Видео реклама

 

Сведкi часу

Саркафагі княгіні Аляксандры

Саркафагі княгіні Аляксандры

Ва Уладзімірскім Успенскім манастыры, у царкве Раства Хрыстова, знаходзяцца тры надмагілля. Надпіс на першым распавядае, што тут ляжыць вялікая княгіня Аляксандра Брачыслаўна, жонка князя Аляксандра Неўскага. Другое надмагілле належыць іх дачцэ Еўдакіі. Трэцяе... На трэцім значыцца: «Васа, жонка Аляксандра Неўскага». Другая жонка героя?! У летапісах аб ёй – ані слоўца. Пасля доўгіх доследаў было даказана, што Аляксандра і Васа – адна і тая ж асоба. Верагодна, Васай назвалі Аляксандру пры пастрыжэнні. Але навошта спатрэбіліся два надмагіллі?

Гэтая гісторыя распачалася ў 1239 годзе. Менавіта тады ў саборнай царкве горада Тарапца вянчалі маладога наўгародскага князя Аляксандра Яраславіча з полацкай князёўнай Аляксандрай Брачыслаўнай. Аляксандр быў прыгожым. «Высокі, зграбны, меў ясныя вочы, а голас яго, нібы звон, грымеў у народзе». Любоў да Бога зрабіла яго аблічча незвычайна светлым. Бацька Аляксандра лічыў, што вартай парай стане сыну яго толькі тая, якая больш за мужа будзе любіць і шанаваць Госпада Бога. Выбар прыпаў на полацкую князёўну. У першы ж год свайго жыцця ў Ноўгарадзе Аляксандра скарыла ўсіх сваёй добразычлівасцю і міласэрнасцю. Маладую сям’ю часта наведвалі духоўныя асобы, і ўсе пасля размовы з Аляксандрай хвалілі мужу ды свёкру маладую княгіню, разважлівую, рахманую, безумоўна вартую свайго высокага становішча.

Але ў Аляксандра нават у ранняй маладосці мала было часу для асабістага жыцця. Ён цалкам аддаваўся клопатам умацавання заходніх граніц Наўгародскай зямлі: то крыжаносцы, то шведы пагражалі ім. Пад кіраўніцтвам князя будавалася крэпасць на рацэ Шалоні. Ён заключаў саюзы з вугра-фінскім населеніцтвам Іжорскай зямлі, шукаў папаўнення для сваёй дружыны. Жонка неразумная і раўнівая магла б ператварыць жыццё такога мужа ў трагедыю. Аляксандра давярала Аляксандру, бо цалкам аддавалася на волю Бога Адзінага, які злучыў іх у Тарапецкай царкве. Да таго ж палачанка цудоўна ведала, што такое закаваная ў браню кавалерыя крыжаносцаў.

На досвітку аднаго з ліпеньскіх дзён 1240 года дазорныя на березе фінскага заліва пабачылі шматлікія ветразі. Іх было амаль сто. Шведы ўвайшлі ў Няву, узняліся да месца злучэння яе з Іжорай і спыніліся там. Аляксандр зразумеў, што не паспее не толькі атрымаць дапамогу ад бацькі, але нават і сабраць апалчэнне. Да таго ж Біргер, шведскі палководзец, паслаў Аляксандру выклік: «Выходзь супраць мяне, калі можаш, супраціўляйся! Я ўжо тут і вазьму ў палон зямлю тваю». Аляксандр са сваёй дружынай і атрадамі наўгародцаў, ладажан і іжорцаў, якія далучыліся да яго па шляху, накіраваўся насустрач шведам.

На крэпасной сцяне звестак пра мужа чакала Аляксандра, якая ў гэты час рыхтавалася стаць маці. Бітва працягвалася амаль да ночы. Толькі раніцай прыскакалі ганцы ад Аляксандры з добрай весткай: шведы разбіты. Нечаканы ўдар конніцы маладога князя выклікаў паніку сярод ворагаў. У той жа час пяхота наўгародская захапіла масткі, перакінутыя з караблёў на бераг, і стала прабіваць борты і днішчы, тапіць шведскія караблі. Паспрыяла паніцы шведаў і тое, што князь Аляксандр параніў самога Біргера – «усклаў пячатку на твар яго».

Вестка пра разгром шведаў выклікала вялікую радасць у Ноўгарадзе. Аляксандра ганарылася сваім мужам. Узрадавала яе і тое, што сярод лепшых воінаў гэтага дня быў названы яе зямляк Якаў Палачанін. Гэта ён адзін з мечам сваім напаў на цэлы полк шведаў і «мужастваваў надта». Летапісцы называюць яго лоўчым князя. Гэта сведчыць, што Якаў быў не дружыннікам і не госцем Ноўгарада, які далучыўся да войска, а ўваходзіў у світу Аляксандра. Хутчэй за ўсё быў ён адным з тых палачан, якія разам з Аляксандрай Брачыслаўнай прыехалі ў Ноўгарад з Полацка.

Пераможцаў сустракалі ў Ноўгарадзе святочным звонам. Князя Аляксандра сталі называць заступнікам, «надёжею», Неўскім. Аляксандра ператварылася ў жонку героя. Яна добра ведала, што гэта значыць для яе. Разумела, што цяпер больш, чым раней, яна мусіць быць вартай яго. Хутка лёс паслаў княгіні новае выпрабаванне, даўшы магчымасць даказаць мужу сваю вернасць і адданасць.

