Видео реклама

 

Паданне

Цыганская песня

Цыганская песня

Дзе радзіма цыгана? Там, дзе сонейка прыгрэе, зямля накорміць-напоіць, дзе спыняцца колы яго кібіткі, – там і радзіма. Але жывуць і працягваюць хваляваць чуллівыя сэрцы цыганскія песні, казкі і паданні. Качуюць яны ўслед за цыганскай кібіткай па ўсім свеце. І толькі некаторыя з іх, такія ж гордыя і свавольныя, як іхнія складальнікі, назаўжды прырастаюць да чужой зямлі і набываюць тут другое жыццё. Такое і гэтае паданне, пра прыгажуню Росіцу – каралеву песні, танца і варажбы.

Адным з талентаў чорнавокай Росіцы было ўменне прыручаць дзікіх звяроў. Яе адну дапускалі да сябе ланцужныя злыя мядзведзі старога цыганскага важака Міхая, слухаліся і падпарадкоўваліся нават самыя наравістыя коні. На плячы ў Росіцы заўжды сядзела ручная шэрая варона, якую красуня навучыла лічыць да дзесяці і выцягваць з калоды патрэбныя пры варажбе карты.

Але яшчэ больш шчодрым Боскім дарам была надзвычайная лёгкасць рухаў, што рабіла Росіцу цудоўнай танцоўшчыцай. Хто хаця б аднойчы бачыў, як яна танчыць, памятаў пра гэта ўсё жыццё. Бо быў падобны танец цыганкі да танцу ветру сярод макавага поля.

Самым жа цудоўным быў голас Росіцы, моцны, густы і сакавіты. Калі зацягвала Росіца сумную песню, маркоціліся разам з ёю коні ля ракі, дрэвы ў лесе і птушкі ў небе. А калі спявала яна вясёлую, то смеючыся скакалі вакол спявачкі смуглявыя цыганскія дзеці, жанчынам яе племені ўдавалася варажбой збіраць так многа золата, што хапала яго потым на цэлы тыдзень, а да мужчын проста ішлі ў рукі чыесьці беспрытульныя жарабцы…

Але не толькі шчодрымі дарамі Нябёсаў багатая была Росіца. Найвялікшым багаццем яе было каханне. Абранцам Росіцы стаў малады цыган Мата. І ўсе ведалі – гэтыя двое падыходзяць адно аднаму, як запеў песні да яе прыпева. І ўсе з нецярпеннем чакалі вясёлага цыганскага вяселля.

Аднойчы табар Росіцы і Маты спыніўся недалёка ад мястэчка Зэльва. Там быў кірмаш, і вусатыя ромы са сваімі смуглявымі ромі чакалі вялікага прыбытку. І сапраўды, удача ўсміхнулася ім. Тутэйшыя вельмі ахвотна плацілі цыганскім кузняцам, варажэям і артыстам. Асабліва ж усе захапляліся Росіцай. Але раптам здарылася тое, што вельмі здзівіла ўвесь табар: Росіца спатыкнулася падчас танца. Такога з каралевай ніколі яшчэ не было.

– Я адчула чыйсці нядобры пагляд, і пагляд гэты нібыта ўдарыў мяне па нагах, – казала яна сяброўкам. – Не падабаецца мне гэта. Я б хацела хутчэй паехаць адсюль…

Уночы ля цыганскага вогнішча ўсе гаварылі толькі пра Росіцу. Цыганы – народ прымхлівы. І многія падтрымалі каралеву ў жаданні пакінуць мясціны, дзе здараецца незразумелае. Але важак, стары Міхай, супакоіў сваё племя. Ён нагадаў, які багаты прыбытак дае ім зэльвенскі кірмаш. Табар застаўся.

На наступны дзень у горадзе да Міхая пад’ехаў у карэце багата апрануты пан. Гэта быў князь Сапега, малодшы родзіч уладальнікаў горада. Князь запрашаў Росіцу ў свой маёнтак, які знаходзіўся недалёка ад Зэльвы, і за гэта абяцаў цыганскаму важаку вялікія грошы.

