Видео реклама

 

Асоба

Ля вытокаў Кіеўскай Русі

Ля вытокаў Кіеўскай Русі

У цэнтры Кіева стаіць выдатны помнік легендарным заснавальнікам горада – братам Кію, Шчэку, Харыву і іх сястры Лыбедзі. Нестар-летапісец лічыў, што менавіта ад іх і «пайшла зямля Руская», маючы на ўвазе, вядома ж, гісторыю ўсходніх славян. Як родапачынальнікаў рускага народа паважаюць братоў і сястру і да нашых дзён у Расіі. Легендай пра іх прыход пачынаюцца ўсе сучасныя падручнікі па гісторыі Украіны. І толькі ў нацыянальнай гісторыі беларусаў пакуль няма ім месца. Але гэта – няправільна.

Нам мала вядома аб жыцці Кія да таго, як разам з малодшымі братамі і сястрой на сваёй славутай ладдзі прыплыў ён у тыя мясціны, дзе наканавана было паўстаць Кіеву. І гэтаксама цяжка сказаць, адкуль яны прыплылі. Гэта быў час другога вялікага перасялення народаў. Пачаткам з'явы стала перамяшчэнне да паўночна-усходніх межаў Рымскай імперыі германскіх плямёнаў у II–III стагоддзях нашай эры. У IV стагоддзі з азіяцкіх глыбінь вырваліся гуны і, руйнуючы ўсё на сваім шляху, праз паўночна-чарнаморскія стэпы і Балканы дасягнулі межаў Рымскай імперыі. Магчыма, лавіна готаў, а потым і гунаў, скранула з месца славянскія плямёны, якія насялялі ў той час землі Заходняй Еўропы. У V і пачатку VI стагоддзя мноства іх з'явілася на поўначы Балканскага паўвострава, які стаў для іх своеасаблівым трамплінам для гіганцкага скачку на поўдзень і ўсход.

«Вялесава кніга» апавядае, што прычынай, па якой племя Лыбедзі змушана было пакінуць зямлю, дзе раней жыло, стала нашэсце гунаў. Аднаго са старэйшын племені клікалі Орый. Гэта быў бацька Лыбедзі.

Аднойчы стары Орый сказаў радовічам:

«Ідзем з зямлі той, дзе гуны нашых братоў забіваюць,
Гэтыя крыважэрныя звяры
Крадуць нашу скаціну і забіваюць дзяцей».

Правадыр племені Кісек падтрымаў Орыя. І пайшло племя «ў іншыя землі, дзе цячэ мёд і малако», «дзе сонца ўначы спіць, дзе шмат травы на ўрадлівых лугах, а рэкі рыбы поўныя, і дзе ніхто не памірае...» 

Але і на новым месцы, у гарыстым краі, не наканавана было пусціць карані радовічам.

«І славяне ў ночы абудзіліся
ад вялікага грома і зямлі дрыгацення.
І пачулі, як коні ў гарах іржуць.
І, ахопленыя страхам,
сабраліся і пайшлі прэч з селішчаў, а авечак пакінулі.
А раніцай пабачылі разбураныя дамы – адны зверху, іншыя знізу,
А нейкія ў дыры агромністай зямной, не засталося ад іх нічога,
Быццам бы і не было іх. І сталі тыя славяне беднымі,
І не мелі, чым пракарміцца».

Прыродныя катаклізмы – раптоўнае пахаладанне і землятрус – былі расцэнены радовічамі як гнеў багоў на іх правадыра Кісека. Правадыра зрушылі, прапанаваўшы ўсю ўладу Орыю. І Орый паслаў сыноў «іншую зямлю прыглядаць». І пайшлі яны «да Непры» (Дняпра). А потым, вярнуўшыся, па шляху таму павялі ўсё племя. Толькі правадыр Кісек са сваімі бліжэйшымі прыхільнікамі аддзяліўся ад вялікага племені, атабарыўшыся ля прыгожых Прыкарпацкіх рэк. Мясцовасць там была нікім не заселеная, таму назвалі яе Галынню. 

Мы можам выказаць здагадку, што шлях племені Лыбедзі ляжаў праз цяперашнія беларускія землі. Памяць народная, а дакладней беларускі фальклор, сведчыць аб гэтым. У захаваўшыхся з тых часоў паданнях мы сустракаем розгаласы тых падзей, імёны Кія, яго братоў і сястры. Гэта дапамагае прасачыць частку іх шляху. Ён ішоў па Прыпяці, якую ў старажытнасці звалі яшчэ і Трыпяццю, таму што ўпадала ў раку тройчы па пяць рэк.

