і не было. Але Кацярына з чыста сялянскай кемлівасцю знайшла выйсце. Яна ахвяравала ўсе свае ўпрыгажэнні і каштоўнасці, якіх за дружбу і любоў нямала атрымала ад цара і якія заўжды вазіла з сабою. Потым яна аб’ехала лагер і звярнулася да войскаў. «Мёртвым і палонным каштоўнасці не будуць патрэбны, – сказала яна. – А тым, хто ахвяруе, айчына аддзячыць». Заклік быў накіраваны перш за ўсё да афіцэраў. Кожны з іх меў штосьці каштоўнае – ці то залаты крыжык з каменнямі, ці то дарагую тытунёўку, ці то фамільны пярсцёнак, які не здымаўся з пальца нават пад час вайны. Кошт хабара быў сабраны.
На наступны дзень каштоўнасці паднеслі турэцкаму палкаводцу зашытымі… у аграмаднага асятра. Арміі Пятра І было дазволена вярнуцца ў Расію пры ўмове здачы ўсіх гармат.
Пётр быў узрушаны ўчынкам Кацярыны. Яна была абвешчана выратавальніцай арміі, а імя яе зрабілася папулярным у вайсковых колах. А ў пачатку 1712 года Пётр І абвясціў, што жэніцца на Кацярыне, і ніхто нават не наважыўся запярэчыць ці выказаць незадаволенасць. 19 сакавіка адбылося вянчанне, пасля якога цар прызнаў сваіх пазашлюбных дачок ад Кацярыны Аляксееўны – Ганну і Лізавету. Яны ператварыліся ў царэўнаў і сталі законнымі членамі царскай сям’і. Аднак такой «звычайнай» для жанчыны ўзнагароды, як удалае замужжа, на думку Пятра, было недастаткова. І вось у 1714 годзе ў памяць пра пруцкія падзеі была ўстаноўлена новая ўзнагарода – ордэн Святой Кацярыны. Першай гэту ўзнагароду атрымала, безумоўна, новаспечаная царыца.
Кацярынінскі ордэн, вядомы яшчэ як ордэн Вызвалення, – упрыгожаны брыльянтамі крыж з залатым медальёнам пасярэдзіне. На медальёне змяшчалася выява Святой Кацярыны з белым крыжам у руках. Да яго дадавалася ўпрыгожаная брыльянтамі зорка, легенда «За любовь к Отечеству» ды лента. Ордэнская лента першапачаткова была белай, але пазней гэты колер змянілі на чырвоны.

 

 
Rambler's Top100Размещение рекламы на сайтеПроизводство сайта - Студия Компас
Использование материалов с сайта возможно только при условии размещения активной ссылки на сайт.