Видео реклама

 

Падзея

Каралева рамансу

Каралева рамансу

У 1890 годзе, 100 гадоў таму, у Брэст-Літоўску нарадзілася выдатная спявачка Вольга Янчавецкая.

У першыя гады пасля заканчэння Другой сусветнай вайны адным з найлепшых рэстаранаў югаслаўскай сталіцы лічыўся «Скадарлія». Прычым вабіла гэтая ўстанова не толькі і не столькі майстэрствам мясцовых кухараў, але і сваёй даволі насычанай «культурнай праграмай». Аднойчы ў гэтую установу нечакана зайшоў сам усемагутны прэзідэнт Югаславіі Іосіп Броз Ціта. Мэтрадатэль аслупянеў. Потым, ачуняўшы, зароў: «Спыніць музыку! Цішыня!». Аднак Ціта не ўхваліў учынак заклапочанага адміністратара. «Я знарок завітаў да вас, каб паслухаць спявачку Вольгу», – патлумачыў ён. І рэстаранная спявачка пакланілася прэзідэнту. Пасля нядоўгай паўзы ў зале загучаў страсны цыганскі раманс, слухаючы які хацелася суперажываць, плакаць, біць у адчаі рэстаранны посуд і… кідаць грошы, як кветкі, проста пад ногі чароўнай выканаўцы…

Вольгу тут любілі. Вольгай ганарыліся. Яна ўражвала сваёй магчымасцю працаваць на рэстаранных падмостках так, нібыта гэта была сцэна філармоніі, і спявала кожны раз, як у апошні. Прозвішча спявачкі было Янчавецкая, родам яна была з Беларусі.

Дзяўчынка з’явілася на свет у сям’і штабс-капітана расійскай арміі Пятра Вінаградава, які ў той час служыў у гарнізоне Брэсцкай крэпасці. Яе маці Наталля Ігоўская таксама паходзіла з вайсковага асяроддзя. Дзед, палкоўнік у адстаўцы Іван Ігоўскі скончыў сваю службу камандзірам двух батальёнаў Віленскага палка, расквартараваных у Пінску.

Сям’я Вінаградавых была далёка не маленькай. Пасля Вольгі нарадзіліся яшчэ дзве дзяўчынкі – Наталля ды Ганна і два хлопчыкі – Мікалай і Сяргей. Хто ведае, як склаўся б лёс Вольгі, каб не трагічны выпадак. У 1900 годзе яе бацька выехаў у службовую камандыроўку ў Варшаву і там захварэў. Медыкі нават не здолелі паставіць яму дыягназ. Праз тыдзень штабс-капітана не стала. Асірацелая сям’я пазбавілася адзінага карміцеля. Праўда, дапамагаў дзед-адстаўнік. Але ўсё роўна сродкаў на дастойнае жыццё не хапала. Тады дзядуля, прыгадаўшы пра свае даўнія сувязі, уладкаваў старшую ўнучку ў адну з найстарэйшых жаночых гімназій Санкт-Пецярбурга. Дзесяцігадовая дзяўчынка з «глухой правінцыі» хутка прыцягнула ўвагу настаўнікаў сваёй недзіцячай разважлівасцю, якая дзіўна спалучалася з рашучасцю і энергічнасцю. Да таго ж папярэдняя хатняя адукацыя, атрыманая ёю, дазваляла гімназістцы адразу стаць выдатніцай. А яшчэ ў Вольгі выявіліся бездакорны музычны слых і моцны прыгожы голас. Так што з’явілася магчымасць прыцягваць яе да ўдзелу ў папулярных на той час дабрачынных канцэртах.