У Маларыцкім раёне ёсць возера, якое клічацца Лукаўскім. Ля возера стаіць вялізны камень-валун, а на ім – адбітак жаночага ступака. Паводле падання, гэта след жанчыны-чарадзейкі па імені Лыбедзь, якая магла хадзіць па вадзе і выратавала сваіх аднапляменнікаў пад час буры. У Пінскім раёне было запісана паданне аб трох братах, якія наладзілі спаборніцтва на ладдзях па Прыпяці. Пераможцу павінна была дастацца прыгожая нявеста. Братоў тры, як і легендарных заснавальнікаў Кіева, аднак найбольшую цікавасць уяўляюць апісанні іхніх караблёў. У старэйшага на носе ладдзі была выява змяінай галавы, у сярэдняга – рыбы, у малодшага – аленя. Між тым Кій на вугра-фінскай мове азначае «змей» (вугра-фіны жылі ў гэтых мясцінах да прыходу балтаў і славян, і потым доўгі час суіснавалі разам з імі). Па-стараславянску Шчэк азначае «шчупак», Харыў – альбо «бык», альбо «алень».

Цікавае паданне запісаў на Гомельшчыне этнограф У. Скідан. У сяле Звіняцкае Хойніцкага раёна распавялі яму арыгінальную версію гісторыі ўзнікнення Кіева. Быццам бы браты паставілі кій (палку), размяжоўваючы свае ўладанні. Ад таго кія нібыта і паходзіць назва пабудаванага імі потым гарада. Што за справа палескай правінцыі да ўкраінскай сталіцы? Як інакш можна растлумачыць гэта, калі не прымаць да ўвагі людскую памяць пра тыя далёкія падзеі, калі праз усю паўднёвую Беларусь ірваліся да сваёй мэты ладдзі Кія і яго супляменнікаў?

Паводле «Вялесавай кнігі», Кій нагледзеў для свайго племя месца, дзе знаходзіўся ўжо горад, «у якім жылі слаўныя роды іншыя», і пасяліўся сярод іх са сваімі радовічамі. Гэта не супярэчыць «Аповесці мінулых гадоў», дзе сцвярджаецца: «...бо і да той браціі (Кія, Шчэка, Харыва і Лыбедзі) былі ўжо паляне, і жылі яны ўсе сваімі родамі на сваіх месцах, і кожны кіраваўся самастойна». «Паляне» тут – не абавязкова пэўнае племя, а людзі, якія жылі «у палях». Потым палянамі сталі звацца, ужо навечна, радовічы Лыбедзі.

Аўтар «Наўгародскага летапісу» Іосіф Сказін (XVII ст.) упэўнена называе дату ўзнікнення горада Кіева – 430 год. Да гэтай жа даты схіляюцца аўтары «Магілёўскай хронікі».

Яшчэ пры жыцці старога Орыя палянам давялося выступіць з лепшымі воінамі сваімі на дапамогу Кісеку, які на новым месцы сутыкнуўся з варожасцю прыйшоўшых сюды неўзабаве яцвягаў. Сумесная барацьба з ваяўнічымі яцвягамі аднавіла сяброўскія адносіны паміж былымі канкурэнтамі. А неўзабаве Кісек стаў мужам дачкі Орыя – Лыбедзі, хаця, як сцвярджае адно з кіеўскіх паданняў, да дзяўчыны вельмі настойліва сватаўся нейкі хазарскі хан.

Калі стары Орый памёр, Кій стаў галавой свайго племені. У першыя ж гады праўлення яму, безумоўна, давялося ваяваць і з суседзямі, яцвягамі, а таксама з іншым, хітрэйшым і больш жорсткім ворагам – готамі. У «Вялесавай кнізе» згадваецца пра ўтварэнне нейкага саюза, бачна па ўсім, вайсковага, у славян адразу пасля вакняжэння Кія.

«І аб’ядналіся паляне, драўляне, крывічы і ляхі
У войска рускае, і сталі русамі».

