Видео реклама

 

Падзея

«Літоўскія крэчаты» на полі Куліковым

«Літоўскія крэчаты» на полі Куліковым

8 верасня 1380 года, 630 гадоў назад, адбылася праслаўленая Кулікоўская бітва, героямі якой сталі таксама князі з Вялікага княства Літоўскага – Андрэй і Дзмітрый Альгердавічы.

Яны прыйшлі ў рускую гісторыю тады, калі іх чакалі, – і ў гэтым выразна бачыцца Боская воля. Смелыя, адчайныя, не ўтаймаваныя татарскім бізуном, не разбэшчаныя татарскім ярлыком – менавіта такія ваяры былі патрэбны князю Дзмітрыю Іванавічу, каб весці на татар рускія палкі.

Князь Андрэй, старэйшы з Альгердавых сыноў, пры нараджэнні названы язычніцкім імем Вігунт. Хрышчанне ён прыняў у Пскове ў 1341 годзе. Тады разам з бацькам сваім спыніў Вігунт нашэсце крыжакоў на пскоўскія землі. Удзячныя пскавічы, памятаючы пра тое, як аддана абараняў іх інтарэсы ліцвін Даўмонт, прапанавалі Альгерду альбо Вігунту застацца княжыць у Пскове. Альгерд добраславіў на княжанне сына і дазволіў яму для гэтага хрысціцца. Але Андрэй Альгердавіч тады прасядзеў у Пскове нядоўга. Ён пакінуў свайго намесніка і выехаў на Беларусь дапамагаць бацьку і дзядзьку свайму Кейстуту ў іх барацьбе з крыжаносцамі. Пскавічы чакалі свайго князя доўгіх сем гадоў. У 1348 годзе намеснік Андрэя загінуў, і пскоўскае веча пастанавіла абвясціць Андрэю пра свой недавер.

«Табе было, князь, самому сядзець у Пскове на княжанні, а намеснікам Пскова не трымаць. Калі ж табе няўгодна сядзець у нас, у іншым месцы княжыш, то намеснікаў тваіх не хочам».

Андрэй, які меў ужо на той час і Полацкае княжанне, паспрабаваў прымусіць сілай пскавічоў лічыцца з ім. Але тыя не далі яму такой магчымасці, паказаўшы ў поўнай меры, на што здольнае добра абвучанае вопытнае пскоўскае войска. Ніхто і не думаў, што пасля такога непаразумення Андрэй Альгердавіч калі-небудзь зноў вернецца ў Пскоў. Але тое адбылося.

Пасля Альгердавай смерці ў 1377 годзе Андрэй як старэйшы сын прэтэндаваў на вялікакняжаскі прастол. Аднак паводле Альгердавага тэстаменту ўлада мусіла дастацца Андрэеву брату Ягайле. Андрэй адмовіўся прысягаць новаму гасудару і пачаў самачынна называць сябе вялікім князем літоўскім. Але сіл адстойваць свае правы зброяй у яго не было. Пазбавіўшыся па волі Ягайлы і Полацка, і іншых сваіх гарадоў, рушыў Андрэй са сваёй вернай дружынай ў Пскоў. З пакаяннем і клятвамі. Пскавічы прынялі яго з адной умовай – ён мусіў прасіць дазволу на пскоўскае княжанне ў вялікага князя маскоўскага. Дапамагла Андрэю знайсці паразуменне з Дзмітрыем Іванавічам сястра Алена Альгердаўна, якая была замужам за стрыечным братам вялікага князя маскоўскага Уладзімірам Серпухоўскім. Андрэй атрымаў пскоўскае княжанне.

А ўжо ў наступным 1378 годзе Альгердавіч разам з маскоўскімі рацямi прымаў удзел у бітве з татарамі на рацэ Вожы. Гэта была першая бітва, выйграная рускімі князямі ў татар. У ёй рускае войска ўпершыню выкарыстала тактыку засадных палкоў, якую ўжо шырока прымяняла войска Вялікага княства Літоўскага ў барацьбе з крыжаносцамі. Гэта дае права меркаваць, што стратэгію бітвы распрацаваў менавіта князь Андрэй.

Безумоўна, такая паслуга павінна была быць узнагароджана. І вось у 1379 годзе разам з маскоўскімі рацямі Андрэй Альгердавіч вяртаецца на землі Вялікага княства Літоўскага і вяртае сабе Полацк. Пад час гэтага пахода лёс зводзіць яго з братам Дзмітрыем Альгердавічам, які атрымаў ад Ягайлы Трубчэўск, Старадуб і Бранск, якія раней належалі Андрэю.

