Видео реклама

 

Паданне

Вітаў грэх

Вітаў грэх

Ці ведаеце вы вёску Вітаўка, што недалёка ад Дзяржынска? Звычайнае невялічкае паселішча, якіх шмат на Беларусі. Хто скажа цяпер, што месца гэтае было калісьці славутае багатай сядзібай, зухаватым гаспадаром, пяшчотнай гаспадыняй, дзіўнымі падзеямі? Дайшла да нас з тых часін толькі назва сядзібы, якая ператварылася ў назву вёскі.

Калісьці Вітаўка належала шляхцічу Віту. Быў ён адважны вершнік, лепшы стралок у гэтым краі, і таму карыстаўся заслужанай павагай яснавяльможных суседзяў. Быў ён вясёлы субяседнік, галантны кавалер, і таму ад пана Віта гублялі розум яснавяльможныя суседкі ўсіх узростаў. Быў ён добрым клапатлівым бацькам, і таму ў кожным маленні сваім дзякавала Богу за гэта адзіная дачка яго, рахманая Ірына. Ірына праславілася сярод усіх нявест краю незвычайнай, незямной прыгажосцю і набожнасцю. Была панна белатварая, светлакосая, празрыставокая. Здавалася, абдымеш такую, і растане яна, як веснавы снег, расцячэцца па зямлі звонкай ручаінай. Уздымецца лёгкім туманам да нябёсаў, якім так прагна і шчыра малілася красуня.

А вось бацька яе, шляхціч Віт, у храме Божым рэдка з’яўляўся, хаця любіў да слова прыгадаць, што ён – хрысціянін і звык ставіцца да блізкіх сваіх па-хрысціянску. А набажэнствы? Ну што тыя набажэнствы?

– У сапраўднага мужчыны заўсёды знойдзецца справа больш важная, чым кленчыць перад абразамі, – усміхаўся Віт. І ўсё прабачалася яму за тую шчырую ўсмешку.

Так жыў шляхціц Віт, пакуль не пачалася вайна са шведамі і не паўстала пытанне, чый бок у ёй прыняць гаспадару Вітаўкі: рускі ці то шведскі. Доўга думаў над гэтым зухаваты пан, шукаў выгод, ды так ні на што і не адважыўся.

– Я – літвін. Калі мяне не крануць, дык і я нікога не крану, – прыйшло ўрэшце яму ў галаву. І пачаў ён усім казаць: ён, маўляў, хрысціянін, і не можа супроць адзінаверцаў ісці. А рускія ці шведы – усе хрысціяне.

Памятаючы пра зухаватасць Вітаву, ніхто не рашаўся абвінаваціць яго ў баязлівасці. Таму толькі паціскала плячыма шляхта, здзіўляючыся гэткаму рашэнню.

– Будуць рабаваць цябе цяпер, Віце, і тыя і гэтыя, – папярэджвалі ганарыстага шляхцюка, – для ўсіх будзеш ворагам.

– А, глупства! – адказваў той, пакручваючы вус. – Богаў наказ выконваю, Бог і абароніць. А калі нявартым яго дапамогі акажуся, дык дачка літасць Божую вымаліць. Яна ж у мяне амаль манашка.

Ведаў Віт, пра што гаварыў. Вось ужо некалькі дзён, даведаўшыся пра бацькава рашэнне, не адыходзіла ад абразоў Ірына. І маліла яна Госпада ўратаваць бацьку ад кулі, а Вітаўку – ад разбурэння.

Мабыць, пачулі нябёсы шчырае маленне, таму што неяк уначы дзіўны голас, нячутны для іншых, узняў з ложка шляхціча Віта.

– Віце, Віце! Устань, Віце, ідзі ў двор! Стрэльні, Віце, у цемру!

Нейкая незразумелая моц гучала ў загадзе гэтым, і сам не ведаючы навошта, упершыню падпарадкаваўся пан Віт чужой волі. Нібы ў сне, зняў ён са сцяны сваю паляўнічую стрэльбу, выйшаў на ганак, наўздагад стрэліў проста перад сабою.