Рыцары Лівонскага ордэна захапілі Пскоў. Страшная небяспека навісла над Вялікім Ноўгарадам. Разумеючы ўсю складанасць становішча, Аляксандр патрабаваў ад наўгародскага баярства вялікіх грошай на падрыхтоўку да вайны. Але баяры грошай не далі. Аляксандр вымушаны быў пакінуць горад. Ён забраў маці, жонку, нованароджанага сына Васілія, увесь двор і дружыну, і перабраўся ва ўладанні бацькі, у горад Пераяслаў-Залесскі. Падзяліўшы з мужам славу ў дні радасці, Аляксандра дзяліла цяпер з ім сум і людское неразуменне.

Вельмі хутка наўгародцы зразумелі, якую памылку здзейснілі, і зноў запрасілі князя Аляксандра да сябе. І ён вярнуўся, каб абараніць няўдзячны горад… Былі перамогі над крыжакамі пад Ноўгарадам і Псковам; праз два гады – небывалае паражэнне рыцараў на Чудскім возеры, якое ўвайшло ў гісторыю як Лядовае пабоішча; наладжванне дыпламатычных стасункаў з Залатой Ардой, якое патрабавала нямалай мужнасці. Аляксандр, які быў не толькі палкаводцам, але і дальнабачным палітыкам, разумеў, што пакуль змагацца з татарамі немагчыма. Таму аддаваў усе свае сілы на тое, каб не дапусціць новых спустошанняў рускіх земляў з боку Залатой Арды.

Жыццё яго вернай спадарожніцы Аляксандры Полацкай між тым для жанчыны таго часу было даволі насычаным. Яна была незвычайнай малітоўніцай, яе просьбы заўжды даходзілі да Бога. І дзівосы здараліся. Княгіня штодзень рабіла малітву пра абаронцаў роднай зямлі. Раздавала грошы наўгародскім воінам, якія сталі калекамі на ратным полі, суцяшала ўдоў, клапацілася пра сірот. Лічыла сваім абавязкам наведваць манастыры, была духоўна блізкай да ігуменні Наўгародскага Петрапаўлаўскага манастыра Харыціны. Гэтая жанчына, у мінулым таксама князёўна, дачка літоўскага князя, вымушана была шукаць прыстанку ад сваіх ганіцеляў на чужыне. Тут Харыціна пастрыглася ў манахіні і з часам так вылучылася сярод святых сясцёр, што стала ігуменней.

Аляксандра была побач з мужам да самага канца. Яшчэ траіх сыноў падаравала яна яму – Дзмітрыя, Андрэя, Данілу – і дачку Еўдакію. Цяжкія часы давялося перажыць княгіні, калі раптоўна пачаліся спрэчкі і непаразуменні паміж Аляксандрам і старэйшым сынам Васіліем. І якім ні быў дарагім яе сын, яе першынец, Аляксандра заўжды станавілася на бок мужа, імкнучыся пагасіць канфлікт.

У 1263 годзе Аляксандру Неўскаму ў чарговы раз давялося ехаць у Залатую Арду. Ён «збавення дзеля хрысціянскага» прабыў там больш года. Яму не суджана было пабачыць зноў родны Ноўгарад. На шляху дамоў князь раптам расхварэўся і, даехаўшы толькі да Ніжняга Ноўгарада, памёр у Фёдараўскім манастыры. Людзі, якія суправаджалі Неўскага, шапталіся паміж сабою пра атруту, падсыпаную іх князю і гаспадару «нехрысцямі-татарамі».

Што значыла цяпер жыццё для Аляксандры?! Застаўшыся адна, княгіня зрабіла тое, што здзейсніла б любая славянская жанчына яе становішча і часу. Каб даказаць вернасць мужу, яна пастрыглася ў манахіні.

Тры стагоддзі расійскія гісторыкі спрачаліся пра загадку, якую задала Аляксандра нашчадкам, пакінуўшы пасля сябе два саркафагі. Пакуль не стала адкрыта, што на абодвух – імёны адной і той жа жанчыны.Такім было жаданне самой княгіні. Ёй не хацелася, каб жонка Аляксандра Неўскага перажыла мужа. Таму і з’явіўся саркафаг «памерлай ад гора княгіні», а сама Аляксандра, ператварыўшыся ў сястру Васу, зачыняецца ў келлі. Прайшло яшчэ некалькі сумных гадоў – і побач з надмагіллем княгіні Аляксандры з’явілася магіла манахіні Васы.

У XV стагоддзі рускі пісьменнік-манах Ермалай-Еразм напісаў прыгожы твор пра каханне – «Повесць про Петра и Февронию». Галоўныя героі яго, мурамскія князь і княгіня, сучаснікі Неўскага, самааддана кахалі адно аднаго і, дажыўшы да глыбокай старасці, разам пастрыгліся ў манастыр. Яны правялі ў рахманай малітоўнасці апошнія свае месяцы і памерлі ў адзін дзень, супакоіўшыся ў адной магіле. Як шкада, што аўтар «Жыція святога Аляксандра Неўскага» не быў лірыкам. Інакш уся Русь зачытвалася б не менш прыгожай гісторыяй кахання Аляксандра і Аляксандры.

 

 
Rambler's Top100Размещение рекламы на сайтеПроизводство сайта - Студия Компас
Использование материалов с сайта возможно только при условии размещения активной ссылки на сайт.