Видео реклама

 

Асоба

Чацвёртая жонка манарха

Чацвёртая жонка манарха

Лёс часам бывае нялітасцівы да манархаў. Так здарылася ў жыцці вялікага князя літоўскага, а пазней польскага караля Ягайлы, што ўсе тры шлюбы не прынеслі яму спадчынніка. Але кароль упарта жадаў сына. Таму ў 1422 годзе сямідзесяцічатырохгадовы манарх надумаў жаніцца ў чацвёрты раз.

У «Хроніцы Быхаўца» даволі падрабязна апісана, як Ягайла прыйшоў да гэтага рашэння. Са сваёй чарговай абранкай, маладзенькай князёўнай Гальшанскай, кароль сустрэўся выпадкова, калі гасцяваў у Друцкім замку яе дзядзькі князя Сямёна. Соф’я не адрознівалася яркай красой, якой славілася, напрыклад, каралева Ядзвіга, першая жонка Ягайлы. Князёўна Гальшанская скарыла старога караля свежасцю сваёй маладосці. Подобная больш да духмянай палявой кветкі, чым да пышнай ружы, магчыма, князёўна і не была створана для кароны. Але манарх захапіўся і прыняў рашэнне.

Сватам папрасіў быць свайго стрыечнага брата, вялікага князя літоўскага Вітаўта, з якім у яго былі дзіўныя і незразумелыя стасункі: то яны кляліся ў вечнай дружбе, то пачыналі прыгадваць узаемныя крыўды і ледзь не аб’яўлялі адзін аднаму вайну.

Цікавы факт: трэцяя жонка Вітаўта Ульяна была стрыечнай сястрой Соф’і Гальшанскай. Вітаўт, маючы вопыт у справах сватаўства (ён выступаў у гэтай ролі, калі палякі прапаноўвалі Ягайлу руку сваёй маладзенькай каралевы Ядзвігі), звярнуўся да Сямёна Друцкага. Але той нечакана ашаломіў яго адмовай. Растлумачыў і прычыну. У Соф’і ёсць сёстры Марыя і Васіліса. Марыю можна не лічыць – яна яшчэ дзіця. А вось Васіліса – старэйшая з трох. Яна павінна выйсьці замуж першай, абавязкова раней Соф’і. Інакш потым яе ніхто не возьме. Будуць думаць, што ў дзяўчыны нейкая загана, таму што малодшую ўзялі, а ад старэйшай адмовіліся.

Сямён прапанаваў Вітаўту сватаць менавіта Васілісу. Тым больш што яна была прыгажэйшай за Соф’ю. Вітаўт згадзіўся з гэтай прапановай і стаў угаворваць Ягайлу пашлюбавацца са старэйшай Гальшанскай. Але кароль не пажадаў мяняць свайго рашэння. Як чалавек, які пражыў доўгае жыццё і нядрэнна разбіраўся ў людзях, ён адчуў тэмперамент старэйшай пляменніцы Сямёна. Па яго словах, яна мела «вус» (пушок над вуснамі). Па гэтай прыкмеце кароль вылучыў, што Васілісе патрэбны муж малады і энергічны. Ягайла баяўся аказацца «не на вышыні» ў ложку такой жанчыны.

Перамовы зайшлі ў тупік. Тады было знойдзена кампраміснае рашэнне. Васілісе хутка адшукалі жаніха. Ім стаў князь Іван Бельскі. Перашкод больш не было. Шаснаццацігадовая Соф’я была выдадзена замуж і стала польскай каралевай. Вянчанне адбылося ў Навагрудскім касцёле. Для таго каб можна было стаць жонкай караля польскага, праваслаўнай Соф’і давялося перайсці ў каталіцтва. Але таемна яна працягвала спавядаць веру сваіх продкаў і старалася прытрымлівацца пастоў і адзначаць святы па ўсходнім хрысціянскім календары. Калі ж падбухтораны падданымі-палякамі Ягайла пачынаў наракаць сваёй каралеве за гэта, яна прыводзіла такія моцныя аргументы ў сваю карысць і так красамоўна даказвала сваё права на прыём поснай або скаромнай ежы, што ўражаны Ягайла адступаў. Красамоўства сапраўды было адным з талентаў юнай каралевы. Талентам нязвычным для тых, хто кічліва адмаўляў жанчыне ў роўнасці з мужчынай.