Варта было чакаць, што браты сыйдуцца ў смяротным паядынку. Але Дзмітрый хлебам-соллю сустрэў Андрэя. Аказваецца, ён таксама быў незадаволены панаваннем Ягайлы. І таму паспяшаўся прысягнуць як васал Дзмітрыю Маскоўскаму. Натуральна, Трубчэўск, Старадуб і Бранск перайшлі пад уладу Вялікага княства Маскоўскага. Гэтак Дзмітрыю Альгердавічу ўдалося захаваць іх за сабою. І Андрэй, які пры дапамозе вялікага князя маскоўскага зноў стаў князем полацкім і пскоўскім, не выказаў сваёй нязгоды. Тым больш што ў Маскве ўжо ішла падрыхтоўка вялікага сражэння з татарамі. Альгердавічы як васалы Масквы павінны былі падзяліць трыумф альбо смерць з Дзмітрыем Маскоўскім.

8 верасня 1380 года на Кулікоўскім полі сышліся цвет воінства Русі і лепшыя сілы Залатой Арды. 100-тысячнаму войску хана Мамая супрацьстаяла 36-тысячная руская раць. Русь выставіла супраць Арды 24 цяжкаўзброеныя пешыя палкі і каля 12 тысяч конных віцязяў. Шматшэраговая сцяна, закаваная ў браню.

Згодна рускай воінскай традыцыі ў цэнтры стаў вялікі полк, па баках ад яго – палкі правай і левай рукі. Андрэй Альгердавіч з дзвюхтысячным войскам палачан і пскавічоў узначаліў правы фланг. Першымі ардынцаў павінны былі сустрэць конны вартавы полк князя Дзмітрыя Друцкага і перадавы полк. За асноўнымі сіламі знаходзілася бранская конніца рэзервнага палка пад кіраўніцтвам Дзмітрыя Альгердавіча. Але галоўны козыр Дзмітрыя Іванавіча быў прыхаваны за левым флангам вялікай раці, у Зялёнай Дуброве, паміж рачулкай Смолкай і Донам. Тут знаходзіўся засадны полк, які ўзначальвалі князь Уладзімір Серпухоўскі і адзін збеглы з Літвы князь Дзмітрый Баброк-Валынскі, унук Гедыміна.

Усё было няясна, сумніцельна, страшна. Надзею давала толькі прароцтва святога старца Сергія Раданежскага, за добраславеннем якога перад бітвай прыехаў у Свята-Троіцкую абіцель Дзмітрый Іванавіч. Святой Сергій сказаў, што вялікай крывёю, але перамога прыйдзе.

Перад самай бітвай, не згаворваючыся адзін з адным, браты Альгердавічы прапанавалі вялікаму князю маскоўскаму перайсці праз Дон і спаліць масты, каб у ратнікаў не было спакусы адступіць з поля боя. «Калі будзем тут, слабым будзе воінства, – растлумачыў сваю пазіцыю Андрэй Полацкі, – калі ж на іншы бок Дона пяройдзем, моцным і мужным будзе». І вялікі князь паслухаўся мудрай парады. Цяпер ён быў спакойны за зыход бітвы. І не мела значэння, ці выжыве ён сам. Дзмітрый Маскоўскі перадаў свае княскія даспехі аднаму з баяр, узброіўся як просты воін і паўстаў у шэраг ратнікаў.

І вось падышоў хан Мамай. Поводле падання, спачатку сышліся ў двубоі віцязь-манах Свята-Троіцкай абіцелі Перасвет і татарскі батыр Чалубей. Яны жорстка сшыбліся і абодва загінулі. Аднак Чалубей зваліўся з каня, а Перасвет утрымаўся. І тое было ўспрынята русічамі, як знак магчымасцi іх перамогі.

Ну а далей, як і задумаў вялікі князь Дзмітрый, ардынцы вымушаны былі атакаваць у лоб рускія войскі. Удар аказаўся страшным. Пачаў прагібацца вялікі полк, полк левай рукі – адступаць. Такой бітвы не бывала на Русі раней. Распавядалі, што кроў лілася, як вада, на прасторы дзесяці вёрст, коні не маглі ступаць па трупах, ратнікі гінулі пад конскімі капытамі, задыхаючыся ад цеснаты. Пешая руская раць ужо ляжала, як скошанае сена.

