Видео реклама

 

Асоба

Царыца на дзевяць дзён

Царыца на дзевяць дзён

Цар Іван Грозны пакінуў пасля сябе слабых спадчыннікаў. Апошняй надзеяй рускіх быў царэвіч Дзмітрый, які загінуў у дзяцінстве пры таемных абставінах. Калі дынастыя Рурыкавічаў перарвалася, да ўлады прыйшоў Барыс Гадуноў, які, па чутках, быццам бы і падаслаў да маленькага Дзмітрыя забойцаў. Але народу хацелася верыць, што царэвіча выратавалі добрыя людзі.

Таму праз некаторы час знайшоўся чалавек, які абвясціў сябе ўратаваным Дзмітрыем. З’яўленне на рускім троне Ілжэдзмітрыя ў расійскіх падручніках расцэньваецца як польская інтэрвенцыя. Але факты сведчаць аб іншым. Па-першае, галоўнымі дзеючымі асобамі гэтай гістарычнай п’есы сталі беларускія і ўкраінскія магнаты Вішнявецкія, Сапегі і Астрожскія. Па-другое, сам самазванец. Хто ён быў? Ні адзін з даследчыкаў не называе яго палякам. Афіцыйныя ўлады абвясцілі, што гэта авантурыст і збеглы манах Грышка Атрэп’еў. Але існуе версія, па якой самозванец – «літовец» па паходжанні, падрыхтаваны езуітамі для таго, каб заняць маскоўскі трон і акаталічыць Русь.

Палякі ж Мнішкі трапілі ў авантуру выпадкова. Калі «літоўская» змова была гатова, на авансцэну падзей выйшла яшчэ адна асоба, малодшая сястра жонкі князя Канстанціна Вішнявецкага Урсулы, Марына Мнішак, якую самазванец пабачыў у замку яе бацькі, ваяводы Сандамірскага Ежы Мнішка. Даведаўшыся, што юнак – кандыдат на маскоўскі прастол, Марына так закруціла яму галаву, што Ілжэдзмітрый амаль адразу абвясціў яе сваёй нявестай. Аднак, як ні ўгаворваў «рускі царэвіч» прыгожую польку найхутчэй абвянчацца, разважлівая Марына згадзілася толькі на абручэнне. Яно, паводле падання, адбылося ў маі 1604 года ў рэзідэнцыі князёў Астрожскіх. Там жа было абвешчана, што шлюбаванне адбудзецца не інакш як у Маскве пасля прызнання рускімі свайго «законнага цара Дзмітрыя».

23 кастрычніка 1604 года войска самазванца, сабранае ў Рэчы Паспалітай, уступіла на рускія землі. Тут да яго далучыліся рускія. Яшчэ больш павялічылі войска данскія і запарожскія казакі. 12 чэрвеня 1605 года новы цар трыўмфальна ўязджае ў Маскву, папярэдне загадаўшы задушыць членаў сям'і раптоўна памёрлага Барыса Гадунова, акрамя дачкі яго Ксеніі. Яе Ілжэдзмітрый робіць сваёй наложніцай. Даследчыкі спрачаюцца, што было б, каб Ксенія стала жонкай самазванца? Можа, таму ўдалося б усядзець на троне? Але Марына прыслала ліст, у якім патрабавала пастрыгчы Ксенію Гадунову ў манастыр. Ілжэдзмітрый павінаваўся. І гісторыя пайшла тым шляхам, які нам вядомы.

