Видео реклама

 

Паданне

Дуб ды сасна

Дуб ды сасна

Яны раслі побач, і сонца аднолькава адорвала іх сваім прамяністым цяплом. І аднолькава хвасталі іх асеннія дажджы. І ўзімку аднолькава пушысты іней асыпаў іх кроны і ствалы. Малады дуб быў сапраўдны прыгажун: дужы, каржакаваты. Рослы. Сасна побач з ім здавалася незвычайна крохкай і тонкай, хаця вяршыня яе ўжо ўсміхалася далёкаму небу.

Яна не паспела яшчэ набраць той моцы, якая робіць дрэва яе пароды магутнай карабельнай сасной. І дубу здавалася, што ніколі не вырасце яго сяброўка да тых славутых памераў, калі не абароніць ён яе зараз. Неаднойчы пад ветрам ён ціха шамацеў лістотай:
– Прыцісніся да мяне. Звяжы лёс свой са мною. Ніхто не зразумее цябе лепш за мяне.
Але кожны раз адказвала на гэта сасна:
– Не кліч мяне да шлюбу, дубе. Век дзявочы такі кароткі! Дай мне нацешыцца свабодай!
Тым летам выдаліся надта ж зорныя ночы. Дуб расказваў сваёй сяброўцы доўгія гісторыі пра дрэвы, якім удалося дарасці да зорак; пра тыя, у якія трапіў страшэнны нябесны агонь у час навальніцы; пра тыя, што ахвяравалі целам сваім, каб хтосьці змог пабудаваць з іх цудоўныя караблі і адкрываць новыя землі за акіянам; пра тыя, што выратоўвалі людзей пад час бойкі, закрываючы моцным ствалом мяккае чалавечае цела ад стрэл ды коп’яў.
Раптам усхвалявана зашалясцела сваёй вяршыняй сасна:
– Цішэй. Сюды ідуць людзі. Цішэй, дубе.
Людзей было двое. Яны набліжаліся сюды з розных бакоў і, убачыўшы адно аднаго, кінуліся ў абдымкі.
– Дануся!
– Міхал! – толькі гэта і паспелі вымавіць, і дыханне іхняе перарвалася. Раптам дзяўчына заплакала:
– Міхал, любы мой, каханы, разлучаюць нас злыя людзі. Ніколі ўжо не быць нам разам.
– Хто ж пасмее зрабіць тое, Дануся? Хто ўладны разлучыць закаханых, якія быццам дзве палавінкі аднаго яблыка? Калі мы самі таго не схочам, ніхто не забароніць нам кахаць.
– Слухай жа, Міхал, – журботна пачала дзяўчына. – Даўно прыглядаўся да мяне панскі танцмайстар, шукаў ён дзяўчыну, якая лепш бы за ўсіх танцавала, бо неабходныя акторкі пану Радзівілу ў балет. А я ж не ведала пра тое! Калі б толькі зразумела раней, нагу б сабе пашкодзіла, каб не трапляцца на вочы гэтаму чалавеку…
– Не кажы так, Дануся, – запярэчыў хлопец. – Твае ножкі стройныя, лёгкія. Танец твой, бы матылька палёт…
– А то ж і гора! – у роспачы крыкнула дзяўчына. – Даспадобы мой танец прыйшоўся танцмайстру. Ён і данёс пану пра тое, што знайшоў дзяўчыну для балета. А пан даў загад раніцай даставіць мяне ў яго палац. Ці ведаеш, Міхале, што гэта значыць? Зачыняць, нібыта ў келлі, прымусяць з ранку да вечара адно толькі французскія танцы развучваць, ды перад гасцямі панскімі таньчыць. Замуж ісці не дазваляюць танцоркам, пакуль маладыя. А да старасці ў няволі хіба дажывеш? Толькі іншы раз пан сваёй ласкай ашчаслівіць можа. Але горш за магілу сырую такі гонар.
– Маўчы! Маўчы, прашу цябе! Ні слова больш, Дануся, – не вытрымаў хлопец. – Не будзе гэтага ніколі, чуеш? Пакуль я жывы і пакуль кахаю цябе – не будзе гэтага! Мы збяжым, цяпер жа. Далёка. Мы маладыя, у нас працавітыя рукі. Мы заўжды зможам зарабіць сабе на хлеб, ці не так?
– Бегчы ад пана Радзівіла? Дагоняць, вернуць. Хіба ты не баішся пакарання?
– Не вернуць, Дануся! Я ведаю добрых людзей нездалёк адсюль. У іх мы зможам схавацца, а потым – можна нават і ў Амерыку, да новага жыцця і шчасця.
– Не, Міхал, – ціха вымавіла яна. – Не будзем мы шчаслівыя ніколі. Як жа нам бегчы кудысьці, калі тут застаюцца бацькі нашы, твае сёстры, мае браты? Што зробіць з імі пан? Няўжо жадаеш ты ім зла, Міхал?
– Дык што рабіць нам, Дануся, каханая? – у адчаі спытаўся юнак.
– Расстацца, – цвёрда адказала дзяўчына. – Я ж для гэтага і ішла сюды. Заўтра павязуць мяне ў Нясвіж, у палац Радзівілаў. Даруй жа мне ўсё, Міхал, і паспрабуй забыць як мага хутчэй.
Яны яшчэ доўга стаялі, нібыта рукі іх не хацелі і не маглі раз’яднацца. Потым ён павольна адпусціў яе і нізка схіліў галаву.
Моўчкі сустракаў лес узыход свяціла, і толькі калі добрае святло разлілося па ствалах дрэў і абудзіла сокі, загаманілі тысячамі галасоў яліны ды клёны, бярозы ды ясені. І тады прашаптала сасна:
– Дубе, мой верны сябра. Нядоўгае жыццё ў дрэва. Не паспеюць з’явіцца вакол яго маладыя парасткі, а ўжо ідзе нехта жорсткі з сякерай. Абдымі ж мяне, каб ніхто і ніколі не змог разлучыць нас, як разлучылі гэтых людзей. І няхай будзем мы разам у радасці і горы, у жыцці і смерці.
І пацягнуліся адно да аднаго дуб і сасна. Перапляліся ствалы іх, змяшаліся галіны.
Так і цяпер стаяць яны, абняўшыся. На шляху да Нясвіжа. Над імі шумяць-пралятаюць гады, а яны не чуюць, не заўважаюць іх у бясконцай сваёй пяшчоце. І нельга ссекчы адно з іх, не загубіўшы другое…

Теги: архив  паданне  
 

 
Rambler's Top100Размещение рекламы на сайтеПроизводство сайта - Студия Компас
Использование материалов с сайта возможно только при условии размещения активной ссылки на сайт.