Хутка маладая каралева нарадзіла старому каралю аднаго за адным дваіх сыноў. Каралевічаў ахрысцілі Уладзіславам і Казімірам. А калі каралева зацяжарыла і ў трэці раз, Ягайла быў на вяршыні шчасця. Цяпер ён песціў Соф’ю, як ніводную са сваіх мінулых сужэнак, і гатовы быў лічыцца з любым яе капрызам.

А вось зайздрослівы Вітаўт ужо горка шкадаваў, што так настойліва дамагаўся шлюбу Ягайлы з Соф’яй. Ён быў проста ўпэўнены, што ў такім старэчым узросце Ягайла не зможа стаць бацькам. А там нядоўга дачакацца і яго смерці. Тады Вітаўт мог бы разлічваць на прастол Ягайлы. Чамусьці вялікі князь літоўскі не думаў пра свой уласны ўзрост, а ён жа быў ненашмат маладзейшым за Ягайлу. Напэўна, як і ўсе ўласныя і эгаістычныя асобы, ён не хацеў заўважаць відавочнае, калі справа тычыла яго ўласнага ўзросту, характару і знешнасці. Як бы там ні было, але спадзяванні Вітаўта на хуткую бяздзетную смерць Ягайлы не збыліся. І тады ён прыдумаў надта хітры план, які мог бы забяспечыць яму здзяйсненне шматгадовай мары.

Вялікі князь вырашыў аспрэчыць правы сыноў Соф’і на польскую карону, нават калі для гэтага давядзецца загубіць іх маці. Ён улічыў усё. У першую чаргу раўнівы характар Ягайлы. А яшчэ – непапулярнасць каралевы-беларускі, якая так і не прыняла ў душы сваёй польскія звычаі і польскую веру.

У 1427 годзе на Гарадзельскім сейме вялікі князь літоўскі папрасіў слова і проста спытаўся ў караля, як таму ўдаецца, нягледзячы на свае гады, трымаць сябе ў такой выдатнай форме? Спадчыннікі з’яўляюцца адзін за адным! Ці не знайшоў у гэтай справе Ягайла сабе памочніка? Здаецца, каралева збіраецца ў трэці раз стаць маці? Варта заняцца падлікам дзён, і тады лёгка будзе вылічыць сапраўднага бацьку будучага дзіцяці.

Сейм загудзеў, бы растрывожаны вулей. Але ніхто з яснавяльможных не заступіўся за Соф’ю – такімі праўдападобнымі падаваліся словы Вітаўта.

Стары кароль павёў сябе, як сапраўдны Атэла. У раз’юшанасці ён кінуўся да жонкі з патрабаваннямі назваць імя каханка. Соф’я, па ўзросце амаль дзяўчынка, сумленная, не знаёмая з інтрыгамі, толькі плакала, упрошваючы раўніўца паверыць яе словам. Але на гэты раз красамоўства каралевы ў вачах Ягайлы выглядала толькі яшчэ адным сведчаннем яе віны.

Пасля каралевы Ягайла абрынуў сваю ярасць на прыдворных. Ён загадаў арыштоўваць усіх больш-менш сімпатычных маладых рыцараў, якія маглі патэнцыяльна быць палюбоўнікамі Соф’і. Астатнія пад час прыёмаў вымушаны былі хаваць вочы пад прыдзірлівым позіркам свайго манарха. Нават прыдворныя больш сталага ўзроста не адчувалі сябе ў бяспецы, бо ў вачах васьмідзесяцігадовага старога і пяцідзесяцігадовы муж выглядаў ледзь не юнаком.