– Не ведаю, ці пажадае чарнакосая Росіца паехаць да цябе, – асцярожна адказаў Міхай. – Я – важак свайго народа, але нават я не магу ёй загадаць.

І яны ўдвух падышлі да Росіцы. Але каралева толькі рассмяялася Сапегу ў твар:

– Калі б пан запрасіў мяне разам з цыганскімі братамі і сёстрамі маімі, я б зразумела, што яму патрэбны толькі песні і танцы. Але ён запрашае мяне адну, і таму я не пайду з ім.

– Я шчодра заплачу табе за тваю прыгажосць і мастацтва, – паабяцаў князь.

– Прыгажосць не прадаецца, мастацтва гіне ў палацах, – засмяялася Росіца і раптам, уздрыгнуўшы, пабляднела. – Ідзі адсюль, князь! – закрычала яна.

Але Сапега працягваў стаяць, і Росіца сама пайшла прэч. У натоўпе знайшла яна свайго каханага Мату і кінулася яму на шыю.

– Мата, – зашаптала яна. – Я пазнала яго. Гэта ён сапсаваў мой танец. І ён зноў зірнуў на мяне гэтак жа. Мата, выратуй мяне ад яго!

І Мата, сціснуўшы кулакі, вымавіў: «Не бойся!». І было відаць па твары яго, што ён хутчэй дасць сябе праткнуць доўгім цыганскім нажом, чым дазволіць камусьці пакрыўдзіць Росіцу…

Кірмаш скончваўся, табар рыхтаваў свае кібіткі. Але раптам да Міхая дайшлі трывожныя чуткі: нездалёк ад Зэльвы спыніўся яшчэ адзін табар. Міхай не ведаў гэтых цыганоў і апасаўся, што яны належаць да варожага племені. Стары паслаў трох ромаў, каб яны даведаліся пра тое. Сярод іх быў і Мата. Усе з хваляваннем чакалі іх вяртання, таму не адразу заўважылі, што знікла Росіца.

Тыя трое вярнуліся з добрымі весткамі. Чужы табар быў табарам сяброўскім, які нават даў згоду качаваць разам. Тады і выкрылася знікненне каралевы. Мата адразу зразумеў, дзе трэба шукаць красуню, і павёў мужчын племені да княжага маёнтка.

А ў гэты час князь угаворваў гордую цыганку заспяваць перад яго гасцямі. Толькі смяялася Росіца ў адказ:

– Ты любіш цыганскія песні, князь? Дык ведай жа, яны нараджаюцца толькі на свабодзе! У няволі нават птушка не спявае.

– Дык застанешся тут, ганарліўка! І хутка, вельмі хутка ты ўжо сама станеш прасіць, каб дазволіў я табе гасцей маіх пацешыць. І будзеш ты не толькі спяваць у палацы маім, але і пакахаеш князя Сапегу, твайго гаспадара. Усім сэрцам пакахаеш!

– Гэтага не будзе ніколі! – закрычала Росіца.

– Так будзе, калі я таго пажадаю! – уладна адказаў князь.

І тут слугі данеслі, што да маёнтка набліжаюцца падазроныя асобы на конях і з паходнямі ў руках. Гэта смуглыя браты ішлі ратаваць сваю сястру.

– Гэй, князь, вярні нам каралеву Росіцу, навошта яна табе? – закрычаў Мата.

Убачыў Сапега, як уздрыгнула, пачуўшы гэты голас, Росіца.

– Ты абазнаўся, цыган, – крыкнуў князь у вакно. – Няма ў мяне вашай каралевы!

– Гэта няпраўда! Я тут, – зазвінеў голас Росіцы.

Ірвануўся на яго, як на кліч, Мата, спрабуючы распіхаць княжых слуг, што заступілі яму шлях. Тады адазваліся і іншыя цыганы.