Вольга скончыла гімназію з залатым медалём і адразу здолела ўладкавацца ў часопіс «Ученик» на пасаду сакратара рэдактара. Яе начальнікам стаў вельмі незвычайны чалавек – шырокавядомы сваімі «авантурамі» і «дзівацтвамі» ў журналісцкіх колах сталіцы Васілій Рыгоравіч Янчавецкі. Ён, напрыклад, здзейсніў доўгае і поўнае небяспекі падарожжа па Манголіі. Да таго ж стаў адным з заснавальнікаў рускага бойскаўцкага руху. А яшчэ чалавек гэты меў арыстакратычныя манеры, свецкі лоск, незвычайнае абаянне. Нядзіўна, што юная сакратарка ўсур’ёз захапілася сваім патронам. Дзіўна, што ён адказаў ёй узаемнасцю. А можа, Васілія Рыгоравіча зачараваў голас Вольгі? Нізкі, густы, страсны… Яны хутка абвянчаліся. Вольга ўзяла прозвішча мужа, пад якім неўзабаве і набыла вядомасць як спявачка.

Дарэчы, гэтаму таксама спрыяў Васілій Рыгоравіч. Першае, чым ён заклапаціўся пасля вяселля, было ўладкаванне жонкі ў оперную школу, дзе Вольга патрапіла ў клас славутага прафесара Вірджыніі Дамелі. Адшліфаваны прафесіяналамі прыродны талент Вольгі раскрыўся, нібыта кветка. На выпускных экзаменах яна так выканала партыю Кармэн, што адразу ж атрымала прапанову стаць салісткай Пецярбургскага імператарскага музычнага тэатра. Гэтак распачалася яе музычная кар’ера. Няспынныя рэпетыцыі, выступленні, гастролі… Ім не перашкодзіла нават нараджэнне ў 1911 годзе сына Мішы. Вольга спявала ў мірны час і працягвала выступаць пасля абвяшчэння вайны. Першай сусветнай.

Гэта быў час слёз і развітанняў. Расстацца давялося і сям’і Янчавецкіх. Мужа накіравалі ў якасці карэспандэнта Расійскага тэлеграфнага агенцтва ў Канстанцінопаль. Ён вырашыў забраць з сабой Мішу, каб звезці яго ад полымя вайны, якое бушавала ў Еўропе. Вольга не пярэчыла. Яна добра разумела, што з-за пастаянных выступленняў ёй не будзе часу даглядаць хлопчыка.

А ў 1915 годзе Расію пакінулі абодва браты Вольгі Янчавецкай. У званні прапаршчыкаў яны змагаліся з германцамі ў Галіцыі. За ўласны гераізм былі ўзнагароджаны ордэнамі Святога Георгія. А потым у складзе гэтак званага рускага экспедыцыйнага корпуса трапілі ў Францыю, дзе ваявалі да самага заканчэння Першай сусветнай вайны. Яны не рашыліся вярнуцца на радзіму, дзе рэвалюцыя знішчыла літаральна ўсё, што яны ведалі і любілі. У тым жа 1918 годзе апынулася за мяжой і Вольга – у новаспечанай дзяржаве Румыніі. Тут яна пабачылася з мужам і сынам. Янчавецкі збіраўся ехаць у Расію. Ён быў упэўнены, што зможа знайсці паразуменне з новымі ўладамі. Вольга не згаджалася падзяліць з мужам поўны небяспекі шлях. Баялася. Чаго? Цяжка сказаць. Тым больш што і на чужыне будучыня яе была няпэўнай. Як бы там ні было, сужэнцы зноў развіталіся. І ўжо, як аказалася, назаўжды. Васілій Рыгоравіч з Мішам рушылі на радзіму. Вольга засталася ў Румыніі. Два гады яна перабівалася выпадковымі заробкамі і жыла беспрытульна. У 1920 годзе вырашыла шукаць шчасця ў Югаславіі. Прыехала туды літаральна на апошнія грошы, без усялякіх каштоўнасцяў. Зрэшты, адна была. Цудам захаваўся сцэнічны касцюм рускай баярышні. Яго прывезла Вольга ў Загрэб у лёгкім чамаданчыку.