Быццам раскацістае рэха падхапіла гэты гук і паўтарыла два, тры… дзесяць разоў запар. І зразумеў Віт, што гэта ўжо стрэлы з іншых стрэльбаў. Пачуліся крыкі, шум барацьбы, стогны, енк. Збегліся тут усе насельнікі сядзібы, успыхнулі паходні. Страшэннае відовішча паўстала перад аслупянелым шляхцічам. Увесь двор быў поўны шведаў. Разбіўшыся на два атрады, яны жорстка біліся адзін супраць аднаго. У жаху сачылі за крывавымі падзеямі слугі Вітавы. Сышла ўніз і бледная Ірына. Калі апошнія двое, цяжка параненыя, з хрыпеннем кінуліся ў смяротныя абдымкі, каб праз хвіліну сціхнуць назаўжды, прамовіла панна Ірына:

– Дзіва! Дзіва незвычайнае паказаў нам Гасподзь! У крыві ж уласнай маглі ляжаць тут мы, загінуўшы ад рук шведаў. Усявышні выратаваў верных яму, уклаўшы ў бацькаў стрэл вялікую моц. Са стрэлам гэтым вочы шведаў зацягнула заслона, і ўбачылі яны ворагаў у сваіх паплечніках. Схіліцеся ж перад Богам вялікім! Маліся і ты, бацька! Хаця б цяпер...

І сказаў тады сваім людзям шляхціч Віт:

– Ірынінымі маленнямі ўратаваліся мы ў гэтую ноч. Пры ўсіх слова даю: тры чвэрці ўсяго багацця, якім валодаю, з гэтых часін будзе належаць маёй дачцэ як пасаг. І няхай ўзнясецца ў нябёсы купаламі сваімі царква, пабудаваная ўдзячным Вітам!

Мінула шведская навала і вырасла на двары Вітавай сядзібы мураваная царква. І слава пра цуд, што адбыўся ў Вітаўцы, пайшла па ўсёй зямлі. Прыходзілі паломнікі ў гэтыя мясціны, каб пакланіцца, прыносілі шчодрыя дары Вітаўскай царкве ды гаспадару Вітаўкі. Хутка пан Віт стаў лічыцца адным з самых багатых людзей краю.

Кажуць, золата псуе чалавека. Няпраўда, яно толькі выкрывае сапраўдную чалавечую існасць. Нечакана набытае багацце паказала, што зух Віт – скупеча. Хаця па-ранейшаму двор яго быў адкрыты для гасцей, усё больш хмурым станавіўся ў часы такіх прыёмаў гаспадар Вітаўкі. Ён моўчкі падлічваў, у колькі абыйдзецца яму чарговы пір.

Невясёлай стала і Ірына. Ішоў Вітавай дачцэ ўжо дваццаты год, а бацька ўсё адхіляў ды адхіляў прапановы тых маладых людзей, што прасілі рукі панны. Ірына па-ранейшаму падабалася многім, але ўсё радзей з’яўляліся на Вітавым падвор’і сваты.

Адмаўляючы чарговаму жаніху, супакойваў Віт дачку:

– Адчувае бацькоўскае сэрца, не цябе дабіваецца гэты маладзён, а твайго пасагу, тры чвэрці маёмасці. Пачакай, Ірына, тваё шчасце наперадзе.

– Я – пакорлівая дачка, – уздыхаючы, адказвала панна. – Якая б ні сталася бацькоўская воля, прыму яе.

Аднак час ішоў, і лёс Ірыны трэба было ўладкоўваць. Што рабіць? Шкада з любімай дачкой развітвацца – яшчэ больш шкада губляць багацце.

Вось ідзе на споведзь да святара Вітаўскай царквы гаспадар маёнтка.

– Парады тваёй прашу, бацюшка. Ці не грэх багацце, пасланае Богам, аддаваць у несумленныя рукі якога-небудзь маладога блазнюка?

– Грэх, – цвёрда адказвае святар.

– Я так і думаў. Скажы яшчэ, ці не грахом будзе аддаваць прыгажуню і разумніцу чалавеку, які не кахае і ніколі не ацэніць яе, таму што квапіцца толькі на пасаг?

– Вялікі грэх, – хмурыцца святар.

– І мне так думалася, – ківае галавою Віт. – Дай жа спытаю ў цябе апошняе. Скажы, ці не грахом будзе мужу, які пакляўся перад смяротным жончыным ложкам выканаць яе апошнюю волю, забыцца пра гэтую клятву?

– Гэты грэх з трох будзе самы вялікі, – паважна адказвае святар. – Не здзейсні яго, сын мой.

– Што ж, – устае з кален узрадаваны Віт, – я даведаўся пра ўсё, пра што хацеў. Рыхтуйся ж, бацюшка, у нядзелю абвянчаць мяне з паннай Ірынай.