Не дабіўшыся «праўды» ад жонкі, стары раўнівец вырашыў выведаць яе ў Соф’іных фрэйлін. Некалькіх жанчын схапілі і падверглі катаванням. Дзве з іх, сёстры Катажына і Альжбэта Шчукоўскія, не вытрымалі і абалгалі сваю гаспадыню. Яны назвалі імя маладога і прыгожага рыцара Генрыка з Рогава. Кат заняўся гэтым маладым чалавекам. Але высакародны рыцар трымаўся мужна і непахісна. Нават на дыбе, нават пад пагрозай распаленага жалеза ён паўтараў, бы малітву: «Каралева не здраджвала каралю».

Яго цвёрдасць уратавала Соф’ю. Суд задаволіўся тым, што яна прынесла ачышчальную прысягу і на Бібліі паклялася, што не здраджвала мужу. Пасля ўсіх гэтых драматычных падзей мір у каралеўскай сям’і аднавіўся. І Соф’я ў трэці раз стала маці. Пад час судовых разборак малалетні каралевіч Казімір, пазбаўлены па волі караля матчынага нагляду, захварэў і памёр, і таму трэцяму сыну Ягайлы далі яго імя – Казімір.

У 1434 годзе Ягайла памёр. Каралём стаў дзесяцігадовы сын Соф’і Уладзіслаў. Апякункай малалетняга караля па ўсіх правілах павінна была стаць яго маці. Але палякі ледзь цярпелі яе. Яны не маглі і не жадалі падпарадкоўвацца гасударыні, якая мела «ліцвінскае» паходжанне і выхоўвала сыноў сваіх у любові да Вялікага княства Літоўскага. Таму апекунамі, а фактычна і правіцелямі, стала купка польскіх магнатаў. Самымі ўплывовымі з іх былі прадстаўнікі родаў Алясніцкіх і Тэньчыньскіх. Удовая ж каралева засталася не ля спраў. Яна назірала, як мужнеюць яе сыны. Ганарылася імі. Ціхенька старэла.

У 1443 годзе старэйшы сын Соф'і Уладзіслаў Ягелон, які зусім нядаўна ў дапаўненне да польскай кароны атрымаў венгерскую, ужо ў якасці венгерскага манарха распачаў ваенныя дзеянні супраць турак, якія пастаянна пагражалі мадзьярам. 10 лістапада наступнага года кароль-рыцар сам узначаліў атаку на турак. Аднак лёс адвярнуўся ад Уладзіслава. Амаль усе яго воіны загінулі. Сам жа кароль знік. Цела яго так і не было знойдзена. Маці доўга не магла паверыць у пагібель сына і да самай сваёй смерці спадзявалася на цуд.

У апошнія гады жыцця Соф’я наблізіла да сябе мужнага Генрыка з Рогава, адзінага, хто адстойваў яе жаночы гонар, калі ўся Польшча абвінаваціла яе ў здрадзе. Лёс звёў іх пасля столькіх выпрабаванняў. Яны не пажаніліся, не абвянчаліся. Моўчкі кахалі адно аднаго. Генрык стал саветнікам Казіміра, сына Соф’і, які змяніў брата на прастоле. У 1461 годзе каралева, завяшчаўшы пахаваць яе па праваслаўным абрадзе, памерла. Як усе бязгрэшныя душы, ціха, без пакутаў. Яна паспела паклапаціцца пра тое, каб пасля яе канчыны Генрык, рыцар нязнатны і небагаты, стаў забяспечаным чалавекам, узнагародзіўшы праўдзівага і шчырага прыхільніка за яго адданасць.

Теги: архив  асоба  
 

 
Rambler's Top100Размещение рекламы на сайтеПроизводство сайта - Студия Компас
Использование материалов с сайта возможно только при условии размещения активной ссылки на сайт.