Марына Мнішак прыехала ў неверагодна шыкоўнай карэце, абабітай атласам і засланай вышытымі жэмчугам падушкамі. Пад Вязьмай ёй уручылі алмазную карону, якой збіраліся яе каранаваць. Але на каленях у царскай нявесты і будучай царыцы – яна не здагадвалася пра тое – ляжаў суровы прыгавор ёй самой і ўсяму яе акружэнню. У разьбяным ларцы яна везла віншавальнае пісьмо самога Папы Рымскага, якое з гонарам мусіла паказаць жаніху. Немаведама як, але пісьмо гэтае трапіць у рукі баярына Шуйскаго, які таксама меціў на царскі прастол, і адбудзецца трагедыя…

Мяцеж супраць чужаверцаў пачаўся праз дзевяць дзён пасля вянчання. Яшчэ працягваліся вясельныя піры. Марына п'янела ад славы, улады, ліслівых слоў, калі раптоўна ў Крэмль уварваўся раз'ятраны натоўп. Ежы Мнішак, яго юны сын, шляхцічы, якія аказаліся побач, да апошняга абаранялі ўваход у пакой, дзе схавалася спалоханая Марына. Ілжэдзмітрый з некалькімі слугамі сустрэў нападнікаў з шабляй у руках. Ён загінуў з годнасцю рыцара.

Марыну ўратавала ад смерці старая фрэйліна. Яна схавала царыцу пад сваю шырокую спадніцу. Пазней Мнішкі ўсе сталі палоннымі маскоўскіх баяр, але страсці ўжо сціхлі, і жыццю іх не пагражала нічога. Іх саслалі ў Яраслаўль, а прыгожай чужаземцы прапанавалі свабоду ўзамен адрачэння ад царскага тытула. Яна адмовілася. Але турэмшчыкі зноў і зноў нагадвалі пра сваю прапанову. І паланянка здалася. Магчыма, непакоячыся пра жыццё бацькі і брата. Мнішкаў адпусцілі, і яны паспяшаліся «ў Літву». Але, кажуць, так і не дабраліся.

Па дарозе да іх прыстаў таямнічы чалавек, які паведаміў, што «царэвіч Дзмітрый» і на гэты раз пазбегнуў смерці. Ён цяпер у вёсцы Тушына. Збірае армію і чакае каханую жонку. Марына ўзрадавалася. Мнішкі падманулі сваіх ахоўнікаў, якія мусілі суправаджаць іх да граніцы, і збеглі. Аднак у Тушына Марыне давялося перажыць горкае расчараванне. Яе сустрэў зусім не той чалавек, з якім яна вянчалася. Той, хто называў сябе «царэвічам Дзмітрыем», аказаўся звычайным школьным настаўнікам са Шклова. Яго знайшлі казакі Балотнікава і абвясцілі «царом», каб можна было чыімсьці імем змагацца за ўладу. Але гэтым авантурыстам патрэбна была хаця б адна рэальная асоба. Марына падыходзіла. Яна была вянчанай на царства гасударыняй.

Прыгажуня-полька паўстала перад выбарам: вяртацца адвержанай да спакойнага жыцця альбо паспрабаваць вярнуць сабе прастол. Прага помсты аказалася моцнай. Марына «прызнала» у тушынскім Дзмітрыі свайго мужа, а хутка таемна і абвянчалася з ім. Яна нават рашылася нарадзіць дзіця Ілжэдзмітрыю II. Хлопчыка назвалі Іванам і абвясцілі царэвічам.

Авантура «тушынскага вора» не ўдалася. Неўзабаве войска яго было разбіта баярынам Шуйскім. І прыкладна ў гэты ж час у барацьбу за русскую карону ўступіў польскі кароль Жыгімонт ІІІ. Ілжэдзмітрый ІІ з купкай сваіх прыхільнікаў збег у Калугу. Марына доўга не магла паверыць, што гэта канец. З адной служанкай і некалькімі казакамі Марына спяшаецца ў Калугу, каб далучыцца да чалавека, які ніколі не быў ёй жаданым і які цяпер больш не меў ніякай падтрымкі ні ў Маскве, ні ў «Літве». Лёс даваў ёй апошнюю магчымасць уратавацца: у мяцеліцу Марына збілася з дарогі і выехала да сяла Дзмітрава, дзе абараняўся ад войскаў князя Куракіна яе зямляк Ян Сапега, некалі бліжэйшы паплечнік яе першага мужа. Верны сваёй прысязе самазванцу, ён умаляў «пані царыцу» пакінуць гэтую «варварскую краіну», пакуль не позна. Ян Сапега абяцаў даць Марыне людзей, якія даставяць яе на радзіму. Марына адмовілася. Яна жадала памерці на зямлі, царыцай якой была аднойчы абрана. Яшчэ амаль год яна разам з Ілжэдзмітрыем ІІ змагалася за ўладу. За гэты час незадаволеныя рускія паспелі скінуць Шуйскага, які трохі пацараваў пасля Ілжэдзмітрыя І, дамовіцца з Жыгімонтам ІІІ аб запрашэнні на прастол польскага каралевіча Уладзіслава, пусціць палякаў у Маскву. Літвінская авантура скончвалася, пачыналася польская інтэрвенцыя.