Дзмітрый Альгердавіч павёў на падмогу сваю конніцу. Але татары ўсё ж такі прарваліся ў тыл рускіх войск і сталі акружаць вялікі полк. Уладзімір Серпухоўскі, вымушаны бяздзейнічаць са сваім засадным палком, горасна наракаў Дзмітрыю Баброку-Валынскаму: «Ці доўга нам тут стаяць? Якая з нас карысць? Глядзі, ужо ўсе хрысціянскія палкі ляжаць мёртвыя». Але Баброк-Валынскі адказваў, што яшчэ нельга выходзіць з засады, таму што вецер дзьме проста ў твар русічам. Праз пэўны час вецер перамяніўся. «Цяпер час!» – сказаў Баброк, і засадны полк кінуўся на татар.

Гэты ўдар вырашыў зыход бітвы. Татар ахапіла паніка. Полк правай рукі Андрэя Полацкага і рэшткі вялікага палка перайшлі ў наступленне. Ардынцы былі разбітыя! З вялікай славай вярнуліся пераможцы ў сем’і свае. А князя Дзмітрыя Іванавіча пасля гэтай перамогі сталі называць Дзмітрыем Данскім.

На жаль, вялікім героям вельмі часта даводзіцца пасля трыумфу выпіць да дна кубак бедствій. Лёс Андрэя Альгердавіча склаўся драматычна. Даведаўшыся пра тое, што Ягайла згадзіўся стаць польскім каралём, далучыць Вялікае княства Літоўскае да Польшчы і ўсяляк садзейнічаць распаўсюджванню каталіцтва на праваслаўных землях Беларусі, Андрэй вярнуўся на радзіму і, зноў абвяшчаючы сябе вялікім князем літоўскім, павёў барацьбу за правы адзінаверцаў. Але пацярпеў паражэнне і некалькі год правёў у цямніцы. Слава князя была такой вялікай, што Ягайла не рашыўся яго забіць. Ён толькі патрабаваў адмовіцца ад вялікакняскага прастолу. Андрэй быў непахісным.

Толькі дзякуючы просьбе Вітаўта праслаўлены вязень быў выпушчаны на волю. Некаторы час Андрэй служыў князю Вітаўту, які паручыўся за яго. А потым суправаджаў яго ў няўдалым паходзе на Арду. У бітве на Ворскле ў 1399 годзе ён сражаўся ў першых шэрагах. І загінуў, затрымліваючы татар, каб даць магчымасць рэшткам раці Вітаўта адысці з поля боя.

Тут жа, ля вод крывавай Ворсклы скончыўся жыццёвы шлях князя Дзмітрыя Альгердавіча. Як і князю Андрэю, давялося зведаць яму цяжкасці зняволення на радзіме. Пасля смерці Данскога патрабаваў Вітаўт, стаўшы вялікім князем літоўскім, у Дзмітрыя Альгердавіча плаціць яму дань. Дзмітрый адмовіўся, спаслаўшыся на тое, што даўно ўжо лічыць сябе васалам Масквы. За тое быў паланёны і зачынены ў цямніцы ў Вільні. Вітаўт вярнуў яму свабоду толькі дзеля таго, каб выкарыстаць воінскія здольнасці князя ў бітве з татарамі. Разам з сынамі сваімі, Іванам і Андрэем, прыйшоў Дзмітрый Альгердавіч пад сцягамі Вітаўта на Ворсклу. Усе трое засталіся ляжаць на полі брані мёртвымі…

Жыццё праходзіць, слава – застаецца. Герои загінулі, але засталіся назаўжды ў памяці нашай дзякуючы пяру летапісца і яркім незабываемым радкам славутай сярэднявечнай паэмы «Задоншчына»:

«Сыны Літвы храбрыя, крэчаты ў ратны час і палкаводцы праслаўленыя, пад гукі труб іх спавівалі, пад шлемамі песцілі, з конца дзіды яны ўскормленыя, з вострага меча ўспоеныя ў Літоўскай зямлі»…

Теги: архив  падзея  
 
Ирына Масляніцына і Мікола Багадзяж

 
Rambler's Top100Размещение рекламы на сайтеПроизводство сайта - Студия Компас
Использование материалов с сайта возможно только при условии размещения активной ссылки на сайт.