Янчавецкай дапамог выпадак. У Югаславіі яна сустрэла знаёмых артыстаў, якія злаўчыліся ўжо стварыць тут вандроўны музычны тэатр. Вользіна з’яўленне віталі. Спявачкі такога высокага ўзроўню ў трупе не было. Яна адразу стала выканаўцай галоўных роляў у спектаклях тэатра. З Вольгай артысты накіраваліся ў вялікі ваяж па астравах Адрыятычнага мора, дзе іх даволі цёпла прымалі. Але хутка бадзяжнае жыццё стала абцяжарваць Вольгу. Яна рызыкнула адлучыцца ад трупы і распачаць сольную кар’еру. Спявачку ахвотна ўзялі на працу ў адным з рэстаранаў Загрэба. Тут бывала шмат рускіх эмігрантаў, у асноўным вайскоўцаў. Яны слухалі рамансы ў выкананні Янчавецкай і рыдалі – у голасе яе было столькі тугі і болю, столькі наканаванасці. Усё гэта як нельга лепш адпавядала іх пачуццям, пачуццям адрынутых Радзімай людзей.

У Вольгі з’явіліся прыхільнікі. І нават вельмі забяспечаныя, якія маглі дарыць каштоўныя падарункі. Неаднаразова чула яна любоўныя прызнанні і прапановы рукі і сэрца. Але Вольга нагадвала ім, што яна ўсё яшчэ замужняя жанчына, вянчаная перад Богам і людзьмі. Адзін з адрынутых закаханых нават страляў у спявачку з рэвальвера. Праўда, прамахнуўся, быў схоплены, моцна збіты і выкінуты з рэстарана. А кулю знайшлі, і Вольга зрабіла з яе амулет.

Аднак Вольга хлусіла сваім прыхільнікам, спасылаючыся на замужжа. Вобраз мужа стаў цьмянець і забывацца, калі сустрэла яна на сваім шляху таленавітага піяніста Юрыя Азбукіна. Гэта ён падтрымліваў яе рашучасць, калі яна ехала без граша ў кішэні на параходзе ў Югаславію. Ён стаў яе спадарожнікам пад час тэатральных гастроляў, ён ператварыўся ў яе нязменнага акампаніятара, калі яна распачала сольную кар’еру. Разам з Вольгай Юрый Азбукін пераехаў пазней у Белград, дзе спявачка набыла сапраўдную вядомасць і славу каралевы рамансу. Ці сталі яны афіцыйна мужам і жонкай? Цяжка сказаць. Але фактычна – безумоўна.

Сталасць прынесла спявачцы трывалую забяспечанасць. Яе запрашалі на ролі ў нацыянальны тэатр, здымалі ў кіно, транслявалі яе канцэрты па радыё і нават выдалі плыт.

Усё скончылася з пачаткам Другой сусветнай вайны. Акупаваўшы Югаславію, немцы неаднойчы прапаноўвалі славутай спявачцы выступіць перад афіцэрамі. Абяцалі гастролі ў Германіі, велізарныя ганарары. Але Вольга знаходзіла спосабы пазбегнуць супрацоўніцтва з фашыстамі. Распрадавала свае каштоўнасці, і на гэтыя грошы ўтрымлівала сябе і каханага мужчыну.

Аднавіла канцэртную дзейнасць яна толькі пасля вызвалення Югаславіі. І набыла яшчэ большую славу.

У 1964 годзе знаёмы даслаў Вользе выразку з савецкай газеты «Известия», дзе паведамлялася, што памёр «славуты пісьменнік, лаўрэат Сталінскай прэміі Васілій Янчавецкі, вядомы пад псеўданімам Ян, аўтар славутых раманаў «Чынгіз-хан», «Батый», «Да апошняга мора», і што яго сын Міхаіл дзякуе ўсім, хто выказаў з гэтай нагоды спачуванне.

Упершыню за доўгія гады Вользе ўдалося пачуць штосьці аб лёсе сваіх блізкіх. Яна тэрмінова выехала ў Маскву і сустрэлася з сынам. Праз год ужо сама прымала яго ў Белградзе. У 1968 годзе пайшоў у нябыт Юрый Азбукін. Вольга Янчавецкая перажыла яго на дзесяць гадоў. І вось дзіва – да самай смерці, якая спасцігла яе на 89-м годзе жыцця, яна не страціла свайго цудоўнага голасу і не саступіла нікому гучнага тытулу каралевы рамансу.

Теги: архив  падзея  
 

 
Rambler's Top100Размещение рекламы на сайтеПроизводство сайта - Студия Компас
Использование материалов с сайта возможно только при условии размещения активной ссылки на сайт.