– З роднай дачкою?! – ускрыкнуў спалоханы святар.

– Ты ведаеш усе таямніцы нашай сям’і, поп. Вядома табе, што даў я слова паміраючай жонцы клятву не браць шлюбу з той, якая будзе непадобная да яе. Не сустракаў я ніколі такой жанчыны, каб можна было, не парушаючы клятвы, ажаніцца з ёю. Але цяпер гляджу на дачку сваю Ірыну, а яна нібыта маці яе ў маладосці. Узяўшы шлюб з паннай Ірынай, яшчэ ўберагу яе і ад нявартага мужа. А таксама захаваю і багацце Вітаўкі некранутым.

Не паспеў святар запярэчыць, як на алтар з кашаля пана Віта праліўся залаты дождж. І такі шчодры быў ён, што толькі згодна кіўнуў, аблізаўшы раптам перасохлыя вусны, бацюшка.

Нібыта празрыстая танюткая свечачка з трапяткім агеньчыкам, што аплывае воскам ля абразоў, раняе слёзы перад іконай Багародзіцы Ірына. І моліць Прасвятую літасці да яе, гаротніцы, бледная панна:

– Прасвятлі розум майго бацькі, бо не ведае, што робіць! Не дапусці шлюбу бязбожнага і ганьбы маёй! Лепш Ірыне самотнай чарніцай сысці ў магілу, чым выканаць тое, што задумаў грэшнік! Прыму пострыг, Прасветлая, калі доля гэткая абміне мяне…

У прызначаны дзень з’ехаліся на Вітаў двор шляхетныя госці. У здзіўленні перашэптваліся яны, імкнучыся разглядзець пад густым вэлюмам твар нявесты, бо не сказаў ім Віт, з кім задумаў вянчацца. Калі ж пайшлі да алтару, адкінуў уладар Вітаўкі з твару маладой тканіну, і выкрыкі гневу і абурэння ўзарвалі царкоўную цішыню. Спыніўся ў нерашучасці поп, але кіўнуў яму шляхціч, і ўзняліся над галавою грахоўнага бацькі і няшчаснай дачкі залачоныя вянцы.

І тады скацілася па шчацэ Ірыны, упала на падлогу горкая сляза. І была яна такой гарачай што прапаліла царкоўную падлогу, прайшла скрозь зямлю і нарадзіла вялікае полымя ў нетрах яе.

Затрэслася зямля, застагнала. Выпалі вянцы з рук сведкаў ганебнага шлюбу, пакаціліся па падлозе залатыя пярсцёнкі, якімі так і не паспелі абмяняцца жаніх і нявеста, абваліўся алтар. Замітусіліся ў страху шляхетныя госці, ратуючыся ад нечаканай пагібелі. І толькі адна Ірына ў лёгкім белым адзенні не рушыла з месца. Укленчыўшы, яна ўзняла рукі ў высокім маленні. Вакол яе бушаваў агонь, але ніводная іскрынка не ўпала на Ірыну. Разбуралася ад моцных штуршкоў сядзіба, развальвалася па каменьчыку царква, але ніводны з іх нават не зачапіў дзяўчыну.

Ашалелы, спалоханы Віт дарэмна імкнуўся ўберагчыся ад смерці. Разышлася зямля – і знік са страшэнным крыкам у нетрах яе грэшны гаспадар Вітаўкі. Усё скончылася толькі тады, калі ад апаганенага страшным грахом жытла зухаватага шляхціца не засталося нічога.

Жывымі, але вельмі спалоханымі вярнуліся дамоў госці. Са страхам расказвалі яны, як пад час землятрусу да ўкленчанай Ірыны наблізіліся з абодвух бакоў постаці ў белым адзенні са светлымі тварамі. Яны моўчкі знялі з яе галавы вэлюм, надзелі манаскі клабук і зніклі.

Мабыць, і прымроілася ўсё гэта шаноўным панам. Але як бы там ні было, Ірына стрымала слова, дадзенае Багародзіцы, і да скону ў святым манастыры замольвала вялікі бацькаў грэх.

З тых часін пышная багатая Вітаўка ператварылася ў звычайнае паселішча, якіх так шмат на Беларусі.

Теги: архив  паданне  
 

 
Rambler's Top100Размещение рекламы на сайтеПроизводство сайта - Студия Компас
Использование материалов с сайта возможно только при условии размещения активной ссылки на сайт.