Видео реклама

 

Падзея

Вялікае супрацьстаянне

Вялікае супрацьстаянне

15 ліпеня 1410 года, 600 гадоў таму, адбылася Грунвальдская бітва.

У ХV стагоддзе Еўропа ўступала пад бразгатанне зброі. На самым яе захадзе ішла бясконцая стогадовая вайна. На поўдні на Перынейскім паўвостраве іспанцы шматок за шматком адваёўвалі свае землі ў арабаў, Балканы залівалі крывёю туркі-асманы, на ўсходзе бушаваў новы азіяцкі заваёўнік, рудабароды Тамерлан. Жорсткую і зацятую барацьбу даводзілася весці і нашаму народу.

Мсціслаўскі Пустынскі Успенскі манастыр… Няўмольны час і абыякавасць колішніх дзяржаўных улад ледзь не зруйнавалі магутныя муры гэтай святыні. Але яны павінны адрадзіцца. Хаця б таму, што менавіта тут бярэ свой пачатак адна з самых вялікіх у еўрапейскай гісторыі ХV стагоддзя падзей – перамога аб’яднанага славянскага войска над крыжаносцамі пад Грунвальдам.

Было так. Паляваў князь Сямён Альгердавіч у навакольных лясах, адбіўся ад світы, глянуў на яркае сонейка і – аслепнуў. Доўга блукаў ён па лясных нетрах. Нарэшце сустрэў старога пустэльніка. Той вывеў князя да святой крынічкі і загадаў прамыць вочы. І адразу ж вярнуўся гаротніку зрок. Расплюшчыў Сямён Альгердавіч вочы і ўбачыў перад сабою ікону з выявай Прасвятой Багародзіцы. І пачуў ён голас Маці Божай. Сказала яна, што будзе вялікая бітва і што князь Сямён Альгердавіч стане тым, хто вырашыць яе зыход. Гэта было прадказанне пра Грунвальдскую бітву. Збылося яно роўна праз 30 гадоў. Да гэтага часу Пустынскі манастыр, пабудаваны Сямёнам Альгердавічам у тых мясцінах, ужо ператварыўся ў вядомую і вельмі паважаную абіцель. Мясцовыя інакі і добраслаўлялі князя з яго войскам на праведны бой.

У пачатку ХV стагоддзя стала зразумела, што супрацьстаянне крыжаносцаў і славян непазбежна павінна скончыцца вялікай вайной. Да яе старанна рыхтаваўся пыхлівы і ганарысты магістр Тэўтонскага ордэна Ульрых фон Юнінген. Яго мэтай было стварэнне Вялікай Тэўтоніі ад вострава Ругэн у Балтыйскім моры да Фінскага заліва. Дзеля гэтага да ўладанняў ордэна трэба было далучыць землі Каралеўства Польскага, Вялікага княства Літоўскага, Пскоўшчыну і Наўгародчыну.

У пачатку студзеня 1409 года ў Бярэсці з’ехаліся Ягайла і Вітаўт, якія збіраліся абмеркаваць пытанне, як адбіць націск крыжакоў. Бало вырашана выступіць супраць ордэна сумесна і з усімі сіламі, якія ўдасца сабраць, даць рашучы бой. Яго вынік павінен вырашыць вынік усёй вайны.

Арміі Польшы і Вялікага княства Літоўскага сустрэліся і аб’ядналіся 30 чэрвеня 1410 года ля Чэрвенска. Адтуль накіраваліся на сталіцу тэўтонцаў Марыенбург.

Загадзя быў падрыхтаваны і дастаўлены па сушы плывучы мост на лодках, і войска хутка пераправілася праз Віслу. Самаўпэўнены Ульрых фон Юнінген не адразу паверыў у такую мабільнасць варожай арміі. Ён не ставіў высока баяздольнасць супраціўнікаў, аўпэўніваў: «У войску Вітаўта можна знайсці больш людзей з лыжкамі, чым са зброяй». Хутка яму давялося пашкадаваць аб сваёй грэблівасці.

Войскі сустрэліся на шырокім полі ля вёсак Танэнберг і Грунвальд. Каго толькі не было ў абедзьвух арміях! У шыхтах 51 харугвы крыжаносцаў акрамя саміх тэўтонцаў ішлі свецкія рыцары практычна з усіх дробных дзяржаў Германіі, атрады ваяроў з Англіі, Францыі, Скандынаўскіх краін, нават некалькі шатландцаў. Больш таго, ордэн падтрымаў венгерскі кароль са сваім войскам.

Сярод 50 польскіх харугваў 7 было з Заходняй Украіны. 40 харугваў пад началам Вітаўта былі сабраны з усёй Беларусі. Былі тут таксама літоўцы з Трок і Коўна. Прыйшлi пад Грунвальд атрад з Ноўгарада Вялікага, дружына з Валахіі, атрад чэхаў, татары хана Джелал-ад-Дзіна.

Напярэдадні і ў пачатку бітвы пад Грунвальдам бушавала навальніца. Гэта не спрыяла крыжаносцам. Іх цяжкія коні маглі загразнуць у брудзе. Тым больш што Ягайла і Вітаўт занялі пазіцыі ў пералесках. Таму крыжакі ўсяляк хацелі выманіць супраціўніка на адкрытую мясцовасць. Нават прыслалі па даўняй традыцыі праз герольдаў два мечы, як афіцыйны выклік, заяўляючы, маўляў, яны гатовыя нават адысці, каб даць больш месца супраціўнікам.

Але палякі марудзілі. Ягайла доўга маліўся, праслухаўшы целых дзве месы. Вітаўт пайшоў у атаку. Яго сустрэў агонь артылерыі і арбалетчыкаў. Атака захлынулася, і цяжкая ордэнская жалезная «свіння» рушыла наперад…

Прайшла гадзіна. Стала падавацца, што перамога хіліцца ў бок ордэна. Войска Вялікага княства пачало адступаць. Некаторыя лічаць, што гэта быў хітры манеўр Вітаўта. Але сучаснікі сцвярджалі, што вялікі князь безпаспяхова спрабаваў спыніць тых, хто бег, збіваў іх і крычаў на іх.

І толькі тры палкі князя Сямёна Альгердавіча – Мсціслаўскі, Аршанскі і Смаленскі – цвёрда стаялі на месцы. Яны не сышлі з пазіцый нават тады, калі крыжакі змялі польскае войска, калі разгарнулася ўжо барацьба за вялікую польскую харугву і сам Ягайла спалохана скамандаваў свайму абкружэнню: «Панове, да лесу!».

Амаль усе воіны Сямёна Альгердавіча паляглі, але іх мужнасць дала магчымасць Вітаўту перагрупаваць войска і зноў уступіць у бой. А чатыры рэзервныя харугвы Вялікага княства вырашылі, нарэшце, лёс бітвы.

Пыхлівы магістр Ульрых фон Юнінген загінуў на полі брані. Смерць напаткала ўсіх комтураў. Мяркуецца, што з 700 знатных ордэнскіх братоў у жывых засталося толькі 15. Папа Рымскі пісаў, што ўсяго пад Грунвальдам загінула 18 тысяч крыжакоў. Перамога была поўнай. Яна спыніла шматвекавую экспансію крыжаносцаў на славянскія землі.

Теги: архив  падзея  
 

 
Rambler's Top100Размещение рекламы на сайтеПроизводство сайта - Студия Компас
Использование материалов с сайта возможно только при условии размещения активной ссылки на сайт.