Видео реклама

 

Сведкi часу

Гісторыя аднаго партрэта

Гісторыя аднаго партрэта

Гэты авальны партрэт пэндзля Міхаіла Шчарбакова, які знаходзіцца ў экспазіцыі Астрагожскага музея імя І. Крамскога, доўгі час у каталогах праходзіў пад назвай «Партрэт жанчыны з чорным». Але ў 60-я гады ХХ стагоддзя расійскі мастацтвазнаўца Н. Саседка ўстанавіў імя жанчыны, якая пазіравала мастаку. Ёю аказалася наша славутая зямлячка, першая жанчына ў Расіі, якая атрымала дыплом і ступень доктара медыцыны, Варвара Кашаварава-Руднева.

Любімы вучань І. Крамскога, Міхаіл Шчарбакоў выпадкова пазнаёміўся з Кашаваравай-Рудневай у 1883 годзе ў Парыжы і захапіўся ёю як моцнай, мэтанакіраванай асобай. Яе незвычайны лёс натхніў мастака на стварэнне, бадай, самай лепшай са сваіх жывапісных работ.

Перад намі твар, які ўражвае. І глыбокім дапытлівым розумам, і ўдумлівым зіхоткім поглядам вачэй, і валявым абрысам падбародка, і рашучасцю, якую падкрэсліваюць сціснутыя вусны. Сціплая цёмная сукенка – прыкмета аскетычнасці. Гэта – чалавек навукі, які не жадае траціць час на такія непатрэбныя, на яе погляд, рэчы, як пагоня за знешняй прывабнасцю. Але пры гэтым, настойвае мастак, яго мадэль застаецца абаяльнай жанчынай, якая падабаецца прадстаўнікам працілеглага полу.

Мастак захапляецца густымі, раскошнымі цёмна-каштанавымі валасамі Кашаваравай-Рудневай, якія яна не завівае і не ўкладвае, аддаючы перавагу простай прычосцы; цудоўным здаровым колерам яе твару; густымі, прыгожай формы чорнымі бровамі.

Сапраўды, Варвара Аляксандраўна лічылася прыгажуняй. Дзяўчынка без роду і племені, сірата, якая не памятала сваіх бацькоў, у дванаццацігадовым узросце яна пакінула Чавусы, маленькае мястэчка, дзе працавала прыслугай і нянькай у сям’і настаўніка, і збегла ў Санкт-Пецярбург. У 1860 годзе, як толькі ёй споўнілася шаснаццаць, выйшла замуж за багатага купца, змяніўшы дзявочае прозвішча Нафанава на прозвішча мужа Кашаварава.

Неверагодная ўдача для малапісьменнай, беднай дзяўчыны з глухой правінцыі! Іншая на месцы Варвары жыла б спакойна, задаволеная сытым жыццём і каханнем мужа. Але Варвару дамастроеўская атмасфера ў купецкім доме Кашаваравых прыгнятала, ёй хацелася не толькі багацця, але і волі, не толькі кахання, але і павагі. Хацелася заявіць пра сябе як пра асобу, здольную рабіць яшчэ штосьці акрамя таго, каб назіраць за гаспадаркай мужа і нараджаць яму дзяцей. Хацелася вучыцца. Кашавараў не разумеў гэтых памкненняў. Баючыся, што за просьбай жонкі дазволіць ёй вучыцца хаваецца нешта большае, а менавіта магчымасць сустракацца з іншымі мужчынамі, ён забараніў Варвары нават думаць пра навучанне. Трымаў пад замком у хаце, раўнаваў, біў. Скончылася ўсё цяжкім нервовым захворваннем. А пасля лячэбніцы жанчына адмовілася вяртацца ў сям’ю. Яна паступіла ў Павівальны інстытут пры родадапаможнай установе Санкт-Пецярбургскага выхаваўчага дома, які скончыла з адзнакай «выдатна». Кашавараву залічылі «павівальнай бабкай» у Арэнбургскае казацкае войска з правам удасканалення ведаў на спецкурсах пры Калінкінскай бальніцы. Гэтыя курсы Варвара скончыла ў 1863 годзе, але працаваць на месца прызначэння не паехала, а пачала дабівацца дазволу ваеннага міністра Д. Мілюціна на паступленне ў Санкт-Пецярбургскую медыка-хірургічную акадэмію. Міністр пагадзіўся…

Здольнасці студэнткі аказаліся значна большымі, чым здавалася спачатку тым, хто быў неабыякавы да яе лёсу. Прафесар акадэміі М. Руднеў заўважыў гэта і пачаў iндывідуальна працаваць з Кашаваравай, якая да таго ж вельмі падабалася яму як жанчына. Руднеў настаяў на тым, каб Варвара Аляксандраўна была накіравана на стажыроўку за мяжу. І вось у якасці практыканткі Кашаварава працуе ў акушэрскіх клініках Прагі, Вены, Берліна, Бона.

У 1868 годзе Варвара Аляксандраўна з залатым медалём скончыла акадэмію, зноў паехала за мяжу, дзе яе чакалі з нецярпеннем і павагай калегі-медыкі. Толькі вясной 1870 года жанчына скасавала шлюб з Кашаваравым, каб стаць жонкай Руднева. Новы муж дапамагаў ёй зрабіць навуковую і практычную кар’еру ў Расіі. У гэты перыяд яна шмат выступае з навуковымі дакладамі на пасяджэннях Таварыства рускіх урачоў у Санкт-Пецярбургу, змяшчае свае працы ў айчынных і замежных выданнях. Але коснасць і прымхлівасць расійскіх чыноўнікаў ад навукі не даюць ёй разгарнуцца ў поўную сілу.

У 1876 годзе Варвары Аляксандраўне адмовілі ў праве абараняць доктарскую дысертацыю ў Маскоўскім універсітэце. Ледзь удалося атрымаць дазвол на абарону ў Санкт-Пецярбургскай медыка-хірургічнай акадэміі. Аднак і атрыманне ступені доктара медыцыны не дапамагло жанчыне-вучонаму займацца навуковай і выкладчыцкай дзейнасцю.

Пасля смерці Руднева ў 1878 годзе ворагі Варвары Аляксандраўны распачалі цкаванне яе ў бульварнай прэсе. З-за гэтага Кашаварава-Руднева вымушана была пакінуць месца працы. Яна купіла невялічкі кавалак зямлі ў Валуйскім павеце Варонежскай губерні і пабудавала там сядзібу, якой дала назву Голы Яр. Тут жыла яна, удалечыні ад вялікіх гарадоў, у згодзе з суседзямі і вялікай павазе з боку мясцовага люду, якому шчодра аказвала бясплатныя медыцынскія паслугі.

У 1883 годзе Кашаварава-Руднева, ужо саракагадовая жанчына, у апошні раз выязджае за мяжу і сустракаецца з дваццаціпяцігадовым мастаком Міхаілам Шчарбаковым. Яго карціна, якую хутка ўбачылі на выстаўцы ў Санкт-Пецярбургу, стала жывым дакорам навуковаму свету і чыноўнікам Расійскай імперыі. На жаль, гэты партрэт Варвары Аляксандраўны аказаўся апошнім. Пасля таго як пажар знішчыў Голы Яр, яна перабралася ў Старую Русу, дзе, хворая і самотная, правяла апошнія сем гадоў жыцця. Памерла Кашаварава-Руднева ў 1899 годзе.

 
Ирына Масляніцына і Мікола Багадзяж

 
Rambler's Top100Размещение рекламы на сайтеПроизводство сайта - Студия Компас
Использование материалов с сайта возможно только при условии размещения активной ссылки на сайт.