У верасні 1610 года Ілжедзмітрый ІІ быў забіты пад час палявання князем Пятром Урусавым. Марына зноў засталася адна. І тут да яе прыйшло каханне. Малады данскі казак Іван Заруцкі быў адным з самых верных прыхільнікаў «тушынскага вора». Пасля яго гібелі ён адкрыў свае пачуцці Марыне, якой толькі-толькі споўнілася дваццаць два гады. Ён прапанаваў ёй руку і сэрца не ў зорны час яе славы, а ў гадзіну бед і пакутлівых роздумаў. Сэрца Марыны не магло не адклікнуцца. Заруцкі пакляўся зрабіць усё магчымае, каб вярнуць каханай прастол. Яна ж – маці «законнага спадчынніка, царэвіча Івана».

Ён павёз яе ў стэпы, дзе стаў збіраць пад сцягі «царэвіча Івана» людзей, якім не было чаго губляць. У той час, як Масква прысягала Уладзіславу, частка рускіх гарадоў пад уплывам Заруцкага давалі клятву вернасці Івану Дзмітрыевічу. Але ўжо ўзнімаліся на барацьбу за вызваленне радзімы ніжагародзец Кузьма Мінін і князь Дзмітрый Пажарскі. Пасля выгнання польскіх інтэрвентаў на рускі прастол быў абраны баярын Міхаіл Раманаў.

У 1613 годзе атаман Іван Заруцкі быў разбіты пад Воронежам і збег разам з Марынай і яе сынам у Астрахань. І ўсё ж Заруцкі не губляў спадзяванняў зрабіць каханую царыцай. Ён спрабуе стварыць нешта накшталт Астраханскай дзяржавы. З гэтай мэтай ён наладжвае стасункі з персідскім шахам. Адначасова Заруцкі і Марына заключаюць дыпламатычныя дамовы з нагайскімі татарамі і туркамі, рассылаюць пісьмы волжскім і данскім казакам. Але лёсам не дадзена было мужу і жонцы давесці да канца свой дзёрзкі план. У 1614 годзе ў Астрахані ўспыхнула народнае паўстанне. Заруцкі і Марына ратаваліся ад яго на Яіку. А там мясцовыя казакі выдалі іх маскоўскім уладам.

Дзяржаўных злачынцаў чакала смерць. Заруцкі быў пасаджаны на кол. Ён мужна паводзіў сябе пад час пакарання. Апошнім яго словам было імя каханай жанчыны. Чатырохгадовага сына Марыны задушылі, а потым павесілі на гарадской сцяне. Марына, паводле адных сведчанняў, была гвалтоўна пастрыжана ў манахіні. Згодна іншым – кінута ў вязніцу, дзе і памерла ў тым жа 1614 годзе. Але ёсць версія, што гордая дачка Ежы Мнішка была страчана адначасова з Іванам Заруцкім, і кат адсёк ёй галаву, якую яна так і не схіліла ні перад кім. Цікава, якімі былі апошнія словы жанчыны, што была рускай царыцай дзевяць дзён, а потым змагалася за свае правы дзевяць гадоў? Гісторыя маўчыць…

Теги: архив  асоба  
 

 
Rambler's Top100Размещение рекламы на сайтеПроизводство сайта - Студия Компас
Использование материалов с сайта возможно только при условии размещения активной ссылки на сайт.