Видео реклама

 

Сведкi часу

Уратаваная прыгажосць

Уратаваная прыгажосць

Слонімскі касцёл святога Андрэя… Яшчэ ў канцы 1980-х гадоў без шкадобы глядзець на яго было немагчыма. Паабдзіраныя мураваныя сцены, дзвярны праём без дзвярэй, слабое рассеянае святло, якое трапляе ўнутр скрозь дзіркі ў даху. Груды смецця, абломкі цэглы і шмат чагосьці брудна-белага (размоклай ад дажджоў і вільгаці калійнай солі). А над галавою хлопанне крылаў і гурканне галубоў, якія засялілі руіны.

Але нягледзячы на гэта, збудаванне не падавалася спарухнелым. Яно ўражвала сваёй узвышанай прыгажосцю, велічам, магутнасцю. Было падобным на зраненага ў бітвах састарэлага ветэрана, які настойліва змагаецца за жыццё, павольна, патроху саступаючы непазбежнасці…

Дзеці з бліжэйшай школы на перапынках бегалі да руінаў гуляць у хованкі і казакоў-разбойнікаў. Больш рамантычныя натуры шукалі скарбы і падземныя хады, расказвалі адно аднаму таямнічыя гісторыі пра труны, якія лётаюць, маўляў, па касцёле ноччу; пра таямнічыя галасы даўно сыйшоўшых у нябыт святароў, манахаў і міран. А вадзіцелі грамадскага транспарту між тым выкарыстоўвалі руіны ў якасці прыбіральні, бо касцёл знаходзіўся якраз на канечным прыпынку.

Казалі, што храм аднавіць ужо немагчыма, што ён хутка абваліцца, і дзеля таго, каб пазбегнуць выпадковых ахвяр, варта знесці яго наогул. Але зрабіць гэта перашкаджала сціплая шыльдачка: «Помнік архітэктуры. Ахоўваецца дзяржавай».

Сапраўды, у храма багацейшая гісторыя. Упершыню на гэтым месцы касцёл быў узведзены ў 1490 годзе сынам польскага караля Ягайлы Казімірам. Гэта была драўляная пабудова. Неаднаразова храм гарэў, разбураўся, аднак вернікі кожны раз зноў узводзілі яго. Сюды ў розны час завітвалі многія аўтарытэтныя каталіцкія прапаведнікі, нават праслаўлены Пётр Скарга, вялікі раўніцель хрысціянства, міратворац у справах дзяржаўнай палітыкі, прызнаны вучоны-тэолаг і духоўнік каралеўскай сям’і. Яны вялі набажэнствы і прапаведвалі ў сценах касцёла святога Андрэя.

Пасля чарговага разбурэння ў ХVIII стагоддзі ўладальнік Слоніма граф Міхал Казімір Агінскі ў 1775 годзе фінансаваў будаўніцтва новага мураванага касцёла. І майстры-будаўнікі пастараліся. Узвялі храм, які адразу ж стаў упрагажэннем і гонарам горада. Праз дваццаць пяць гадоў, згодна апошняй волі Агінскага, сэрца яго будзе замуравана ў адну са сцен храма. Ці не гэта ўратавала сцены святыні ад канчатковага разбурэння?

Касцёл быў закрыты ў часы ваяўнічага атэізму ўжо пасля Другой сусветнай вайны. Некаторы час будынак прастаяў без прымянення і без нагляду. Потым камусьці з «руплівых» кіраўнікоў прыйшло ў галаву ператварыць «нікому не патрэбнае збудаванне» ў склад калійнай солі… Пад дахам, які ўпадобіўся рэшату, соль хутка скамянела і ператварылася ў маналіт. Павазіліся з ім трохі, пакорпалі з краёчку ды і спісалі на «стыхійнае бедства». З тых часін гарадскія ўлады перасталі цікавіцца касцёлам. Злашчаснага «Андрэя» разбуралі дажджы і солевыя выпарэнні.

А у нейкі момант сярод дня з фасадаў «святога Андрэя» невядомыя знялі мятровыя драўляныя статуі апосталаў і вывезлі іх са Слоніма. Як і дзе шукаць выкрадальнікаў, што прыехалі на машыне з літоўскімі нумарамі, ніхто не ведаў. Але менавіта гэты нахабны і дзёрзкі крадзёж падштурхнуў далейшыя, вельмі спрыяльныя для храма падзеі. Мясцовы ксёндз Вітольд Жыльветра арганізаваў вернікаў, і яны ў вольны час сталі прыходзіць да касцёла і працаваць.

У красавіку 1991 года было прынята рашэнне аб перадачы забудовы каталіцкай абшчыне. І справа пайшла. Дапамагалі рэстаўраваць касцёл і самі сланімчане. Кожны дзень на будоўлю прыходзілі чалавек дзесяць. А на суботнікі – па сорак-пяцьдзесят. Потым быў здзейснены роспіс купала, сцен. Фрэскі аднаўляліся дзякуючы фотаздымкам, якія захаваліся ў архівах. Толькі ў двух месцах пэндзаль мастака не крануўся сцен – там, дзе цудам захаваліся невялічкія фрагменты старога роспісу. На жаль, не ўдалося аднавіць звод у папярэднім выглядзе, бо майстроў, якія маглі б выканаць такую кладку, ужо няма.

І храм паўстаў, бы фенікс з попелу. Сёння наведвальнікі Слоніма могуць пабачыць касцёл святога Андрэя менавіта такім, якім бачылі яго людзі ў 40-х гадах ХХ стагоддзя. І апосталы вярнуліся ў свае нішы на фасадзе. Гісторыя ўратавання храма, як добрая калядная казка, аказалася са шчаслівым канцом. Каб жа гэтак пашанцавала ўсім нашым храмам, палацам ды панскім сядзібам, якія сёння ляжаць у руінах і сумна чакаюць свайго часу. Часу адраджэння ці то часу пагібелі…

 

 
Rambler's Top100Размещение рекламы на сайтеПроизводство сайта - Студия Компас
Использование материалов с сайта возможно только при условии размещения активной ссылки на сайт.