– Вярні нам Росіцу, – прасілі яны. – Адпусці сястру нашу!

– Ганіце гэты зброд у шыю! – даў загад сваім людзям князь.

I цыганоў пачалі цясніць. Яны адбіваліся, але не нападалі, бо ведалі: няхай толькі ад рук цыгана загіне хаця б адзін сапегаў слуга, за яго расплаціцца ўсё племя. І толькі Мата забыўся пра ўсё. У адчаі ён выхапіў з-за пояса нож, спрабуючы пракласці шлях да сваёй нявесты…

Позняй ноччу ў пакой, дзе Сапега трымаў нявольніцу, унеслі мёртвае цела Маты і кінулі яго ля ног Росіцы. Толькі адзін раз зірнула на яго каралева і адышла. Па твары яе нельга было зразумець, што ў яе на сэрцы…

Раніцай князь зноў зайшоў да цыганкі. Спакойна і з лагоднай усмешкай сустрэла яго Росіца.

– Пан мой, – прамовіла яна. – Даруй мне тое, што было ўчора. Не ведаеш ты, чаму паводзіла я сябе гэтак. Але трымалі мяне помслівыя цыганскія законы. Той чалавек, якога ўчора забілі твае слугі, лічыўся маім жаніхом. І ён бы зарэзаў мяне, каб я згадзілася спяваць і танчыць для цябе. Цяпер мне няма каго баяцца. Кахаць цябе буду, цалаваць буду, толькі для цябе аднаго спяваць буду. Але трэба, каб было гэта не тут – на свабодзе. Паехалі ў лес удваіх, там, ля сажалкі, дзе раней стаяў мой табар, спынімся, запалім вогнішча. А вечарам вернемся, і я буду танчыць перад тваімі гасцямі.

Усміхнуўся князь. І згадзіўся. Выехалі яны ў ранішнім тумане. Узяў з сабой князь толькі некалькіх слуг. Агледзела Росіца наваколле, і хмара апусцілася ў яе душу. Пакінуў яе табар гэтыя мясціны, спалохаліся цыганы князевай помсты.

– Холадна, князь. Вогнішча трэба раскласці, – прашаптала прыгажуня.

Па знаку князя пад’ехаў адзін са слуг з сякерай, каб насячы галля для вогнішча. Але спыніла яго Росіца, забрала сякеру:

– Мой гэта дзень. Дзеля такога свята сама ўслужу пану майму ўкаханаму.

І заспявала песню, гарачую, бы агонь, і пяшчотную, бы тая вада. І з песняй гэтай пайшла секчы галлё. А князь, зачараваны голасам каралевы, наказаў сваім слугам пакінуць яго з цыганкай. Калі вярнулася Росіца да Сапегі, нікога побач ужо не было. Паглядзела тады яна з усмешкай на князя і кажа:

– Што ж, пан шаноўны, даспадобы табе цыганская песня Росіцы? А я яшчэ і не такую праспяваць магу. Вось табе мая песня!

І з гэтымі словамі ўдарыла князя ў грудзі сякерай. Той толькі войкнуў ды і паваліўся мёртвы. Тады цыганка кінула сякеру на зямлю, скочыла на каня і знікла ў лясным гушчары.

Ніхто не ведае, куды прывёў шлях каралеву цыганскіх артыстаў Росіцу. Толькі мясцовыя жыхары кажуць, пасля гэтага здарэння ў тым лесе часта сустракалі ручную шэрую варону, а па часе – і шматлікіх яе нашчадкаў. А месца, дзе адпомсціла за каханне сваё цыганка князю, стала называцца Князева. Тут цяпер вёска з такой жа назвай.

Теги: архив  паданне  
 
Ирына Масляніцына і Мікола Багадзяж

 
Rambler's Top100Размещение рекламы на сайтеПроизводство сайта - Студия Компас
Использование материалов с сайта возможно только при условии размещения активной ссылки на сайт.