Як бачым, продкі беларусаў, крывічы, а магчыма, і радзімічы падначаліліся Кію, як ваеннаму правадыру. Разам славяне здабылі некалькі значных перамог і паланілі семярых гоцкіх правадыроў. Гэтыя перамогі прынеслі Кію шырокую славу. «Аповесць мінулых гадоў» распавядае, што князь Кій быў прыняты з вялікімі ўшанаваннямі візантыйскім базілеўсам, які гаварыў з ім як з роўным. Хутчэй за ўсё, базілеўсам гэтым быў Валенцініян III, кіраванне якога прыпадае на 444–455 гады. Ён сустракаўся з Кіем, «князем палян, драўлян, крывічаў і ляхяў», у цяжкі для Візантыйскай імперыі час, калі яна вяла няроўную барацьбу з гунамі Атылы. Магчыма, Кіеву дружыну базілеўс прыняў на службу і даў пэўнае даручэнне. Ці не пасля сустрэчы ў Царградзе Кій павёў сваіх людзей да Дуная? Браты Шчэк і Харыў са сваімі ваярамі былі тут жа.

Зрэшты, ніякіх дзеянняў супраць Атылы, якіх, верагодна, чакаў ад славян Валенцініян, яны не распачалі. Але Кій, як сцвярджае Нестар, «аблюбаваў месца і пабудаваў гарадок невялікі, і хацеў сесці ў ім са сваім родам, ды не далі яму тыя, хто жылі навокал».

Наступнай і апошняй дзеяй Кія быў паход на булгар. Ніканаўскі летапіс распавядае: «Кій... таксама на Волжскіх і Камскіх булгар хадзіў і перамог, і, вернуўшыся ў свой град Кіеў, тут жыццё сваё скончыў».

«Вялесава кніга» распавядае падрабязней. Прызначыўшы намеснікам і спадчыннікам сваім у Кіеве Славера, сына Лыбедзі (у Кія не было сыноў, Шчэк і Харыў, магчыма, загінулі ці памерлі раней), Кій павёў людзей сваіх на булгар. Паход падаваўся паспяховым. Але вярнуўся Кій, не выканаўшы ўсяго таго, што планаваў, бо ў Кіеве яго ворагі зрабілі спробу пазбавіцца ад «Славера Лебедзяна», які быў надта юным і за якога фактычна рашэнні ў адсутнасць Кія прымала маці (кіеўляне выступалі супраць «культу маці», матрыярхату). Кію ўдалася прадухіліць хваляванні і спробу бунту, магчыма, шмат у чым дзякуючы таму, што быў ён падтрыманы кіеўскімі вешчунамі. Валхвам падабаўся Лебядзян, бо быў ён «адораны розумам і правіў ад храняў» (гэта значыць, паводле ўсталяваных жрацамі законаў).

Уціхамірыўшы кіян, Кій здзейсніў паход і на Галынь. «Вялесава кніга» сцвярджае: «Град рускі адабраў, набыўшы сваё праз «доччыну зямлю».

Верагодна, Кісека на той час ужо не было сярод жывых. А спадчыну па ім Кій лічыў магчымым прыдбаць, бо ўдава Кісека была Лыбедзь з роду Орыя. Трэба думаць, што прызначэнне Славера спадчыннікам Кія паспрыяла таму, што галыняне паспрабавалі абраць сабе новага правіцеля. Тады зразумела, чаму Галынь давялося далучаць да Кіеўскіх уладанняў.

І вось, абраўшы сабе пераемніка і абараніўшы яго перад падданымі, Кій памёр. Аднак Славер Лебедзян правіў нядоўга. Ён памёр дваццацігадовым. Такая ранняя смерць, магчыма, была невыпадковай, бо рускія летапісы распавядаюць пра тое, як адразу ж незалюбілі Лебедзяна, абазваўшы «разбойнікам», жыхары Славенска, будучага Ноўгарада. Пасля ж Славера кіеўляне, мабыць, каб не ўзнікла спрэчкі паміж знатнымі радовічамі, запрасілі князем чалавека нетутэйшага, нейкага Вярэна, які і стаў пачынальнікам новай дынастыі.

Лёс жа сястры Кія, Лыбедзі, невядомы. Засталася як напамін пра яе рэчка Лыбедзь у наваколлях Кіева. І тут яна калісьці жыла. Менавіта на Лыбедзі ўвайшло ў традыцыю ў вялікіх князёў кіеўскіх будаваць церамы для любімых жонак і дачок сваіх.
Теги: архив  асоба  
 
Ирына Масляніцына і Мікола Багадзяж

 
Rambler's Top100Размещение рекламы на сайтеПроизводство сайта - Студия Компас
Использование материалов с сайта возможно только при условии размещения активной ссылки на сайт.